Перайсьці да зьместу

Астраханская вобласьць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Астраханская вобласьць
Астраханская область

Сьцяг
Агульныя зьвесткі
Краіна Расея
Статус вобласьць
Уваходзіць у Паўднёвая фэдэральная акруга
Паволскі эканамічны раён
Адміністрацыйны цэнтар Астрахань
Дата ўтварэньня 27 сьнежня 1943
Губэрнатар Аляксандар Жылкін
Насельніцтва (2010)
1 010 679[1] (56-е месца)
Шчыльнасьць 20,6 чал./км²
Плошча 49 024 км² (55-е месца)
Месцазнаходжаньне Астраханскай вобласьці
Астраханская вобласьць на мапе
Мэдыя-зьвесткі
Часавы пас GMT +3
Код ISO 3166-2 RU-AST
Код аўтам. нумароў 30
Афіцыйны сайт
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Астраха́нская во́бласьць (па-расейску: Астраханская область) — вобласьць на поўдні Расеі. Адміністрацыйны цэнтар — места Астрахань. Вобласьць уваходзіць у Паўднёвую фэдэральную акругу, мяжуе з Валгаградзкай вобласьцю на поўначы, з Калмыкіяй на захадзе й з Казахстанам на ўсходзе, акрамя таго мае выхад да Касьпійскага мора. Колькасьць насельніцтва на 2010 год складала 1 010 679 чалавек.

Астраханская вобласьць разьмешчана на паўднёвым усходзе Ўсходне-Эўрапейскай раўніны ў межах Прыкасьпійскай нізіны, ува ўмераных шыротах, у зоне пустэльняў і паўпустэльняў, якія выкарыстоўваюцца ў асноўным як пашы. Вобласьць вузкай паласой працягнулася па абодва бакі ад Волга-Ахтубінскай поймы на адлегласьці больш за 400 км. Заліваемыя полымі водамі на працяглы пэрыяд прасторы дэльты служаць нерасьцільнямі для важных прамысловых рыбаў — асётра, сяўругі, бялугі й іншых.

Прыродныя рэсурсы вобласьці прадстаўлены прыродным газам, солямі, гіпсам. Запасы нафты можна ацаніць прыкладна ў 300 млн тонаў, глыбіня ейнага заляганьня вагаецца ад 2 да 5 км. У 1950-х гадох было адчынена прамысловае газавае радовішча, што паклала пачатак газафікацыі Астрахані й шэрагу пасёлкаў.

У старажытныя часы на тэрыторыі сучаснай Астраханскай вобласьці праходзілі гандлёвыя шляхі пэрсаў і арабаў. У VIIIX стагодзьдзях тэрыторыі ўваходзілі ў склад Хазарскага каганату. Існуюць здагадкі, што на тэрыторыі сучаснай Астраханскай вобласьці была разьмешчана сталіца Хазарскага каганату Ітыль, якая была разбураная князем Сьвятаславам у 965 годзе. Пазьней тут расьсяліліся полаўцы, якіх у першай палове XIII стагодзьдзя зьмянілі мангола-татары.

У 1558 годзе Астраханскае ханства было далучана да Расейскай дзяржавы. Астраханскі край зьяўляўся паўднёва-ўсходнім вайсковым фарпостам Расейскай дзяржавы. У прыватнасьці, у 1569 годзе туркі беспасьпяхова абложвалі Астраханскую крэпасьць. У 1597 годзе ў Астрахані было завершана распачатае ў 1578 годзе будаўніцтва Спаса-Праабражэнскага мужчынскага манастыра.

У XVII стагодзьдзі ў Астраханскім краі ішло разьвіцьцё гандлю, рыбнага й салянага промыслаў. У сярэдзіне стагодзьдзя на тэрыторыі Астраханскага краю праходзіла паўстаньне Сьцяпана Разіна.

Паводле перапісу насельніцтва 2010 году колькасьць жыхароў вобласьці складала 1 010 679 чалавек. Большасьць насельніцтва складаюць расейцы (67,6%), другой па велічыні нацыянальнай групай зьяўляюцца казахі (16,3%). Вобласьць мае самую вялікую казаскую абшчыну ў Расеі. Таксама ў вобласьці пражываюць шмат татараў (6,6%).

Астрахань ёсьць галоўны прамысловы цэнтар вобласці. Прамысловы комплекс гораду прадстаўлены суднабудаваньнем, цэлюлозна-папяровай вытворчасьцю, рыбаперапрацоўчай прамысловасьцю. Лідыруючыя галіны прамысловасці — машынабудаваньне, электраэнэргетыка, харчовая прамысловасьць. У рэгіёне практычна невычэрпныя запасы газу, нафты й серы, але ў цэлым прамысловасьць гораду застаецца стратнай. У асноўным гэта ўплыў паліўнай прамысловасьці, на долю якой прыпадае трэць стратаў прамысловасьці, а таксама падгаліны машынабудаваньня суднабудаўнічая, радыёпрамысловасьці й электраэнэргетыкі. Пры гэтым страты прамысловасьці ў параўнанні з 2002 годам скараціліся на 28,9%.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Астраханская вобласьцьсховішча мультымэдыйных матэрыялаў