Самарская вобласьць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Самарская вобласьць
Самарская область
Coat of arms of Samara Oblast.svg
Flag of Samara Oblast.svg

Сьцяг
Гімн Q4138480?
Агульныя зьвесткі
Краіна Расея
Статус вобласьць
Уваходзіць у Прыволская фэдэральная акруга
Паволскі эканамічны раён
Адміністрацыйны цэнтар Самара
Дата ўтварэньня 14 траўня 1928
Губэрнатар Уладзімер Арцякоў
Насельніцтва (2010)
3 167 200[1] (12-е месца)
Шчыльнасьць 60 чал./км²
Плошча 53 565 км² (50-е месца)
Месцазнаходжаньне Самарскай вобласьці
Самарская вобласьць на мапе
Мэдыя-зьвесткі
Часавы пас GMT +4
Код ISO 3166-2 RU-SAM
Код аўтам. нумароў 63, 163
Афіцыйны сайт
Commons-logo.svg   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Сама́рская во́бласьць (па-расейску: Самарская область) — вобласьць на поўдні Расеі. Адміністрацыйны цэнтар — места Самара. Вобласьць уваходзіць у Прыволскую фэдэральную акругу, мяжуе з Саратаўскай, Ульянаўскай, Арэнбурскай абласьцямі й рэспублікай Татарстан. Праз блізкасьць мяжы з Заходне-Казскай вобласьцю Казахстану частка Вялікачарнігаўскага раёну мае статус памежнай тэрыторыі. Створаная 14 траўня 1928 году як Сярэдняволская вобласьць. У 1929 годзе была перайменаваная ў Сярэдняволскі край, а ў 1935 годзе — у Куйбышаўскі край. У пэрыяд з 1936 па 1990 гады мела назоў Куйбышаўскай вобласьці.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вобласць ёсьць пяты па плошчы рэгіён Паволжа — займае тэрыторыю плошчай у 53,6 тыс. км², што складае 0,31% тэрыторыі Расеі. Вобласьць працягнулася з поўначы на ​​поўдзень на 335 км, а з захаду на ўсход — на 315 км. Геаграфічнае становішча вобласьці вызначаецца каардынатамі 51° 47' і 54° 41' п. ш. і 47° 55' і 52° 35' у. д. Вобласьць разьмешчана ў паўднёва-ўсходняй частцы эўрапейскай тэрыторыі Расеі, у сярэднім цячэньні Волгі, па абодвух ейных берагах.

Разьмяшчаецца на Ўсходне-Эўрапейскай плятформе. Гісторыя геалягічнага разьвіцьця тэрыторыі вобласьці ахоплівае раньнедакембрыйскую й рыфэйска-фанэразойскую эпохі. Рэкі Волга й Самара зьяўляюцца межамі ўнутранага дзяленьня вобласці па рэльефе. Вылучаюць тры часткі: Правабярэжжа, Паўночнае й Паўднёвае Левабярэжжа. Большая частка тэрыторыі вобласьці (91,2%) знаходзіцца ў Левабярэжжы.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэрыторыя цяперашняй Самарскай вобласьці ўвайшла ў склад Расеі ў сярэдзіне XVI стагодзьдзя, пасьля далучэньня Казанскага й Астраханскага ханстваў да Маскоўскага царства. У XVII—XVIII стагодзьдзях тэрыторыя Сярэдняга Паволжа засялялася перасяленцамі зь іншых раёнаў краіны й замежнікамі, як то немцамі й іншымі. Зь сярэдзіны XIX стагодзьдзя на тэрыторыі адбываўся эканамічны ўздым, Самара сталася адным з важных цэнтраў ўнутрырасейскага рынку збожжа, што прывяло да разьвіцьця гандлю й прамысловасьці ў горадзе. З 1851 году Самара ёсьць цэнтар аднайменнай губерні.

У ходзе кастрычніцкага перавароту й грамадзянскай вайны насельніцтва Самарскай губэрні выступіла супраць палітыкі бальшавікоў. У 1935 годзе Самара была перайменаваная ў Куйбышаў і насіла гэтую назву да 1990 году.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вобласьць з насельніцтвам 3167,2 тысячы чалавек на ліпень 2010 году займае па гэтым паказчыку 2-е месца ў Паволжы й 12-е месца ў Расеі. Па шчыльнасьці насельніцтва (59,7 чал/км²) гэта 10-й рэгіён у Расеі (без уліку Масквы й Санкт-Пецярбургу), а па ўзроўні урбанізацыі (удзельная вага гарадзкога насельніцтва — 80,3%) — 11-е месца (без уліку аўтаномных акругаў). Па гэтых двух паказчыках вобласьць лідыруе ў Паволжы.

Значную долю насельніцтва (82,26%) складаюць расейцы, на другім месцы месьцяца татары (3,92%). Беларусы ў вобласьці ёсьць дзевятай па колькасьці нацыянальнай групай налічваючы 9,2 тысячы чалавек на 2010 год.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прамысловасьць прадстаўлена каля 400 буйнымі й сярэднімі прадпрыемствамі й больш чым 4 тысячамі малых. Найбольшае разьвіцьцё атрымалі машынабудаваньне й мэталаапрацоўка, паліўная, электраэнэргетычная, хімічная й нафтахімічная прамысловасьці, каляровая мэталюргія. Машынабудаваньне прадстаўлена амаль поўным наборам асноўных галінаў, сярод якіх вядучая роля належыць аўтамабільнай прамысловасьці. На долю легкавых аўтамабіляў, што вырабляюцца на ААТ «АўтаВАЗ» у Тальяці прыпадае больш за 70% ад усяго выпуску аўтамабіляў краіны. Удзельная вага вытворчасьці асноўных нафтапрадуктаў, як то бэнзін аўтамабільны, дызэльнае паліва, мазут топачны, складае 10—12%.

Каэфіцыент спэцыялізацыі (душавой вытворчасьці) па аб’ёме прамысловай прадукцыі 1,9 — другі пасьля Якутыі сярод рэгіёнаў Расейскай Фэдэрацыі, па розьнічнаму тавараабароту — 1,6 (2-е месца пасьля Масквы).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Самарская вобласьцьсховішча мультымэдыйных матэрыялаў