Якуб Харэўскі
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Харэўскі.
Якуб Харэўскі | |
Імя пры нараджэньні | Якуб Новік |
---|---|
Род дзейнасьці | падпольнік |
Дата нараджэньня | 1900 |
Месца нараджэньня | в. Харава, Пружанскі павет, Гарадзенская губэрня, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 2 красавіка 1968 |
Месца сьмерці | Рыё-Грандэ, штат Рыё-Грандэ-ду-Сул, Бразылія |
Прычына сьмерці | дарожна-транспартнае здарэньне |
Занятак | палітык, вайсковец |
Яку́б Харэ́ўскі (сапр. Якуб Новік, 1900, в. Харава, цяпер Пружанскі раён, Берасьцейская вобласьць, Беларусь — 2 красавіка 1968, Рыё-Грандэ, Бразылія) — беларускі падпольнік, атаман, адзін з кіраўнікоў антысавецкага руху супраціву ў Беларусі (1942—1948).
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў 1900 року ў вёсцы Харава (цяпер у Пружанскім раёне Берасьцейскай вобласьці).
Антыпольскае змаганьне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Маючы каля дваццаці гадоў, Якуб далучыўся да беларускай антыпольскай партызанкі і неўзабаве ўзначаліў аддзел у Ружанскай пушчы, які ўваходзіў у склад партызанскіх войскаў БНР. Магчыма, якраз тады Якуб Новік і ўзяў сабе кансьпірацыйнае імя, утворанае ад назвы роднай палескай вёскі Харава. Побач з Харэўскім дзейнічалі беларускія аддзелы Сяргея Хмары і атамана Рудога, а таксама аддзел вядомага савецкага чэкіста Кірылы Арлоўскага, які імкнуўся стварыць з суседзямі «агульны штаб». Перамовы завяршыліся не на карысьць чэкіста, якому загадалі не пераходзіць лінію Віленска-Берасьцейскай чыгункі.
У 1925 годзе, калі палякі ўзялі ягоны аддзел у атачэньне, Харэўскаму ўдалося захаваць людзей, распусьціўшы іх па хатах, а самому ўцячы ў БССР. Жыў тут на нелегальным становішчы, пакуль у 1937 ня вымушаны быў перайсьці мяжу ў адваротным кірунку, ратуючыся ад масавых арыштаў НКВД.
На пачатку 1939 году ў Баранавічах адбылася падпольная канфэрэнцыя былых сяброў Беларускай сялянска-работніцкай Грамады. Багаты партызанскі досьвед атамана Харэўскага аказаўся зноў запатрабаваным. Ён атрымаў заданьне рыхтаваць на Палесьсі на выпадак нямецка-польскай вайны антыпольскае паўстаньне. У жніўні 1939 сілы Харэўскага ўжо складалі 5 тысячаў чалавек, але заплянаваны на 18 верасьня штурм Пінску атаман мусіць адмяніць, бо пачаўся паход Чырвонай Арміі на Польшчу.
Змаганьне ў часе Другое сусьветнае вайны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З 1941 року браў удзел у партызанскай барацьбе ў Заходняй Беларусі, актыўна супрацоўнічаў з Палескаю сечай Бульбы-Бараўца.
Увосені 1941 року была заснаваная Беларуская народная грамада (БНГ), якая ўзяла на сябе каардынацыю дзеяньняў беларускіх партызанаў. У 1942 годзе Якуб Харэўскі ўзначаліў «Лаву атаманаў» БНГ. Падчас адыходу немцаў ягоны аддзел імя Нябабы захоплівае ў Любяшове, на беларуска-ўкраінскім памежжы, нямецкі арсэнал. Да канца 1940-х аддзел пасьпяхова ваюе з бальшавікамі на Берасьцейшчыне і Піншчыне, даходзячы да Косава, Століну і Каменя-Кашырскага.
У 1949 року беларускаму атаману ўдаецца пераправіць сваіх людзей у Польшчу, адтуль у Заходнюю Нямеччыну і, нарэшце, у Бразылію. Тут ён пасяліўся пад новым імем.
Сьмерць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1967 газэта «Беларускі голас», якую выдаваў у Таронта (Канада) былы паплечнік Сяргей Хмара, зьмясьціла артыкул, дзе Харэўскі-Новік згадваўся як палеглы ў баях за Беларусь. Сам Харэўскі надрукаваў у адказ ліст, што чуткі пра ягоную сьмерць перабольшаныя. Увесну 1968 р. Харэўскі з ад’ютантам гінуць у аўтакатастрофе. Гэткую мэтодыку расправы з палітычнымі апанэнтамі тады шырока выкарыстоўвалі савецкія спэцслужбы.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Імёны Свабоды: Якуб Харэўскі
- Біяграфія на slounik.org
- А. Зелянкова. Вайна пасля вайны(недаступная спасылка)