Цюменская вобласьць
Цюменская вобласьць | |
Тюменская область | |
Сьцяг | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Расея |
Статус | вобласьць |
Уваходзіць у | Уральская фэдэральная акруга Заходне-Сыбірскі эканамічны раён |
Адміністрацыйны цэнтар | Цюмень |
Дата ўтварэньня | 14 жніўня 1944 |
Губэрнатар | Уладзімер Якушаў |
Насельніцтва (2010) | 3 430 196[1] (11-е месца) |
Шчыльнасьць | 2,4 чал./км² |
Плошча | 1 435 200 км² (3-е месца) |
Месцазнаходжаньне Цюменскай вобласьці | |
Мэдыя-зьвесткі | |
Часавы пас | GMT +6 |
Код ISO 3166-2 | RU-TYU |
Код аўтам. нумароў | 72 |
Афіцыйны сайт | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Цюме́нская во́бласьць (па-расейску: Тюменская область) — вобласьць у цэнтры Расеі. Адміністрацыйны цэнтар — места Цюмень. Вобласьць уваходзіць ува Ўральскую фэдэральную акругу, мяжуе з Чалябінскай, Курганскай, Сьвярдлоўскай абласьцямі, Краснаярскім краем, Рэспублікай Комі й Казахстанам. У склад вобласьці ўваходзяць Ханты-Мансійская й Ямала-Ненецкая аўтаномныя акругі. Рэгіён ёсьць адзіным у Расеі, які распасьціраецца ад Арктычнага акіяна на поўначы да дзяржаўнай мяжы на поўдні, але з улікам аўтаномных акругаў. Створана як вобласьць РСФСР 14 жніўня 1944 году.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Цюменская вобласьць, без уліку аўтаномных акругаў, у асноўным знаходзіцца на Сярэднім Урале. Паводле плошчы яна займае трэцяе месца па Расеі, саступаючы толькі Якутыі й Краснаярскаму краю, і першае месца сярод чатырох абласьцей Уральскай фэдэральнай акругі, з улікам аўтаномных акругаў. Самая паўночная кропка Цюменскай вобласьці разьмяшчаецца на паўвостраве Ямал — мыс Скуратава (73° 30' п. ш.), самая заходняя — ля вытокаў ракі Паўночная Сосьва (58° 50' у. д.), крайняя ўсходняя — у Ніжневартаўскім раёне ля вытокаў ракі Вах (86° 00' у. д.), крайняя паўднёвая — у Сладкоўскім раёне, на мяжы з Казахстанам (55° 10' п. ш.).
Карысныя выкапні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Цюменскай вобласьці сканцэнтравана асноўная частка запасаў нафты й газу краіны. Агульны аб’ём пошукава-разьведвальных бурэньняў перавысіў 45 млн мэтраў. Здабыча нафты засяроджана ў сярэднім Прыоб’і. Газ здабываецца пераважна ў паўночных раёнах. Буйныя радовішчы нафты — Самотлорскае, Прыобскае, Халмагорскае, Красналенінскае, Фёдараўскае, газу — Урэнгойскае, Мядзьведжае, Ямбурскае. Глыбіня заляганьня складае ад 700 м да 4 км. Акрамя таго ў рэгіёне зьдзяйняецца здабыча торфу, сапрапэляў, кварцавых пяскоў, вапнякоў. Разьведана каля 400 радовішчаў сыравіны для вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў.
Рудныя карысныя выкапні й каштоўныя камяні адкрыты на ўсходнім схіле Прыпалярнага й Палярнага Ўрала (у прыватнасьці, радовішчы волава, медзі, храмітаў).
Гідраграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па тэрыторыі вобласьці працякае больш за 70 тысячаў вадацёкаў працягласьцю больш за 10 км, іхняя сумарная даўжыня складае 584 400 км. Найбуйнейшыя рэкі вобласьці — Об (185 км³/год) і Іртыш (36,5 км³/год) — маюць суднаходнае значэньне. У вобласьці разьмешчана прыкладна 70 тысячаў азёраў. На поўначы й у цэнтральнай частцы распаўсюджаныя тэрмакарставыя й балотныя азёры, на поўдні — бясьцёкавыя салёныя вадаёмы ў паніжэньнях рэльефу.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Згодна з Усерасейскім перапісам насельніцтва 2010 году ў вобласьці пражываюць 3 430 196 чалавек. Большасьць насельніцтва складаюць расейцы, сярод нацыянальных меншасьцяў буйную долю складаюць татары й украінцы.
Карэнныя народнасьці складаюць ненцы, ханты, мансі, селькупы, сыбірскія татары.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2013 годзе таваразварот Цюменскай вобласьці зь Беларусьсю перавысіў 6 млрд даляраў[2].
Прамысловасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле аб’ёму вырабленай прамысловай прадукцыі вобласьць займае першае месца ў Расеі. Асноўнай галіной спэцыялізацыі зьяўляецца паліўная прамысловасьць, на долю якой прыпадае 86,4% аб'ёму прамысловай вытворчасьці вобласьці. Значная частка нафты (64%) й газу (91%) краіны здабываецца ў Цюменскай вобласьці. За 2003 год здабыта 283 млн тон нафты й газавага кандэнсату, 564 млрд м³ прыроднага газу.
Перапрацоўка вуглевадароднай сыравіны ажыцьцяўляецца заводамі ў гарадох Губкінскім, Мураўленка, Сургуце; Белазерскім і Паўднёва-Балыскім ГПЗ. У Табольску разьмешчана найбуйнейшае ў Расеі прадпрыемства нафтахімічнай прамысловасьці — Табольскі нафтахімічны камбінат[3]. У ягоны склад уваходзяць некалькі магутных вытворчасьцей па перапрацоўцы нафты й газу.
Каэфіцыент спэцыялізацыі па нафце складае 30, па газу — 41. Асноўная накіраванасьць прадпрыемстваў машынабудаваньня (3,6%): нафтапрамысловая, геолягаразьведвальная, нафтаперапрацоўчае абсталяваньне, трактарныя прычэпы, дрэваапрацоўчыя станкі.
Сельская гаспадарка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вобласьць адрозьніваецца суровымі прыродна-кліматычнымі ўмовамі, 90% тэрыторыі аднесена да раёнаў Ускрайняй Поўначы ці прыраўнанае да іх. Толькі 3% тэрыторыі вобласьці займаюць сельскагаспадарчыя вучасткі. Больш спрыяльныя кліматычныя ўмовы поўдня дазваляюць вырошчваць збожжа, бульбу, гародніну, грубыя й сакавітыя кормы. Наяўнасьць вялікіх плошчаў сенакосаў і пашы стварае спрыяльныя ўмовы для малочна-мясной жывёлагадоўлі. Тут вырабляецца каля 80% сельскагаспадарчай прадукцыі вобласьці. Сельскагаспадарчыя арганізацыі аўтаномных акругаў спэцыялізуюцца на вытворчасьці малака, яек, агародніны абароненага грунту. Разьвітыя традыцыйныя для карэнных народаў Поўначы промыслы — аленегадоўля й рыбалоўства.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Предварительные итоги Всероссийской переписи населения 2010 года
- ^ Надзея Юшкевіч. Далёка ад радзiмы: нашыя суайчыньнікі ў Сыбіры // Зьвязда : газэта. — 11 лютага 2014. — № 25 (27635). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ МРЦБ
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Цюменская вобласьць — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Адміністрацыя Цюменскай вобласьці
- Інвэстыцыйны пашпарт Цюменскай вобласьці
- Турыстычны партал Цюменскай вобласьці
- Склад Цюменскай вобласьці