Царква Сьвятых Пятра і Паўла (Ружаны)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Славутасьць
Царква Сьвятых Пятра і Паўла
Царква ў 2012 року
Царква ў 2012 року
Краіна Беларусь
Мястэчка Ружаны
Каардынаты 52°51′59″ пн. ш. 24°53′19″ у. д. / 52.86639° пн. ш. 24.88861° у. д. / 52.86639; 24.88861Каардынаты: 52°51′59″ пн. ш. 24°53′19″ у. д. / 52.86639° пн. ш. 24.88861° у. д. / 52.86639; 24.88861
Канфэсія праваслаўе
Эпархія Берасьцейская 
Тып будынка царква
Архітэктурны стыль барока
Заснавальнік Хрысьціна Масальская
Дата заснаваньня 1675
Асноўныя даты:
1675Пабудова
1760-яАднаўленьне
1784—1788 — Рэканструкцыя
1839Перададзеная праваслаўным
1875Амаль напоўніцу згарэла
1878Аднаўленьне
Рэліквіі і сьвятыні Абраз «Маці Божая Адзігітрыя Ружанская» (1865)[1]
Апошні плябан ярэй Аляксандар Сень[2]
Статус ахоўваецца дзяржавай
Стан дзейны
Царква Сьвятых Пятра і Паўла на мапе Беларусі
Царква Сьвятых Пятра і Паўла
Царква Сьвятых Пятра і Паўла
Царква Сьвятых Пятра і Паўла
Commons-logo.svg Царква Сьвятых Пятра і Паўла на Вікісховішчы

Царква́ Сьвяты́х Пятра́ і Па́ўла — праваслаўны храм у Ружанах, збудаваны ў гонар Сьвв. Пятра і Паўла, помнік архітэктуры барока. Зьяўляецца адной з найстарэйшых цэркваў на Пружаншчыне[3].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праект галоўнага фасаду

Пад 1568 рокам у Ружанах згадваецца драўляная царква Сьвятых Пятра і Паўла. У 1675 на яе месцы ўзьведзены мураваны ўніяцкі храм, хоць дакладна час перадачы царквы ордэну базылянаў невядомы.

Падчас войнаў XVII—XVIII стагодзьдзяў храм зазнаў моцныя пашкоджаньні. Толькі ў 1762 року Хрысьціна Масальская з Сапегаў вылучыла сродкі на ягонае аднаўленьне. Дасьледніца гісторыі архітэктуры Тамара Габрусь лічыць, што менавіта ў гэтым року і быў збудаваны мураваны храм, у той час як у 1675 паўстаў толькі кляштар[4]. У 1779 будаўніцтва завершанае, адбылося асьвячэньне.

У 1784—1788 прайшла яшчэ адна рэканструкцыя пад кіраўніцтвам сапегаўскага архітэктара Яна Самуэля Бекера. Пасьля гэтага будынак набыў рысы барока, аднак першапачатковая пляніроўка захавалася.

20 лютага 1834 року базылянскі ордэн быў закрыты, а пасьля скасаваньня уніі ў 1839 храм перададзены праваслаўным. Землі і прыгонныя сяляне (56 душаў) адышлі на карысьць дзяржавы. Пачалося ўладкаваньне царквы паводле праваслаўнага ўзору, ёй былі прыпісаныя 33 дзесяціны зямлі з фальваркам Малочкі; ахвяраваныя князем Яўстахам Сапегам 345 рублёў прызначаліся дзеля адкрыцьця прыходзкае духоўнае вучэльні, яшчэ 3400 рублёў срэбрам — на рамонт самое царквы, капліцы і манастырскага дома. У 1840 мітрапаліт Літоўскі і Віленскі Язэп Сямашка асьвяціў прастол[5].

У вопісах царквы ХІХ ст. ёсьць зьвесткі пра каштоўнасьці, што захоўваліся ў храме, — 3 паціры старажытнай работы з золата і срэбра, 4 старажытныя Эвангельлі, багатая бібліятэка і архіў.

31 жніўня 1875 царква была моцна пашкоджаная пажарам: засталіся толькі сьцены і частка даху са столяй над алтаром. Амаль усе абразы пасьпелі выратаваць, аднак астатняе было страчана. На аднаўленьне было выдзелена з казны 2000 руб. срэбрам, царкоўных 5315 руб. срэбрам і ахвяравана 2717 руб.срэбрам. Рамонт вёўся да 1878 року, пасьля чаго царква набыла сучасны выгляд. Увесь гэты час набажэнствы ладзіліся ва Ўваскрасенскай царкве на могілках.

З пачаткам Першай сусьветнай вайны царкоўнае начыньне было эвакуяванае ў Расею разам са сьвятаром царквы Іларыёнам Дзядзевічам. Нягледзячы на гэта, царква працягнула дзейнасьць, хоць з прыходам немцаў была разбураная агароджа, зьнішчаная частка царкоўных кніг і архіў, а таксама спустошаныя дзьве царквы на могілках. Ля паўночнага боку царкоўнай агароджы былі пахаваныя кайзэраўскія жаўнеры, на магіле якіх быў пастаўлены гранітны камень. За савецкім часам протаярэй Іаан Наўродзкі падыме гэты камень і закладзе яго ў адбудаваную царкоўную агароджу, каб пазьбегнуць апаганьваньня магілаў нямецкіх жаўнераў савецкімі ўладамі, а разам з тым каб пазьбегнуць магчымае шкоды царкве зь іхняга боку[5].

За польскім часам могілкавую царкву занялі каталікі, а ў царкоўным доме і былым будынку манастыра разьмясьцілася школа. Ружанскі прыход увайшоў у склад Палескай япархіі, якую ўзначальваў архіяпіскап Аляксандар (Іназемцаў).

У часе нацысцкай акупацыі ў царкве дзейнічаў шпіталь-турма. За царскімі варотамі на алтары быў абсталяваны апэрацыйны пакой. Сьвятар Іаан Наўродзкі арганізаваў пастаяннае гарачае харчаваньне для палонных і параненых чырвонаармейцаў, аднак у 1942 року ён быў пераселены з царкоўнае хаты.

Па вайне Саветы занялі царкоўную хату пад турыстычную базу, а сьвятара Іаана шматразова выклікалі на допыты ў НКВД. Толькі пасьля ягонае сьмерці стала вядома, што за свае дзеяньні па ратаваньні параненых жаўнераў у 1941 ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонае Зоркі.

Улетку 1990 року распачаты рамонт храма, набажэнствы ў якім працягваліся зь невялікімі перапынкамі на працягу ўсяго існаваньня савецкага рэжыму. З 1992 дзейнічае нядзельная школа, ладзяцца пешыя пілігрымкі ў Жыровіцкі манастыр.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўны фасад

Аднанэфавы, аднавежавы храм з паўцыркульнай апсыдай. Пакрыты двухсхільным дахам, які пад апсыдай пераходзіць у конусападобны і завяршаецца галоўкай. Па абодва бакі ад месца злучэньня нэфа і апсыды — рызьніцы з трохсхільным дахам. Галоўны фасад уяўляе сабой своеасаблівы шчыт амаль квадратнай формы і аздоблены слаістымі пілястрамі, нішамі і філёнгамі.

Вежа-званіца чацьверыковая ў сячэньні. Раней на ёй разьмяшчаліся драўляныя скульптуры Пятра, Паўла і Майсея ў чалавечы рост. Зьнятыя ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя пасьля перадачы храму праваслаўным з прычыны таго, што паводле канонаў праваслаўнае царквы ўжываць у аздабленьні цэркваў скульптуру забаронена[3].

Інтэр’ер зальны зь люстранымі скляпеньнямі. На скляпеньнях залы і апсыды маецца фрэскавы росьпіс на тэму Перамяненьня, у конусе апсыды — кампазыцыя «Бог Саваоф» пачатку XX стагодзьдзя. На паўночнай і паўднёвай сьценах (ля іканастасу) — выявы апосталаў Пятра і Паўла ў мэдальёнах. Драўляныя выявы анёлаў былі зьнятыя ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя пасьля перадачы храму праваслаўным.

Настаяцелі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Протаярэй Гамаліцкі (1839 — канец 1840-х)
  • П. Крукоўскі (пачатак 1850-х)
  • Язэп Канчэўскі (сярэдзіна — 2-я палова 1850-х)
  • Пётар Рафаловіч (канец 1860-х — 1870-я)
  • Протаярэй Іларыён Дзядзевіч (1873—1915)
  • Протаярэй Іаан Сямашка (1920—1921)
  • Протаярэй Фёдар Іванцэвіч (1923—1937)
  • Протаярэй Іаан Наўродзкі (1 жніўня 1937 — 2 верасьня 1961)
  • Протаярэй Усевалад Аляхновіч (1961—1987)
  • Ярэй Аляксей Івашкевіч (1987—1990)
  • Ярэй Мікалай Саўчук (12 ліпеня 1990 — ?)
  • Ярэй Аляксандар Сень (цяперашні час)

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Святыни Брестской епархии(рас.) Русский православный календарь. Приход Свято-Петро-Павловского собора г. Минска (29 лістапада 2011). Праверана 17 траўня 2012 г.
  2. ^ Пружанское благочиние(рас.). Брест Православный. Праверана 25 сьнежня 2011 г.
  3. ^ а б Пракаповіч Н. С. Летапіс духоўнасьці: культавая архітэктура. Всё о Ружанах. Праверана 23 сьнежня 2011 г.
  4. ^ Царква Святых Пятра й Паўла і манастыр базыльянаў. Радзіма майго духуПраверана 26 сьнежня 2011 г.
  5. ^ а б Святлана Казадой. (16 кастрычніка 2011) Гісторыя і дзень сённяшні Ружанскага Свята-Петра-Паўлаўскага сабора Часопіс «Праваслаўе». Приход Свято-Петро-Павловского собора г. Минска. Праверана 16 ліпеня 2012 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Histvalue sign export.svg Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  112Г000643

Commons-logo.svg Царква Сьвятых Пятра і Паўла (Ружаны)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў