Шані
Шані | |
трансьліт. Šani | |
Першыя згадкі: | 3 жніўня 1562 |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Берасьцейская |
Раён: | Пружанскі |
Сельсавет: | Шаняўскі |
Вышыня: | 170 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 454 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1632 |
Паштовы індэкс: | 225170[1] |
СААТА: | 1256880086 |
Нумарны знак: | 1 |
Геаграфічныя каардынаты: | 52°31′35″ пн. ш. 24°23′47″ у. д. / 52.52639° пн. ш. 24.39639° у. д.Каардынаты: 52°31′35″ пн. ш. 24°23′47″ у. д. / 52.52639° пн. ш. 24.39639° у. д. |
± Шані |
Шані́[2] — вёска ў Пружанскім раёне Берасьцейскай вобласьці, за 4 км на паўднёвы захад ад Пружанаў, 16 км ад чыгуначнай станцыі Аранчыцы на лініі Баранавічы — Берасьце, на шашы Р85. Шані зьяўляюцца цэнтрам Шаняўскога сельсавету.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1286 року ўладзімера-валынскі князь Уладзімер Васількавіч запісаў Кобрынь разам з Гародлай (за 20 км ад Шанёў) сваёй жонцы Вользе[3]. Пасьля гэтыя землі перайшлі ў валоданьне князёў кобрынскіх. Па сьмерці апошняга князя Івана Сямёнавіча княствам пэўны час валодала ягоная жонка Фядора, а неўзабаве вялікі князь Жыгімонт Стары падараваў яго Вацлаву Касьцевічу. Па сьмерці Касьцевіча ў 1532 староства ў якасьці павету ўвайшло ў склад Падляскага ваяводзтва, уладаньне каралевы Боны. Пасьля ад’езду Боны (1556) была створаная Кобрынская эканомія.
Уласна Шані ўпершыню згадваюцца 3 жніўня 1562 року ў сувязі з «валочнай памерай». У гэты дзень каралеўскі рэвізор на Палесьсі Дзьмітры Сапега разам з дабучынскім ураднікам Станіславам з Вальвору праводзілі замеры грунту. Зь іхніх запісаў вынікае, што вёска Шані належала да дабучынскага двару Кобрынскага замку, уласнасьць караля[3]. Аднак ужо ў наступным, 1563 року, той самы Дзьмітры Сапега не пералічвае Шані ў сьпісе мясцовасьцях, падлеглых рэвізіі. У гэты час вёска ўжо належыць да Чахецкага вайтоўства і завецца не Шані, а Асавая (па-польску: Osowaja). Тоеснасьць гэтых назваў пацьвярджаецца пададзеным у рэвізіі апісаньнем межаў гэтае вёскі[3]. З гэтае пары вёска стала ўваходзіць у склад маёнтку Чахец[3].
За расейскім часам — вёска ў Міхайлаўскай воласьці Пружанскага павету Гарадзенскай губэрні[4]. У 1864 року заснаваная двухклясная народная вучэльня, якая заняла будынак былой збожжавай крамы[5]. У 1866 року дзейнічалі валасное праўленьне, школа, 6 ветраных млыноў, піцейны дом.
У 1910 року 50 хат са 150 былі зьнішчаныя пажарам. Пагарэльцам былі выплачаныя страхоўкі, а тутэйшы памешчык Альбін Дзяконскі выдзеліў на пабудовы хатаў бясплатна па тры таўшчэзныя сасны[6].
За польскім часам — у гміне Шані[7], а з 1926 року — у гміне Пружана Пружанскага павету Палескага ваяводзтва[8]. У 1926 року школа атрымала новы будынак гміны, а пазьней была перанесеная ў цэнтар вёскі. Гэты будынак згарэў, і ў 1937 усёй вёскай быў збудаваны новы, у якім школа разьмяшчаецца й дагэтуль[5].
Зь верасьня 1939 року ў складзе БССР, з 15 студзеня 1940 — у Пружанскім раёне Берасьцейскай вобласьці, цэнтар сельсавету.
У 2006 року вёска Шані пераўтвораная ў аграгарадок[9].
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XVI стагодзьдзе: 1563 год — 19 дымоў, 25 валок зямлі
- XVIII стагодзьдзе: 1735 год — 25 дымоў, 25 валок, 27 валоў
- XIX стагодзьдзе: 1866 год — 755 жыхароў, 66 дымоў
- XX стагодзьдзе: пачатак стагодзьдзя — 670 жыхароў; 1921 год — 539 жыхароў, 112 двароў; 1959 год — 560 жыхароў; 1970 год — 502 жыхары1999 год — 468 жыхароў
- XXI стагодзьдзе: 2003 год — 436 жыхароў; 2005 год — 469 жыхароў, 165 двароў[10]; 2010 год — 454 жыхары
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сярэдняя школа, дзіцячы садок, клюб, бібліятэка, аддзяленьне сувязі, крама.
Рамонтна-мэханічныя майстэрні, вэтпункт, фэльчарска-акушэрскі пункт.
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аўтамабільныя дарогі Р85 Слонім — Высокае, Н535 Пружаны — Шубічы — Клятное і Н539 Шані — Кацёлкі — Шакуны[11].
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Стэла на ўшанаваньне памяці загінулых у ВАВ землякоў (1969)
- Мэмарыяльная дошка на ўшанаваньне першага старшыні сельсавету І. М. Дыбы, забітага гітлераўцамі ў 1942
- Музэй памяці Міколы Засіма ў сярэдняй школе
- Абэліск камандуючаму 9-га танкавага корпусу, генэрал-маёру танкавых войскаў Барысу Бахараву, які загінуў у баі 16 ліпеня 1944 року (за 4 км ад вёскі)
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Шанях у 1908 нарадзіўся беларускі паэт Мікола Засім.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Алфавитный список улиц по Шени (рас.) Пружанский район. Белпошта. Праверана 27 студзеня 2012 г.
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 256
- ^ а б в г Filip Zasim. Szenie, wieś pow. prużańskiego. Studium gospodarcze i społeczne // Echa Polesia. — 2007. — № 1.
- ^ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890. — S. 897
- ^ а б Ганна Хадаровіч. Праз 140 год — на машыне часу // Раённыя будні. — 10 ліпеня 2004. — С. 8.
- ^ Пятро Бабрук. Пакручастымі сьцежкамі лёсу // Раённыя будні. — 14 лістапада 2012. — № 87 (9533). — С. 5.
- ^ Mylniski, вёска. Radzima.net. Праверана 27 студзеня 2012 г.
- ^ Dz. U. z 1926 r. Nr 7, poz. 46
- ^ Решение Пружанского районного Совета депутатов от 28.02.2008 N 62 «О преобразовании сельских населенных пунктов Пружанского района в агрогородки» (рас.). Валер Леванеўскі. Праверана 16 чэрвеня 2012 г.
- ^ Шані // Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 4. Кн. 2. — Менск, 2007. — С. 543
- ^ Решение Брестского областного исполнительного комитета от 22 декабря 2007 г. №1094 «Об утверждении перечня местных автомобильных дорог Брестской области» (рас.) Спэцпраект «Зона». Валер Леванеўскі. Праверана 16 чэрвеня 2012 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2007. — 608 с.: іл. ISBN 978-985-11-0388-7.