Узброеныя сілы Расеі
Узброены сілы Расеі | |
рас. Вооружённые силы России | |
![]() | |
Дата заснаваньня | 7 траўня 1992 (30 гадоў таму) |
---|---|
Падразьдзяленьні | Сухаземныя войскі[1][2], Паветрана-касьмічныя сілы і Вайскова-марскі флёт |
Штаб-кватэра | Масква, Цэнтральная адміністрацыйная акруга, раён Хамоўнікі, Фрунзэнская наб., д. 22/2[3] |
Камандаваньне | |
Галоўнакамандуючы | Уладзімер Пуцін |
Міністар абароны | Сяргей Шайгу |
Начальнік штаба абароны | Валеры Герасімаў[4] |
Вайсковыя сілы | |
Прызыўны ўзрост | 18—27 гадоў |
Прызыў на вайсковую службу | на 12 месяцаў |
Занятыя ў войску | 2 039 758 (2022 год) |
Рэгулярныя войскі | 1 150 628 (2022 год) |
Запас | 2 млн (2021 год) |
Фінансавыя зьвесткі | |
Бюджэт | 981 млрд рас.руб (2021 год)[5] |
Адсоткі СНП | 0,75 % (2021 год) |
Прамысловасьць | |
Унутраныя пастаўшчыкі | «Аб'яднаная авіябудаўнічая карпарацыя», «Алмаз-Антэй», «Верталёты Расеі», «Калашнікаў», «Паўночная верф», «Уралвагонзавод» |
Замежныя пастаўшчыкі | «Менскі завод колавых цягачоў» (Беларусь) |
Гадавы экспарт | 19 млрд $ (2018 год) |
Дататковыя зьвесткі | |
Званьні |
20: шараговец яфрэйтар малодшы сяржант сяржант старэйшы сяржант старшыня прапаршчык старэйшы прапаршчык малодшы лейтэнант лейтэнант старэйшы лейтэнант капітан маёр падпалкоўнік палкоўнік генэрал-маёр генэрал-лейтэнант генэрал-палкоўнік генэрал арміі маршал[6] |
Узброены сілы Расеі — дзяржаўная вайсковая арганізацыя Расеі, заснаваная ў траўні 1992 году.
На 2022 год улучалі 3 віды ўзброеных сілаў: Сухаземныя войскі, Паветрана-касьмічныя сілы (ПКС) і Вайскова-марскі флёт (ВМФ)[7]. Таксама існавала 2 самастойныя роды войскаў: Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэньня (РВСП) і Паветрана-дэсантныя войскі (ПДВ)[8]. Паводле Канстытуцыі Расеі 1993 году, прэзыдэнт Расеі прызначаў і вызваляў ад пасадаў найвышэйшае камандаваньне Ўзброеных сілаў Расеі (артыкул 83), а таксама быў вярхоўным галоўнакаманднікам Узброенымі сіламі (артыкул 87)[9]. Згодна са 102-м артыкулам Канстытуцыі да вядзеньня Рады Фэдэрацыі Расеі адносілася рашэньне пытаньня аб магчымасьці выкарыстаньня Ўзброеных сілаў за межамі Расеі[10]. У 24-м артыкуле Закону 2020 году «Аб Урадзе Расейскай Фэдэрацыі» прадугледжвалася, што урад Расеі ладзіць аснашчэньне Ўзброеных сілаў узбраеньнем і вайсковай тэхнікай, а таксама іх забесьпячэньне матэрыяльнымі сродкамі і паслугамі[11]. Паводле 1-га артыкула Закону 1999 году «Аб вайсковых судах Расейскай Фэдэрацыі», судовую ўладу ва Ўзброеных сілах ажыцьцяўлялі акружныя і гарнізонныя вайсковыя суды, якія стваралі паводле тэрытарыяльнага прынцыпу ў месцах разьмяшчэньня вайсковых часьцей і ўстановаў[12].
Віды і роды войскаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
На 2022 год Сухаземныя войскі Расеі мелі ўласнае Галоўнае камандаваньне і ўлучалі 8 радоў войскаў: 1) Мотастралковыя, 2) Танкавыя войскі, 3) Ракетныя войскі і артылерыю (РВА), 4) Войскі супрацьпаветранай абароны (ВСПА), 5) Выведвальныя злучэньні і вайсковыя часьці, 6) Інжынэрныя войскі, 7) Войскі радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны (Войскі РХБА), 8) Войскі сувязі[13]. Паветрана-касьмічныя сілы Расеі таксама мелі ўласнае Галоўнае камандаваньне і налічвалі 3 роды войскаў: Вайскова-паветраныя сілы (ВПС), Касьмічныя войскі і Войскі супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны (Войскі СПСРА)[14]. Вайскова-марскі флёт Расеі меў Галоўнае камандаваньне і 5 радоў войскаў: 1) Берагавыя войскі, 2) Надводныя сілы, 3) Падводныя сілы, 4) Марскую авіяцыю, 5) Аб’яднаньне флёту[15].
Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэньня Расеі мелі ўласнае Галоўнае камандаваньне і ўлучалі:
- 3 ракетныя арміі — 27-ю (Уладзімер), 31-ю (Арэнбург) і 33-ю (Омск);
- палігон Капусьцін Яр (Знаменск, Астраханская вобласьць)
- 3 вучэльні — 161-ю школу тэхнікаў (Знаменск-4, Астраханская вобласьць), 90-ю (Пераяслаў-Залескі, Яраслаўская вобласьць) і 47-ю вучэльні (Востраў-3, Пскоўская вобласьць);
- Вайсковую акадэмію імя Пятра Вялікага (Балашыха, Маскоўская вобласьць)[16].
Паветрана-дэсантныя войскі Расеі мелі ўласнае Камандаваньне і складаліся з:
- 4-х паветрана-дэсантных і дэсантна-штурмавых дывізіяў — 7-й (Новарасейск, Краснадарскі край), 76-й (Пскоў), 98-й (Іванава) і 106-й (Тула);
- 4-х асобных дэсантна-штурмавых брыгадаў — 11-й (Улан-Удэ, Буратыя), 31-й (Ульянаўск), 56-й (Феадосія, Аўтаномная Рэспубліка Крым, Украіна) і 83-й (Усурыйск, Прыморскі край);
- 5 вучэльняў — Разанскай найвышэйшай каманднай вучэльні, Омскага кадэцкага корпусу, Ульянаўскай і Тульскай сувораўскіх вучэльняў, 242-й вучэльні малодшых спэцыялістаў (Омск);
- 45-й брыгады спэцпрызначэньня (Кубінка, Маскоўская вобласьць);
- 2-х вайсковых часьцей забесьпячэньня — 38-й брыгады кіраваньня (Мядзьвежыя Азёры, Маскоўская вобласьць) і 150-га рамонтна-узнаўленчага батальёну (Арэхава-Зуева, Маскоўская вобласьць)[17].
Паветрана-касьмічныя сілы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
На 2022 год Вайскова-паветраныя сілы Расеі мелі ўласнае Камандаваньне і ўлучалі:
- 3 авіячасьці — Камандаваньне далёкай авіяцыі, Камандаваньне вайскова-транспартнай авіяцыі і 8-ю авіядывізію асаблівага прызначэньня (Чкалаўскі аэрадром, Шчолкава, Маскоўская вобласьць);
- 4 авіяцэнтры — 4-ы цэнтар падрыхтоўкі авіяпэрсаналу (аэрадром «Ліпецк-2», Ліпецкі раён), 929-ы лётна-выпрабавальны цэнтар (Ахтубінск, Астраханская вобласьць), 185-ы (Прыволскі аэрадром, Астрахань) і 344-ы цэнтры баявой падрыхтоўкі (Таржок, Цьвярская вобласьць);
- 183-і навучальны цэнтар (Растоў-на-Доне);
- 2 найвышэйшыя навучальныя ўстановы — Вайскова-паветраную акадэмію імя Жукоўскага і Гагарына (Варонеж), Краснадарскую найвышэйшую вайсковую авіяцыйную вучэльню лётчыкаў[18].
Касьмічныя войскі Расеі мелі ўласнае Камандаваньне і зьмяшчалі ў сваім складзе: 15-ю армію асаблівага прызначэньня (Красназнаменск, Маскоўская вобласьць), 1-ы выправабальны касмадром «Плясецк» (Мірны, Архангельская вобласьць) і Вайскова-касьмічную акадэмію імя Аляксандра Мажайскага (Санкт-Пецярбург). Сярод іншага, 15-я армія ўлучала 3 галоўныя цэнтры: 153-і Галоўны выпрабавальны касьмічны цэнтар імя Германа Цітова (ГВКЦ; Красназнаменск), 820-ы Галоўны цэнтар папярэджаньня пра ракетны напад (ГЦПРН; Сонечнагорск-7, Маскоўская вобласьць) і 821-ы Галоўны цэнтар выведкі касьмічнай абстаноўкі (ГЦВКА; Нагінск-9, Маскоўская вобласьць)[19]. Пры гэтым, зь 2003 году ГЦПРН выкарыстоўваў радыётэхнічны вузел «Баранавічы» ў Клецкім раёне Беларусі.
Войскі супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны Расеі мелі ўласнае Камандаваньне і ўлучалі: 1-ю армію асаблівага прызначэньня (Балашыха, Маскоўская вобласьць) ў складзе 3-х дывізіяў супрацьпаветранай абароны (4-ю, 5-ю і 9-ю), а таксама 2 найвышэйшыя навучальныя ўстановы — Вайсковую акадэмію паветрана-касьмічнай абароны імя Георгія Жукава (Цьвер) і Яраслаўскую найвышэйшую вайсковую вучэльню супрацьпаветранай абароны[20].
Вайскова-марскі флёт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
На 2022 год Берагавыя войскі Расеі ўлучалі 2 роды войскаў: берагавыя ракетна-артылерыйскія войскі і марскую пяхоту[21]. Аб’яднаньне флёту Расеі мела ў сваім складзе 4 фляты: Паўночны (Севераморск, Мурманская вобласьць), Балтыйскі (Калінінград), Чарнаморскі (Севастопаль, Украіна) і Ціхаакіянскі (Уладзівасток), а таксама Касьпійскую флятылію (Астрахань)[22].
Кіраваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле 4-га артыкула Фэдэральнага закону 1996 году «Аб абароне», прэзыдэнт Расеі:
- аддае загад Узброеным сілам Расеі аб вядзеньні баявых дзеяньняў «у выпадках агрэсіі або непасрэднай пагрозы агрэсіі супраць Расейскай Фэдэрацыі, узьнікненьня ўзброеных канфліктаў, накіраваных супраць Расейскай Фэдэрацыі»;
- зацьвярджае канцэпцыі і пляны будаўніцтва і разьвіцьця Ўзброеных сілаў Расеі, а таксама Плян прымяненьня і Мабілізацыйны плян Узброеных сілаў Расеі;
- зацьвярджае адзіны пералік вайсковых пасадаў, якія падлягаюць замяшчэньня найвышэйшымі афіцэрамі ва Ўзброеных сілах Расеі і агульны лік вайсковых пасадаў, якія падлягаюць замяшчэньня палкоўнікамі (капітанамі 1-га ранку) ва Ўзброеных сілах;
- зацьвярджае будову і склад Узброеных сілаў Расеі, штатную колькасьць вайскоўцаў і цывільнага пэрсаналу Ўзброеных сілаў;
- ухваляе рашэньне аб разьмяшчэньні і перамяшчэньні Ўзброеных сілаў Расеі;
- зацьвярджае агульнавайсковыя статуты і Статут вайсковай паліцыі Ўзброеных сілаў Расеі, палажэньні аб парадку праходжаньня вайсковай службы, вайсковых радах, вайсковых каміраыятах і вайскова-возьніцкім абавязку;
- зацьвярджае палажэньні аб Міністэрства абароны Расеі і Генэральным штабе Ўзброеных сілаў Расеі;
- зацьвярджае пляны разьмяшчэньня ў Расеі збудаваньняў зь ядзернымі зарадамі, а таксама збудаваньняў па ліквідацыі зброі масавага зьнішчэньня і ядзерных адкідаў;
- вядзе перамовы і падпісвае міжнародныя дамовы аб удзеле Ўзброеных сілаў Расеі ў апэрацыях па падтрыманьні міру і міжнароднай бясьпекі;
- выдае ўказы аб закліку грамадзянаў Расеі на вайсковую службу і вайсковыя зборы з пазначэньнем колькасьці закліканых грамадзянаў і іх разьмеркаваньня між Узброенымі сіламі Расеі[23].
Згодна з 6-м артыкулам Закону «Аб абароне» Ўрад Расеі:
- ладзіць распрацоўку мабілізацыйных плянаў для задавальненьня патрэбаў дзяржавы і Ўзброеных сілаў Расеі;
- ажыцьцяўляе нагляд за падрыхтоўкай самаходаў для перадачы Ўзброеным сілам;
- вызначае ўмовы грашова-гаспадарчай дзейнасьці ўстановаў Узброеных сілаў[23].
Прызначэньне і камплектаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У 10-м артыкуле Закону «Аб абароне» згадвалася, што Ўзброеныя сілы Расеі прызначаюцца для «адбіцьця агрэсіі», накіраванай супраць Расеі, а таксама для «ўзброенай абароны цэласнасьці і недатыкальнасьці тэрыторыі» Расеі. Пагатоў, «дзеля абароны зацікаўленасьцяў» Расеі і яе грамадзянаў, «падтрыманьня міжнароднага міру і бясьпекі» фармаваньні Ўзброеных сілаў Расеі могуць апэратыўна выкарыстоўвацца за межамі Расеі «ў адпаведнасьці з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права» і міжнароднымі дамовамі Расеі для:
- адбіцьця «ўзброенага нападу на фармаваньні Ўзброеных сілаў» Расеі за межамі Расеі;
- адбіцьця і прадухіленьня «ўзброенага нападу на іншую дзяржаву, якая зьвярнулася да Расейскай Фэдэрацыі з адпаведнай просьбай»;
- абароны грамадзянаў Расеі за межамі Расеі ад узброенага нападу на іх;
- змаганьня зь пірацтвам і забясьпячэньня бясьпекі дзяржавы[23].
Паводле 12-га артыкула Закону, камплектаваньне Ўзброеных сілаў Расеі ажыцьцяўляецца: 1) вайскоўцамі — шляхам закліку грамадзянаў Расеі вайсковую службу і шляхам добраахвотнага паступленьня грамадзянаў Расеі і замежных грамадзянаў на вайсковую службу; 2) фэдэральнымі дзяржаўнымі цывільнымі службоўцамі; 3) працаўнікамі[23].
Забесьпячэньне законнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Згодна з 25-м артыкулам Фэдэральнага закону «Аб абароне» нагляд за законнасьцю ва Ўзброеных сілах Расеі ажыцьцяўляецца генэральным пракурорам Расеі і падначаленымі яму пракурорамі. Пры гэтым, Вайсковая паліцыя Ўзброеных сілаў Расеі бярэ ўдзел у забесьпячэньні законнасьці ва Ўзброеных сілах[23].
Узбраеньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
На 2022 год Сухаземныя войскі Расеі выкарыстоўвалі танкі «Т-72», «Т-80» і «Т-90», а таксама самаходныя супрацьтанкавыя гарматы «2С25», баявыя машыны пяхоты «БМП-1», «БМП-2» і «БМП-3», баявыя машыны дэсанта «БМД-1», «БМД-2», «БМД-3» і «БМД-4», бронетранспартэры «БТР-70», «БТР-80» і «БТР-82», бронеаўтамабілі ГАЗ-2975 «Тыгр» і «Івэка ЛМВ» (Італія), рэактыўныя сыстэмы залпавага агню «Град», «Ураган», «Сьмерч», «Тарнада», «Бураціна» і «Сонцапёк», ракетныя комплексы «Кропка» і «Іскандэр», сыстэмы супрацьпаветранай абароны «Бук», «Тор», «Панцыр», «С-300» і «С-400».
Паветрана-касьмічныя сілы Расеі мелі на ўзбраеньні зьнішчальнікі «МіГ-29», «МіГ-31», «Су-27», «Су-30» і «Су-35», франтавыя бамбавікі «Су-24» і «Су-34», штурмавікі «Су-25», далёкія і стратэгічныя бамбавікі-ракетаносцы «Ту-22», «Ту-95» і «Ту-160». У вайскова-транспартнай авіяцыі выкарыстоўвалі самалёты «Ан-22», «Ан-72», «Ан-124» і «Іл-76». Сярод іншага, на ўзбраеньні стаялі паветраныя танкеры «Іл-78», паветраныя камандныя пункты «Іл-80» і «Іл-96», радыёлякацыйныя самалёты «А-50». Таксама выкарыстоўвалі баявыя верталёты «Мі-8» і «Мі-24», «Мі-35» і «Мі-28», «Ка-50» і «Ка-52».
Вайскова-марскі флёт Расеі меў авіяносны крэйсэр «Адмірал Кузьняцоў», атамныя ракетныя крэйсэры праекту 1114 «Арлан» і ракетныя крэйсэры 1164 «Атлянт», вялікія фрэгаты праекту 1155, эсьмінцы праекту 956 «Сарыч», ахоўныя фрэгаты праектаў 11540, 1135, 1135М, 01090 і 11661К, карвэты праектаў 20380 «Вартаўнік» і 1124 «Альбатрос» і дэсантныя караблі праекту 775. У складзе падводных сілаў дзейнічалі тарпэдныя атамныя падлодкі праектаў 971 «Шчупак», 945 «Баракуда», 671 «Ёрш» і 877 «Палтус», а таксама атамныя падлодкі з крылатымі ракетамі праектаў 949 «Антэй» і 885 «Ясень», атамныя падлодкі з балістычнымі ракетамі праектаў 667БДРМ «Дэльфін» і 667БДР «Кальмар», 941 «Акула» і 955 «Барэй».
Вайсковая служба[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Паводле 22-га артыкула Фэдэральнага закону 1998 году «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе», закліку на вайсковую службу падлягаюць грамадзяне мужчынскай плоці ў веку ад 18 да 27 гадоў, якія стаяць на вайсковым уліку і абавязаныя стаяць на вайсковым уліку, якія не знаходзяцца ў запасе. Згодна з 25-м артыкулам Закону заклік на вайсковую служба грамадзянаў, якія не знаходзяцца ў запасе, ажыцьцяўляецца 2 разы ў год зь 1 красавіка па 15 ліпеня і зь 1 кастрычніка па 31 сьнежня на падставе ўказаў прэзыдэнта Расеі. У 34-м артыкуле прадугледжвалася, што 1-ы кантракт аб праходжаньні вайсковай службы маглі заключаць грамадзяне ў веку ад 18 да 40 гадоў і замежныя грамадзяне ў веку ад 18 да 30 гадоў. Пры гэтым, кантракт маюць права заключаць:
- вайскоўцы, у якіх сканчаецца папярэдні кантракт;
- вайскоўцы, якія праходзяць вайсковую службу паводле закліку і атрымалі да закліку сярэднюю прафэсійную або найвышэйшую асьвету;
- вайскоўцы, якія праслужылі прынамсі 3 месяцы паводле закліку;
- грамадзяне ў запасе;
- грамадзяне мужчынскай плоці не ў запасе, якія атрымалі сярэднюю прафэсійную або найвышэйшую асьвету;
- грамадзянкі жаночай плоці не ў запасе[6].
Паводле 38-га артыкула Закону, тэрмін вайсковай службы для закліканых вайскоўцаў складаў 12 месяцаў. Згодна з 47-м артыкулам службовыя асобы Міністэрства абароны Расеі ў адпаведнай вайсковай часьці прысвойвалі вайсковыя годнасьці да палкоўніка ў войску і да капітана 1-га рангу ў флёце. Прэзыдэнт Расеі прысвойваў годнасьці найвышэйшых афіцэраў. Гранічны ўзрост знаходжаньня на вайсковай службе для жанчынаў складаў 45 гадоў, а для мужчынаў ў годнасьці ніжэй за палкоўніка і капітана 1-га рангу — 50 гадоў. Для палкоўніка і капітана 1-га рангу — 55 гадоў. Для генэрал-маёра і генэрал-лейтэнанта, контар-адмірала і віцэ-адмірала — 60 гадоў. Для генэрал-палкоўніка і генэрала арміі, адмірала і адмірала флёту, а таксама маршала — 65 гадоў[6].
Вайсковыя акругі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
5 чэрвеня 2020 году расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін падпісаў Указ № 374 «Аб вайскова-адміністрацыйнам падзеле Расейскай Фэдэрацыі», якім ухваліў зь 1 студзеня 2021 году падзел на 4 вайсковыя акругі — Заходнюю (Санкт-Пецярбург), Паўднёвую (Растоў-на-Доне), Цэнтральную (Екацярынбург) і Ўсходнюю (Хабараўск), а таксама Паўночны флёт (Севераморск, Мурманская вобласьць)[24].
Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
7 траўня 1992 году расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын падпісаў Укаў № 466 «Аб стварэньні Ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі», паводле якога пастанавіў «улучыць у склад Узброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі органы вайсковага кіраваньня, аб'яднаньні, злучэньні, вайсковыя часьці, установы, арганізацыі, вайскова-навучальныя ўстановы былых Узброеных сілаў Саюзу ССР, разьмешчаныя на тэрыторыі Расеі, а таксама групоўкі войскаў і сілаў флёту за межамі Расейскай Фэдэрацыі, якія знаходзяцца пад яе юрысдыкцыяй». Пры гэтым, прадугледжвалася, што «Стратэгічныя сілы на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі ўваходзяць у склад Аб'яднаных узброеных сілаў Садружнасьці незалежных дзяржаваў. Паводле 3-га артыкула Ўказу, вызначылі, што кіраўніцтва Ўзброенымі сіламі Расеі ажыцьцяўляе прэзыдэнт Расеі — вярхоўны галоўнакамандуючы, а непасрэднае кіраваньне ўскласьці на 1-га намесьніка міністра абароны Расеі[25]. 23 траўня 1992 году міністар абароны Расеі Павал Грачоў падпісаў Загад № 16 «Аб складзе Ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі», у якія ўвайшлі ўстановы Ўзброеных сілаў былога СССР на землях Расеі, а таксама войскі пад юрысдыкцыяй Расеі на землях Закаўскаскай вайсковай акругі (Тбілісі, Грузія), Заходняй (Вюнсфорф, Нямеччына), Паўночнай (Лягніца, Польшча) і Паўночна-Заходняй (Рыга, Латвія) груповак войскаў, Чарнаморскага флёту (Севастопаль, Украіна), Балтыйскі флёт (Калінінград), Касьпійскую флятылію (Астрахань), 14-ю гвардзейскую армію (Тыраспаль, Малдова), злучэньні, вайсковыя часьці, установы, прадпрыемствы і арганізацыі на землях Манголіі (Улан-Батар, 39-я армія), Кубы (Радыёэлектронны цэнтар у Люрдэсе) і іншых дзяржаваў[26].
У 1994—1996 гадох Узброеныя сілы Расеі бралі ўдзел у 1-й расейска-чачэнскай вайне. У 1999—2009 гадох адбылася Другая расейска-чачэнская вайна. У 2008 годзе іх задзейнічалі ў Грузіна-расейскай вайне за Паўднёвую Асэтыю. На 1 студзеня 2010 году Ўзброеныя сілы Расеі мелі 2504 ядзерных боезарадаў. На красавік 2012 году, паводле даведкі Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, у Расеі як дзяржаве-ўдзельніцы Праскай Дамовы аб захадах далейшага скарачэньня і абмежаваньня стратэгічных наступальных узбраеньняў 2010 году налічвалася 1492 разгорнутыя ядзерныя боегалоўкі, 494 апэратыўна разгорнутыя носьбіты ядзерных зарадаў, у тым ліку міжкантынэнтальныя балістычныя ракеты, цяжкія бамбавікі і балістычныя ракеты на падлодках, а таксама 881 пускавая ўстаноўка, у тым ліку неразгорнутая[27].
Зь 2014 году Ўзброеныя сілы Расеі ўдзельнічаюць у Расейска-ўкраінскай вайне. У 2015 годзе распачалі ўмяшаньне ў Грамадзянскую вайну ў Сырыі. 17 лістапада 2017 году расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін падпісаў Указ № 555 «Аб усталяваньні штатнай колькасьці Ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі», якая склала 1 902 758 чалавек, у тым ліку 1 013 628 вайскоўцаў[28].
Расейскія ваеннапалонныя, затрыманыя падчас баёў за Сумы (11 сакавіка 2022 г.)
Падбіты пад Марыюпалем расейскі танк (7 сакавіка 2022 г.)
25 жніўня 2022 году Пуцін падпісаў Указ аб павелічэньні штатнай колькасьці расейскага войска на 137 000 чалавек да 2 039 758, зь якіх 1 150 628 складалі вайскоўцы[29].
Начальнікі Генэральнага штабу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Віктар Дубынін (10 чэрвеня — 22 лістапада 1992)
- Міхаіл Калесьнікаў (22 лістапада 1992 — 18 кастрычніка 1996)
- Віктар Самсонаў (18 кастрычніка 1996 — 22 траўня 1997)
- Анатоль Квашнін (22 траўня 1997 — 19 ліпеня 2004)
- Юры Балуеўскі (19 ліпеня 2004 — 3 чэрвеня 2008)
- Мікалай Макараў (3 чэрвеня 2008 — 9 лістапада 2012)
- Валеры Герасімаў (ад 9 лістапада 2012 году)
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Мікола Байкоў, Сьцяпан Некрашэвіч. сухаземны — сухопутный, континентальный // Беларуска-расейскі слоўнік. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925.
- ^ Мікола Байкоў, Андрэй Бараноўскі. сухопутный — сухаземны // Практычны беларускі вайсковы слоўнік / старш.кам. П. Валасноў. — Менск: Вайсковая камісія пры Інбелкульце, 1927. — (Беларуская навуковая тэрміналёгія).
- ^ Сувязныя зьвесткі(рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
- ^ Кіраўніцтва(рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
- ^ Фэдэральны закон ад 8 сьнежня 2020 г. № 385-ФЗ «Аб фэдэральным бюджэце на 2021 год і на плянавы пэрыяд 2022 і 2023 гадоў» (187 Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі)(рас.) // «КансультантПлюс», 8 сьнежня 2020 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
- ^ а б в Барыс Ельцын. Фэдэральны канстытуцыйны закон ад 28 сакавіка 1998 г. № 53-ФЗ «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе»(рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 21 кастрычніка 2021 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
- ^ Віды Ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі(рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
- ^ Роды войскаў(рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
- ^ Глава 4. Прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі(рас.) // Партал «Канстытуцыя Расеі» («Гарант-Інтэрнэт»), 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
- ^ Глава 5. Фэдэральны сход(рас.) // Партал «Канстытуцыя Расеі» («Гарант-Інтэрнэт»), 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
- ^ Уладзімер Пуцін. Фэдэральны канстытуцыйны закон ад 6 лістапада 2020 г. № 4-ФКЗ «Аб Урадзе Расейскай Фэдэрацыі»(рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 18 кастрычніка 2021 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
- ^ Барыс Ельцын. Фэдэральны канстытуцыйны закон ад 23 чэрвеня 1999 г. № 1-ФКЗ «Аб вайсковых судах Расейскай Фэдэрацыі»(рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 18 кастрычніка 2021 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
- ^ Сухаземныя войскі(рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
- ^ Паветрана-касьмічныя сілы(рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
- ^ Вайскова-марскі флёт(рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
- ^ Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэньня(рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
- ^ Паветрана-дэсантныя войскі(рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
- ^ Будова Вайскова-паветраных сілаў(рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
- ^ Будова Касьмічных войскаў(рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
- ^ Будова Войскаў супрацьпаветранай і супрацькасьмічнай абароны(рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
- ^ Берагавыя войскі(рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
- ^ Аб’яднаньне флёту(рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
- ^ а б в г д Барыс Ельцын. Фэдэральны канстытуцыйны закон ад 31 траўня 1999 г. № 61-ФЗ «Аб абароне»(рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 26 кастрычніка 2021 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
- ^ Уладзімер Пуцін. Указ прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі ад 5 чэрвеня 2020 г. № 374 «Аб вайскова-адміністрацыйнам падзеле Расейскай Фэдэрацыі»(рас.) // Міністэрства абароны Расеі, 15 сьнежня 2021 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
- ^ Барыс Ельцын. Указ прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі ад 7 траўня 1992 г. № 466 «Аб стварэньні Ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі»(рас.) // Мэтадычны асяродак Дэпартамэнту адукацыі Масквы, 26 красавіка 2017 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
- ^ Павал Грачоў. Загад Міністэрств абароны Расейскай Фэдэрацыі ад 23 траўня 1992 г. № 16 «Аб складзе Ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі»(рас.) // Мэтадычны асяродак Дэпартамэнту адукацыі Масквы, 2022 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
- ^ Расея саступае ЗША па колькасьці разгорнутых ядзерных боегаловак // Зьвязда : газэта. — 11 красавіка 2012. — № 70 (27185). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
- ^ Уладзімер Пуцін. Указ прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі ад 17 лістапада 2017 г. № 555 «Аб усталяваньні штатнай колькасьці Ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі»(рас.) // «Гарант-сэрвіс», 17 лістапада 2017 г. Праверана 23 траўня 2022 г.
- ^ Пуцін падпісаў указ аб павелічэньні колькасьці ваеннаслужачых у арміі РФ на 137 тыс. // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 25 жніўня 2022 г. Праверана 29 жніўня 2022 г.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |