Віцебскі трамвай
Віцебскі трамвай | |
Трамвайная сыстэма | |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Горад | Віцебск |
Дата адкрыцьця | 30 чэрвеня 1898 (126 гадоў таму) |
Колькасьць маршрутаў | 5 |
Кампанія-перавозчык | Віцебская трамвайна-тралейбусная ўправа |
Інфраструктура | |
Даўжыня кантактнай сеткі | 36,1 км |
Колькасьць трамвайных паркаў | 1 |
Колькасьць вагонаў | 88 |
Мадэлі эксплюатаваных трамваяў | КТМ-8 АКСМ-60102 АКСМ-62103 |
Шырыня каляіны | 1524 мм |
Напружаньне кантактнай сеткі | 600 В |
Статыстыка | |
Агульная даўжыня маршрутаў | 119,3 км |
Працягласьць самага доўгага маршруту | № 1 (27,4 км) |
Пасажыраплынь за дзень | 83 000 |
Пасажыраплынь за год | 30 200 000 |
Ві́цебскі трамва́й — сыстэма электрычнага трамвая ў Віцебску.
Уведзены ў эксплюатацыю ў траўні 1898 году — на год раней, чым у Маскве і на 9 гадоў раней, чым у Санкт-Пецярбургу. Адлегласьць паміж рэйкамі тыпу «Фэнікс» складала 3,3 футу. Рэйкі злучаліся мэталічнымі папярочынамі, замацаванымі нітамі, і клаліся на друз і пясок бяз шпалаў. Зварот току ажыцьцяўляўся праз рэйкі, для гэтага яны злучаліся меднымі стрыжнямі. Апроч таго, была зробленая адмысловая каналізацыя зваротнага току, якая складалася з старых рэек, пакладзеных на некаторай глыбіні пад брукам, што стварала ўмовы для адводу зваротнага току ад перакрыжаваньня двух лініяў на Саборнай плошчы да адмоўнага полюсу электрычных генэратараў. Тралейны дрот сячэньнем 84 мм быў падвешаны на ізалятарах праз кожныя 16 сажняў. Уся лінія падзялялася на ўчасткі па 230 сажэняў. Кожны ўчастак сілкаваўся ад электрастанцыі асобна. Віцебскі трамвай даваў сваім акцыянэрам па 20 тысячаў франкаў прыбытку штогод.
На 2008 год агульная працягласьць трамвайных лініяў складала больш за 60 км (9 лініяў). На 2018 год — 5 лініяў.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У ліпені 1895 году Віцебская меская ўправа абвясьціла конкурс на будаўніцтва трамвая. Да лістапада 1895 году 3 прадпрыемствы падалі заявы на будаўніцтва электрычнай чыгункі. Гарадзкая дума прагаласавала за выдачу канцэсіі на 40 гадоў Фэрнану Гіёну, які быў прадстаўніком бэльгійскага акцыянэрнага таварыства ў Брусэлі. 4 лютага 1896 году падпісалі адпаведную дамову пра будаўніцтва чыгункі з прыладамі і рухомым складам. Паводле дамовы Гіён выпусьціў 12 000 акцыяў па 100 бэльгійскіх франкаў кожная. У выніку грамадзкі капітал склаў 1,2 млн франкаў. Пабудавалі 4 участкі трамвайных лініяў агульнай працягласьцю звыш 6 км. Пагатоў каляю праклалі адзіночную з разьездамі. Двайной каляя была на плошчах і шырокіх участках дарогі. Электраэнэргію выпрацоўвалі на электрастанцыі, якую пабудавалі на Задуноўскай вуліцы побач зь Мікалаеўскай Саборнай плошчай (цяпер дом № 13 па праспэкце Фрунзэ). Таксама на Задуноўскай вуліцы пабудавалі дэпо на 42 вагоны з рамонтнымі майстэрнямі. У трамвайным парку налічвалася 18 маторных і 15 прычапных летніх вагонаў. Маторны вагон меў 20 сядзячых і 12 стаячых месцаў. 30 чэрвеня [ст. ст. 18 чэрвеня] 1898 году ў Віцебску ўпершыню пусьцілі трамвай. Адначасна вольную магутнасьць электрастанцыі, якую ўзьвялі для трамвая, сталі выкарыстоўваць для асьвятленьня ў гарадзкіх установах, жытле і на вуліцах[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Аляксандар Пукшанскі. Старэйшы беларускі трамвай адноўлены // Зьвязда : газэта. — 2 ліпеня 2013. — № 120 (27485). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ірына Арцёмава. Трамвайны марш (Перадача «Справы фамільныя») // Тэлеканал «Беларусь 3», 27 верасьня 2015 г. Праверана 20 лістапада 2015 г.
- Гісторыя віцебскага трамвая на сайце «Віцебскага трамвайна-тралейбуснай ўправы» (па ангельску і па расейску)
- Віцебскі трамвай (рас.)
- Артыкул «100 гадоў з дня адкрыцця электрычнага трамвая ў Віцебску»