Наўгародзкая рэспубліка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Наўгародзкая рэспубліка
Новгородская земьля
Coin of Yaroslav the Wise (reverse).svg
1136—1478 Blank.png
 
Coat of arms of Russia (XV Century).svg
Сьцяг Наўгародзкай рэспублікі Герб Наўгародзкай рэспублікі
(Сьцяг) (Герб)
Месцазнаходжаньне Наўгародзкай рэспублікі

Наўгародзкая рэспубліка ў 1400 годзе

Сталіца Ноўгарад
Форма кіраваньня зьмяшаны
Канфэсійны склад Праваслаўе

Наўгародзкая рэспубліка — дзяржава на паўночным захадзе і поўначы сучаснай Расеі ў 11361478. Галоўны горад — Ноўгарад.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Наўгародзкая рэспубліка актыўна калянізавала землі на поўнач і ўсход да Паўночнага Ледавітага акіяна і Ўрала (Югру, Вятку, Перм і г. д.). Да Болатаўскага дагавору (1348) яна намінальна ўключала таксама тэрыторыю Пскоўскай фэадальнай рэспублікі. Органы кіраваньня — баярская рада, веча, якое выбірала япіскапа (затым архіяпіскапа), пасадніка, тысяцкага. Князі запрашаліся па дагаворы зь вечам і былі галоўным чынам ваеначальнікамі. Разьвітая сыстэма мясцовага самакіраваньня існавала таксама ў іншых гарадзкіх цэнтрах. З усіх рускіх земляў Наўгародзкая рэспубліка падтрымлівала найбольш цесныя гандлёвыя і культурныя кантакты з Заходняй Эўропай (у тым ліку з Ганзай, якая трымала ў Ноўгарадзе буйную факторыю) і была самай эканамічна і культурна разьвітай часткай Русі. Адносна шырока была распаўсюджана пісьменнасьць, існавалі багатыя традыцыі летапісаньня (наўгародзкія летапісы зьмяшчаюць шмат каштоўных зьвестак па гісторыі ВКЛ); у канцы XV стагодзьдзя пачала пранікаць эўрапейская вучонасьць, зьявіліся першыя на Русі ерасі, паўставалі навуковыя гурткі.

Развіцьцё Наўгародзкай рэспублікі адбывалася ва ўмовах сталай агрэсіі з боку суседзяў: за сваю гісторыю яна 26 разоў ваявала са Швэцыяй і 11 разоў зь Лівонскім Ордэнам. Часта яе саюзьнікам у барацьбе зь імі выступала Полацкае княства. За першую палову XIII стагодзьдзя Наўгародзкая рэспубліка адбіла каля 15 літоўскіх «набегаў»; пасьля буйнога паражэньня літоўцаў у 1245 з ВКЛ усталяваліся параўнаўча мірныя адносіны. З 1330-х гадоў ВКЛ імкнулася ўсталяваць сюзэрэнітэт над Наўгародзкай рэспублікай (глядзі Нарымонт), што выклікала процідзеяньне Маскоўскага Вялікага княства. Гэта дазваляла Наўгародзкай рэспубліцы лавіраваць паміж гэтымі двума буйнымі дзяржавамі і працяглы час захоўваць незалежнасьць. Служылымі князямі часта запрашаліся князі з ВКЛ (Лугвен, Нарымонтавічы і іншыя), якім традыцыйна прадастаўляліся для «кармленьня» Ладага, Арэшак, Карэла, Капор’е. Паралельна з гэтай існавала «маскоўская сыстэма кармленьняў», куды запрашаліся служылыя князі з тэрыторый, падкантрольных Маскве. І Масква, і Літва актыўна ўмешваліся ў барацьбу наўгародзкіх «партый», падтрымліваючы сваіх прыхільнікаў ваеннай сілай (напрыклад, Альгерд у 1345).

На працягу ўсяго свайго княжаньня Вітаўт пры падтрымцы Ягайлы імкнуўся ўсталяваць кантроль над Ноўгарадам і Псковам. Яшчэ ў 1389 Лугвен склаў васальную прысягу Ягайлу як сюзэрэну Наўгародзкай рэспублікі (што трымалася ў тайне ад саміх наўгародцаў). Паводле ўмоў Салінскай дамовы (1398) і Рацёнскай дамовы (1404) прадугледжвалася садзейнічаньне Лівонскага Ордэна ў далучэньні Наўгародзкай рэспублікі да ВКЛ; у другой палове 1410-х папы Ян XXIII і Марцін V выдалі некалькі булаў, прызначаючы Вітаўта і Ягайлу генэральнымі вікарыямі Ноўгарада і Пскова, але ім удалося захаваць самастойнасьць. На працягу, прынамсі, двух наступных стагодзьдзяў перакананьне, што Ягайла і Вітаўт «валодалі» Ноўгарадам, было хаця і неабгрунтаваным, але дастаткова распаўсюджаным у Літве і Польшчы і доўгі час служыла падставай для прэтэнзій на «вяртаньне» Ноўгарада ў склад ВКЛ. Спрабуючы захапіць Ноўгарад, Вітаўт вёў супраць яго войны (асабліва маштабную ў 1428), якія не прынеслі рэальных вынікаў.

Найбольшы росквіт эканомікі і культуры дасягнуты пры архіяпіскапе Яўфіміі II (1429—1458), пасьлядоўным прыхільніку незалежнасьці. На працягу XV стагодзьдзя Наўгародзкае архіяпіскапства падпарадкоўвалася Ўладзімерскай (фактычна — Маскоўскай) мітраполіі толькі фармальна і мела цесныя кантакты з Кіеўскай (фактычна — Наваградзкай) мітраполіяй. Архіяпіскапы, юрысдыкцыя якіх пашыралася і на Пскоў, дэманстратыўна ўхіляліся ад удзелу ў царкоўных саборах у Маскве; у той жа час, прадстаўнікі Ноўгарада ўваходзілі ў дэлегацыю мітрапаліта Цамблака на Канстанцкі сабор 14141418. Аднак пасьля Яжэлбіцкага міра з Масквой (1456) ступень незалежнасьці Наўгародзкай фэадальнай рэспублікі ў правядзеньні зьнешняй палітыкі была значна абмежаваная. Пасьля сьмерці архіяпіскапа Ёны ў 1470, адчуваючы непазьбежнасьць страты незалежнасьці, кіруючыя колы Наўгародзкай рэспублікі схіляліся да збліжэньня з ВКЛ. Яны запрасілі да сябе з ВКЛ кіеўскага князя Міхаіла Алелькавіча, зьбіраліся зацьвердзіць свайго новага архіяпіскапа ў кіеўскага мітрапаліта Грыгорыя Балгарына і былі гатовыя прызнаць Казіміра ІV сваім сюзэрэнам. На гэтыя «лацінскія» сымпатыі Вялікага Ноўгарада, а галоўнае, на імкненьне пралітоўскай партыі захаваць наўгародзкую «даўніну», Масква адказала карнай выправай, у выніку якой Ноўгарад быў змушаны падпісаць Карастынскі мір (11 жніўня 1471). Канчаткова незалежнасьць Наўгародзкай рэспублікі была ліквідаваная вялікім князем маскоўскім Іванам ІІІ у 1478.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Розов Н. Н. Повесть о новгородском белом клобуке (идейное содержание, время и место составления) // Учёные записки ЛГУ. Сер. филолог. наук. Вып. 20, № 173. Л., 1954
  • Лихачёв Д. С. Новгород Великий. Очерк истории культуры Новгорода XІ—XVІІ вв. М., 1959
  • Бернадский В. Н. Новгород и Новгородская земля в XV в. М. — Л., 1961
  • Янин В. Л. Новгородские посадники. Л., 1962
  • Янин В. Л. Новгородская феодальная вотчина (историко-генеалогическое исследование). М., 1981
  • Konieczny F. Jerzy Semionowicz Ostrogski w Nowgorodzie w 1459 / 59 // Ateneum Wilenskie. T. III. 1925
  • Krupa K. Ksiâ!eta litewscy w Nowogrodzie Wielkim do 1430 r. // Kwartalnik historyczny. R. C. 1993. № 1.

Крыніца: Алесь Белы для ЭГБ