Перайсьці да зьместу

Аляксандар Салжаніцын

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аляксандар Салжаніцын
Александр Солженицын
А. Салжаніцын у 1994 годзе падчас вяртаньня ў Расею
А. Салжаніцын у 1994 годзе падчас вяртаньня ў Расею
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Аляксандар Ісаевіч Салжаніцын
Нарадзіўся 11 сьнежня 1918
Кіславодзк, РСФСР
Памёр 3 жніўня 2008 (89 гадоў)
Масква, Расейская Фэдэрацыя
Пахаваны
Бацькі Isaackly Semyonovich Solzhenitsyn[d][2]
Taisiya Zakharovna Shcerbak[d][2]
Сужэнец Натальля Салжаніцына[d] і Натальля Рашатоўская[d]
Дзеці Ігнат Салжаніцын[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці расейскі пісьменьнік, публіцыст, гісторык, паэт і грамадзкі дзеяч
Жанр аповесьць, апавяданьне, публіцыстыка, эсэ, раман, «драбняткі», лексыкаграфія
Мова расейская мова[3]
Прэміі Нобэлеўская прэмія па літаратуры
Вялікі залаты мэдаль імя М. В. Ламаносава Расейскай Акадэміі навук
Вялікая прэмія Францускай Акадэміі маральна-палітычных навук
Ордэн сьвятога Савы
Ордэн сьвятога Савы

Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Расеі
Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Расеі

сябар Расейскае Акадэміі навук
Узнагароды
Подпіс Выява аўтографу
http://www.solzhenitsyn.ru, https://www.solzhenitsyncenter.org/

Алякса́ндар Іса́евіч Салжані́цын (11 сьнежня 1918, Кіславодзк, РСФСР — 3 жніўня 2008, Масква, Расейская Фэдэрацыя) — расейскі пісьменьнік, публіцыст, гісторык, паэт і грамадзкі дзяяч, савецкі дысідэнт, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры (1970).

Атрымаў шырокую вядомасьць, апрача літаратурных твораў (што, як правіла, закранаюць вострыя грамадзка-палітычныя тэмы), таксама гісторыка-публіцыстычнымі творамі па гісторыі Расеі XIX—XX стагодзьдзяў.

Былы дысыдэнт, цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў (1960-я, 1970-я і 1980-я) актыўна змагаўся супраць камуністычнага рэжыму ў СССР. У апошні час стаяў на кансэрватыўных пазыцыях, зьяўляючыся адным з натхняльнікаў праваслаўна-патрыятычнага руху.

Бацька Ігната Салжаніцына, дырыжэра і піяніста.

Дзяцінства і юнацтва

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аляксандар Ісаевіч (Ісаакавіч[4]) Салжаніцын нарадзіўся 11 сьнежня 1918 г. у Кіславодзку. Бацька — Ісаакій Сямёнавіч Салжаніцын, расейскі праваслаўны селянін з Паўночнага Каўказу. Маці — Таісыя Захараўна Шчэрбак, дачка ўкраінскага шляхціча. Бацькі Салжаніцына пазнаёміліся падчас навучаньня ў Маскве і неўзабаве ажаніліся[5]. Ісаакій Салжаніцын падчас Першай сусьветнай вайны пайшоў на фронт дабраахвотнікам і служыў афіцэрам. Ён загінуў да нараджэньня сына, 15 чэрвеня 1918 году, ужо пасьля дэмабілізацыі (у выніку няшчаснага выпадку на паляваньні). Ён апісаны пад імем Сані Лажаніцына ў эпапеі «Чырвонае кола» (на падставе ўспамінаў маці А.Салжаніцына).

Сям’я маці была цалкам разбураная ў выніку бальшавісцкіх канфіскацыяў.

У 1924 годзе Салжаніцын пераехаў з маці ў Растоў-на-Доне, з 1926 па 1936 гады вучыўся ў школы, жывучы надзвычай бедна. Даводзілася хаваць зьвесткі пра службу бацькі ў царскім войску.

У малодшых клясах падвяргаўся кпінам за нашэньне крыжыка і нежаданьне ўступаць у піянэры, атрымаў вымову за наведаньне царквы. Пад уплывам школы шчыра прыняў камуністычную ідэялёгію, у 1936 годзе ўступіў у камсамол. У старэйшых клясах захапіўся літаратурай, пачаў пісаць эсэ й вершы; цікавіўся гісторыяй, грамадзкім жыцьцём. У 1937 годзе задумаў «вялікі раман пра рэвалюцыю» 1917 году.

У 1936 годзе паступіў у Растоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Не жадаючы рабіць літаратуру асноўнай спэцыяльнасьцю, абраў фізыка-матэматычны факультэт. Ва ўнівэрсытэце вучыўся на «выдатна» (сталінскі стыпэндыят), працягваў літаратурныя практыкаваньні, у дадатак да ўнівэрсытэцкіх заняткаў самастойна вывучаў гісторыю і марксізм-ленінізм. Скончыў унівэрсытэт у 1941 годзе з адзнакай.

Ад пачатку літаратурнай дзейнасьці востра цікавіўся гісторыяй Першай Сусьветнай Вайны і сацыялістычнай рэвалюцыі. У 1937 годзе пачаў зьбіраць матар’ялы па «Самсонаўскай катастрофе», напісаў першыя разьдзелы «Жніўня Чатырнаццатага» (з артадаксальных камуністычных пазыцыяў). У 1939 годзе паступіў на завочнае аддзяленьне факультэту літаратуры Інстытуту філязофіі, літаратуры і гісторыі ў Маскве. Перарваў навучаньне ў 1941 годзе ў сувязі з вайной.

Цікавіўся тэатрам, летам 1938 году спрабаваў здаць экзамэны ў тэатральную школу Юрыя Завадзкага, але беспасьпяхова.

У жніўні 1939 году зьдзейсьніў зь сябрамі падарожжа на байдарцы па Волзе. Жыцьцё пісьменьніка з гэтага часу і да красавіку 1945 году — у паэме «Дарожанька» (1948—1952).

27 красавіка 1940 году ажаніўся са студэнткай Растоўскага ўнівэрсытэту Натальляй Рашатоўскай (1918—2003), зь якой пазнаёміўся ў 1936 годзе.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ня быў адразу мабілізаваны (прызнаны «абмежавана прыдатным» па здароўі). Актыўна дабіваўся накіраваньня на фронт. У верасьні 1941 году разам з жонкай атрымаў разьмеркаваньне школьным настаўнікам у Марозаўск Растоўскай вобласьці, аднак ужо 18 кастрычніка быў прызваны і накіраваны ў грузавы конны абоз шарагоўцам. Падзеі лета 1941 — вясны 1942 году апісаныя Салжаніцыным у няскончанай аповесьці «Любі рэвалюцыю» (1948).

Намагаўся атрымаць накіраваньне ў афіцэрскую вучэльню, у красавіку 1942 году быў накіраваны ў артылерыйскую вучэльню ў Кастраму[6]; у лістападзе 1942 году выпушчаны лейтэнантам, накіраваны ў Саранск, дзе разьмяшчаўся запасны полк па фармаваньні дывізіёнаў артылерыйскай інструмэнтальнай выведкі.

У дзейсным войску зь лютага 1943 году, служыў камандзірам батарэі гукавой выведкі 794 Асобнага армейскага выведвальнага артылерыйскага дывізіёну (пазьней — 68 Сэўска-Рэчыцкай 2-ога Беларускага фронту (палявая пошта № 07900 «Ф»). Баявы шлях — ад Арла[7] да Ўсходняй Прусыі[8]. Быў уганараваны ардэнамі Айчыннай вайны і Чырвонай Зоркі, у лістападзе 1943 году атрымаў чын старэйшага лейтэнанта, у чэрвені 1944 году — капітану.

На фронце вёў вайсковыя дзёньнікі, шмат пісаў, адсылаў свае творы маскоўскім літаратарам для рэцэнзаваньня; у 1944 годзе атрымаў добразычлівы водгук Б. А. Лаўранёва.

Арышт і зьняволеньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На фронце Салжаніцын працягваў цікавіцца грамадзкім жыцьцём, аднак стаў крытычна ставіцца да Сталіна (за «перайначаньне ленінізму»); у ліставаньні са старым сябрам (Мікалаем Віткевічам) непаважна выказваўся пра «Пахана», пад якім угадваўся Сталін, захоўваў у асабістых рэчах складзеную разам зь Віткевічам «рэзалюцыю», у якой параўноўваў сталінскія парядкі з прыгонным правам і казаў пра стварэньне пасьля вайны «арганізацыі» для аднаўленьня так званых «ленінскіх» нормаў. Лісты выклікалі падазрэньне вайсковай цэнзуры, і ў лютым 1945 Салжаніцын і Віткевіч былі арыштаваныя.

Чэскі журналіст Т. Ржэзач (аўтар распаўсюджванай на Захадзе кнігі «Сьпіраль здрады Салжаніцына», якая зьявілася «вынікам добрасумленнае працы аўтара і настойлівай сумеснай працы зь ім супрацоўнікаў 10 Управы МУС ЧССР і 5 Управы КГБ СССР»[9]), вылучыў вэрсію пра «самаданос», у якім Салжаніцын, апрача сябе, абвінаваціў чатырох чалавек, адзін зь якіх, Н.Віткевіч, быў асуджаны на дзесяць год[10].

Пасьля арышту Салжаніцын быў дастаўлены ў Маскву; 27 ліпеня завочна асуджаны Асобай нарадай да 8 год выпраўленча-працоўных лягероў (па артыкуле 58, пункт 10, частка 2, і пункт 11 Крымінальнага Кодэксу РСФСР).

У жніўні накіраваны ў лягер у Новы Ерусалім, 9 верасьня 1945 пераведзены ў лягер «Калускія Вароты».

У чэрвені 1946 запатрабаваны ў сыстэму спэцтурмаў 4-га Спэцаддзелу НКВД, у верасьні накіраваны ў спэцінстытут для зьняволеных («шарашку») пры авіяматорным заводзе ў Рыбінску, празь пяць месяцаў — на «шарашку» ў Загорск, у ліпені 1947 — у аналягічную ўстанову ў Марфіна (пад Масквой). Працаваў па спэцыяльнасьці — матэматыкам. У Марфіне Салжаніцын пачаў работу над аповесьцю «Любі рэвалюцыю». Пазьней заключныя дні на Марфінскай шарашцы апісаныя Салжаніцыным у рамане «Ў крузе першым», дзе сам ён выведзены пад імем Глеба Нержына, а ягоныя сукамэрнікі Зьміцер Панін і Леў Копелеў — Зьмітра Салагдзіна і Льва Рубіна.

У сьнежні 1948 жонка завочна разышлася з Салжаніцыным.

У траўні 1950 Салжаніцын быў этапаваны ў Бутыркі (раздрай з кіраўніцтвам «шарашкі»), у жніўні накіраваны ў Стэпляг — асобы лягер у Экібастузе. У лягеры быў шахтарам, муляром, ліцейнікам, некаторы час — брыгадзірам, удзельнічаў у забастоўцы. Пазьней лягернае жыцьцё атрымае літаратурнае ўвасабленьне ў аповедзе «Адзін дзень Івана Дзянісавіча», а страйк зьняволеных — у кінасцэнары «Ведаюць ісьціну танкі».

У пэрыяд канфлікту Салжаніцыну з савецкімі ўладамі зьяўляюцца інсьпіраваныя КГБ публікацыі пра тое, што ён, знаходзячыся ў зьняволеньні, актыўна супрацоўнічаў з органамі МГБ. Тэкст аднаго з данясеньняў[11], нібыта напісаных ім пад псэўданімам Ветраў, быў надрукаваны[12] ў 1990. Сапраўднасьць дакумэнту была дэкляраваная нямецкім крымінолягам Франкам Арнаў, аднак афіцыйна ня высьветленая. Сам Салжаніцын прызнае, што пад ціскам даў пісьмовую згоду на супрацоўніцтва зь лягернай адміністрацыяй і ўзяў на сябе абавязак даносіць пра падрыхтоўку зьняволеных да пабегаў, але сьцьвярджае, што да сапраўднага супрацоўніцтва не дайшло:

…Так і абышлося. Ніводнага разу больш мне не давялося падпісацца «Ветраў». Але й сёньня я паёжваюся, сустракаючы гэтае прозьвішча[13].

Узімку 1952 у Салжаніцына выявілі рак, ён быў праапэраваны ў лягеры.

Вызвалены 13 лютага 1953.

У зьняволеньні Салжаніцын цалкам расчараваўся ў марксізме, зь цягам часу паверыў у Бога і схіліўся да праваслаўна-патрыятычных ідэяў (поўнае адмаўленьне камуністычнай ідэялёгіі, роспуск СССР і стварэньне славянскае дзяржавы на тэрыторыі Расеі, Беларусі і часткі Ўкраіны, усталяваньне ў новай дзяржаве аўтарытарнага ладу з паступовым пераходам да дэмакратыі, накіраваньне рэсурсаў будучай краіны на духоўнае, маральнае і рэлігійнае разьвіцьцё народа, у першую чаргу расейцаў). Ужо на «шарашцы» вярнуўся да пісальніцтва, у Экібастузе складаў вершы, паэмы («Дарожанька», «Прускія ночы») і п’есы ў вершах («Палоньнікі», «Пір пераможцаў») і завучваў іх на памяць.

Пасьля вызваленьня Салжаніцын быў накіраваны ў ссылку на пасяленьне «назаўжды» (сяло Берлік Кактарэцкага раёну Джамбульскай вобласьці, паўднёвы Казахстан)[14]. Працаваў настаўнікам матэматыкі і фізыкі ў 8-10 клясах мясцовай сярэдняй школы імя Кірава.

У канцы 1953 здароўе рэзка пагоршылася, дасьледваньне выявіла ракавую пухліну, у студзені 1954 ён быў накіраваны ў Ташкент на лячэньне, у сакавіку выпісаны са значным паляпшэньнем. Хвароба, лячэньне, ацаленьне і бальнічныя ўражаньні леглі ў аснову аповесьці «Ракавы корпус», якая была задуманая ўвесну 1955.

Асноўны артыкул: Ракавы корпус

У ссылцы напісаў п’есу «Рэспубліка Працы» (пра лягер), раман «У крузе першым» (пра сваё перабываньні на «шарашцы») і нарыс «Працершы вочы („Гора ад розуму“ зэкавымі вачыма)».

У чэрвені 1956 рашэньнем Вярхоўнага Суду СССР Салжаніцын быў вызвалены без рэабілітацыі «за адсутнасьцю ў яго дзеяньнях складу злачынства».

У жніўні 1956 вяртаецца са ссылкі ў Цэнтральную Расею. Жыве ў вёсцы Мільцава (паштовае аддзяленьне Торфапрадукт Курлоўскага раёну Ўладзімерскай вобласьці), выкладае матэматыку ў Мязінаўскай сярэдняй школе Гусь-Хрустальнага раёну. Тады ж сустрэўся са сваёй былой жонкай, якая канчаткова вярнулася да яго ў лістападзе 1956 (паўторна шлюб зарэгістраваны 2 лютага 1957).

6 лютага 1957 рашэньнем Ваеннай калегіі Вярхоўнага суду СССР Салжаніцын рэабілітаваны[15].

Зь ліпеня 1957 жыў у Разані, працаваў настаўнікам астраноміі сярэдняй школы № 2.

Першыя публікацыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1959 Салжаніцын напісаў аповед «Щ-854» пра жыцьцё простага зьняволенага з расейскіх сялянаў, у 1960 — апавяданьні «Не стаіць сяло бяз праведніка» і «Правая кісьць», першыя «Драбняткі», п’есу «Сьвятло, якое ў табе» («Сьвяча на ветры»)[16]. Перажыў пэўны крызіс, ня маючы мажлівасьці надрукаваць свае творы.

У 1961 пад уражаньнем ад выступу Аляксандра Твардоўскага (рэдактара часопіса «Новы сьвет») на XXII зьезьдзе КПСС, перадаў яму «Щ-854», папярэдне выключыўшы з расповеду найбольш палітычна вострыя, загадзя непраходныя цераз савецкую цэнзуру фрагмэнты. Твардоўскі ацаніў апавяданьне надзвычайна высока, запрасіў аўтара ў Маскву і стаў дабівацца публікацыі твору. М. С. Хрушчоў пераадолеў супраціў членаў Палітбюро і дазволіў публікацыю апавяданьня. Аповед пад назвай «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» быў надрукаваны ў часопісе «Новы сьвет» № 11, 1962, адразу ж перавыдадзены і перакладзены на замежныя мовы.

Асноўны артыкул: Адзін дзень Івана Дзянісавіча

30 сьнежня 1962 Салжаніцын быў прыняты ў Саюз пісьменьнікаў СССР.

Неўзабаве пасьля гэтага ў часопісе «Новы сьвет», (№ 1, 1963) былі надрукаваныя «Не стаіць сяло бяз праведніка» (пад назвай «Матронін двор») і «Выпадак на станцыі Кочатаўка» (пад назвай «Выпадак на станцыі Крэчатаўка»[17]).

Першыя публікацыі выклікалі аграмадную колькасьць водгукаў пісьменьнікаў, грамадзкіх дзеячоў, крытыкаў і чытачоў. Ня толькі й ня столькі празь іхнія ўражвальныя рэалістычнасьць і шчырасьць, колькі таму, што гэта быў першы выпадак выданьня кніг па палітычна значнай тэме з 20-х гадоў, да таго ж напісаных ня чальцом партыі. Пісьмы чытачоў — былых зьняволеных (у адказ на «Івана Дзянісавіча») паклалі пачатак «Архіпэлягу ГУЛАГ».

Аповеды Салжаніцына рэзка вылучаліся на фоне твораў таго часу сваімі мастацкімі вартасьцямі і грамадзянскай сьмеласьцю. Гэта падкрэсьлівалі на той час многія, у тым ліку пісьменьнікі й паэты. Напрыклад, Ганна Андрэеўна Ахматава адзывалася пра «Матронін двор» так:

- Але… Дзіўная рэч… Дзіўна, як маглі надрукаваць… Гэта страшней за «Івана Дзянісавіча»… Там можна ўсё на культ асобы сапхнуць, а тут… Бо гэта ў яго не Матрона, а ўся расейская вёска пад паравоз трапіла і ўшчэнт… Дробязі таксама дзіўныя… Памятаеце — чорныя бровы старога, як два масты адзін адному насустрач?.. Вы заўважылі: у яго лавы і зэдлічкі бываюць то жывыя, то мёртвыя… А прусакі пад шпалерамі шастаюць? Запомнілі? Як далёкі шум акіяну! і шпалеры ходзяць хвалямі… А якая выключная старонка, калі ён раптам бачыць Матрону маладой… І ўсю вёску бачыць маладою, то бок такою, якая яна была да ўсеагульнага спусташэньня…[18]

Асноўны артыкул: Матронін двор

Летам 1963 Салжаніцын стварае чарговую, пятую па чарзе, усечаную «пад цэнзуру» рэдакцыю раману «У крузе першым», прызначаную для друку (з 87 разьдзелаў). Чатыры разьдзелы з раману выбраныя аўтарам і прапанаваныя «Новаму сьвету» «…для спробы, пад відам „Урывка“…».

Апавяданьне «Для карысьці справы» апублікаванае ў часопісе «Новы сьвет» № 7 за 1963.

28 сьнежня 1963 рэдакцыя часопісу «Новы сьвет» і Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва вылучаюць «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» на здабыцьцё Ленінскай прэміі за 1964 год (у выніку галасаваньня Камітэту па прэміях прапанова была адрынутая[19]).

У 1964 Салжаніцын упершыню аддае свой твор у самвыдат — нізку «вершаў у прозе» пад агульнай назвай «Драбняткі».

Асноўны артыкул: Драбняткі

Улетку 1964 пятая рэдакцыя «У крузе першым» абмяркоўваецца і прынятая да надрукаваньня ў 1965 «Новым сьветам». Спроба публікацыі не атрымалася. Твардоўскі знаёміцца з рукапісам раману «Ракавы корпус» і нават прапануе яго для прачытаньня Хрушчову (зноў — празь ягонага памочніка Лебедзева).

Салжаніцын сустракаецца з Варламам Шаламавым, які раней добразычліва адгукнуўся на «Івана Дзянісавіча», і прапануе яму сумесна працаваць над «Архіпэлягам».

Увосень 1964 п’еса «Сьвяча на ветры» прынятая да пастаноўкі ў Тэатры імя Ленінскага камсамолу ў Маскве.

«Драбняткі» праз самвыдат пранікаюць за мяжу і пад назвай «Эцюды і дробныя апавяданьні» надрукаваныя ў кастрычніку 1964 у Франкфурце ў часопісе «Грані» (№ 56) — гэта першая публікацыя ў замежнай расейскай прэсе твору Салжаніцына, адрынутага ў СССР.

У 1965 Салжаніцын езьдзіць у Тамбоўскую вобласьць з Барысам Мажаевым для збору матэрыялаў пра сялянскае паўстаньне (у паездцы вызначаецца назва раману-эпапеі пра расейскую рэвалюцыю — «Чырвонае кола»), пачынае першую і пятую часткі «Архіпэлягу» (у Салатчы Разанскай вобласьці і на хутары Коплі-Мярдзі ля Тарту), завяршае працу над апавяданьнямі «Як шкада» і «Захар-Каліта», публікуе ў «Літаратурнай газэце» (палемізуючы з акадэмікам Вінаградавым) артыкул «Не обычай дёгтем щи белить, на то сметана»[20] у абарону расейскай літаратурнай мовы:

Яшчэ ня позна выгнаць тое, што ёсьць публіцыстычны жаргон, а не расейская мова. Яшчэ ня позна выправіць склад нашай пісьмовай (аўтарскай) мовы, так, каб вярнуць ёй размоўную народную лёгкасьць і свабоду.

11 верасьня КГБ праводзіць ператрус на кватэры сябра Салжаніцына В. Л. Тэўша, у якога Салжаніцын захоўваў частку свайго архіву. Забраныя рукапісы вершаў, «У крузе першым», «Драбнятак», п’есаў «Рэспубліка працы» і «Пір пераможцаў».

Хмары над Салжаніцыным згушчаюцца. ЦК КПСС выдае закрытым накладам і распаўсюджвае сярод намэнклятуры «дзеля абвінавачаньня аўтара» «Пір пераможцаў» і пятую рэдакцыю «У крузе першым». Салжаніцын піша скаргі на незаконную канфіскацыю рукапісаў міністру культуры СССР Дзёмічаву, сакратаром ЦК КПСС Брэжневу, Суславу і Андропаву, перадае рукапіс «Круга-87» на захаваньне ў Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва.

Чатыры апавяданьні прапанаваныя рэдакцыям «Огонька», «Октября», «Литературной России», «Москвы» — адрынутыя ўсюды. Газэта «Известия» набрала аповед «Захар-Калита» — гатовы набор рассыпаны, «Захар-Калита» перададзены ў газэту «Правда» — адмова Абалкіна.

У гэты самы час у ЗША выйшаў зборнік «А.Салжаніцын. Выбранае»[21]: «Адзін дзень…», «Качэтаўка» і «Матронін двор»; у ФРГ у выдавецтве «Пасеў» — зборнік апавяданьняў на нямецкай мове[22].

Ужо да сакавіка 1963 Салжаніцын страціў прыхільнасьць Хрушчова (непрысуджэньне Ленінскай прэміі, адмова друкаваць раман «У крузе першым»). Пасьля прыходу да ўлады Брэжнева Салжаніцын практычна страціў мажлівасьць лягальна друкавацца і выступаць. У верасьні 1965 КГБ сканфіскаваў архіў Салжаніцына зь ягонымі найбольш антысавецкімі творамі, што пагоршыла становішча пісьменьніка. Карыстаючыся пэўным бязьдзеяньнем улады, у 1966 г. ён пачаў актыўную грамадзкую дзейнасьць (сустрэчы, выступы, інтэрвію замежным журналістам). Тады ж пачаў распаўсюджваць у самвыдаце і свае раманы «У крузе першым» і «Ракавы корпус». У лютым 1967 г. Салжаніцын таемна скончыў мастацкае дасьледваньне «Архіпэляг ГУЛАГ».

У траўні 1967 г. Салжаніцын разаслаў «Ліст зьезду» да Саюзу пісьменьнікаў СССР, у якім запатрабаваў зьліквідаваць цэнзуру і рэабілітаваць многіх рэпрэсаваных пісьменьнікаў (зь беларускае дэлегацыі яго падтрымалі толькі Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч, зь якімі ён сышоўся ў сярэдзіне 1960-х)[23]. Пасьля «Лісту» ўлады сталі ўспрымаць Салжаніцына сур’ёзна. У 1968 годзе ў ЗША і Заходняй Эўропе былі надрукаваныя раманы «У крузе першым» і «Ракавы корпус», што прынесьлі пісьменьніку агромністую папулярнасьць. Савецкая прэса пачала прапагандысцкую кампанію супраць аўтару. У 1969 г. Салжаніцын быў вылучаны на Нобэлеўскую прэмію па літаратуры. Прэмія была прысуджаная не яму, але неўзабаве пасьля гэтага ён быў выключаны з Саюзу пісьменьнікаў СССР. Пасьля выключэньня Салжаніцын стаў адкрыта абвяшчаць пра свае праваслаўна-патрыятычныя перакананьні і рэзка крытыкаваць уладу. У 1970 Салжаніцын ізноў вылучаны на Нобэлеўскую прэмію па літаратуры, і гэтым разам быў ёй уганараваны. Пісьменьнік ня мог атрымаць гэтую прэмію ў Стакгольме, баючыся, што ня зможа вярнуцца ў СССР. Таму прэмія знайшла яго толькі ў 1974 годзе, ужо пасьля дэпартацыі. У савецкіх СМІ была арганізавана магутная прапагандысцкая кампанія супраць Салжаніцына, улады прапанавалі яму зьехаць з краіны, але ён адмовіўся.

Яшчэ ў жніўні 1968 году Салжаніцын пазнаёміўся з Натальляй Сьвятловай, у іх распачаўся раман. Салжаніцын стаў патрабаваць разводу зь першай жонкай. З надзвычайнымі цяжкасьцямі развод быў зьдзейсьнены 22 ліпеня 1972. Неўзабаве Салжаніцыну ўдалося зарэгістраваць шлюб са Сьвятловай, нягледзячы на супрацьдзеяньне ўладаў (шлюб даваў яму мажлівасьць прапісацца ў Маскве). У іх нарадзілася трое дзяцей: Ермалай (1970 г.нар.), Ігнат (1972) і Сьцяпан (1973).[24]

11 чэрвеня 1971 году ў Парыжы выйшаў раман Салжаніцына «Жнівень Чатырнаццатага», які быў неадназначна ўспрыняты чытачамі празь яскрава выражаныя праваслаўна-патрыятычныя погляды аўтара.

Зь яшчэ большым непаразуменьнем быў сустрэтыя «Вялікапосны ліст» Патрыярху Пімену (1972)[25] пра праблемы Царквы, у падтрымку выступу архіяпіскапа Калускага Ермагена (Голубева).

У 1972—1973 гадах Салжаніцын працаваў над эпапеяй «Чырвонае Кола», актыўнай дысыдэнцкай дзейнасьці ня вёў.

У жніўні-верасьні 1973 году адносіны між уладай і дысыдэнтамі абвастрыліся, што закранула й Салжаніцына. 23 жніўня 1973 году Салжаніцын даў вялікае інтэрвію замежным карэспандэнтам. У гэты ж дзень КГБ затрымаў адну з памочніц пісьменьніка Лізавету Варанянскую. У ходзе допыту яна выдала месцазнаходжаньне аднаго асобніку рукапісу «Архіпэлягу ГУЛАГ» і, вярнуўшыся дахаты, павесілася. 5 верасьня Салжаніцын даведаўся пра здарэньне і распарадзіўся пачаць друкаваньне «Архіпэлягу» на Захадзе (у эмігранцкім выдавецтве YMCA-Press). Тады ж ён даслаў кіраўніцтву СССР «Ліст правадыром Савецкага Саюзу», у якім заклікаў адмовіцца ад камуністычнай ідэялёгіі і зрабіць крокі па пераўтварэньні СССР у расейскую нацыянальную дзяржаву. З канца жніўня ў заходняй прэсе друкавалася вялізная колькасьць артыкулаў у абарону дысыдэнтаў і, у прыватнасьці, Салжаніцына.

У СССР была разгорнутая магутная прапагандысцкая кампанія супраць дысыдэнтаў. 24 верасьня КГБ цераз былую жонку Салжаніцына прапанаваў пісьменьніку афіцыйную публікацыю аповесьці «Ракавы корпус» у СССР у абмен на адмову ад друку «Архіпэлягу ГУЛАГ» за мяжой. (У пазьнейшых успамінах Натальля Рашатоўская адмаўляе ролю КГБ і сьцьвярджае, што спрабавала дабіцца пагадненьня між уладамі і Салжаніцыным са сваёй уласнай ініцыятывы.) Аднак Салжаніцын, сказаўшы, што не пярэчыць супраць надрукаваньня «Ракавага корпусу» ў СССР, не паказаў і жаданьня зьвязваць сябе сакрэтнай дамоўленасьцю з уладамі. (Розныя апісаньні зьвязаных з гэтым паведамленьняў месьцяцца ў кнізе Салжаніцына «Бадалася цялё з дубам» і ва ўспамінах Н.Рашатоўскай «АПН — я — Салжаніцын», надрукаваных пасьля сьмерці Рашатоўскай.) У апошніх лічбах сьнежня 1973 г. было абвешчана пра выхад у сьвет першага тому «Архіпэлягу ГУЛАГ». У савецкіх сродках масавай інфармацыі пачалася чарговая масіраваная кампанія ачарненьня Салжаніцына як здрадніка радзімы з кляймом «літаратурнага ўласаўца». Упор рабіўся не на рэальны зьмест «Архіпэлягу ГУЛАГ» (мастацкае дасьледваньне савецкай лягерна-турэмнай сыстэмы 1918—1956), якое ўвогуле не абмяркоўвалася, а на салідарызацыю Салжаніцына са «здраднікамі радзімы падчас вайны, паліцаямі і ўласаўцамі».

Асноўны артыкул: Архіпэляг ГУЛАГ

У СССР, у гады застою, «Жнівень Чатырнаццатага» і «Архіпэляг ГУЛАГ» (як і першыя раманы) распаўсюджваліся ў самвыдаце.

7 студзеня 1974 году выхад «Архіпэлягу ГУЛАГ» і меры «спыненьня антысавецкай дзейнасьці» Салжаніцына былі абмеркаваныя на паседжаньні Палітбюро. Пытаньне было вынесенае на ЦК КПСС, за высылку выказаліся Ю. В. Андропаў і іншыя; за арышт і ссылку — Касыгін, Брэжнеў, Падгорны, Шалепін і іншыя; каб пакінуць і ставіцца са спагадай, каб Салжаніцын зьмяніў сваю пазыцыю з антысавецкай на супрацьлеглую — М. А. Шчолакаў і інш. Перамагла думка Андропава. 12 лютага Салжаніцын быў арыштаваны і абвінавачаны ў здрадзе Радзіме. 13 лютага ён быў пазбаўлены савецкага грамадзянства і высланы з СССР (дастаўлены ў ФРГ самалётам). 29 сакавіка з СССР зьехала й сям’я Салжаніцына.

Неўзабаве пасьля высылкі Салжаніцын зьдзесьніў кароткае падарожжа па Паўночнай Эўропе, у выніку прыняўшы рашэньне часова пасяліцца ў Цюрыху, Швайцарыя.

3 сакавіка 1974 году ў Парыжы быў надрукаваны «Ліст правадыром Савецкага Саюзу»; вядучыя заходнія выданьні і шмат якія дэмакратычна настроеныя дысыдэнты ў СССР, улучна з Андрэем Сахаравым, ацанілі «Ліст» як антыдэмакратычны, нацыяналістычны, які зьмяшчае да таго ж «небясьпечныя памылкі»; адносіны Салжаніцына з заходняй прэсай працягвалі пагаршацца.

Улетку 1974 г. на ганарары ад «Архіпэлягу ГУЛАГ» пісьменьнік стварыў «Расейскі грамадзкі Фонд дапамогі перасьледваным і іхнім сем’ям» для дапамогі палітычным вязьням у СССР (пасылкі і грашовыя пераводы ў месцы пазбаўленьня волі, лягальная і нелягальная матэрыяльная дапамога сем’ям зьняволеных).

У 1974—1975 гг. у Цюрыху Салжаніцын зьбіраў матэрыялы пра жыцьцё уладзімера Леніна ў эміграцыі (для эпапеі «Чырвонае Кола»), скончыў і выдаў мэмуары «Бадалася цялё з дубам».

У красавіку 1975 г. пісьменьнік зьдзейсьніў разам зь сям’ёй падарожжа па Заходняй Эўропе, пасьля накіраваўся ў Канаду і ЗША. У чэрвені-ліпені 1975 г. Салжаніцын наведаў Вашынгтон і Ню-Ёрк, выступіў з прамовамі на зьезьдзе прафсаюзаў і ў Кангрэсе ЗША. У сваіх выступах Салжаніцын рэзка крытыкаваў камуністычны рэжым і ідэялёгію, заклікаў ЗША адмовіцца ад супрацоўніцтва з СССР і палітыкі «разрадкі»; у той жа час пісьменьнік яшчэ працягваў успрымаць Захад як саюзьніка ў вызваленьні Расеі ад «камуністычнага таталітарызму».

У жніўні 1975 г. пісьменьнік вярнуўся ў Цюрых і працягнуў працу над эпапеяй «Чырвонае кола».

У лютым 1976 г. Салжаніцын зьдзейсьніў паездку па Вялікабрытаніі і Францыі, да гэтага часу ў ягоных выступах сталі заўважныя антызаходнія матывы. У сакавіку 1976 г. пісьменьнік наведаў Гішпанію. У нашумелым выступе па гішпанскім тэлебачаньні ён ухвальна выказаўся пра нядаўні рэжым Франка і перасьцярог Гішпанію ад «вельмі хуткага прасоўваньня да дэмакратыі». У заходняй прэсе ўзмацнілася крытыка Салжаніцына, вядучыя эўрапейскія й амэрыканскія палітыкі абвяшчалі пра нязгоду зь ягонымі поглядамі.

Ідэйныя рознагалосьсі Салжаніцына з эміграцыяй «трэцяй хвалі» і заходнімі актывістамі Халоднай вайны асьветленыя ў ягоных мэмуарах «Патрапіла зярнятка паміж двух жорнаў».

У красавіку 1976 г. Салжаніцын зь сям’ёй пераехаў у ЗША і пасяліўся ў гарадку Кавендыш (штат Вэрмонт). Пасьля прыезду пісьменьнік вярнуўся да працы над «Чырвоным Колам», дзеля чаго правёў два месяцы ў расейскім эмігранцкім архіве ў Інстытуце Гувэра.

З пачаткам перабудовы стаўленьне ў СССР да творчасьці й дзейнасьці Аляксандра Салжаніцына зьмянілася, былі надрукаваныя шматлікія ягоныя творы. У пачатку 1990-х гадоў загадам прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова было адноўленае ягонае савецкае грамадзянства.

За кнігу «Архіпэляг ГУЛАГ» у 1990 годзе Салжаніцыну была прысуджаная Дзяржаўная прэмія.

Салжаніцын разам зь сям’ёй вярнуўся на радзіму 27 траўня 1994 году, прыляцеўшы з ЗША ва Ўладзівасток і праехаўшы цягніком праз усю краіну да сталіцы.

У сярэдзіне 1990-х[26] асабістым распараджэньнем расейскага прэзыдэнта Барыса Ельцына яму была падораная дзяржаўная дача[27] «Сасноўка-2» ў Троіца-Лыкаве. Салжаніцыны спраектавалі і збудавалі там двухпавярховую цагляную хату зь вялікай заляй, зашклёнай галярэяй, гасьцінай з камінам, канцэртным раялем і бібліятэкай, дзе вісяць партрэты Сталыпіна і Калчака.

Амаль не пакідаў сваю хату і таму атрымаў сярод мясцовых жыхароў, што бачылі яго хіба зрэдчас, празваньне «наш затворнік».[28] «Ды мы гэтага Салжаніцына і ня бачылі ніводнага разу» — гавораць абарыгены.[29] Праблемы суседняе вёскі пісьменьніка не клапацілі.[30]

У 1997 годзе быў абраны дзейсным сябрам Расейскай Акадэміі навук.

У 1998 годзе быў узнагароджаны ордэнам Сьвятога Андрэя Першазванага, аднак ад узнагароды адмовіўся:[31]


« Ад вярхоўнай улады, што давяла Расею да цяперашняга пагібельнага стану, я прыняць узнагароду не магу. »

Узнагароджаны Вялікім залатым мэдалём імя М. В. Ламаносава (1998).

Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Расейскай Фэдэрацыі за выбітныя дасягненьні ў галіне гуманітарнае дзейнасьці (2006).

Сам пісьменьнік неўзабаве пасьля вяртаньня ў краіну заснаваў літаратурную прэмію свайго імя для ўзнагароджаньня пісьменьнікаў, «чыя творчасьць валодае высокімі мастацкімі годнасьцямі, спрыяе самапазнаньню Расеі, дадае значны ўнёсак у захаваньне і асьцярожнае разьвіцьцё традыцыяй айчыннай літаратуры».

Апошнія гады жыцьця правёў у Маскве і на падмаскоўнай дачы.

Да канца жыцьця Аляксандар Ісаевіч працягваў займацца творчай дзейнасьцю. Разам з жонкай Натальляй Дзьмітрыеўнай — прэзыдэнткай Фонду Аляксандра Салжаніцына — ён працаваў над падрыхтоўкай і выданьнем свайго самага поўнага, 30-томавага збору сачыненьняў. Пасьля перанесенае цяжкое апэрацыі ў Салжаніцына дзейнічала толькі правая рука.

Сьмерць і пахаваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Салжаніцын сканаў 3 жніўня 2008 году на 90-м годзе жыцьця, на сваёй дачы ў падмаскоўным пасёлку Троіца-Лыкава ад вострай сардэчнай недастатковасьці. Сьмерць надышла ў 23:45 па маскоўскім часе[32][33] (20:45 UTC).

5 жніўня ў будынку Расейскай акадэміі навук, дзейным сябрам якое быў А. І. Салжаніцын, адбыліся грамадзянская паніхіда і разьвітаньне зь нябожчыкам. На гэтай цырымоніі прысутнічалі экс-прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў, экс-прэзыдэнт Расеі, кіраўнік ураду РФ Уладзімер Пуцін, прэзыдэнт РАН Юры Восіпаў, экс-старшыня ўраду РФ, акадэмік Яўген Прымакоў, дзеячы расейскай культуры і некалькі тысячаў грамадзян Расеі, што прыйшлі аддаць Аляксандру Ісаевічу апошнюю даніну павагі.[34]

Заўпакойную літургію й адпяваньне 6 жніўня 2008 году ў Вялікім саборы маскоўскага Данскога манастыру зьдзейсьніў арцыбіскуп Арэхава-Зуеўскі Алексі (Фралоў), вікарый Маскоўскай япархіі. У гэты ж дзень прах Салжаніцына быў пахаваны ў някропалі Данскога манастыру за алтаром храму Яна Лесьвічніка, побач з магілай гісторыка Васіля Ключэўскага.

Чэскі журналіст Т. Ржэзач, а таксама Л. Самуцін, былы ўласавец, адзін з «суаўтараў» Салжаніцына, а пасьля ў 1998 г. расейскі журналіст А. Давыдаў вылучылі вэрсію пра «самаданос», у якім Салжаніцын, апрача сябе, зьвінаваціў чатырох чалавек, адзін зь якіх, М. Віткевіч, быў асуджаны на дзесяць гадоў.[35][36] Салжаніцын абвяргае ўсе падобныя абвінавачаньні.[37] На думку Т. Ржэзача, Салжаніцын агітаваў супраць улады падчас вайсковых дзеяньняў, пісаў правакацыйныя лісты, вёў паражэнчую прапаганду — усё гэта рабілася з мэтаю адсядзецца ў тылу; менавіта за гэта й быў Салжаніцын пакараны. На бачынах кнігі «ЦРУ супраць СССР» (1983) М. М. Якаўлева сьцьвярджалася, што «Архіпэляг Гулаг» зьяўляецца прадуктам работы супрацоўнікаў амэрыканскіх спэцслужбаў[38].

Салжаніцын таксама крытыкаваны за заклікі да ўжываньня супраць СССР атамнай зброі[39]. Ягоных выступаў, якія б пацьведзілі гэта, не выяўлена, але ў «Архіпэлягу» ён з паразуменьнем цытуе словы зьняволеных, што сказаныя наглядчыкам: «Пачакайце, гады! Будзе на вас Трумэн! Скінуць вам атамную бомбу на галаву!»[40].

Зьвярталася ўвага на рэзкія супярэчнасьці між колькасьцю рэпрэсаваных па дадзеных, што прыведзеныя Салжаніцыным, і архіўнымі дадзенымі, якія сталі даступныя ў пэрыяд перабудовы.[41] Аспрэчвалася дакладнасьць «турэмных» твораў Салжаніцына ў той іхняй частцы, дзе вядзецца пра побыт лягераў, сьмяротнасьці зьняволеных, іх колькасьці.[42][43]. Крытыка з камуністычнага флангу падмацоўвалася спасылкай на дасьледаваньні навукоўцаў, што працавалі ў расейскіх архівах[44]

Салжаніцына таксама неаднаразова крытыкавалі за апраўданьне калябаранцтва падчас Вялікай Айчыннай вайны і зьвязаныя з гэтым фальсыфікацыі адносна савецкіх ваеннапалонных[45][46]. Сьцьвярджалася, што матэрыял для сваіх выкрыцьцяў Салжаніцын пазычаў з гэбельсаўскае прапаганды. Падобны водгук зыходзіць ад Л. А. Самуціна, па сьцьвярджэньні, дысыдэнта, былога ўласаўца, што асабіста працаваў у ідэялягічным апараце гэбельсаўскага міністэрства прапаганды і прыхільніка Салжаніцына і захоўваў у сябе рукапіс «Архіпэлягу» ад КГБ[47].

Салжаніцына актыўна крытыкавалі і «справа» — найперш іншыя дысыдэнты і эмігранты, якія адмаўлялі ягоныя хрысьціянскія і антылібэральныя погляды (дысыдэнты-нацыяналісты, наадварот, углядалі залішні лібэралізм). «Ліст правадыром Савецкага Саюзу» падвергся крытыцы Андрэя Сахарава.

Канфлікт Салжаніцына з антысавецкай эміграцыяй і заходнімі актывістамі Халодной вайны асьветлены ў ягоных мэмуарах «Патрапіла зярнятка паміж двух жорнаў».

Ягонае дасьледваньне гісторыі ўзаемінаў габрэйскага і расейскага народаў у кнізе «Дзьвесьці год разам» выклікала актыўную крытыку як з боку многіх габрэйскіх публіцыстаў, так і нацыяналістычнай прэсы. Так, напрыклад, прыхільнік лібэральных поглядаў Уладзімер Вайновіч сказаў: «Кніга Салжаніцына „Дзьвесьце год разам“ — доўгая, сумная і хлусьлівая».[48]

Аблічча Салжаніцына падвергнутае і сатырычнаму выяўленьню ў мастацкіх творах, напрыклад, у рамане Ўладзімера Вайновіча «Масква 2042»[49] і ў паэме Юрыя Кузьняцова «Шлях Хрыста».

Пры ўсёй павазе да Салжаніцына, трэба адзначыць ягоныя шавіністычныя погляды адносна Беларусі і Ўкраіны. У працы пад назвай «Як нам уладкаваць Расею» ён прапаноўваў стварэньне адзінае расейскае дзяржавы, куды неабходна было б уключыць і гэтыя дзьве краіны, такім чынам адмаўляючы іхнюю незалежнасьць.[50]

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры 1970 году «за маральную моц, зь якой ён кіраваўся няўхільным традыцыям расейскай літаратуры»[51] (прапанавана Франсуа Марыякам).

Ляўрэат Вялікага залатога мэдалю імя М. В. Ламаносава Расейскай Акадэміі навук — за выбітны ўнёсак у разьвіцьцё расейскай літаратуры, расейскай мовы і расейскай гісторыі (1998).

Ляўрэат Вялікай прэміі Францускай Акадэміі маральна-палітычных навук (2000)[52].

Ордэн Сьвятога Саввы 1-й ступені (найвышэйшая ўзнагарода Сэрбскай праваслаўнай царквы; нададзеная 16 лістапада 2004 году).

Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Расейскай Фэдэрацыі 2006 году за выбітныя дасягненьні ў галіне гуманітарнай дзейнасьці[53].

Ляўрэат прэміі Фонду «Жыўка і Міліца Тапалавіч» (Сэрбія) 2007 году (нададзеная 7 сакавіка 2008 г.): «выбітному пісьменьніку й гуманісту, чыя хрысьціянская праўдзівасьць дорыць нам адвагу й суцяшэньне».

  1. ^ https://web.archive.org/web/20080809023835/http://en.rian.ru/culture/20080804/115673613.html
  2. ^ а б Pas L. v. Genealogics (анг.) — 2003.
  3. ^ Solženicyn, Aleksandr Isaevič // CONOR.SI
  4. ^ У некаторых дакумэнтах 1930-х гадоў ягонае імя па бацьку пазначанае як «Ісаакавіч», напрыклад, у выпускным атэстаце, у іншых, як у пашпарце, выдадзеным у 1934 годзе з памылкай пашпартысткі, і ў заяве ва ўнівэрсытэт, напісанай на падставе пашпартных дадзеных, — як «Ісаевіч» (абодва гэтыя дакумэнты надрукаваныя ў часопісе «Студенческий меридиан», 1990, № 7, цыт. паводле: Ю. Р. Федоровский. Ода диссиденству, или стукач у дураков. (рас.)
  5. ^ «Наша Ніва». Бацькі Аляксандра Салжаніцына вянчаліся ў Беларусі.(недаступная спасылка)
  6. ^ Эвакуяваная туды 3-я Ленінградзкая артылерыйская вучэльня.
  7. ^ А. Салжаніцын. Желябугские Выселки. Двучастный рассказ. // Новый мир, 1993, № 3.
  8. ^ Акружэньне батарэі ва Ўсходняй Прусыі (між Адліг Швэнкітэн і Дытрыхсдорф) і выхад зь яго 26 студзеня 1945 году, за які Салжаніцын быў прадстаўлены да Ордэну Чырвонай Зоркі, апісаныя ў: А. Солженицын. Адліг Швэнкітэн. Односуточная повесть. // Новый мир, 1993, № 3.
  9. ^ Экспэртная выснова да паседжаньня канстытуцыйнага суду РФ 26 траўня 1992 г.
  10. ^ Салжаніцын абвяргае ўсе такія абвінавачаньні: «Поцемнікі сьвятла не шукаюць». http://www.rusk.ru/st.php?idar=310414 (рас.)
  11. ^ Выява: Донос Ветрова
  12. ^ Ф. Арнау. «Ветров, он же — Солженицын», Военно-исторический журнал, № 12, 1990 (рас.)
  13. ^ Салжаніцын А. Архипелаг ГУЛАГ, т. 2 — М.: Центр «Новый мир» — 1990, с. 243. (рас.)
  14. ^ Па нараду 9-е ўправы МГБ ад 27 сьнежня 1952 № 9/2-41731.
  15. ^ Пасьведчаньне пра рэабілітацыю № 4н-083/57.
  16. ^ «Гэтая п’еса — самае няўдалае з усяго, што я напісаў» («Бадалася цялё з дубам. Нарысы літаратурнага жыцьця». YMCA-PRESS, Paris, 1975, с. 18)
  17. ^ Назва станцыі выпадкова супала з прозьвішчам тагачаснага галоўнага рэдактара часопісу «Октябрь» Кочатава, зь якім «Новы сьвет» вёў прынцыповыя літаратурныя і сьветапоглядныя спрэчкі. Каб не пагаршаць раздражненьне Кочатава, назву станцыі вырашана было зьмяніць на нэўтральную.
  18. ^ Цыт. паводле: Лідзія Чукоўская. Записки об Анне Ахматовой.(недаступная спасылка)
  19. ^ Прэмія па літаратуры за 1964 была прысуджаная Алесю Ганчару за раман «Тронка» і Васілю Міхайлавічу Пяскову за кнігу «Крокі па расе».
  20. ^ «Литературная газэта», 4 ноября 1965 — адзіная газэтная публікацыя Салжаніцына ў СССР.
  21. ^ Чыкага, Russian Language Specialties (Russian Study Series, # 54)
  22. ^ «Solshenizyn Alexander. …Den Oka-Fluss entiang. Funfzehn Kurzgeschijhten und eine Erzahlung», у перакладзе Мары Хольбэк
  23. ^ «Наша Ніва». Аляксандар Салжаніцын і Беларусь.(недаступная спасылка)
  24. ^ Aikman, David. Great Souls: Six Who Changed a Century, p.172-3. Lexington Books, 2003, ISBN 0-7391-0438-1.
  25. ^ Аляксандар Салжаніцын. «Великопостное письмо» Патриарху Пимену. Крестопоклонная неделя 1972 г. (рас.)
  26. ^ https://web.archive.org/web/20110605225158/http://www.1tv.ru/owa/win/ort6_main.print_version?p_news_title_id=79048
  27. ^ http://wikimapia.org/#lat=55.7835599&lon=37.4002719&z=17&l=1&m=a&v=2
  28. ^ http://www.ng.ru/events/2006-02-06/7_moscow.html (рас.)
  29. ^ http://www.vmdaily.ru/article.php?aid=34437 (рас.)
  30. ^ http://www.kommersant.ru/doc.aspx?DocsID=667392 (рас.)
  31. ^ Кацярына Дзёгаць. Солженицын не принял награды. — Коммерсант-daily, 15.12.1998. — № 233 (рас.)
  32. ^ NewsRu.com: Скончался Александр Солженицын (рас.)
  33. ^ Інтэрфакс: У Маскве сканаў Аляксандар Салжаніцын (рас.)
  34. ^ За Аляксандрам Салжаніцыным перегарнулі бачыну — «Коммерсантъ» № 137(3954) ад 06 жніўня 2008 (рас.)
  35. ^ ОДА ДИССИДЕНТСТВУ, ИЛИ СТУКАЧ У ДУРАКОВ
  36. ^ https://web.archive.org/web/20080919135422/http://cn.com.ua/N257/archive/archive.html
  37. ^ «Потёмщики сьвета не ищут» (рас.)
  38. ^ http://www.lib.ru/POLITOLOG/yakowlewnn.txt (рас.)
  39. ^ Уладзімер Бушын. «Неизвестный Солженицын». Алгоритм, 2006 г. ISBN 5-9265-0228-4
  40. ^ Салжаніцын А. Архипелаг ГУЛАГ. Т. 3 — М.: Центр Новый мир — 1990. С. 36. ISBN 5-85060-008-X
  41. ^ Гулаг: архівы супраць хлусьні Якія маштабы сталінскіх рэпрэсыяў
  42. ^ Ігарь Пыхалаў_ Якія маштабы сталінскіх рэпрэсыяў)
  43. ^ В. Н. Земсков. ГУЛАГ (историко-социологический аспект) (рас.)
  44. ^ ГУЛАГ: АРХИВЫ ПРОТИВ ЛЖИ (рас.)
  45. ^ Дзюкаў А. Р. Госпремия для ревизиониста (рас.)
  46. ^ Дзюкаў А. Р. Літасьць да загінулых: савецкія рэпрэсыі супраць нацысцкіх памагатых // Великая оболганная война-2. Нам не за что каяться! — М.: Яуза, Эксмо, 2008. — 432 с: ил. — (Война и мы). ISBN 978-5-699-25622-8, с. 98-141 (рас.)
  47. ^ http://beserikov.chat.ru/Samutin.htm (рас.)
  48. ^ Уладзімер Вайновіч: «Солженицын недостаточно умный человек» — зь інтэрвію Ўладзімера Нузава ў «Русский базар» 02-03-2004 (рас.)
  49. ^ Майкл Нікалсан. Солженицын на мифотворческом фоне (рас.)
  50. ^ Юры Хашчавацкі: «Ён, уласна кажучы, стаў у апошнія гады базісам для новай хвалі рускага шавінізму.»
  51. ^ …for the ethical force with which he has pursued the indispensable traditions of Russian literature (анг.)
  52. ^ Прамова Алена Безансона падчас уганараваньня прэміяй гл.: Русская мысль, № 4346, 21 сьнежня 2000.
  53. ^ Загад Прэзыдэнта РФ ад 05.06.2007 № 699 «О присуждении Государственной премии Российской Федерации в области гуманитарной деятельности 2006 года» (рас.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Біяграфіі, артыкулы пра Салжаніцына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларускія пераклады і ўспрыманні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]