Пружанскі раён
Пружанскі раён | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Статус | раён Беларусі |
Уваходзіць у | Берасьцейская вобласьць |
Адміністрацыйны цэнтар | Пружаны |
Дата ўтварэньня | 15 студзеня 1940 |
Кіраўнік | Юры Бісун[d][1] |
Насельніцтва (2018) | 46 864 чалавекі[2] |
Шчыльнасьць | 16,5 чал./км² |
Нацыянальны склад | |
Плошча | 2834[3] км² |
Вышыня па-над узр. м. · сярэдняя вышыня | 151 м[4] |
Месцазнаходжаньне Пружанскага раёну | |
Мэдыя-зьвесткі | |
Часавы пас | UTC+3 |
Афіцыйны сайт | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Пружа́нскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўночным захадзе Берасьцейскай вобласьці Беларусі. Мяжуе з Камянецкім, Бярозаўскім, Івацэвіцкім і Кобрынскім раёнамі Берасьцейскай вобласьці, Слонімскім, Зэльвенскім, Ваўкавыскім, Сьвіслацкім раёнамі Гарадзенскай вобласьці, а таксама з Рэспублікай Польшчай.
У складзе раёну 245 населеных пунктаў, у тым ліку места Пружаны, пасёлкі гарадзкога тыпу — Ружаны і Шарашоў. Тэрыторыя адміністрацыйна падзеленая на 12 сельскіх саветаў.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раён знаходзіцца на паўночным захадзе Берасьцейскай вобласьці. Мяжуе з Камянецкім раёнам на паўднёвым захадзе, Кобрынскім раёнам на поўдні, Бярозаўскім ды Івацэвіцкім раёнамі на ўсходзе (усе — Берасьцейская вобласьць), Ваўкавыскім, Зэльвенскім, Слонімскім ды Сьвіслацкім раёнамі Гарадзенскай вобласьці на поўначы, а таксама з Рэспублікай Польшчай на паўночным захадзе.
Плошча раёну складае 2834 км², у тым ліку на сяльгасугодзьдзі даводзіцца 1316 км². Большая частка тэрыторыі раёну знаходзіцца ў межах Прыбужанскай раўніны. 80% тэрыторыі разьмешчаная на вышыні 150—170 м над узроўнем мора. Найвышэйшы пункт раёну — 202 м (за 6 км на паўночны ўсход ад Ружанаў), найніжэйшы — 142 м (канал ракі Мухавец)[5].
Асноўныя рэкі — Ясельда, Зальвянка, Ружанка, Левая Лясная, Нараўка, Мухавец, Каменка, Вінец. Агулам па тэрыторыі раёну працякае 19 рэкаў працягласьцю 262 км 22 возеры і вадасховішчы: Паперня, Гута, Залесьсе, Стаі, Пружанскае, Рудніцкае і іншыя.
У заходняй частцы Пружанскага раёну пачынаецца нацыянальны парк Белавеская пушча. На тэрыторыі раёну месьцяцца таксама заказьнікі рэспубліканскага значэньня — «Ружанская пушча» і «Буслаўка», мясцовага значэньня — «Выдранка» ды «Зяльвянка». Помнікі прыроды мясцовага значэньня: «Ліноўскі піхтарнік», «Парк Блізная», «Парк Віднае», «Пружанскі парк», «Сквэр Рэкуця», «Гарадзечанскія хвоі», «Напалеонаўскі дуб», «Зеляневіцкія лістоўніцы»[5].
Карысныя выкапні — торф, гліна.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Як сьцьвярджаюць археолягі, землі Пружанскага раёну пачалі засяляцца блізу 8—9 тысячаў гадоў таму. Першыя паселішчы, што паўсталі ўздоўж берагоў Ясельды і Мухаўца, далі пачатак будучым вёскам Носкі, Харава, Труханавічы, Смаляніца, Руднікі. Зьмяшчаючыся на адлегласьці 3—5 кілямэтраў адна ад аднае, гэтыя паселішчы нібы пунктырна пазначаюць найстаражытнейшы і найкарацейшы шлях «з варагаў у грэкі», які зьвязвае цераз рэкі Нараў і Ясельду Прыбалтыку ды Прычарнамор’е. Пазьней гэты шлях страціў значэньне праз забалочваньне міжрэчча і ўтварэньне балотнага масіву Дзікае. У гэты ж час існаваў і іншы шлях у Балтыйскі басэйн — па рэках Ружанка, Зальвянка і Нёман. Балтыйскія плямёны рухаліся ўверх па далінах гэтых рэк і паступова засялялі ўсю сучасную тэрыторыю Пружаншчыны, асымілюючыся зь індаэўрапейскімі плямёнамі, якія пасяліліся тут раней.
У VIII—X стагодзьдзях усю тэрыторыю Берасьцейшчыны засялялі дрыгавічы. Найбольш старажытныя іх помнікі — курганныя могільнікі з пахавальным абрадам трупаспаленьня, з канца X стагодзьдзя — з пахавальным абрадам трупапалажэньня на гарызонце або ў падкурганнай яме, часам на попельна-вугальнай падсыпцы. Самы раньні курганны могільнік Берасьцейшчыны, які датуецца не пазьней за VIII стагодзьдзе, вядомы яшчэ з канца XIX стагодзьдзя ва ўрочышчы Пель за 1,1 км на паўднёвы захад ад вёскі Бярэзьніца Пружанскага раёну.
Пераход ад першабытнаабшчыннага ладу да фэадалізму ў плямён, якія засялялі тэрыторыю Беларусі, адбываўся ў VI—IX стагодзьдзях. Пачала разьвівацца папарная сыстэма земляробства, хатнія рамёствы паступова ўтваралі асобную галіну рамеснай вытворчасьці — апрацоўку жалеза, каляровых мяталаў, наладжваліся зьнешнія сувязі.
У канцы 1 тысячагодзьдзя на тэрыторыі расьсяленьня дрыгавічоў склалася Тураўскае княства, у якое ўвайшла ўся тэрыторыя сучаснай Берасьцейскай вобласьці. Першы верагодны князь — Сьвятаполк Уладзімеравіч (Акаянны), загінуў у барацьбе за вялікакняскую ўладу. Пасьля ягонай сьмерці ў 1019 годзе Яраслаў Мудры ўключыў княства ў склад Кіеўскай Русі.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За часамі сярэднявечча Пружаншчына апынулася на скрыжаваньні істотных гандлёвых і вайскова-транспартных шляхоў між Заходняй Эўропай і Масковіяй, а таксама Прыбалтыкай і Ўкраінай.
Першыя гістарычныя зьвесткі пра Прушанскую воласьць адносяцца да 1433 году. Пад 1563 годам у «Рэвізіі Кобрынскай эканоміі праз каралеўскага рэвізора Дзьмітрыя Сапегу» згадваецца эканамічны абшар, які ўлучаў эканомію мястэчка Дабучын (Пружаны). На той час Дабучынская воласьць складалася зь дзьвюх частак: абшара двара Дабучынскага і абшара двара Блудзенскага[6].
Захавалася мноства гістарычных дакумэнтаў, курганаў, помнікаў, вядомых і безыменных пахаваньняў, якія сьведчаць пра тагачасныя вайсковыя канфлікты: войны Рэчы Паспалітай з Расеяй 1654—1667 гадоў і Паўночная (1700—1721), напалеонаўскае нашэсьце 1812 году, Першую і Другую сусьветныя войны.
Адзін зь першых беларускіх летапісаў XVI стагодзьдзя «Хроніка Быхаўца» быў знойдзены ў вёсцы Магілёўцы.
Расейская імпэрыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пра бітву часоў 1812 году між расейскім і напалеонаўскімі войскамі нагадвае адноўленая каплічка каля вёскі Паддубна.
Не абмінулі Пружаншчыну і падзеі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў. Актыўна дзейнічаў на Кобрыншчыне паўстанцкі атрад, сфармаваны ў родавым маёнтку кіраўніка паўстаньня Тытуса Пуслоўскага — Плянта. У атрадзе Антона Бронскага на Ружаншчыне прымалі актыўны ўдзел і мясцовыя сяляне[7].
У 1846—1848 гадах Пружанскі павет стаў месцам, дзе разгарнуўся антыалькагольны рух сялянаў. Неўзабаве ён перакінуўся на іншыя паветы Беларусі й Расеі як форма пратэсту супраць увядзеньня манаполіі памешчыкаў на прыгатаваньне і продаж алькаголю.
Паўстаньне 1863 году
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падзеі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў супраць царызму пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага мелі шырокую падтрымку значнае часткі шляхты, жыхароў гораду і мястэчак, сялянаў-аднадворцаў, каталіцкага духавенства. З дасягненьняў паўстанцаў — захоп гораду Пружаны ў ноч з 12 на 13 лютага 1863, напад дзеля пакараньня здраднікаў і даносчыкаў на мястэчка Шарашова ў жніўні 1863, баі ля вёсак Міхалін, Гута, Ласасін ды іншых.
Першая сусьветная вайна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Увосені 1915 году Пружанскі павет акупавалі аўстрыйскія войскі. Да гэтага дзясяткі тысячаў жыхароў Пружаншчыны зьехалі ў глыб Расейскай імпэрыі. Кайзэраўская акупацыя працягвалася да сканчэньня вайны; у 1919—1921 гадох тэрыторыя раёну пераходзіла пад уладу то бальшавікоў, то палякаў.
Другая Рэч Паспалітая
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]18 сакавіка 1921 паводле ўмоваў Рыскай мірнай дамовы тэрыторыя раёну ўвайшла ў склад Польскай рэспублікі.
Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Самастойнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР раён стаў 15 студзеня 1940. На тэрыторыі Пружаншчыны былі ўтвораны таксама Шарашоўскі і Ружанскі раёны.
У гады нямецкай акупацыі на Пружаншчыне дзейнічаў падпольны антыфашысцкі камітэт, а з 1943 году — падпольныя райкамы камуністычнае партыі і камсамолу.
17 сьнежня 1956 тэрыторыя Шарашоўскага раёну ўвайшла ў склад Пружанскага раёну. 14 красавіка 1960 з Пружанскага ў Бярозаўскі раён перададзеная тэрыторыя Малецкага і Падкрайчаўскага сельсаветаў. 25 сьнежня 1962 да Пружанскага раёну далучаная большая частка Ружанскага раёну.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раён знаходзіцца на мяжы Заходнепалескага (дзе пераважае славянская тапаніміка) і Цэнтральнабеларускага (суіснуе славяна-балцкая тапаніміка) тапанімічных рэгіёнаў.
Сучасныя гісторыкі сьцьвярджаюць, што поўнач Пружаншчыны засялялася пераважна балтамі. Этнографы мяжы XIX—XX стагодзьдзяў адзначалі, што насельніцтва, якое жыло на поўнач ад лініі, утворанай вярхоўямі Нарава і Ясельды — Белавеская пушча — Пружана — Бяроза — рэкі Шчара, Бобрык — Лунінец, называла паўднёвых суседзяў палешукамі, а тыя, у сваю чаргу, сваіх паўднёвых суседзяў — ліцьвінамі[8].
Падчас «вялікага перасяленьня народаў» гэтыя землі насяліла племя дрыгавічоў. У другой палове XIII ст. з дазволу вялікалітоўскага князя Трайдзеня тут пасяліліся прусы.
- XXI стагодзьдзе: 2009 год — 52 511 чалавек[9] (перапіс); 2016 год — 47 910 чалавек[10]; 2017 год — 47 340 чалавек[11]; 2018 год — 46 864 чал.[2]
Агулам, чалавек |
У тым ліку | Мескае насельніцтва |
Вясковае насельніцтва |
У адсотках | ||
---|---|---|---|---|---|---|
мужчыны | жанчыны | |||||
Усё насельніцтва | 52 511 | 24 404 | 28 107 | 24 074 | 28 437 | 100 |
беларусы | 45 940 | 21 362 | 24 578 | 21 140 | 24 800 | 87,49 |
расейцы | 3378 | 1540 | 1838 | 1661 | 1717 | 6,43 |
украінцы | 1786 | 848 | 938 | 500 | 1286 | 3,4 |
палякі | 972 | 425 | 547 | 554 | 418 | 1,85 |
цыганы | 91 | 38 | 53 | 75 | 16 | 0,17 |
татары | 49 | 24 | 25 | 26 | 23 | 0,09 |
малдаване | 39 | 21 | 18 | 12 | 27 | 0,07 |
армяне | 31 | 17 | 14 | 2 | 29 | 0,06 |
летувісы | 28 | 16 | 12 | 16 | 12 | 0,05 |
узбэкі | 16 | 11 | 5 | 9 | 7 | 0,03 |
немцы | 14 | 14 | — | 3 | 11 | 0,03 |
азэрбайджанцы | 12 | 7 | 5 | 6 | 6 | 0,02 |
чувашы | 9 | 2 | 7 | 3 | 6 | 0,02 |
мардва | 7 | 2 | 5 | 1 | 6 | 0,01 |
удмурты | 6 | 1 | 5 | 2 | 4 | 0,01 |
грэкі | 4 | 3 | 1 | 1 | 3 | < 0,01 |
жыды | 4 | 2 | 2 | 4 | — | < 0,01 |
латышы | 4 | 2 | 2 | 2 | 2 | < 0,01 |
асэтыны | 3 | 2 | 1 | 3 | — | < 0,01 |
башкіры | 3 | 3 | — | 2 | 1 | < 0,01 |
грузіны | 3 | 3 | — | 2 | 1 | < 0,01 |
казахі | 2 | 2 | — | 1 | 1 | < 0,01 |
марыйцы | 2 | 1 | 1 | — | 2 | < 0,01 |
эстонцы | 2 | 2 | — | 1 | 1 | < 0,01 |
баўгары | 1 | 1 | — | — | 1 | < 0,01 |
кітайцы | 1 | — | 1 | 1 | — | < 0,01 |
Национальный состав населения Брестской области (рас.) // Общая численность населения, его состав по возрасту, полу, состоянию в браке, уровню образования, национальностям, языку и источникам средств к существованию. Брестская область. — Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, паводле вынікаў перапісу 2009. |
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прамысловасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прамысловы комплекс раёну складаюць 15 прадпрыемстваў (сярэднесьпісавая колькасьць працаўнікоў 2,7 тысячы чалавек). Вядучыя месцы займаюць ААТ «Пружанскі малочны камбінат», філія Пружанскага райва (райпо) «Камбінат каапэратыўнай прамысловасьці», УП «Ружанская мэблевая фабрыка» і РУП «Пружанскі завод радыёдэталяў», на долю якіх даводзіцца адпаведна 47,7%, 16,4%, 6,9% і 4,9% ад агульнага аб’ёму прамысловай вытворчасьці.
Прадпрыемствы раёну выпускаюць пладовагароднінавыя кансэрвы, цьвёрдыя сыры, жывёльнае масла, цэльнамалочную прадукцыю, кандытарскія і кілбасныя вырабы, крухмал, пладовыя віны, піва, безалькагольныя напоі, будаўнічыя матэрыялы, піламатэрыялы, мэблю, мэблевыя дадаткі, прадукты радыёэлектронікі, ільновалакно, нятканыя матэрыялы і іншыя віды прадукцыі.
Пастаўка лесаматэрыялаў, мэблі, ільну-сырцу, цьвёрдых сыроў і іншых відаў прадукцыі зьдзяйсьняецца ў Расейскую Федэрацыю, Украіну, Нямеччыну, Бэльгію, Францыю, Нідэрлянды[12].
Сельская гаспадарка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Агульная плошча сяльгаснадзелаў 131,2 тысячы гектараў, зь іх асушана 47,6 тысячы гектараў. Сярэдні бал сяльгаснадзелаў па раёне складае 29,4, у тым ліку пашні — 32,1.
Сельскую гаспадарку раёну складаюць 21 калгас, 5 камунальных унітарных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, 3 адкрытыя акцыянэрныя таварыствы, 2 рэспубліканскія ўнітарныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, 27 фэрмэрскіх гаспадарак.
Сялянская гаспадарка спэцыялізуецца пераважна на малочна-мясной жывёлагадоўлі. На 100 га сяльгаснадзелаў даводзіцца 48,6 галавы буйнога рагатага скату, у тым ліку 17,3 каровы.
Узрошчваюцца зерневыя і кармавыя культуры, лён, бульба і цукровыя буракі.
Сярэднегадавая колькасьць працаўнікоў сельскай гаспадаркі складае болей за 6 тысячаў чалавек.
На тэрыторыі раёну працуюць установа адукацыі «Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж», РУП «Берасьцейская дзяржаўная абласная сельскагаспадарчая вопытная станцыя», КУСГП «Берасьцейская абласная праектна-дасьледчая станцыя хімізацыі»[13].
Гандаль
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На тэрыторыі раёну разьмешчаныя 286 гандлёвых прадпрыемстваў, у тым ліку 181 крама Пружанскага райва, 12 крамаў РУГВП «Ваенсервіс г. Пружаны», 14 фірмовых і ведамасных гандлёвых прадпрыемстваў і 72 гандлёвыя аб’екты індывідуальных прадпрымальнікаў. Працуе 51 прадпрыемства грамадзкага харчаваньня[14].
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Цераз раён праходзіць чыгунка Берасьце — Менск — Ворша, а таксама аўтадарогі:
- Р47 Сьвіслач — Поразаў — Пружаны,
- Р85 Слонім — Высокае,
- Р98 Пясчатка — Дзьмітравічы — Клепачы — Лыскаў — Сьвіслач,
- Р101 Пружаны — Бяроза,
- Івацэвічы — Ваўкавыск,
- Кобрынь — Пружаны.
Культура і адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У раёне дзейнічаюць дамы культуры, адзін аўтаклюб, 2 школы народнае творчасьці, 12 народных калектываў, раённая бібліятэка, гарадзкая бібліятэка, 2 гарпасялковыя бібліятэкі, 3 дзіцячыя, 40 сельскіх бібліятэк, 5 сельскіх бібліятэк-клюбаў, музэй, дзіцячы парк, 4 дзіцячыя школы мастацтваў, 2 музычныя школы[15].
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На тэрыторыі раёну знаходзіцца 6 помнікаў археалёгіі, 42 помнікі архітэктуры, 115 помнікаў гісторыі і 9 старажытных паркаў.
- Палацавы комплекс князёў Сапегаў у г. п. Ружаны (XVI—XVIII стагодзьдзі);
- Траецкі касьцёл дамініканцаў у г. п. Ружаны (XVII—XIX стагодзьдзі);
- Петрапаўлаўская царква (Ружаны);
- Кляштар базылянаў (Ружаны) (другая палова XVII — пачатак XVIII стагодзьдзя);
- Сынагога ў вёсцы Шарашова (XIX ст.);
- Касьцёл і кляштар місыянэраў у вёсцы Лыскаве (1763—1785);
- Лыскаўскі замак (XV—XVI стагодзьдзі).
Выхадцы і жыхары
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выхадцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Міхась Забэйда-Суміцкі (1900—1981) — сьпявак. З посьпехам выступаў у Міляне. Выконваў клясычныя, народныя партызанскія сьпевы. Працаваў у Празе, там і пахаваны. Нарадзіўся ў вёсцы Шэйпічы.
- Мікола Засім (1908—1957) — беларускі паэт. Нарадзіўся ў вёсцы Шані Пружанскага раёну.
- Каятан Крашэўскі (1827—1896) — пісьменьнік, астронам-аматар, уладальнік бібліятэкі, што налічвала больш за 10 тысячаў тамоў (у тым ліку і зборы Сапегаў). Родны брат Язэпа Крашэўскага. Нарадзіўся ў вёсцы Доўгае Пружанскага раёну.
- Люцыян Крашэўскі (1820—1892) — беларускі і польскі мастак, фатограф.
- Мікалай Пружанскі (Ліноўскі) (1844—1919) — габрэйскі пісьменьнік.
- Васіль Сёмуха (1936) — перакладнік.
- Якуб Харэўскі (1900, в. Харава — 1968) — адзін з кіраўнікоў антысавецкага руху супраціву ў Беларусі.
- Янка Хвораст (1902—1983) — беларускі танцоўшчык, балетмайстар, зьбіральнік беларускага харэаграфічнага фальклёру. Нарадзіўся ў вёсцы Кацёлкі Пружанскага раёну.
- Рыгор Шырма (1892, вёска Шакуны — 1978) — беларускі харавы дырыгент, фальклярыст, грамадзкі й музычны дзяяч, публіцыст, літаратуразнаўца.
Жыхары
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Міхал Баброўскі (1785—1848) — беларускі славіст, арыенталіст, філёзаф, доктар тэалёгіі, сябра Археалягічнай Акадэміі ў Рыме, Парыскага і Лёнданскага азіяцкіх навуковых таварыстваў, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту. Зь ягоным імем зьвязанае адкрыцьцё Супрасьлеўскага рукапісу. Пахаваны ў Шарашове.
- Павал Баброўскі (1832—1905) — гісторык і этнограф. Пляменьнік Міхаіла Баброўскага. У дзяцінстве жыў у вёсцы Абруб Пружанскага раёну. Скончыў Пружанскую дваранскую вучэльню.
- Станіслаў Жукоўскі (1875—1944) — мастак, сябра таварыства перасоўных выставаў (з 1903 году), Саюзу расейскіх мастакоў (з 1907 году). Дзяцінства правёў у вёсцы Стараволя.
- Францішак Карпінскі (1741—1825) — паэт-драматург, адзін з родапачынальнікаў польскага сэнтымэнталізму. З 1793 па 1825 гады арандаваў маёнткі Красьнік і Хораўшчызна на тэрыторыі цяперашняга Пружанскага раёну.
- Язэп Крашэўскі (1812—1887) — пісьменьнік, гісторык, грамадзкі дзяяч лібэральнага кірунку, акадэмік Кракаўскай Акадэміі навук. Нарадзіўся ў сям’і пружанскага харунжага.
- Міхал Федароўскі (1853—1923) — зьбіральнік фальклёру і дасьледнік беларускай культуры і гісторыі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ https://www.sb.by/articles/kadrovye-resheniya-prezidenta1605.html
- ^ а б Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Район (рас.). Пружанскі раённы выканаўчы камітэт. Праверана 16 кастрычніка 2011 г.
- ^ GeoNames (анг.) — 2005.
- ^ а б Прыродныя рэсурсы Пружанскага раёну (рас.) Экалёгія. Пружанскі раённы выканаўчы камітэт. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.
- ^ Мікола Валошчык. З сівой мінуўшчыны. «Гістарычная брама» №6 (10) 1998. Праверана 27 лютага 2012 г.
- ^ Пракаповіч, Натальля Ружаны: позірк у мінулае. Усё пра Ружаны. Праверана 17 кастрычніка 2011 г.
- ^ Наталля Пракаповіч. Загадкавыя імёны зямлі Пружанскай // Газета для вас. — 9 кастрычніка 2009. — № 719.
- ^ Перепись населения — 2009. Брестская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Регионы Брестской области: Пружанский район. Промышленность(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ Регионы Брестской области: Пружанский район. Сельское хозяйство(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ Регионы Брестской области: Пружанский район. Торговля(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ Регионы Брестской области: Пружанский район. Культура(недаступная спасылка) (рас.)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — ISBN 985-11-0216-4 — С. 49—50.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Старонка Пружанскага райвыканкаму (анг.) (рас.)
- Пружанскі раён , Radzima.org
- Пружанскі раён (рас.), Глёбус Беларусі