Перайсьці да зьместу

Археалёгія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Археалагічныя раскопкі пад Менскам, 1992 году

Археалёгія (ад грэцкага αρχαιος — «старажытны» + лёгія λογος — «слова», «вучэньне») — навука, што вывучае гісторыю грамадзтва па матар’яльных парэштках жыцьця і дзейнасьці людзей — рэчавых (археалягічных) помніках. Дасьледуе ў комплексе старажытныя помнікі (стаянкі, паселішчы, могільнікі, сьвяцілішчы, майстэрні і інш.), рэчы і іх катэгорыі (прылады працы, прадметы побыту, матэрыялы духоўнай культуры), выяўленыя ў час археалягічных раскопак, узнаўляе сацыяльна-эканамічную гісторыю эпох, што недастаткова або зусім не адлюстравана ў пісьмовых крыніцах, дасьледуе шэраг пытаньняў, якія вывучаюцца і сумежнымі навукамі — этнаграфіяй, антрапалёгіяй, палеанталёгіяй і інш.; цесна зьвязаная з дапаможнымі гістрычнымі дысцыплінамі — нумізматыкай, сфрагістыкай, эпіграфікай. Археалёгія падзяляецца па эпохах (каменны век, бронзавы век, жалезны век, сярэднявечча), часам па крыніцах, культурна-гістарычных абласьцях, этнічных прыкметах (скіфскі пэрыяд, антычныя дзяржавы, славянская археалёгія). Паводле храналягічнага і тэрытарыяльнага падзелу своеасаблівых рыс помнікаў вылучаюцца так званыя археалягічныя культуры. Важным пытаньнем зьяўляецца клясыфікацыя і датаваньне здабытых пры раскопках рэчаў. У археалёгіі выкарыстоўваюць спэцыфічныя мэтады дасьледаваньня: параўнальна-тыпалягічны мэтад (вызначэньне культурнай прыналежнасьці і храналёгіі рэчаў шляхам параўнаньня з аналягічнымі, але ўжо вядомымі), стратыграфічныя (умовы заляганьня культурнага пляста археалягічных помнікаў адносна геалягічных напляставаньняў і іншых плястоў), статыстычны (улік масавых знаходак аднолькавага прызначэньня), а таксама розныя мэтады археалягічнага датаваньня. Важны мэтад дасьледаваньня археалягічных помнікаў — картаграфічны. Асобная галіна археалёгіі — падводная археалёгія — вывучае старажытныя і сярэднявечныя помнікі, што апынуліся пад вадой (у азёрах, рэках, марах). Археалягічныя матэрыялы дапаўняюцца пісьмовымі крыніцамі.

Да XIX стагодзьдзя архэалёгія вывучала антычнасьць і мела мастацтвазнаўчы характар. У краінах Заходняй Эўропы цікавасьць да нацыянальнай гісторыі, у тым ліку да архэалёгіі, асабліва ўзмацніліся пасьля Вялікай францускай рэвалюцыі 1789-1792 гадоў, якая спрыяла абуджэньню нацыянальнай самасьвядомасьці. З павелічэньнем колькасьці археалягічных матэрыялаў пачаліся спробы іх клясыфікацыі. У 1836 годзе дацкі археоляг Крыстыян Томсэн падзяліў помнікі першабытнай эпохі на каменны, бронзавы і жалезны вякі. Джон Лебак падзяліў каменны век на палеаліт і нэаліт. Гэтую клясыфікацыю паглыбіў Енс Ворса, які вызначыў храналёгію бронзавага веку паводле абрадаў пахаваньня. З гэтага часу архэалёгія становіцца навуковай дысцыплінай. З 2-й пал. XIX стагодзьдзя ва ўсіх краінах сьвету праводзіліся ахэалягічныя дасьледаваньні: распрацаваныя храналягічная і пэрыядычная сыстэмы, навуковыя мэтады раскопак; адбываліся археалягічныя зьезды і кангрэсы. У 1869-83 францускі археоляг Габрыель дэ Мартылье падзяліў палеаліт на пэрыяды: шэльскі, ашэльскі, муст'ерскі, салютрэйскі, мадленскі. У Эўрапе адкрытыя эгейская цывілізацыя дагамэраўскай Грэцыі (Генрых Шліман, Артур Эванз), на Усходзе — шумерская і бабілёнская культуры. Швэдзкі архэоляг Оскар Мантэліус разьмеркаваў старажытныя рэчы па тыпах, якія пазьней зьвязаў у эвалюцыйныя рады, і, такім чынам, стаў заснавальнікам параўнальна-тыпалягічнага мэтаду. У пачатку XX стагодзьдзя чэскі археоляг Любар Нідэрле надрукаваў збор славянскіх старажытнасьцяў і даказаў агульныя рысы культур славян. Дзякуючы дасьледаваньням Аляксея Ўварава, Дзьмітрыя Самаквасава, Льва Іваноўскага, Уладзімера Сізова, Аляксандра Сьпіцына ўзьнікла славяна-руская археалёгія.

Археолагі вывучаюць гісторыю чалавецтва, пачынаючы з распрацоўкі першых каменных прылад у Ломекві ва Усходняй Афрыцы 3,3 мільёна гадоў таму і да апошніх дзесяцігоддзяў. Пры гэтым археалёгія адрозьніваецца ад палеанталёгіі, якая вывучае выкапні рэшткі. Яна асабліва важная для вывучэння дагістарычнага грамадзтва, для якога ня можа быць пісьмовых дакумэнтаў для вывучэньня. Гісторыя першабытнага грамадзтва ўключае ў сябе больш за 99% чалавечага мінулага, ад палеаліту да зьяўленьня пісьменнасьці ў грамадзтве па ўсім свеце. Археалёгія мае розныя мэты, якія вар’іруюцца ад разуменьня гісторыі культуры да аднаўленьня мінулага шляху да дакументавання і тлумачэньня зьменаў у чалавечым грамадзтве ў час.

Асноўны прынцып археалёгіі — любая дзейнасьць чалавека пакідае сьляды.

Дысцыпліна ўключае ў сябе здымкі, раскопкі і ў канчатковым выніку аналіз сабраных дадзеных, каб даведацца больш пра мінулае. У шырокім сэнсе, археалёгія абапіраецца на міждысцыплінарныя дасьледаваньні. Яна грунтуецца на антрапалёгіі, гісторыі, этналёгіі, геаграфіі, геалёгіі, лінгвістыцы, семіётыцы, сацыялёгіі, тэксталогіі, фізыцы, інфарматыцы, хіміі, статыстыцы, палеаэкалёгіі, палеаграфіі, палеанталёгіі, палеазаалёгіі і палеабатаніцы і інш.

Археалёгія разьвівалася з антыкварыянізму ў Еўропе на працягу XIX стагодзьдзя і з таго часу стала дысцыплінай, якая практыкуецца ва ўсім сьвеце. Археалёгія выкарыстоўвалася нацыянальнымі дзяржавамі для стварэньня асаблівых уяўленьняў пра мінулае. З моманту свайго раньняга разьвіцьця былі распрацаваны розныя спэцыфічныя дысцыпліны археалегіі, у тым ліку марская археалёгія, фемінісцкая археалёгія і археаастраномія, і было распрацавана мноства розных навуковых метадаў для дапамогі ў археалягічных дасьледаваньнях. Тым не менш сёння археолягі сутыкаюцца з многімі праблемамі, такімі як праца з псеўдаархеалёгіяй, разрабаванне артэфактаў, адсутнасьць грамадзкай цікавасьці і супрацьдзеяньне раскопкам чалавечых парэшткаў.

Гісторыя археалогіі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Згадка аб археалогіі вядома яшчэ ў Старажытнай Грэцыі. Платон пад паняццем "археалогія" разумеў усю старажытнасць.

У эпоху Адраджэння пад гэтым тэрмінам часта разумелася гісторыя Старажытнага Рыма і Старажытнай Грэцыі. Нярэдка навуцы за межамі Расіі тэрмін «археалогія» ужываецца як частка навукі пра чалавека - антрапалогія[12]. Аднымі з першых археалагічных калекцый XV стагоддзя сталі зборы Капіталійскага музея і Рымскай акадэміі. Кірыяк Анконскі (1391 - пасля 1449) лічыцца адным з заснавальнікаў археалогіі («бацька археалогіі»), бо збіраў і замалёўваў старажытнасці ва ўсіх краінах усходняга Міжземнамор'я. У прыватнасці, захаваліся зробленыя ім замалёўкі такіх помнікаў, як калона Юстыніяна, егіпецкія піраміды і Парфенон.

У Расіі з XIX стагоддзя склалася ўяўленне, якое захоўваецца да гэтага часу, што археалогія - частка гістарычнай навукі, якая вывучае ў асноўным выкапні матэрыялы, звязаныя з дзейнасцю чалавека з глыбокай старажытнасці.

Беларуская археалёгія

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На Беларусі археалягічныя раскопкі пачаліся напрыканцы XVIII стагодзьдзя, археалягічныя помнікі дасьледавалі Тэадор Нарбут, Зарыян Даленга-Хадакоўскі, Канстантын і Яўстах Тышкевіч, Адам Кіркор, Еўдакім Раманаў, Уладзімер Завітневіч, Вандалін Шукевіч, Міхаіл Кусьцінскі, Мікалай Турбін, Генрых Татур, Леў Лазарэвіч-Шапялевіч, Зыгмунт Глёгэр, М. Фурсаў, С. Чалоўскі і інш. На актывізацыю археалагічных дасьледаваньняў паўплываў 9-ы археалагічны зьезд у Вільні (1893 г.).

У 1925 годзе пры Інбелкульце створана гістарычна-археалягічная камісія, у 1927 годзе адкрыта катэдра археалёгіі (з 1929 году археалягічная камісія ў Інстытуце гісторыі Бел АН, з 1932 году сэкцыя археалёгіі). У даваенны час археалягічныя дасьледаваньні праводзілі Аляксандар Ляўданскі, Канстантын Палікарповіч, Сяргей Дубінскі, Аляксандар Каваленя, Ісак Сербаў. У 1930-я многія археолягі рэпрэсаваныя і загінулі (Ляўданскі, Дубінскі, Каваленя і інш.). У Заходняй Беларусі археалягічныя раскопкі праводзілі Уладзімер Галубовіч, Г. Цэгак-Галубовіч і інш. У 1944 годзе ў Інстытуце гісторыі створаны сэктар археалёгіі, з 1980 году аддзел археалёгіі з сэктарам, у 1986 годзе — сэктары пераўтвораныя ў аддзелы.

У 1973 годзе створаная катэдра археалёгіі, этнаграфіі і дапаможных дысцыплін у БДУ. Беларускія археолягі выявілі каля 1300 помнікаў каменнага і бронзавага вякоў, вызначылі іх прыналежнасьць да археалягічных культур (У. Будзько, Уладзімер Ісаенка, Міхась Чарняўскі, Уладзімер Ксяндзоў, А. Калечыц, Эдвард Зайкоўскі і інш.), праводзілі мэтанакіраванае вывучэньне помнікаў, культур і этнічных утварэньняў жалезнага веку (Аляксей Мітрафанаў, Леанід Побаль, Кліменці Шут, Валянтына Вяргей, Міхаіл Лашанкоў і інш.).

Дасьледаваньні беларускіх археолягаў дапамаглі ўзнавіць працэс фармаваньня усходне-славянскіх племянных аб'яднаньняў (дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў), гісторыю старажытных гарадоў (Васіль Тарасенка, Георгі Штыхаў, Эдуард Загарульскі, Пётар Лысенка, Яраслаў Зьвяруга, Міхась Ткачоў, Зянон Пазьняк, Тацяна Бубенька, Вольга Ляўко, Леанід Калядзінскі, Валянтын Собаль, Юры Заяц і інш.), матэрыяльную культуру сельскага насельніцтва (Л. Дучыц, Я. Рыер, В. Багамольнікаў, Тацяна Каробушкіна і інш.). У 1990-я актыўна вывучаліся позьнесярэдневечныя помнікі XIV-XVIII стагодзьдзяў (Алег Трусаў, Аляксандар Краўцэвіч, Валеры Шаблюк, І. Чарняўскі і інш.). Археалягічныя дасьледаваньні на Беларусі праводзілі супрацоўнікі Інстытутаў археалёгіі і гісторыі матэрыяльнай культуры Расейскай АН (Леанід Аляксееў, Іван Арцёменка, Фрыда Гурэвіч, Ніна Гурына, Юры Кухарэнка, В. Мельнікоўская, Павал Рапапорт, Г. Салаўёва, Э. Сымановіч, Валянцін Сядоў, Пятра Трацьцякова і інш.)[1].

  1. ^ Штыхаў, Г. В. Археалогія // БЭ. — Мн.: 1996 Т. 1. С. 521-522
  • Очерки по археологии Беларуси. Ч. 1-2. — Мн.: 1970-72.
  • Каханоўскі, Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі XVI-XIX ст.ст. — Мн.: 1984.
  • Белорусская археология: Достижения археологов за годы советской власти. — Мн.: 1987.
  • Вяргей, В.С. Археалагічная навука ў БССР, 1919-1941 гг. — Мн.: 1992.
  • Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. — Мн.: 1993.