Перайсьці да зьместу

Волга

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рака
Волга
Агульныя зьвесткі
Выток Валдайскае ўзвышша
Вусьце Касьпійскае мора, Кама і Астрахань
Краіны басэйну Расея, Казахстан
Вобласьці Цьвярская вобласьць, Маскоўская вобласьць, Яраслаўская вобласьць, Кастрамская вобласьць, Іванаўская вобласьць, Ніжагародзкая вобласьць, Марый Эл, Чувашыя, Татарстан, Ульянаўская вобласьць, Самарская вобласьць, Саратаўская вобласьць, Валгаградзкая вобласьць, Астраханская вобласьць і Калмыкія
Даўжыня 3692 км
Плошча басэйну 1 360 000 км²[1]
Месцазнаходжаньне
Волга на мапе

Во́лга — рака ў эўрапейскай частцы Расеі, адна з найбуйнейшых рэк на Зямлі і самая вялікая ў Эўропе. Невялікая частка дэльты Волгі, па-за асноўным рэчышчам ракі, знаходзіцца на тэрыторыі Казахстану.

Паходжаньне назвы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У антычных аўтараў першых стагодзьдзяў н. э. (Кляўдыюс Пталемэй і Аміян Марцэлін) Волга звалася Ра (ср. па-эрзянску: Рав). У сярэдневеччы вядомая пад назовам Ітыль (па-татарску: Ідэл, Idel). Па адной з вэрсіяў сучасны назоў Волга набыла па фіна-вугорскаму слову valkea, якое мела значэньне сьветлы, белы; па іншай — пайшла ад назову Булга, зьвязанаму з пражывалымі на яе берагах волскімі булгарамі.

Даўжыня 3530 км (да пабудовы вадасховішчаў 3690 км). Плошча басейна — 1360 тыс. км².

Геаграфічныя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Волга бярэ пачатак на Валдайскім узвышшы (на вышыні 229 м), упадае ў Касьпійскае мора. Вусьце ляжыць на 28 м ніжэй за узровень мора. Агульнае падзеньне — 256 м. Волга — найбуйнейшая ў сьвеце рака ўнутранага сьцёку, то бок не ўпадае ў сусьветны акіян.

Рачная сыстэма басэйну Волгі ўключае 151 тыс. вадацёкаў агульнай працягласьцю 574 тыс. км. Волга прыймае блізка 200 прытокаў. Левыя прытокі болей шматлікія і шматводныя за правыя. Пасьля Камышына значных прытокаў няма.

Басэйн Волгі займае блізка 1/3 Эўрапейскай тэрыторыі Расеі ды распрасьціраецца ад Валдайскага ды Сярэднерускага ўзвышшаў на захадзе да Ўралу на ўсходзе. Волгу прынята падзяляць на 3 часткі: верхняя Волга — ад вытоку да вусьця Акі, сярэдняя Волга — ад упадзеньня Акі да вусьця Камы ды ніжняя Волга — ад упадзеньня Камы да вусьця.

Існуюць меркаваньні, што першая згадка пра Волгу сустракаецца ў працах старажытнагрэцкага гісторыка Герадоту ў V стагодзьдзі да н. э. У апавяданьні пра паход пэрсыдзкага шага Дарыя I на скіфаў. Герадот паведамляе, што Дарый, перасьледуючы скіфаў за раку Танаіс, які ён сучасным Донам, спыніўся на рацэ Оар[2], якая верагодна і ёсьць Волгай, на зважаючы на тое, што той жа Герадот сьведчыў, што Оар ўпадае ў Мэатыду, то бок у Азоўскае мора.

Першымі людзьмі на Верхняй Волзе былі марыйцы і іхная заходняя этнічная група вядомая як мера, якія прыйшлі ў гэтую вобласьць каля I—III стагодзьдзя. З VIII і IX стагодзьдзяў з тэрыторыі Кіеўскай Русі пачалася славянская экспансія і калянізацыя гэтых земляў. Славяне прынесьлі хрысьціянства, якое прынялі некаторыя мясцовыя жыхары, асымілявалі і паступова пачалі лічыць сябе ўсходнімі славянамі. Астатнія марыйцы мігравалі на захад у глыб краіны. На працягу некалькіх стагодзьдзяў яны асымілявалі карэннае фінскае насельніцтва. Ацалелыя народы этнічных прыволскіх фінаў ўключаюць марыйцаў і мардву на тэрыторыях Сярэдняе Волгі. Акрамя таго, разам з гунамі, у VII стагодзьдзі сюды прыйшлі цюркскія плямёны і асымілявалі некаторыя групы фінскага і індаэўрапейскага насельніцтва на Сярэдняй і Ніжняй Волзе. На сёньня хрысьціяне-чувашы і мусульманы-татары ёсьць нашчадкамі насельніцтва сярэднявечнай Паволскай Булгарыі. Іншая цюркская група, нагаі, раней насяляла стэпы Ніжняга Паволжа.

Сьцяпан Разін выкідае пэрсыдзкую прынцэсу ў Волгу.

Геаграфічнае становішча Волгі і ейных прытокаў прывяло да ўзьнікненьня волскага гандлёвага шляху. Праз Валгадонск працягвалі чоўны, ажыцьцяўляючы такім чынам сувязь з Донам, а таксама Азоўскім і Чорным морамі. З Арабскага халіфату вывозіліся тканіны, мэталы, зь земляў, якія былі заселеныя славянамі, эспартавалася зброя, футра, воск і мёд. У IX—X стагодзьдзях у гандлі значную ролю гулялі такія цэнтры, як хазарскі Ітыль у вусьце ракі, а таксама булгарскі Булгар на Сярэдняй Волзе, а таксама славянскія гарады Растоў, Суздаль, Мурам, якія месьціліся ў Верхнім Паволжы. Вялікую магутнасьць атрымала Хазарыя, якая кантралявала ніжнія вучасткі ракі. Такія гарады Паволжжа, як Ітыль, Саксін і Сарай былі аднымі з найбуйнейшых у сярэднявечным сьвеце. Рака служыла важным гандлёвым шляхам, які злучаў Скандынавію, фіна-вугорскія раёны з рознымі славянскімі і цюркскімі плямёнамі, Волскую Булгарыю, Хазарыю, Пэрсію і арабскі сьвет.

Савецкія маракі робяць высадку на Волзе падчас бітвы за Сталінград.

Пасьля паходу князя Сьвятаслава ў 965 годзе на Волгу і разгрому шэрагу хазарскіх гарадоў, значэньне волскага гандлёвага шляху прыпала, а шматлікія старажытныя гандлёвыя гарады прыйшлі ў заняпад. Пачынаючы з XI стагодзьдзя большая частка міжнароднага гандлю ўсходне-славянскіх земляў праходзіла па Дняпроўскім гандлёвым шляху, чаму спрыяла палітыка, арыентаваная на гандлёвыя і рэлігійныя сувязі зь Бізантыяй. У гэты пэрыяд волскі гандаль моцна паслабеў, а ў XIII стагодзьдзі мангола-татарскае нашэсьце канчаткова парушыла гаспадарчыя сувязі, акрамя басэйну Верхняе Волгі, дзе актыўную ролю адыгрывалі Ноўгарад, Цьвер і гарады Ўладзімера-Суздальскага княства. З XV стагодзьдзя значэньне гандлёвага шляху аднавілася, што прывяло да росту ролі такіх цэнтраў, як то Казань, Ніжні Ноўгарад і Астрахань. Скарэньне Іванам Жахлівым у сярэдзіне XVI стагодзьдзя Казанскага і Астраханскага ханстваў прывяло да аб’яднаньня ўсёй паволскай рачной сыстэмы ў руках Масковіі, што спрыяла росквіту волскага гандлю ў XVII стагодзьдзі.

У XVIII стагодзьдзі асноўныя гандлёвыя шляхі перамясьціліся на Захад, а эканамічнае разьвіцьцё Ніжняй Волгі стрымлівалася слабой населеннасьцю і набегамі качоўнiкаў. Басэйн Волгі ў XVII—XVIII стагодзьдзях зьяўляўся асноўным раёнам дзеяньняў паўсталых казакоў і сялянаў пад кіраўніцтвам Сьцяпана Разіна і Емяльяна Пугачова. З мэтай разьвіцьця рэгіёну расейская імпэратарка Кацярына II у 1763 годзе выступіла з маніфэстам, у якім запрасіла ўсіх замежнікаў прыехаць і засяліць рэгіён, прапаноўваючы ім шматлікія стымулы для гэтага. Збольшага гэта было зроблена для разьвіцьця рэгіёну, але і для стварэньня ахоўнай зоны паміж расейцамі і мангольскімі ордамі на ўсходзе. Найбольшая цікавасьць да рэгіёну зьявілася ў немцаў, якія ў вялікая колькасьці засялілі рэгіён.

Падчас грамадзянскай вайны ў Расеі абодва бакі канфлікту мелі баявыя караблі на Волзе. У 1918 годзе флятылія Чырвонай Волгі выціснула белых на ўсход, ад Казані да Камы і ў рэшце рэшт да Уфы. Аднаўленьне кантролю бальшавікоў над Волгай лічыцца важным пераломным момантам Грамадзянскай вайны, бо кантроль над Волгай забясьпечваў доступ да хлебных рэсурсаў і бакінскай нафты. Важную ролю ў Грамадзянскай вайне адгуляла абарона Цацырына, у якой удзел прымаў Ёсіф Сталін, што і паслужыла падставай для далейшага перайменаваньня гораду ў Сталінград. У гады сацыялістычнага будаўніцтва ў сувязі з індустрыялізацыяй ўсёй краіны значэньне Волскага шляху ўзрасло. З канца 1930-х гадоў Волгу пачалі выкарыстоўваць як крыніцу атрыманнья гідраэлектраэнэргіі. У пэрыяд Другой сусьветнай вайны на рацэ адбыліся пераломныя і найбольш крывавыя Ржэўская і Сталінградзкая бітвы.

  1. ^ http://water-rf.ru/Водные_объекты/80/Волга
  2. ^ Геродот. История (IV, 123—124). Доватур А. И., Каллистов Д. П., Шишова И. А. «Народы нашей страны в "Истории" Геродота» (рус.). — М.: Наука, 1982. — С. 149.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Волгасховішча мультымэдыйных матэрыялаў