Перайсьці да зьместу

Сельская гаспадарка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рысавыя палі ў Інданэзіі

Се́льская гаспада́рка — адна з галін эканомікі, галоўнай мэтай якой зьяўляецца забесьпячэньне харчаваньнем. Сельская гаспадарка атрымлівае расьліннае і жывёльнае харчаваньне дзякуючы апрацоўцы зямлі, вырошчваньню расьлін, гадоўлі жывёл.

Разьвіцьцём сельскай гаспадаркі займаюцца сельскагаспадарчыя галіны навукі: агратэхніка, заатэхніка, аграномія, аграбіялёгія, аграхімія, аграэкалёгія, аграгеалёгія, аграмэтэаралёгія, агракліматалёгія.

Гісторыя разьвіцьця

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сельская гаспадарка належыць да самых старых формаў матэрыяльнай дзейнасьці чалавека — пачатак сельскай гаспадаркі адносяць да нэаліту — 10 000 да 3000 гадоў да н. э. Пераход ад зьбіраньня да апрацоўкі зямлі прывёў да «рэвалюцыі» ў чалавечых узаемаадносінах. Зьмяніўся стыль іх жыцьця з качавога на аселы, што прывяло да ўзьнікненьня болей складаных сацыяльных формаў, якія стварылі магчымасьці для эвалюцыі чалавечых узаемаадносін. Зьмяніліся і адносіны чалавека да прыроды, якую ём пачаў пераўтвараць да ўласных патрэб.

Першыя спробы апрацоўкі зямлі пачаліся каля 8000 да н. э. на Блізкім Усходзе (Мэсапатамія і Эгіпет), а потым, амаль адначасова, у трох аддаленых адзін ад аднаго частках сьвету на абшарах сучасных: Кітаю, Мэксыкі і Пэру. Першымі селькагаспадарчымі расьлінамі сталі: пшаніца, жыта і ячмень (Блізкі Ўсход). У паўднёва-ўсходняй Азіі гэта былі: гарох, бабы, рыс і проса.

І так, дзякуючы вырошчваньню расьлінаў, атрымалі магчымасьць разьвівацца старажытныя цывілізацыі, калі-нікалі называныя ад галоўных сельскагаспадарчых расьлінаў цывілізацыямі пшаніцы, жыта і кукурузы.

Крыху раней чалавек дайшоў і да прыручэньня некаторых жывёл: авечак і козаў — каля 10 000 — 7000 гадоў да н. э., пазьней каровы і сьвіньні — каля 6000 гадоў да н. э. Гэта адбылося таксама на Блізкім Усходзе, потым вырошчваньне расьлінаў і жывёлагадоўля распаўсюдзілася па ўсім Старым сьвеце.

У сярэдзіне ХХ стагодзьдзя распрацавалі прынцыпы арганічнага земляробства, якое прадугледжвае выкарыстаньне арганічных угнаеньняў і пазьбяганьне прымяненьня іянізавальнага выпраменьваньня і трансгенных арганізмаў[1]

Сельская гаспадарка належыць да галін эканомікі з самым вялікім шкодным уплывам на навакольнае асяродзьдзе. У наш час Эўразьвяз прадпрымае значныя дзеяньні для абмежаваньня забруджваньня шляхам інтэграцыі сельскагаспадарчай палітыкі і экалягічнай палітыкі.

У 2013 годзе на сельскую гаспадарку прыпала 70% спажываньня вады ў сьвеце. Пагатоў, для вытворчасьці 1 кг пшаніцы ў сярэднім скарысталі 1000 літраў вады, а для 1 кг ялавічыны — 16 000 літраў[2].

1 сакавіка 1991 году Вярхоўны Савет Беларускай ССР зацьвердзіў Закон «Аб сялянскіх гаспадарках». На люты 2001 году ў Беларусі было 2858 сялянскіх гаспадарак фэрмэраў, якія валодалі больш як 86 000 гектараў зямлі, зь іх звыш 75 000 га сельскагаспадарчых угодзьдзяў (1%)[3]. На 2011 год 15% малочна-таварных кароўнікаў мелі даільныя залы з робатамі. На 1 студзеня 2016 году дзель рабатызаваных кароўнікаў, якіх стала звыш 1600, вырасла да 60%[4].

  1. ^ Алена Швайко. Па-сутнасьці. Арганічнае земляробства // Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, 14 сакавіка 2017 г. Праверана 20 сьнежня 2022 г.
  2. ^ Яўген Баскін. Посьпехі ў зоне рызыкі // Зьвязда : газэта. — 3 красавіка 2014. — № 61 (27671). — С. 1, 5. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Сяргей Шаўцоў. Дзесяць гадоў // Зьвязда : газэта. — 15 лютага 2001. — № 34 (24150). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Вераніка Бута. Новы вобраз беларускай вёскі // Белтэлерадыёкампанія, 20 чэрвеня 2016 г. Праверана 24 чэрвеня 2016 г.