Перайсьці да зьместу

Генацыд чаркесаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Генацыд чаркесаў — арганізаваныя і мэтанакіраваныя дзеяньні адміністрацыі Расейскай імпэрыі па зьнішчэньні аднаго з заходнекаўкаскіх этнасаў — чаркескага (адыскага). Меў месца ў рамках захопніцкай палітыкі Расеі на Каўказе, т. зв. Каўкаскай вайны. У выніку адзін з асноўных каўкаскіх этнасаў — чаркесы (адыгі) былі зьнішчаныя на значнай тэрыторыі, спрычыненая іх эміграцыя за межы Расейскай Імпэрыі, а сацыяльная арганізацыя чаркескіх народаў дэградавала.

Тэрыторыя Чаркесіі ў 1750 годзе

Да сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя арганізаваны супраціў адыгаў (чаркесаў) расейскай уладзе быў зломлены. Асабліва ўскладнілася ваенная сытуацыя для чаркесаў пасьля перамогі Расеі на Ўсходнім Каўказе, у Дагестане, разгрому Імамата Шаміля ў 1859 годзе. Сілы Імпэрыі былі пасьля таго засяроджаныя на Заходнім Каўказе — на вайне з чаркесамі, якая была пасьпяхова давершаная поўнай паразай чаркескіх сілаў.

З 1862 году пачынаецца масавая дэпартацыя карэннага насельніцтва. Сотні тысячаў людзей, сагнаных на ўзьбярэжжа Чорнага мора, гінуць ад холада, голада, хваробаў. Паводле зьвестак Адольфа Бержэ (1828-1886 гг.), які лічыўся афіцыйным расейскім гісторыкам Каўкаскай вайны (а таму меў усе падставы зьмяншаць віну расейскай адміністрацыі), з больш чым мільёна адыгаў (чаркесаў) у вайне загінула больш 400 тыс. чалавек, выселена амаль 500 тыс. чалавек, на гістарычнай радзіме засталося толькі каля 80 тыс. чалавек.

Перасяленьне чаркесаў з-за генацыду ў Асманскую імпэрыю. Сьветла-зялёным колерам паказаная этнічная тэрыторыя чаркесаў. Цёмна-зялёным колерам паказаная тэрыторыя, дзе засталіся жыць чаркесы пасьля генацыду.

Велізарныя масы адыгаў-эмігрантаў аказаліся раскіданымі па ўсёй велізарнай Асманскай Імпэрыі. Вялікая плынь перасяленцаў (так званых мугаджыраў) і непадрыхтаванасьць асманскай адміністрацыі да іх прыняцьця і разьмяшчэньня вялі да масавай гібелі людзей.

Працэс гвалтоўнай дэпартацыі працягваўся да пачатку І Сусьветнай вайны — як асобнымі сем’ямі, так і цэлымі паселішчамі. Над невялікімі групамі адыгаў (чаркесаў), якія засталіся на сваёй гістарычнай тэрыторыі, царская адміністрацыя праводзіла палітыку гвалтоўнай культурнай асіміляцыі.

На думку прадстаўнікоў чаркескага нацыянальнага руху, «Расея ставіла мэтай ня толькі захоп тэрыторыі, але і поўнае зьнішчэньне альбо высяленьне карэннага народу са сваіх гістарычных земляў»[1].

Сёньня на гістарычнай чаркескай тэрыторыі жывуць утвораныя ў выніку савецкай палітыкі падзелу чаркесаў на асобныя народнасьці кабардынцы, чаркесы, адыгейцы, шапсугі — агульнай колькасьцю каля 700 тысячаў чалавек у 4 суб’ектах Расейскай Фэдэрацыі (Кабардына-Балкарская Рэспубліка, Карачаева-Чаркеская Рэспубліка, Рэспубліка Адыгея, Краснадарскі край), прытым усюды яны складаюць меншасьць насельніцтва і нават так займаюць ня больш 20% ад раней займанай гістарычнай тэрыторыі.

Больш за 3 мільёны чаркесаў жыве за межамі Паўночна-Заходняга Каўказу ў 50 дзяржавах сьвету. З прычыны штучна створанай разьяднанасьці этнічныя адыгі (чаркесы) паступова страчваюць культуру, мову.

Пытаньне генацыду

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На працягу апошняга дзесяцігодзьдзя, асабліва пасьля двух Чачэнскіх войнаў, пра-чачэнскія групы пачалі дасьледаваньне гісторыю Каўкаскай вайны і прыйшлі да высновы, што масавае перасяленьне народаў Каўказу зьяўляецца «Чаркескімі этнічнымі чысткамі», хаця гэты панятак не выкарыстоўваўся ў 19 стагодзьдзі. Яны зазначаюць, што масавае перасяленьне насамрэч зьяўлялася ня добраахвотным, а ягонай сапраўднай прычынай зьяўлялася тое, што цяпер называецца этнічнымі чысткамі — сыстэматычнае апусташэньне вёсак расейскімі жаўнерамі[2], якое суправаджалася расейскай калянізацыяй.[3] Паводле іхных ацэнак каля 90 адсоткаў чаркесаў, што складала больш за 3 мільёны чалавек,[4] зьмянілі сваё месца жыхарства з тэрыторыяў, заваяваных Расеяй. Падчас гэтых падзеяў і падзеяў, якія папярэднічалі Каўкаскай вайне, прынамсі дзясяткі тысячаў чаркесаў загінулі ў «праграме ўзброеннага выгнаньня, дэпартацыі і разьні, зьдзейсьненай пад кантролем расейскага ўраду».[5]

У сваім выказваньні, зробленым у траўні 1994 году, былы расейскаі прэзыдэнт Барыс Ельцын дапусьціў, што супраціў сілам Расейскай імпэрыі быў законным, але ён не прызнаў «віну імпэрскага ўраду ў генацыдзе».[6] У 1997 і 1998 гадох лідэры Кабардына-Балкарыі і Адыгеі адправілі звароты ў Думу Расейскай Фэдэрацыі з просьбай перагледзіць сытуацыю і выступіць з патрэбнымі прабачэньнямі; да цяперашняга часу з Масквы няма ніякага адказу. У кастрычніку 2006 году 20 адыскіх грамадзкіх арганізацыяў у Расеі, Турцыі, Ізраілі, Ярданіі, Сырыі, ЗША, Бэльгіі, Канадзе і Нямеччыне зьвярнуліся з заявай у Эўрапейскі парлямэнт і Страсбурскі міжнародны суд па правах чалавека, каб той прызнаў факт генацыду адыскага народу падчас расейскай агрэсіі на Каўказе ў 18-19 стагодзьдзях і асудзіў гэтую расейскую палітыку.[7][8] Да заявы былі далучаныя 450 копіяў дакумэнтаў царскага вайсковага начальства, зь якіх вынікае генацыдальны характар тае вайны[9].

Хаця законнай пераемнасьці паміж Расейскай імпэрыяй і сучаснай Расейскай Фэдэрацыяй не існуе і панятак генацыду быў уведзены ў законы міжнароднага права толькі ў 20 стагодзьдзі, 5 ліпеня 2005 году Кангрэс чаркесаў — арганізацыя, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў разнастайных чаркескіх народаў у Расейскай Фэдэрацыі — прызвала Маскву першай прызнаць і пасьля прынесьці прабачэньні за імпэрскую палітыку, якую чаркесы называюць генацыдам. У іхным звароце сьцьвярджаецца, што «паводле афіцыйных імпэрскіх дакумэнтаў больш за 400 000 чаркесаў былі забітыя, 497 000 былі прымушаныя іміграваць за мяжу ў Турцыю, і толькі 80 000 былі пакінутыя жывымі на сваёй роднай зямлі».[6]

Статыстыка ахвяраў генацыду

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Колькасьць насельніцтва чаркескіх субэтнасаў да пачатку Расейска-каўкаскай вайны і праз 5 гадоў па яе заканчэньні[10].

Народы Да вайны Пасьля вайны Доля выжылых Доля загінулых ці дэпартаваных
Кабардынцы 500,000 35,000 7.000% 93.000%
Шапсугі 300,000 1,983 0.661% 99.339%
Абзахі 260,000 14,660 5.648% 94.362%
Натухайцы 240,000 175 0.073% 99.927%
Тэміргоі 80,000 3,140 3.925% 96.075%
Бжэдугі 60,000 15,263 25.438% 74.561%
Мамхегі 8,000 1,204 15.050% 84.950%
Адэмэі 3,000 230 7.667% 92.333%
Убыхі 74,000 0 0.000% 100.000%
Жанееўцы і Хакучы 100,000 0 0.000% 100.000%

Прызнаньне дзяржавамі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

20 траўня 2011 году Парлямэнт Грузіі прыняў рэзалюцыю пра прызнаньне генацыду чаркескага народу Расеяй падчас вайны 1763-1864 гадоў.На пасяджэньне парлямэнту былі запрошаныя прадстаўнікі чаркескай дыяспары[11]. Расея да гэтага часу генацыд чаркесаў не прызнае[12].

Краіна Дата прызнаньня генацыдам
Сьцяг Грузіі Грузія 20 траўня 2011
  1. ^ АДЫГІ ЗАКЛІКАЮЦЬ ЭЎРАПАРЛЯМЭНТ ПРЫЗНАЦЬ ІХ ГЕНАЦЫД (Д пр-п 37)
  2. ^ Derluguian, Georgi M. 2006. A new war in the Caucasus?. Review of the book Bourdieu’s Secret Admirer in the Caucasus The Times (UK), 1 лютага, 2006 (анг.)
  3. ^ Andrei Smirnov. 2006. Disputable anniversary could provoke new crisis in Adygeya. Eurasia Daily Monitor, 13 верасьня, 2006, 3(168). Jamestown Foundation (анг.)
  4. ^ Kullberg, Anssi and Christian Jokinen. 2004. From Terror to Terrorism: the Logic on the Roots of Selective Political Violence. The Eurasian Politician, ліпень 2004 г. (анг.)
  5. ^ Bloxham, Donald. The Great Game of Genocide. 2005, стар. 42.
  6. ^ а б Paul Goble. 2005 Circassians demand a Russian apology for 19th century genocide. Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода 15 ліпеня 2005 г., 8(23).
  7. ^ Адыги добиваются от Европарламента признания геноцида // Grani.ru, 13 кастрычніка 2006 г. (рас.)
  8. ^ Черкесские организации просят Европарламент признать геноцид адыгов // «Кавказский узел», 12 кастрычніка 2006 г. (рас.)
  9. ^ Янка Базыль. Факты і падзеі (13-15 кастрычніка 2006 г.) // Беларуская Салідарнасьць, 15 кастрычніка 2006 г.
  10. ^ А.Суриков. Неизвестная грань Кавказской войны (рас.)
  11. ^ Парламент Грузії визнав знищення черкесів в Росії геноцидом // УНІАН
  12. ^ Парламент Грузии принял резолюцию о признании геноцида черкесского народа царской Россией во время войны 1763-1864 годов // Расейская служба BBC

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]