Перайсьці да зьместу

Расея

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Расійская Фэдэрацыя»)
Запыт «Маскоўшчына» перанакіроўваецца сюды.
Расея
лац. Rasieja

Российская Федерация
Сьцяг Расеі Герб Расеі
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн: «Гімн Расейскай Фэдэрацыі»
Месцазнаходжаньне Расеі
Афіцыйная мова Расейская
Сталіца Масква
Найбуйнейшы горад Масква
Форма кіраваньня Прэзыдэнцкая рэспубліка
Уладзімер Пуцін
Міхаіл Мішусьцін
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
1-е месца ў сьвеце
17 098 246 км²
4,22%
Насельніцтва
 • агульнае (2014)
 • шчыльнасьць
9-е месца ў сьвеце
143 657 134[1]
8,36/км²
СУП
 • агульны (2008)
 • на душу насельніцтва
6-е месца ў сьвеце
$2,376 трлн
$16 687
Валюта Расейскі рубель (RUB)
Незалежнасьць 12 чэрвеня 1990
Аўтамабільны знак RUS
Дамэн верхняга ўзроўню .ru
Тэлефонны код +7

Расе́я або Маскóўшчына[2], афіцыйна Расе́йская Фэдэра́цыя (рас. Росси́йская Федера́ция, Росси́я) — дзяржава ва Ўсходняй Эўропе і Паўночнай Азіі. Паводле канстытуцыі, фэдэрацыйная паўпрэзыдэнцкая рэспубліка. З паўночнага захаду на паўднёвы ўсход мае сухапутныя граніцы з Нарвэгіяй, Фінляндыяй, Эстоніяй, Латвіяй, Летувой і Польшчай (Калінінградзкая вобласьць), Беларусьсю, Украінай, Грузіяй, Азэрбайджанам, Казахстанам, Кітаем, Манголіяй і Паўночнай Карэяй. Апроч таго, мае марскую мяжу зь Японіяй Ахоцкім морам, і з штатам Аляска праз Бэрынгаў праліў. Паводле плошчы, якая складае 17 млн км², найбольшая краіна ў сьвеце, якая ахоплівае больш за адну восьмую частку плошчы сушы Зямлі. Паводле колькасьці насельніцтва мае дзявяты паказьнік у сьвеце з колькасьцю жыхароў у 143 млн чалавек на 2012 год[3].

Эканоміка Расеі займае дзявятае месца паводле намінальнага СУП і мае шосты паказьнік па велічыні паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці на 2014 год. Краіна мае вялікія запасы энэргарэсурсаў, што зрабілі яе адным з найбуйнейшых вытворцаў нафты і прыроднага газу ва ўсім сьвеце[4].

Назва

Беларускія назвы Расея і Расейшчына як адпаведныя да рас. Россия, Великороссия падае Беларуска-расейскі слоўнік Міколы Байкова і Сьцяпана Некрашэвіча (1925 год)[2]. Гэты ж слоўнік да перакладу рас. Великороссия прапануе таксама варыянт Маскоўшчына. Раней назву Расея (у арыгінале лацінкай Rasieja) як адзіны магчымы беларускі адпаведнік зафіксаваў Сямімоўны слоўнік (1918 год)[5], гэтая ж назва (у арыгінале Росея) як адпаведная да рас. Великороссия прыводзіцца ў «Слоўніку беларускай гаворкі» Івана Насовіча (1870 год). Назва Расея — нарматыўная ў сучаснай нармалізацыі Беларускага клясычнага правапісу (2005 год)[6].

Паводле Этымалягічнага слоўніка беларускай мовы НАН Беларусі, словы Расея, расейскі, расеец не нясуць абражальнай сэмантыкі і, магчыма, прыйшлі ў беларускую мову з расейскіх дыялектаў (або ў выніку ўласных фанэтычных працэсаў — паводле той жа мадэлі, што і беларускія народныя формы імёнаў Аўдакея і Захвея / Сахвея ад Еўдакія і Сафія[7]), дзе лічыліся першаснымі, народнымі словамі ў адрозьненьне ад штучнай назвы Расія (рас. Россия), што пашыралася ў Масковіі з пачатку XVI ст. як слова высокага стылю беспасярэдне пад уплывам грэцкай мовы[8]. Форма Расея — заканамерная з пункту гледжаньня акцэнталёгіі: ужываньне «е» замест «і» вызначаецца пазыцыяй націску (напрыклад, Карэ́я, Гвіне́я, Эрытрэ́я, Дагаме́я ды іншыя) і яго замена на «і» ў расейскай літаратурнай мове, відаць, адбылася пад уплывам назваў эўрапейскіх краінаў (А́нглія, Галя́ндыя, Швэ́цыя ды іншыя)[9].

Гісторыя

Раньняя гісторыя — да X стагодзьдзя

На частцы тэрыторыі сучаснае Расеі ў 1-м тысячагодзьдзі н. э. існавалі: Баспорская Дзяржава (Баспорскае княства), Скіцкая Дзяржава. На асноўнай тэрыторыі эўрапейскае Расеі жылі балцкія ды фіна-вугорскія плямёны. У 552—745 гадах частку тэрыторыі Расеі ў верхнім цячэньні Волгі паміж Чорным і Касьпійскім марамі займала дзяржава плямённага зьвязу цюркаў — Цюрцкі Каганат. Ад сярэдзіны VII да X стагодзьдзя ў ніжнім цячэньні Волгі, на Паўночным Каўказе, у Прыазоўі ляжала дзяржава Хазарскі каганат, якая стрымлівала набегі качэўнікаў з Азіі. Ад пачатку VIII стагодзьдзя да 926 году на Далёкім Усходзе існавала Дзяржава Бахай.

Станаўленьне і разьвіцьцё расейскай дзяржавы — X—XIX стагодзьдзі

У X стагодзьдзі заходняя частка сёньняшняе эўрапейскае Расеі ўваходзіла ў г. зв. «Старажытнарускую дзяржаву» ці «Кіеўскую Русь» з цэнтрам у Кіеве. Улада належала дынастыі Рурыкавічаў, якія праводзілі пасьлядоўную палітыку ўмацаваньня сваёй дзяржавы. Кіеўскі князь Алег ўзначаліў два паходы на Канстантынопаль. А ў 988 годзе Кіеўскі князь Уладзімер прыняў хрысьціянства паводле грэцкага абраду. У X—XIV стагодзьдзях на сярэднім цячэньні Волгі ды ў Прыкам’і знаходзілася Волская Булгарыя. У XII—XIV стагодзьдзях на тэрыторыі Расеі ўтварыліся Наўгародзкая рэспубліка, Уладзімера-Суздальскае ды іншыя княствы. У XII стагодзьдзі гэтыя славянскія княствы, Валжанская Булґарыя і іншыя дзяржавы Ўсходняе Эўропы трапілі пад нашэсьце манголаў (1237—1242), на 250 гадоў на тэрыторыі ўсходніх славянаў усталявалася мангольскае іга. У пэрыяд ад 1300 да 1323 году галоўным цэнтрам рускіх зямель быў Уладзімер, барацьбу зь якім вялі Масква ды Цьвер. Адначасова з усіх рускіх зямель даніну зьбірала Залатая Арда. Пад мангольскім ігам паўстала Маскоўскае княства. З дапамогаю інтрыгаў, заваяваньня ляяльнясьці манголаў, пераводу рэліґійнага цэнтру Расеі ў Маскву, маскоўскія князі атрымалі вялікі аўтарытэт. З маскоўскага княства пачала сваю гісторыю расейская дзяржаўнасьць. Мангольскае іга закончылася выгнаньнем захопнікаў аб’яднанымі сіламі расейскіх княстваў (Кулікоўская бітва, 1380 г.; «стаяньне на рацэ Ўгры», 1480 г.).

Іван Жахлівы працы Васьняцова.

У 14—16 стагодзьдзях, пасьля заваёву Наўгародзкае рэспублікі, Масква канчаткова стала адзіным цэнтрам аб’яднаньня ўсходнеславянскіх княстваў паўночнага ўсходу. З пачатку 15 стагодзьдзя пачынаецца вайсковае супрацьстаяньне Маскоўскай дзяржавы і Вялікага Княства Літоўскага. Каб абараніцца ад Масковіі, ВКЛ будзе вымушана заключыць унію з Польшчай і ўтварыць Рэч Паспалітую.

Сярэдзіна 16 стагодзьдзя — праўленьне Івана Жахлівага, пэрыяд цэнтралізацыі ўлады і жорсткага кантролю (Апрычніна). Разам з гэтым актыўна праводзілася агрэсіўная вонкавая палітыка — на працягу 1454—1467 гадоў ішла Лівонская вайна за выход да Балтыйскага мора. Напрыканцы 16 — у сярэдзіне 17 стагодзьдзя аформілася прыгоннае права. У пачатку 17 стагодзьдзя Маскоўскае княства перажыла швэдзкую і польска-літоўскую інтэрвэнцыі. У сярэдзіне 17 стагодзьдзя Ўкраіна ўвайшла ў склад Расеі на правох аўтаноміі.

Пётар I быў першым расейскім імпэратарам.

Рэформы, праведзеныя імпэратарам Пятром I (канец XVII стагодзьдзя — першая чвэрць XVIII стагодзьдзя) мелі вялізны ўплыў на сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё краіны, паспрыялі значнай мадэрнізацыі Расеі. Перамога ў Паўночнай Вайне 1700—1721 гг. дала Расеі выйсьце да Балтыйскага мора.

Да пачатку XIX стагодзьдзя ў выніку шматвяковай вайсковай агрэсіі да Рэчы Паспалітай, Расея атрымала асноўную частку тэрыторыі скоранай дзяржавы.

У выніку далучэньня ў XVI—XIX стагодзьдзі тэрыторыяў Поўначы, Паволжа, Уралу, Сыбіры, Далёкага Ўсходу, Каўказу, уваходжаньня ў склад Расеі шэрагу народаў утварылася шматнацыйная Расейская імпэрыя. Расея адбіла нашэсьце францускіх войскаў у Вайне 1812 году.

Захоп Расеяй Каўказу суправаджаўся генацыдам чаркесаў.

Сялянская рэформа 1861 году, што адмяніла прыгон, і іншыя рэформы пахутчылі разьвіцьцё капіталізму.

Напрыканцы 19 — напачатку 20 стагодзьдзя ўзьніклі палітычныя партыі.

20—21 стагодзьдзі

Расейска-японская вайна 1904-05 гадоў каталізавала разьвіцьцё рэвалюцыйных настрояў у грамадзтве, што прывяло да Рэвалюцыі 1905 году. Пасьля рэвалюцыі заснаваная Дзяржаўная Дума. Расея брала ўдзел у Першай сусьветнай Вайне 1914—1918 гг. на баку краінаў Антанты.

Вайна, эканамічная крыза разам з правакатыўнымі дзеяньнямі ўлады прывялі да зьвяржэньня манархіі падчас Лютаўскае рэвалюцыі 1917 году.

25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 адбыўся кастрычніцкі пераварот 1917 году. Была абвешчаная ўлада Саветаў (радаў) рабочых, жаўнерскіх і сялянскіх дэпутатаў. У краіне была ўсталяваная манапольная палітычная ўлада Камуністычнае партыі, што паступова зьлілася з цэнтралізаваным дзяржаўным апаратам.

З 1917 па 1920 у Расеі ішла грамадзянская вайна, камуністы ажыцьцяўлялі інтэрвэнцыю на новыя незалежныя дзяржавы Ўсходняе Эўропы і Сярэдняе Азіі. У дзяржаве замацоўваліся ваенна-камуністычныя і тэрарыстычныя прынцыпы арґанізацыі грамадзтва, сыстэмы вырабніцтва і разьмеркаваньня.

У студзені 1918 году ўтвораная Расейская Савецкая Фэдэратыўная Сацыялістычная Рэспубліка (РСФСР). У 1921 г. была прынятая Новая эканамічная палітыка (нэп), што ўяўляла сабою часовае і частковае вяртаньне рынкавых прынцыпаў у эканоміку. 30 сьнежня 1922 Расея разам з камуністычнымі Ўкраінаю, Беларусяй і Закаўкаскаю Фэдэрацыяй утварылі Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Далейшае разьвіцьцё Расеі ў ХХ стагодзьдзі непарыўна зьвязанае з СССР.

12 чэрвеня 1990 Зьезд народных дэпутатаў Расеі прыняў Дэклярацыю аб Дзяржаўным Сувэрэнітэце Расейскае Фэдэрацыі. У 1991 годзе ўведзеная пасада прэзыдэнта РФ. У верасьні 1993 указам прэзыдэнта ліквідаваная сыстэма Саветаў, у сьнежні 1993 прынятая Канстытуцыя Расеі.

Дзяржаўны лад

Форма праўленьня і органы дзяржаўнай ўлады

Маскоўскі Крэмль. Працоўная рэзыдэнцыя прэзыдэнта Расейскай фэдэрацыі.

Паводле формы праўленьня Расея зьяўляецца прэзыдэнцкай рэспублікай. Дзейная Канстытуцыя была прынята 12 сьнежня 1993 году на рэфэрэндуме. Дзяржаўная ўлада ў Расейскай Фэдэрацыі зьдзяйсьняецца на аснове падзелу на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Органы заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады самастойныя. Глава дзяржавы — Прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі. Прэзыдэнт абіраецца на 4 году на аснове ўсеагульнага роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаваньні. Адна і тая ж асоба ня можа займаць пасаду Прэзыдэнта больш за два тэрміна запар. Пасьля паправак да Канстытуцыі, якія ўступілі ў сілу 31 сьнежня 2008 году, на ўсіх наступных выбарах Прэзыдэнт будзе выбірацца на тэрмін шэсьць гадоў[10].

Заканадаўчы (прадстаўнічы) орган дзяржаўнай улады (парлямэнт) Расейскай Фэдэрацыі — двухпалатны Фэдэральны Сход Расейскай Фэдэрацыі. Палатамі Фэдэральнага Сходу зьяўляюцца Савет Фэдэрацыі — верхняя палата і Дзяржаўная Дума — ніжняя палата. У склад Савета Фэдэрацыя ўваходзяць па аднаму прадстаўніку ад заканадаўчай і выканаўчай улады кожнага суб’екта фэдэрацыі, якія дэлегуюцца адпаведна заканадаўчым органам суб’екта фэдэрацыі і яго главой на сталай аснове, а ў склад Дзяржаўнай Думы — 450 дэпутатаў, абіраецца на аснове ўсеагульнага роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаваньні па партыйным сьпісам (прахадны бар’ер 7%). Срок паўнамоцтваў Дязржаўнай Думы — 4 гады.

Выканаўчую ўладу зьдзяйсьняе Урад Расейскай Фэдэрацыі. Старшыня Ўраду прызначаецца Прэзыдэнтам са згоды Дзяржаўнай Думы. У склад Ураду ўваходзяць, апроч Старшыні, яго намесьнікі і фэдэральныя міністры. Урад узначальвае сыстэму фэдэральных органаў выканаўчай улады: міністэрстваў, фэдэральных службаў і фэдэральных агенстваў.

Судовая ўлада ў Расеі ажыцьцяўляецца судамі. У сыстэму фэдэральных судоў уваходзяць суды агульнай юрысдыкцыі (уключаючы ваенныя суды), арбітражныя суды і Канстытуцыйны Суд Расейскай Фэдэрацыі. Суды агульнай юрысдыкцыі зьдзяйсьняюсь правасудзьдзе па грамадзянскіх, крымінальных справах і справах, якія ўзьнікаюць з адміністрацыйных правапарушэньняў. Да іх адносяцца Вярхоўны Суд Расейскай Фэдэрацыі, вярхоўныя суды рэспублікаў у складзе РФ, краявыя, абласныя суды, суды аўтаномных вобласьцей, аўтаномных акругаў, Маскоўскі і Санкт-Пецярбурскі гарадзкія суды, раённыя (гарадзкія) суды. Арбітражныя суды займаюцца разглядам спрэчак, зьвязаных з прафэсійным удзелам у грамадзянскім абарачэньні, у прыватнасьці, зьвязаных з прадпрымальніцкай дзейнасьцю, і некаторых іншых катэгорыяў спрэчак. Яны ўключаюць Вышэйшы арбітражны суд Расейскай Фэдэрацыі, фэдэральныя арбітражныя суды акруг (арбітражныя касацыйныя суды), арбітражныя апэляцыйныя суды, арбітражныя суды суб’ектаў фэдэрацыі.

Рэгіянальная і муніцыпальная ўлада

Сыстэма органаў дзяржаўнай улады суб’ектаў фэдэрацыі ўсталёўваецца суб’ектамі Расейскай Фэдэрацыі самастойна ў адпаведнасьці з асновамі канстытуцыйнага ладу Расейскай Фэдэрацыі і агульнымі прынцыпамі арганізацыі прадстаўнічых і выканаўчых органаў дзяржаўнай улады, усталяванымі фэдэральным законам. Глава суб’екта фэдэрацыі зацьвярджаецца заканадаўчым ораганам па прадстаўленьні прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі. Заканадаўчы (прадстаўнічы) орган суб’екта фэдэрацыі фармуецца шляхам прамога тайнага ўсеагульнага галасаваньня па партыйных сьпісах. Выканаўчы орган — урад суб’екта фэдэрацыі фармуецца галавой суб’екта пры ўдзеле заканадаўчага органа. Судовая ўлада суб’екта фэдэрацыя складаецца з Канстытуцыйнага (Статутнага) суда суб’екта фэдэрацыі і міравых судоў. Гэтыя суды не ўвахожзяць у фэдэральную судовую сыстэму.

Мясцовае самакіраваньне ў Расеі — гэта форма ажыцьцяўленьня народам сваёй улады, якая забясьпечвае самастойнае і пад сваю адказнасьць рашэньне насельніцтвам непасрэдна і (ці) праз органы мясцовага самакіраваньня пытаньняў мясцовага значэньня зыходзячы з інтарэсаў насельніцтва з улікам гістарычных і іншых мясцовых традыцый. Мясцовае самакіраваньне зьдзяйсьняецца грамадзянамі шляхам рэфэрэндуму, выбараў, іншых формаў прамога волевыяўленьня, праз выбарныя і іншыя органы мясцовага самакіраваньня. Мясцовае самакіраваньне зьдзяйсьняецца на ўсёй тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Тэрытарыяльную аснову мясцовага самакіраваньня складаюць муніцыпальныя ўтварэньні. Усяго ў Расеі каля 25 тысячаў муніцыпальныў утварэньняў. У Расейскай Фэдэрацыі існуюць 6 відаў муніцыпальных утварэньняў:

Органы мясцовага самакіраваньня не ўваходзяць у сыстэму органаў дзяржаўнай улады. У структуру органаў мясцовага самакіраваньня, якая ўсталёўваецца статутам муніцыпальнага ўтварэньня, уваходзяць наступныя органы і службовыя асобы мясцовага самакіраваньня: прадстаўнічы орган муніцыпальнага ўтварэньня, галава муніцыпальнага ўтварэньня, мясцовая адміністрацыя, кантрольны орган муніцыпальнага ўтварэньня, іншыя органы мясцовага самакіраваньня.

Палітычныя партыі і прафсаюзы

Па стане на люты 2008 году ў Расеі было зарэгістравана 15 палітычных партыяў (у 2006 годзе іх было 35). Да ліку найбуйнейшых адносяцца: праўладныя — Адзіная Расея; лаяльныя — Справядлівая Расея, Лібэральна-дэмакратычная партыя Расеі (ЛДПР); апазыцыйныя — Камуністычная партыя Расейскай Фэдэрацыі (КПРФ), Народны Саюз, Яблык, Правая справа. У Дзярждуму, выбраную ў 2007 годзе, прайшлі Адзіная Расея, КПРФ, Справядлівая Расея і ЛДПР.

Да ліку буйнейшых прафсаюзных аб’яднаньняў агульнарасейскага ўзроўню адносяць Фэдэрацыю незалежных прафсаюзаў Расеі (найбуйнейшае прафсаюзнае аб’яднаньне, уваходзяць каля 29 млн чалавек, ці 95% ад усіх членаў прафсаюзаў у Расеі), Канфэдэрацыю працы Расеі, Усерасейскую канфэдэрацыю працы. Усе яны ўваходзяць у Міжнародную канфэдэрацыю прафсаюзаў.

Замежная палітыка

Дачыненьні зь Беларусьсю

Дыпляматычныя дачыненьні ўрады ўстанавілі 28 чэрвеня 1992 году[11].

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

Фэдэральныя суб’екты разам з акупаваным Крымам, які належыць Украіне

Расея ёсьць фэдэрацыяй, у складзе Расейскае Фэдэрацыі 86 роўнапраўных суб’ектаў, у тым ліку:

На 2005 г. у Расеі налічвалася 1110 гарадоў, 2070 пасёлкаў гарадзкога тыпу.

З моманту распаду СССР у Расеі вядзецца працэс скарачэньня колькасьць суб’ектаў фэдэрацыі. У рамках гэтае палітыкі скасаваныя Агінская Бурацкая, Усьць-Ардынская Бурацкая, Карацкая, Таймырская (Далгана-Ненецкая), Комі-Пярмяцкая аўтаномная акругі, Камчацкая, Пермская ды Чыцінская вобласьці; скасаваныя суб’екты звычайна ўваходзілі ў склад іншых (Усьць-Ардынская Бурацкая, Таймырская (Далгана-Ненецкая) акругі) або ўтваралі новыя суб’екты шляхам аб’яднаньня зь іншымі (Карацкая, Комі-Пярмяцкая, Агінская Бурацкая акругі, Камчацкая, Чыцінская, Пермская вобласьці). У 2006 годзе праведзеная адміністрацыйная рэформа, паводле якой ажыцьцяўлялася зьмена назваў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак другога ўзроўню.

Асаблівы статус паводле фэдэральнага заканадаўства Расеі мае аўтаномная акруга, якая, нягледзячы на тое, што зьяўляецца суб’ектам фэдэрацыі, уваходзіць у склад іншага суб’екту фэдэрацыі (напрыклад, Ненецкая аўтаномная акруга, якая ўваходзіць у склад Архангельскае вобласьці). Тым ня менш, аўтаномная акруга мае права выйсьці са складу вобласьці ці краю, у склад якога ўваходзіць, і стаць непасрэдным суб’ектам Расейскае Фэдэрацыі: адзінай падобнай акругай зьяўляецца Чукоцкая.

У сакавіку 2014 году цягам г.зв. крымскага крызісу Расея зьдзейсьніла фактычную анэксію ўкраінскіх тэрыторыяў Аўтаномная Рэспубліка Крым і Севастопаль. У лютым гэтага ж году на гэтых тэрыторыях была зацьверджаная мясцовая самаабвешчаная ўлада, якая паставіла на мэце правядзеньне рэфэрэндуму аб уваходжаньні рэгіёнаў у склад Расеі. У сакавіку 2014 году атрымаў большасьць варыянт «За ўзьяднаньне з Расеяй», у выніку чаго АРК і Севастопаль утварылі незалежную Рэспубліку Крым, утвораную з мэтаю ўваходжаньня ў склад Расеі. У сакавіку гэтага ж году прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін падпісаў указ аб прыняцьці Рэспублікі Крым у склад Расеі ў якасьці двух суб’ектаў фэдэрацыі — Рэспублікі Крым і места фэдэральнага значэньня Севастопаль, абодва тэрытарыяльна адпавядаюць Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і Севастопалю адпаведна. Украіна, а таксама большасьць краінаў сьвету не прызнае фактычнай анэксіі паўвостраву Крым, што тлумачыцца парушэньнем украінскага заканадаўства адносна гэтых тэрыторыяў.

Кожны від суб’екту фэдэрацыі Расеі мае розныя правы, якія агаворваюцца ў канстытуцыі краіны. Найбольшы спэктар паўнамоцтваў мае рэспубліка, якая характарызуецца як дзяржава, можа прымаць уласную канстытуцыю й мець дзяржаўную мову. Дзяржаўная мова рэспублікі мусіць мець афіцыйную пісьмовасьць на аснове кірылічнага альфабэту, у адваротным выпадку мова ня можа атрымаць дзяржаўны статус. Прэцэдэнтам дзеяньня заканадаўства ў гэтай сфэры зьяўляецца карэльская мова, якая з прычыны наяўнасьць лацінскага альфабэту ня мае дзяржаўнага статусу ў Рэспубліцы Карэлія.

Кожны з суб’ектаў Расеі аб’яднаны ў фэдэральныя акругі, якія, між тым, не зьяўляюцца адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі або суб’ектамі фэдэрацыі. У 2014 годзе зацьверджаная новая фэдэральная акруга, Крымская, якая дэ-факта ўключае тэрыторыі ўкраінскага паўвостраву Крым.

Геаграфія

Гара Эльбрус — найвышэйшы пункт Каўказу
Зіма ў Архангельскай вобласьці.

Расейская Фэдэрацыя — самая вялікая па плошчы дзяржава сьвету і мае самыя працяглыя ў сьвеце сухапутныя і марскія межы. На захадзе Расея амываецца Чорным і Балтыйскім морамі, мяжуе з Украінаю, Беларусяй, Польшчаю і Летувой (сваім эксклявам Калінінградзкай вобласьцю), Латвіяй, Эстоніяй, Фінляндыяй, Нарвэгіяй; на поўначы амываецца Арктычным акіянам; на ўсходзе амываецца Ціхім акіянам; на поўдні мяжуе з КНДР, Кітаем, Манголіяй, Казахстанам (самая працяглая міждзяржаўная сухапутная мяжа), Азэрбайджанам і Грузіяй. Агульная працягласьць межаў Расеі — 60 933 км (зь іх 38 808 км — марскія межы).

Крайні паўночны пункт Расеі — мыс Флігелі на Зямлі Франца-Іосіфа (81°51’ пн ш.), крайні ўсходні пункт — востраў Ратманова ў Бэрынгавым праліве (заходні з двух астравоў Дыяміда, 169°0’ з. д.). Крайнія паўночны і ўсходні мацерыковыя пункты Расеі: мыс Чалюскіна на паўвостраве Таймыр (77°43’ пн ш.) і мыс Дзяжнёва на Чукотцы (169°39’ з. д.). Гэтыя чатыры крайнія пункты адначасова зьяўляюцца і адпаведнымі крайнімі пунктамі Эўразіі. Крайні паўднёвы пункт Расеі (41°11’ з. ш.) знаходзіцца на паўднёвым захадзе ад гары Базардзюзю, на мяжы Дагестану з Азэрбайджанам. Крайні заходні пункт ляжыць у Калінінградзкай вобласьці пад 19°38’ у. д., на Балтыйскай касе Гданьскага заліва Балтыйскага мора; але Калінінградзкая вобласьць зьяўляецца анклявам, і асноўная тэрыторыя Расеі пачынаецца ўсходней, пад 27°17’ у. д., на мяжы Расеі з Эстоніяй, на беразе ракі Педэдзе. Такім чынам, працягласьць тэрыторыі Расеі з поўначы на поўдзень перавышае 4 тыс. км, з захаду на ўсход — набліжаецца да 10 тыс. км.

Большая частка Эўрапейскае тэрыторыі Расеі знаходзіцца на Ўсходне-Эўрапейскай раўніне. Па поўдні — Каўкаскія горы, на паўночным захадзе — горы Хібіны. На ўсход ад Уралу ляжыць Заходне-Сыбірская раўніна, на поўдзень ад якое горы Паўднёвай Сыбіры: Алтай, Саяны, горы Прыбайкальля й Забайкальля і іншыя. Між рэкамі Енісеем і Ленаю ляжыць Сярэднесыбірсае плято, між Ленаю і Ціхім Акіянам — горы Паўночна-Ўсходняе Азіі.

Клімат мяняецца ад марскога на крайнім паўночным захадзе да рэзка кантынэнтальнага ў Сыбіры і мусоннага на Далёкім Усходзе. Сярэднія тэмпэратуры студзеня ад 0 да −50 °C, ліпеня ад 1 да 25 °C; ападкаў ад 150 да 2000 мм штогод. Шматгадовая мярзлата (раёны Сыбіры і Далёкага Ўсходу). Буйныя рэкі — Волга, Паўночная Дзьвіна, Дон, Пячора, Об, Іртыш, Енісей, Ангара, Лена, Амур, Праголя, Нява; буйныя азёры — Касьпійскае (мора), Байкал, Ладаскае, Анескае. Лясы займаюць больш за ½ тэрыторыі, маюцца 25 нацыянальных паркаў і 84 запаведнікі.

Насельніцтва

Паводле ўсерасейскага перапісу насельніцтва 2021 году, у Расеі (без акупаванага ўкраінскага Крыму) пражывала 144,7 млн чалавек, тады як паводле перапісу 2010 году налічвалася 142,8 млн жыхароў. Гэта рабіла Расею найбольшай паводле насельніцтва краінай Эўропы і 9-й у сьвеце. Шчыльнасьць насельніцтва складала 9 чалавек/кв.км. Працягласьць жыцьця складала 70,1 гадоў, у тым ліку 65,5 гадоў для мужчынаў і 74,5 гадоў для жанчынаў. На 2020 год сярэдні век насельніцтва быў 40,3 гадоў. Нараджальнасьць была 1,5 дзіцяці на жанчыну. Расейцы складалі 81 % насельніцтва. На 2016 год іншаземныя перасяленцы налічвалі 11,6 млн чалавек, што было 3-й паводле велічыні колькасьцю іншаземцаў сярод краінаў сьвету.

На 2022 год у Расеі пражывала каля 466 000 грамадзянаў Беларусі, зь іх 176 000 (38 %) ажыцьцяўлялі працоўную дзейнасьць[12].

Гаспадарка

Міжнародны бізнэсовы раён «Масква-сіці».
ВАЗ-2107 сыходзіў з канвэеру з 1980 па 2010 год

Расея — некалі прамыслова разьвітая краіна, перажывае крызу пасьля распаду СССР, савецкае эканомікі і эканамічных сувязяў з былымі рэспублікамі і краінамі Ўсходняга блёку. Сукупны ўнутраны прадукт на душу насельніцтва складае 8900 даляраў у год (2003). Інфляцыя 3% (за студзень-люты 2005 г.)

Большую частку СУП дае дабыча палезных выкапняў: нафты і прыроднага ґазу (асноўныя радовішчы ў Заходнім Сыбіры), каменны вугаль, жалезная руда (Курская маґнітная анамалія, радовішчы Ўралу, Заходняга Сыбіру і інш.), апатыты, калійныя солі, фасфарыты, дыямэнты і інш. У 2010 г. вываз сыравіны склаў 65% агульнага аб’ёму экспарту[13]. На 31 сьнежня 2011 г. на Расею прыпадала 5,7% даказаных запасаў нафты ў сьвеце (88,2 млрд барэляў). Пагатоў у 2011 г. Расея была найбольшым вытворцам нафты ў сьвеце[14].

Асноўныя галіны прамысловасьці: машынабудаўніцтва (цяжкае, агульнае, сярэдняе, выраб прыбораў інструмэнтаў, і інш.), чорная (галоўным чынам Урал і інш.) і каляровая (Урал, Сыбір, Далёкі Ўсход і інш.) мэталюргія. Разьвітыя хімічная і нафтахімічная прамысловасьці (цантральны і паўночна-заходні рэгіён, Паволжа, Урал), лясная (на поўначы і ўсходзе краіны), лёгкая (галоўным чынам тэкстыльная) і харчовая прамысловасьць.

Земляробства дае каля 40% агульнае прадукцыі сельскае гаспадаркі, жывёлаводзтва — больш за 60%. Больш як 4/5 пашні прыходзіцца на Цэнтральнае Паволжа, Паўночны Каўказ, Урал і Заходнюю Сыбір. Асноўныя сельскагаспадарчыя культуры: зернавыя, цукровы бурак, сланечнік, бульба, лён.

На тэрыторыі Расеі функцыянуюць аб’яднаныя энэрґетычныя сыстэмы Цэнтру, Паўночнага Захаду, Паволжа, Паўночнага Каўказу, Сыбіру, Далёкага Ўсходу. Расея мае буйную сетку трубаправодаў. Важныя элемэнты водных сыстэмаў: Беламора-балтыйскі канал, канал імя Масквы, Волга-Донскі канал, Волга-Балтыйскі шлях. Важную ролю грае марскі транспарт. Буйныя порты: Санкт-Пецярбург, Калінінград, Мурманск, Архангельск, Новарасейск, Уладзівасток, Находка. У Расеі ёсьць больш за 100 курортаў: на ўзьбярэжжы Чорнага мора, група курортаў Каўкаскіх Мінэральных Водаў і інш.

Існуюць шмат розных ацэнак наконт фактычнага кошту карупцыі. Паводле афіцыйнай статыстыкі ўрада «ценявая эканоміка» займала толькі 15% СУП Расеі ў 2011 годзе. Яна ўключала незарэгістраваныя заробныя платы, якія выплочваў наймальнік з мэтай пазьбяганьня выплатаў падаткаў і сацыяльных выдаткаў, а таксама іншыя віды ўхіленьня ад выплаты падаткаў[15]. Паводле ацэнак Расстату карупцыя ў 2011 годзе склала толькі 3,5—7% ад СУП. Для параўнаньня некаторыя незалежныя экспэрты сьцьвярджаюць, што існая ў Расеі карупцыя дасягае 25% ад СУП краіны[16]. У дакладзе Сусьветнага банка на 2010 год гэтая лічба сягае ажно 48%[17]. Існуе таксама цікавы зрух у хабарніцтве, у той час як раней чыноўнікі бралі хабар, каб заплюшчыць вочы на ​​юрыдычныя парушэньні, цяпер яны прымаюць хабар проста каб выконваць свае абавязкі[18]. Многія экспэрты прызнаюць, што ў апошнія гады карупцыя ў Расеі стала бізнэсам. У 1990-я гады прадпрымальнікі павінны былі плаціць розным злачынным групоўкам, каб забясьпечыць для сябе гэтак званую абарону.

Культура

Міхаіл Ламаносаў. Расейскі паэт, вынаходнік і навукоўца

Культура Расеі грунтуецца на расейскай мове, якая пачала фармавацца напрацягу 14—15 стагодзьдзяў. Істотны ўнёсак у фармаваньне літаратурнай расейскай мовы зрабілі Міхаіл Ламаносаў ды Аляксандар Пушкін. Выдітныя постаці расейскай літаратуры ў 18 стагодзьдзі Міхаіл Лермантаў, Мікалай Гогаль, Фёдар Цютчаў, Фёдар Дастаеўскі ды Леў Талстой. Драматычныя творы Антона Чэхава займелі шырокую папулярнасьць ва ўсім сьвеце. Літаратура Расеі 20 стагодзьдзя часткова сфармавалася пад уплывам дзяржаўнай камуністычнай ідэалёгіі. З выбітных аўтараў 20 стагодзьдзя можна назваць Сяргея Ясеніна, Уладзімера Маякоўскага, Аляксандра Твардоўскага. Вялікі ўнёсак у папулярызацыю расейскай культуры зрабілі дзеячы эміграцыі — Ёсіф Бродзкі ды Аляксандар Салжаніцын (абодва ляўрэаты Нобэлеўскае прэміі).

На тэрыторыі Расеі выяўленыя помнікі часоў палеаліту[19]. Культура выяўленчага мастацтва пачынала разьвівацца ў плыні праваслаўя — іконы ды фрэскі ў цэрквах пераважна ананімныя. Вяршыняў іканапіснага майстэрства дасягнулі Андрэй Рублёў, Феафан Грэк, Дыянісій. У 18 стагодзьдзі Фёдар Рокатаў, Зьміцер Лявіцкі ды Уладзімер Баравікоўскі вучацца ў францускіх ды італьянскіх жывапісцаў, закладаюць падмурак расейскага жывапісу. XIX стагодзьдзе — эпоха клясычнага расейскага пэйзажу. Ісак Левітан, Архіп Куінджы, Аляксей Саўрасаў, Васіль Сурыкаў ды Іван Шышкін стварылі непаўторныя паводле калярыту карціны. Напачатку XX стагодзьдзя Казімер Малевіч стварыў новы мастацкі стыль — супрэматызм.

Расейская музыка — гэта сусьветна вядомыя кампазытары Міхаіл Глінка, Пётар Чайкоўскі ды Сяргей Рахманінаў. Сёньняшняя музыка — гэта, у першую чаргу, праява масавай культуры.

Зь сярэдзіны XVIII стагодзьдзя ў Санкт-Пецярбургу працуюць Акадэмія навук ды ўнівэрсытэт, прафэсар якога Дзьмітры Мендзялееў адкрыў пэрыядычны закон хімічных элемэнтаў. Вялікі ўнёсак у разьвіцьцё мэдыцыны зрабілі Мікалай Пірагоў ды Ўладзімер Бехцераў. Напрацягу XX стагодзьдзя расейскія фізыкі ды інжынэры спаборнічалі з эўрапейскімі ды амэрыканскімі фізыкамі ў першынстве (у вынаходніцтве атамнай бомбы, распрацоўцы лазера ды касьмічных тэхналёгіях).

Узброеныя сілы

Узброеныя сілы Расеі складаюцца з трох відаў Узброеных сілаў (сухапутныя войскі, ваенна-паветраныя сілы і ваенна-марскі флёт), трох родаў войскаў (касьмічныя войскі, ракетныя войскі стратэгічнага прызначэньня і паветрана-дэсантныя войскі). Тыла ўзброеных сілаў, чыгуначных войскаў і іншых войскаў, якія не ўваходзяць у віды ўзброеных сілаў, а таксама шэраг службаў. Агульная колькасьць УС Расеі складае 1207 тыс. чалавек вайсковаслужбоўцаў і 876 тысячаў грамадзянскіх спэцыялістаў.

Сухапутныя войскі арганізацыйна складаюцца з матастралковых войскаў, танкавых войскаў, ракетных войскаў і артылерыі, войскаў СПА, спэцыяльных войскаў (выведвальных, сувязі, радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ), інжынэрных, радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны (РХБА), тэхнічнага забесьпячэньня, аховы тылу, часьцей і арганізацыяў тылу). Сухапутныя войскі дзеляцца па тэрытарыяльным прынцыпе на шэсьць ваенных акругаў: Маскоўская, Ленінградзкая, Паўночна-Каўкаская, Прыволска-Ўральская, Сыбірская і Далёкаўсходняя.

Ваенна-паветраныя сілы арганізацыйна складаюцца з авіяцыі (бамбавальнай, штурмавой, зьнішчальнай, авіяцыі СПА, выведвальнай, транспартнай і спэцыяльнай), зенітна-ракетных войскаў, радыётэхнічных войскаў, спэцыяльных войскаў, часьцей і ўстаноў тылу.

Ваенна-марскі флёт арганізацыйна складаецца з родаў сілаў: падводных, надводных, марской авіяцыі, марской пяхоты і берагавых войскаў, часьцей спэцыяльных войскаў і тылу. ВМФ па тэрытарыяльнай прыкмеце дзеліцца на чатыры флёта (Паўночны, Балтыйскі, Чарнаморскі і Ціхаакіянскі) і адну флятылію (Касьпійскую).

За межамі Расейскай Фэдэрацыі ёсьць ваенныя базы ў Азэрбайджане (РЛС «Габала»), Армэніі (102-я ваенная база ў Гюмры), Беларусі (РЛС «Волга», вузел «Баранавічы» ў Клецкім раёне і 42-і вузел сувязі ВМФ, Вялейка), Казахстане (5-ы Дзяржаўны выпрабавальны касмадром, асобны полк транспартнай авіяцыі, асобны радыётэхнічны вузел Касьмічных войскаў, дзяржаўны выпрабавальны палігон стратэгічнай СПА і СРА Сары-Шара), Кыргыстане (ваенна-паветраная база), Таджыкістане (Оптыка-электронны вузел сыстэмы кантролю касьмічнай прасторы «Нурэк», 201-я матастрэлковая дывізія), Узбэкістане (авіябаза), Украіне (Чарнамарскі флёт, шэраг аэрадромаў, вузлоў сувязі, 219-ы асобны полк радыёэлектроннай барацьбы, 1096-ы зенітны ракетны полк), Сырыі (база ВМФ), а таксама групоўкі расейскіх войскаў у Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі і групоўка міратворчых сілаў і Прыднястроўі.

Ахова здароўя

Адмоўны ўплыў на працягласьць жыцьця ў Расеі аказвала даступнасьць гарэлкі ў разьліку на сярэднюю зарплату: 10 літраў у 1990 годзе і 47 літраў у 1995-м. Толькі ў 2003 годзе ўжываньне алькаголю ў Расеі зьменшылася на 1/3, бо забаранілі яго продаж пасьля 23-й гадзіны і абмежавалі яго рэкляму[20].

На лістапад 2013 году ў Расеі налічвалася 8,5 млн нарказалежных людзей, што складала 6 % насельніцтва Расеі. 26 лістапада 2013 году старшыня Фэдэральнай службы кантролю за абарачэньнем наркотыкаў Расеі Віктар Іваноў з гэтай нагоды заявіў: «Расейская сытуацыя з наркотыкамі катастрафічная»[21].

У 2021 годзе каля 30 % сьмяротнасьці ў Расеі было зьвязана з ужываньнем алькаголю, таму сярэдняя працягласьць жыцьця расейскіх мужчынаў была на 17 гадоў меншай, чым у мужчынаў Заходняй Эўропы. Пры гэтым, прыбытак ад продажу сьпіртовых напояў быў 5-кратна меншым за наносімыя яго спажываньнем страты ў выглядзе выдаткаў на ахову здароўя, наступствы ад злачыннасьці пры ап’яненьні, брак і згубу на вытворчасьці[20].

Погляды насельніцтва

Паводле дасьледаваньня «Левада-цэнтру», праведзенага ў траўні 2021 году, сярод найвыдатнейшых асобаў у гісторыі, на думку жыхароў Расеі, апынуліся: Сталін (39%), Ленін (30%), Аляксандар Пушкін (23%), Пётар I (19%) і Ўладзімер Пуцін (15%). З замежнікаў наперадзе Альбэрт Айнштайн (9%), Напалеон і Адольф Гітлер (па 5%). Падобная карціна зь нязначнымі зьменамі назіраецца ад першага апытаньня, праведзенага ў 1994 годзе[22].

Тым часам паводле апытаньня, праведзенага ў сакавіку 2019 году, 70% расейцаў лічаць, што Сталін меў станоўчую ролю ў гісторыі, 51% ставяцца пазытыўна да асобы Сталіна агулам. Калі ў 2009 годзе 60% апытаных лічылі, што сталінскія рэпрэсіі ніяк нельга апраўдаць, 24% — што можна ў нейкай ступені, а колькасьць упэўненых апраўдальнікаў была ў межах статыстычнай хібнасьці, то ў 2019 годзе толькі 45% казалі, што сталінскія рэпрэсіі ніяк нельга апраўдаць, 33% — што можна апраўдаць у нейкай ступені, 13% упэўнена заявілі, што сталінскія рэпрэсіі можна апраўдаць[23].

Крыніцы

  1. ^ Афіцыйная ацэнка
  2. ^ а б Беларуска-расійскі слоўнік / Укладальнікі: М. Байкоў, С. Некрашэвіч. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925. Факсімільнае выданьне: Менск: Народная асвета, 1993. ISBN 5-341-00918-5 С. 273.
  3. ^ Демография Федеральная служба государственнной статистики
  4. ^ Oil Market Report. International Energy Agency. 18.01.2012
  5. ^ Sieben-Sprachen-Wörterbuch. — Leipzig: Spamer, 1918. S. 270.
  6. ^ Бушлякоў Ю., Вячорка В., Санько З., Саўка З. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. — Вільня—Менск, 2005. Пункт 33, з): расейскі (ад Расе[й|а])
  7. ^ Вячорка В. Расейская, маскоўская, руская? Як называць мову ўсходніх суседзяў, Радыё Свабода, 5 лютага 2019 г.
  8. ^ ЭСБМ. Т. 11. — Менск, 2006. С. 114.
  9. ^ Гліннік А. Расея або Расія? // Роднае слова. № 9, 1993. С. 27.
  10. ^ Фэдэральны закон Расейскай Фэдэрацыі — папраўка да Канстытуцыі Расейскай Фэдэрацыі ад 30 сьнежня 2008 году № 6-ФКЗ «Аб зьмяненьні тэрміну паўнамоцтваў Прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі і Дзяржаўнай Думы»
  11. ^ Беларусь гатова на цеснае супрацоўніцтва з Расіяй, з улікам інтарэсаў беларускага народа(недаступная спасылка)// Афіцыйны інтэрнэт-партал прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. 28 чэрвеня 2007
  12. ^ Кавалёў: стабільнасьці беларускага і расейскага рубля нічога не пагражае // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 25 кастрычніка 2022 г. Праверана 25 кастрычніка 2022 г.
  13. ^ Антон Запольскі. 10 гадоў кіраваньня Пуціна. Што адбываецца сёньня ў Расеі // Зьвязда : газэта. — 29 чэрвеня 2010. — № 124 (26732). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
  14. ^ Вэнэсуэла можа лічыцца уладальнікам найбуйнейшых запасаў нафты ў сьвеце // Зьвязда. — 16 чэрвеня 2012. — № 115 (27230). — С. 1.
  15. ^ «Доля теневой экономики в РФ снизилась почти до 15%, таблицы "затраты-выпуск" уточнят показатель — Росстат». Интерфакс.
  16. ^ Milov, Nemtsov, Ryzhkov, Shorina (2011). "Putin. Corruption. Independent expert report", p. 6.
  17. ^ «Коррупция в России как система "распилки" ВВП». Newsland.ru.
  18. ^ «Средний размер взятки в России в 2010 году вырос с 27 до 47 тысяч руб». РИА Новости
  19. ^ Э. А. Петэрсон. Расея (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва) // БЭ. — Мн.: 2000 Т. 10. С.338.
  20. ^ а б Алена Кравец. Ключ, які «адкрываў» краіны // Зьвязда. — 27 верасьня 2022. — № 189 (29811). — С. 11.
  21. ^ Юры Царык. Геапалітыка залежнасьці // Зьвязда. — 27 лістапада 2013. — № 223 (27588). — С. 1,5.
  22. ^ Самые выдающиеся личности в истории, Левада-центр, 21.06.2021 г.
  23. ^ Ухваленьне Сталіна расейцамі пабіла гістарычны рэкорд, — «Левада-цэнтар», Радыё Свабода, 16 красавіка 2019 г.

Вонкавыя спасылкі