Перайсьці да зьместу

Карэльская мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Карэльская мова
karjalan kieli
Ужываецца ў Расеі
Рэгіён Рэспубліка Карэліі
Цьвярская вобласьць
Ленінградзкая вобласьць
раней — паўднёвы ўсход Фінляндыі
Колькасьць карыстальнікаў прыкладна ў межах ад 35 000 да 45 000 чал.[1]
Клясыфікацыя Уральская сям’я
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў
Дапаможная мова ў Сьцяг Расеі рэспубліцы Карэлія[2]
Сьцяг Фінляндыі Мова нацыянальнае меншасьці
Рэгулюецца
Статус: 6b Пад пагрозай[d][3]
Пісьмо лацінскае пісьмо
Коды мовы
ISO 639-1
ISO 639-2(Б) krl
ISO 639-2(Т) krl
ISO 639-3 krl
SIL krl

Карэ́льская мова (па-карэльску: karjalan kieli) — мова прыбалтыйска-фінскае падгрупы фіна-волскае групы фіна-вугорскае галіны ўральскае моўнае сям’і, на якой размаўляе фіна-вугорскі народ карэлы. Адзінага літаратурнага стандарту карэльскае мовы не існуе, існуе тры літаратурныя стандарты для трох гаворак карэльскае мовы — паўночнакарэльскае, лівікаўскае і людзікаўскае, апроч гэтага карэлы Цьверскае вобласьці таксама маюць сваю літаратурную мову, якая мае значныя адрозьненьні ад усіх трох гаворак, на якіх не размаўляюць у Цьвярской вобласьці.

На карэльскіх мовах увогуле размаўляюць у рэспубліцы Карэлія, Цьвярской вобласьці, часткова ў Ленінградзкай і Мурманскай абласьцёх Расеі. Таксама карэльская мова прынамсі мела носьбітаў у фінскіх рэгіёнах Сава і Паўднёвая Карэлія.

Гісторыя разьвіцьця карэльскае мовы пачынаецца прыкладна ў раёне 1500—1000 гадоў да н. э., калі агульная протафіна-саамская мова падзялілася на протасаамскую і протапрыбалтыйска-фінскую.

Існуюць меркаваньні, паводле якіх протапрыбалтыйска-фінская мова пазьней падзялілася на тры гаворкі — паўднёвую, на якой размаўляла фіна-вугорскае насельніцтва Эстоніі і паўночнае Латвіі, паўночную, на якой размаўлялі на тэрыторыі сучаснае Фінляндыі і ўсходнюю, носьбіты якой жылі ў ваколіцах возера Ладага. З VI па ІХ стагодзьдзі з усходняе і часткова паўночнае гаворкі протапрыбалтыйска-фінскае мовы пачала фармавацца протакарэльская мова.

На фармаваньне і дыфэрэнцыяцыю карэльскіх дыялектаў значна паўплывалі расейска-швэдзкія войны, якія йшлі з ХІІІ ст., у выніку чаго тэрыторыі пражываньня карэлаў доўгі час былі падзелены паміж дзьвюма дзяржавамі.

Агульная характарыстыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Берасьцяная грамата № 292.
Эванґельле ад Мацея карэльскай мовай, 1820 г.

Першым узорам ужываньня пісьмовасьці для карэльскіх моваў зьяўляецца наўгародзкая берасьцяная грамата № 292, якая была знойдзена ў горадзе Ноўгарад і датуецца сярэдзінай ХІІІ ст. Гэты надпіс ўяўляе зь сябе тры радкі кірылічнага тэксту, у якім, меркавана, заключана замова на лівікаўскай гаворцы супраць нячысьцікаў, што дасылаюць хваробы.

Арыґінальны тэкст

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
юмолануолиїнимижи
ноулисѣханолиомобоу
юмоласоудьнииохови

Прыкладны пераклад на беларускую мову

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Страла бога зь дзясяткамі імёнаў
Божая гэта страла
Чыніць божы суд

Да ХІХ ст. кнігавыданьне на карэльскай мове практычна не вялося, пакуль у 1820 годзе кірылічным шрыфтам не было выдадзена Эванґельле ад Мацея. У гэтыя часы не існавала адзінага літаратурнага стандарту і артаґрафіі мовы, у выніку чаго альфабэты розных выданьняў адрозьніваліся адзін ад аднаго.

У савецкія часы, у 1931 годзе для карэльскае мовы быў створаны лацінскі альфабэт, але ў 1937 годзе ён быў зноў пераведзены на кірылічную аснову.

Карэльскі альфабэт 1931 году

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
A a Ä ä B b C c Ç ç D d E e F f
G g H h I i J j K k L l M m N n
O o Ö ö P p R r S s Ş ş T t Y y
U u V v Z z Ƶ ƶ З з Ь ь ȷ ȷ

У нашыя часы афіцыйна зацьверджаны карэльскі альфабэт, заснаваны на лацінскай графіцы[4].

Сучасны карэльскі альфабэт

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
A a B b Č č D d E e F f G g
H h I i J j K k L l M m N n
O o P p R r S s Š š Z z Ž ž
T t U u V v Y y Ä ä Ö ö '

У нашыя часы карэльская мова ня мае агульнага літаратурнага стандарту. Традыцыйна ў лінґвістыцы Зах. Эўропы пад карэльскай мовай маецца на ўвазе сукупнасьць моваў, што ўлучае ў сябе ўласнакарэльскую мову (якая падзяляецца на паўночны й паўднёвы дыялект, прычым цьверскія гаворкі лічацца галінай паўднёвага дыялекту), аланецкую карэльскую мову і людзікаўскую карэльскую мову. У расейскай лінґвістыцы пад тэрмінам «карэльская мова» маюць на ўвазе сукупнасьць чатырох дыялектаў/гаворак/моваў: уласнакарэльскага, лівікаўскага, людзікаўскага і цьверскага. Такім чынам, агульнае кропкі зору наконт пытаньня дыялектнага падзелу карэльскае мовы і існаваньня карэльскае мовы ўвогуле да гэтых часоў няма.

Гісторыя вывучэньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адным зь першых дасьледчыкаў карэльскіх моваў стаў фінскі паэт і фальклярыст Арвід Ґенэтц, які дасьледаваў карэльскія руны (песьні) і апублікаваў дзьве працы па дасьледаваньні карэльскіх моваў у Расейскай Карэліі і карэльскіх моваў Аланецкае губэрні.

У савецкія часы карэльскія мовы вывучаў Карэльскі навукова-дасьледчы інстытут на чале зь Дзьмітрыем Бубрыхам. На гэты пэрыяд прыпадае складаньне дыялекталяґічнага атляса карэльскае мовы. У 30-х гадох ХХ стагодзьдзя савецкімі навукоўцамі ажыцьцяўляліся спробы па стварэньні агульнакарэльскае літаратурнае мовы, якая па задумцы здолела б аб’яднаць 2 карэльскія літаратурныя дыялектныя стандарты — лівікаўскі і ўласнакарэльскі. Але гэтыя спробы не атрымалі посьпеху.

У нашыя дні карэльскія мовы вывучаюць у карэльскім Інстытуце мовы, літаратуры і гісторыі Карэльскага навуковага цэнтру Расейскае Акадэміі Навук, навукова-дасьледчым цэнтры моваў Фінляндыі, Хэльсынскім і Ювяскюльскім унівэрсытэце.

Грамадзкае жыцьцё

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле закону рэспублікі Карэлія аб дзяржаўнай падтрымцы карэльскае, вэпскае й фінскае моваў карэльскія мовы маюць магчымасьць на атрыманьне дапамогі з боку дзяржавы, а таксама могуць ужывацца ў дзяржаўных, навучальных установах і сродках масавае інфармацыі, ґарантуецца права на атрыманьне адукацыі на карэльскіх мовах. Але нягледзячы на гэта, ніводная з карэльскіх моваў ня мае статусу дзяржаўнай у рэспубліцы Карэлія[5].

На карэльскіх мовах выходзіць шэраг выданьняў у Расеі.

  • Karielan Šana — выдаецца на цьверскай карэльскай мове, выходзіць у Цьвярской вобласьці
  • Oma Mua — выдаецца на лівікаўскай карэльскай мове, выходзіць у Карэліі
  • Vienan Karjala — выдаецца на ўласнакарэльскай мове, выходзіць у Карэліі
  • Karjal Žurnualu — выдаецца на лівікаўскай, зрэдку на ўласнакарэльскай і цьверскай мовах, выходзіць у Фінляндыі
  • Lyydilaine — выдаецца на людзікаўскай, а таксама на расейскай мовах, выходзіць у Расеі.