Перайсьці да зьместу

Антыалькагольны рух сялянаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Антыалькаго́льны рух сяля́наў — масавы антыалькагольны пратэст, што разгарнуўся ў Расейскай імпэрыі ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя. Найбольшага размаху дасягнуў у 1858—1859 роках у сувязі з падвышэньнем ускоснага падатку на гарэлку.

Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай на тэрыторыі, улучанай у склад Расейскай імпэрыі, пачало распаўсюджвацца п’янства[1]. Гэтаму спрыяла наяўнасьць тут кабакоў, якія зьявіліся ў Масковіі за часам Івана IV. Кабакі, у адрозьненьне ад корчмаў ды шынкоў, дзе можна было есьці, піць і зносіцца, былі чыста піцейнымі ўстановамі, і заедкі тут не падаваліся[2].

Паводле Маніфэсту 1810 року ў далучаных губэрнях былі пацьверджаныя памешчыцкія прывілеі на вольнае вінакурэньне (гэтак званая «сыстэма вінных водкупаў»). Гэтыя губэрні (Чарнігаўская, Палтаўская, Харкаўская, Ковенская, Гарадзенская, Віленская, Менская, Магілёўская, Віцебская, Валынская, Падольская, Кіеўская, Екацярынаслаўская, Таўрыцкая, Хэрсонская і Бэсарабская) атрымалі назву прывілеяваных[3]. Адкупнікі былі паручаныя асаблівай апецы губэрнатараў, атрымалі права нагляду за вінакурнямі, поўную свабоду на адкрыцьцё кабакоў (у тым ліку негалосных), пераносу іх па ўласным жаданьні на больш выгодныя месцы. У выніку нават памешчыкі скардзіліся, што адкупнікі ставяць шынкі ледзь не насупраць барскае хаты[4].

Сыстэма водкупаў дзейнічала наступным чынам: кожны селянін быў прыпісаны да пэўнага кабака і быў абавязаны выпіць пэўную норму алькагольных напояў альбо сплаціць так ці інакш гэткую ж суму грошай адкупніку[5]. Натуральна, што стоячы перад такім выбарам, большасьць сялянаў жадала атрымаць «хоць што-небудзь» за забраныя грошы. Напрыканцы першай паловы XIX стагодзьдзя п’янства дасягнула пагражальных памераў, памешчыкі і гандляры атрымоўвалі вялізныя прыбыткі[6], усё вышэй задзіраючы кошты на алькаголь. Да 1858 року вядро сівухі замест трох рублёў каштавала дзесяць[5].

Акрамя таго, жорстка караліся любыя парушэньні Ўставы пра піцейныя зборы. Чыноўнікі самі заводзілі сабе падвалы для карчомнага віна і перасьледавалі карчмарства, якое складала канкурэнцыю адкупной сыстэме і кабакам. Вось пералік некаторых урадавых пастановаў другое чвэрці XIX стагодзьдзя, накіраваных супраць карчомства:

  • у 1824 року была выдадзеная пастанова пра абавязак вайсковага начальства аказваць дапамогу ў пошуку карчмароў;
  • 15 красавіка 1827 выдадзены Сэнацкі загад «Пра спагнаньне за карчомства»;
  • 8 ліпеня 1827 — даклад Міністра Імпэратарскага двара «Пра пакараньне ўдзельных сялянаў, якія абвінавачваюцца ў звычайным карчомстве»;
  • 19 студзеня 1832 — пастанова Дзяржаўнага савету «Пра адданьне Ваеннаму суду дваранаў, высьведчаных у карчомстве»;
  • 28 траўня 1837 — загад імпэратара Мікалая I «Пра асуджэньне ваенных пасялянак, высьведчаных у карчомстве»[7].

Гэтыя меры выклікалі на межах «прывілеяваных губэрняў» супраціў карчмароў, які з 1843 року вырас і суправаджаўся непарадкамі і нават забойствамі. Дзеля здушэньня супраціву ўлада ў 1850 року вымушаная была нават стварыць адмысловую карчомную варту. Выканаўшы сваю мэту, да 1856 року яна была скасаваная, аднак у астатніх частках імпэрыі карчомства працягвала разьвівацца, і за яго пазбаўленьнем волі альбо высылкай у Сыбір былі пакараныя сотні тысячаў чалавек, прычым ладная частка зь іх — проста па паклёпах[4]. Паводле падлікаў Міністэрства юстыцыі(ru), у 1840—1850 роках колькасьць падсудных па прычыне парушэньняў Уставы пра піцейны збор дасягала 60 480 чалавек (па 6048 шторок); у некаторых губэрнях колькасьць вінаватых па гэтых артыкулаў дасягала траціны агульнае колькасьці падсудных[8].

Як форма пратэсту супраць увядзеньня манаполіі памешчыкаў на выраб і продаж алькаголю[9] ды непамерных коштаў на яго[5] ў местачковых прыходах ды парафіях пачалі стыхійна ўтварацца таварыствы цьвярозасьці. Паводле архіўных дакумэнтаў, выяўленых беларускімі дасьледнікамі М. Зайцавым ды Б. Клейнам, месцам узьнікненьня арганізаванага супраціву п’янству стала Гарадзеншчына. Тут першыя брацтвы цьвярозасьці зьявіліся ў Пружанскім павеце ўжо ў 1846—1848 роках[10].

У параўнальна кароткія тэрміны антыалькагольны рух распаўсюдзіўся на ўсе беларускія губэрні, а найбольшага размаху займеў у Гарадзенскай ды Віленскай губэрнях. У адным Кобрынскім павеце былі зачыненыя 70 кабакоў[11]. У Ковенскай губэрні, дзе таварыствы цьвярозасьці пачалі зьяўляцца ўвасьлед за Гарадзеншчынай, узімку 1858 року з 278 вінакурняў былі зачыненыя 88; з 2797 пасьведчаньняў на піцейныя ўстановы, узятыя ў 1858 року, у 1859 былі ўзятыя толькі 1899[8]. У канцы 1850-х цэлыя сялянскія грамады на вясковых сходах прымалі рашэньні пра адмову купляць і спажываць алькагольныя напоі, замацоўваючы іх клятвамі[6], якія прадугледжвалі для адступнікаў грашовыя штрафы і фізычныя пакараньні[12] (у той час ужо сам факт клятвы быў злачынствам, бо расейскае заканадаўства забараняла любыя клятвы, акрамя прысягі цару[13]). Напрыклад, у Віленскім і Дзісенскім паветах літаральна за некалькі дзён далі зарок ня піць ажно 50 тысячаў чалавек. У 1859 зарок ня піць ап’яняльных напояў далі 474 143 вясковыя жыхары: 220 140 чалавек у Гарадзенскай, 140 003 чалавекі ў Віленскай, 84 000 чалавек у Менскай і 30 000 — у Віцебскай губэрнях.

Сярод беларускіх местаў і мястэчак Станіслаў Цярохін адзначае Ашмяну і Пружану, дзе сябрамі таварыстваў цьвярозасьці стала палова насельнікаў; у Берасьці — дзьве траціны; у Слоніме — 100%[11].

Асноўнымі ўдзельнікамі руху супраць п’янства сталі дзяржаўныя сяляне, якіх падтрымалі памешчыцкія і ўдзельныя сяляне, мескія нізы, адстаўныя жаўнеры і іншыя. Дзеля нагляду за выкананьнем зароку ў кожнай вёсцы абіралі старшыню. У рэдкіх выпадках, калі безь віна абысьціся было няможна, набывалі вінаграднае віно. У шмат якіх вёсках не забаранялі, аднак, піць і гарэлкі, адно патрабавалі ўжываць яе толькі ва ўласнай хаце, а не ў кабаку. Зарокі складаліся як пісьмовыя, так і вусныя; у некаторых месцах дзеля гэтага прыходзілі ў храм (вялікую падтрымку антыалькагольнаму руху аказалі каталіцкія сьвятары), служылі малебен, цалавалі крыж і пісалі абавязаньне.

Колькасьць удзельнікаў руху склала сотні тысячаў чалавек з 32-х[10] літоўскіх, украінскіх і расейскіх (пераважна цэнтральных і паволскіх) губэрняў. Цьвярозьнікі патрабавалі закрыцьця пітных установаў, у траўні 1859 пачаліся іх масавыя пагромы. Хваляваньні ахапілі 15 губэрняў.

У ліпені 1859 року Найсьвяцейшы Сынод вынес пастанову, якой абавязваў сьвятароў судзейнічаць узьнікненьню ў мескіх і вясковых саслоўях добрай рашучасьці ўстрыманьня ад ужываньня віна"[8].

Ня спраўдзіліся спадзевы адкупнікаў на тое, што ўжываньне алькаголю адновіцца пасьля 19 лютага 1861 року, калі Аляксандар II падпісаў Маніфэст пра скасаваньне прыгоннага права.

Рух цьвярозасьці стаў нечаканасьцю для адкупнікаў, мясцовых уладаў і ўраду. У некаторых месцах адкупнікі пайшлі на зьніжэньне коштаў і нават на танную раздачу гарэлкі; распаўсюджваліся плёткі, нібыта грошы, выдаткаваныя на віно, будуць выкарыстаныя на выкупы з крэпасьцяў, аднак сяляне не паддаліся падманам і спакусам. Спраўнікі(ru) намагаліся адгаварыць сялянаў ад зароку, нават ужываючы сілу[14].

Міністар фінансаў, напалоханы стратай калясальнага прыбытку ў казну, адмысловым загадам забараніў цьвярозьніцкія сходы і наказаў зьнішчыць іхнія пастановы пра ўстрыманьне ад спажываньня алькаголю[15]. На просьбу ўраду Найсьвяцейшы Сынод рэкамэндаваў сьвятарам часова ўтрымацца ад высьвядчэньня п’янства ў пропаведзях.

Царскі ўрад здушыў антыалькагольны рух войскамі, чаго не было больш ні ў адной іншай дзяржаве[16]. Паводле кнігі «Зьвесткі пра піцейныя зборы» колькасьць падсудных па піцейных справах у 1858 року складала 110 976 чалавек, зь якіх па парушэньні Ўставы пра піцейныя зборы й акцызы — 5421 чалавек[8]. За ўдзел у таварыствах цьвярозасьці было асуджана больш як 11 тысячаў сялянаў, у тым ліку зь беларускіх губэрняў 780 сасланыя ў Сыбір, дзе вялікая іх колькасьць загінула.

У выніку сялянскай кампаніі збанкрутавалі каля трох тысячаў кабачнікаў. Адкупная сыстэма паводле загаду ад 26 кастрычніка 1860 скасоўвалася, і з 1863 року пачала дзейнічаць акцызная сыстэма. Адгэтуль права гандляваць алькаголем меў права кожны, хто сплочваў акцыз (падатак з продажу). Дасьледнік гісторыі п’янства ў Расеі Іван Прыжоў на падставе статыстычных зьвестак пра вынікі дзейнасьці акцызнае сыстэмы пісаў, што колькасьць кабакоў за час яе дзейнасьці павялічылася ў шэсьць разоў, у выніку чаго значна ўзрасла колькасьць памерлых ад ужываньня віна і тых, што абпіліся да сьмерці[17].

Праз здушэньне вайсковымі сіламі наступныя таварыствы цьвярозасьці ў Расейскай імпэрыі паўсталі толькі праз 30 рокаў[16]. Аднак ужо да 1900 року ў дзяржаве налічвалася 15 мескіх і 140 вясковых таварыстваў, да 1914—400[14]. Адно з такіх таварыстваў пад назвай «Згода супраць п’янства» арганізаваў расейскі пісьменьнік Леў Талстой; у ім бралі ўдзел у тым ліку вандроўнік Мікалай Міклуха-Маклай і жывапісец Ільля Рэпін. А Зьвяз цьвярозьнікаў узначаліў прадстаўнік царскае сям’і князь Канстанцін Канстанцінавіч[18]. Дзейнасьць таварыстваў спрычынілася да ўвядзеньня царскім урадам «сухога закону» зь 19 ліпеня 1914, які фармальна дзейнічаў нават у Савецкай Расеі да 26 жніўня 1923 року.

Антыалькагольныя бунты былі спэцыфічнай формай пратэстаў сялянства Гарадзенскай і Віленскай губэрняў і ў часе першай расейскае рэвалюцыі 1905—1907 рокаў[19].

Праблеме п’янства і барацьбе зь ім прысьвяціў сваю паэму «Два д’яўлы» тагачасны беларускі пісьменьнік Канстанцін Вераніцын[6]. Знойдзены зусім нядаўна ў рукапісах Аляксандра Рыпінскага[20], гэты твор напачатку лічыўся ананімным[11].

  • Іван Прыжоў запісаў у беларускіх губэрнях народную песьню, прысьвечаную тагачаснай горкай долі:

— Сіні салавейка, чаму ты не сьпяваеш,
Чы ты, салавейка, голасу ня маеш?
— Патраціў я голас на зялёным гаю,
На зялёным гаю, на ціхім Дунаю.
— Чаму ты, малады, чаму не гуляеш,
Чы ты, малады, шчасьця-долі ня маеш?
— Патраціў я долю, ня раз сваю волю,
У новай карчомцы на горкай гарэлцы,
Цяпер жа мне некуды павярнуццы,
Усё мае сяло ў Баруха на водцы.
Тут мае конікі, тут мае волікі,
Тут мая адзежка, тут мае грошыкі…
Сівы галубочку сядзі на дубочку,
Выклікала матка сына з карчмы да дамочку.
— Ой хадзі, мой сынку, з карчмы да дамочку,
Забіраюць арэндары ўсю тваю худобу!
— Я сам таго бачу, што худобу трачу,
За дробными сьлёзункамі я сьвету ня бачу…

— Іван Прыжоў, Глава XX. Распространение кабаков в XVIII веке. Откупная система // История кабаков в России в связи с историей русского народа

  • Аляксей Талстой ва ўласных вершах жорстка асуджаў народнае п’янства і ўхваляў цьвярозьніцкі рух[14].

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прозьвішча жыдоўскага паходжаньня Бронфман (альбо Брунфман) пайшло ад дзейнасьці адкупнікаў. Корань слова — бронфн (у паўднёвых дыялектах брунфн) — на ідышы азначае «гарэлка». Зазвычай такія мянушкі даваліся ўтрымальніку вінакурні альбо адкупніку гарэлкавай манаполіі.

  1. ^ Вячаслаў Ракіцкі. (1 лютага 2007) Сухі закон — магільшчык улады Беларуская Атлянтыда. Радыё «Свабода»Праверана 5 красавіка 2012 г.
  2. ^ А. Л. Афанасьев. Иван Прыжов: история пьянства и трезвости в России // Общественные науки и современность. — 1997. — № 3. — С. 88.
  3. ^ Иван Гаврилович Прыжов. Глава XIX. Юго-западные корчмы в XVIII веке // История кабаков в России в связи с историей русского народа. — Санкт-Петербург: «Азбука-классика», 2009.
  4. ^ а б Иван Гаврилович Прыжов. Глава XX. Распространение кабаков в XVIII веке. Откупная система // История кабаков в России в связи с историей русского народа. — Санкт-Петербург: «Азбука-классика», 2009.
  5. ^ а б в Д.С. Дробышев. Антиалкогольный бунт 1858—1860 г.г. (рас.) Стоп-алкоголь Праверана 6 красавіка 2012 г.
  6. ^ а б в Аксана Кузьмянок. Паэма «Два д’яблы» і агітацыйна-асветніцкія тэндэнцыі ў беларускай літаратуры XIX ст. // Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта. — Мн.: 2004. — В. пяты.
  7. ^ Приложение 2. Календарь важных дат антиалкогольного движения (рас.). Берасьцейскі абласны выканаўчы камітэтПраверана 7 красавіка 2012 г.
  8. ^ а б в г Иван Гаврилович Прыжов. Глава XXI. Последние времена откупов Общества трезвости // История кабаков в России в связи с историей русского народа. — Санкт-Петербург: «Азбука-классика», 2009.
  9. ^ Пружанский район (рас.) Брестчина производит, предлагает, приглашает Праверана 5 красавіка 2012 г.
  10. ^ а б 15 ноября — единый день информирования «Трезвый образ жизни — залог здоровья нации» (рас.) Общество. Берасьцейскі абласны выканаўчы камітэт (14 лістапада 2007). Праверана 5 красавіка 2012 г.
  11. ^ а б в Сяргей Абламейка. (7 ліпеня 1998) Антыалкагольныя бунты, ч.1 (MP3) Беларускія раздарожжы. Радыё «Свабода»Праверана 5 красавіка 2012 г.
  12. ^ Трезвенное движение (рас.) Русская энциклопедия «Традиция» Праверана 5 красавіка 2012 г.
  13. ^ Павал Севярынец. Беларуская глыбіня. Зарок // Наша Ніва. — 28 сакавіка 2012. — № 12 (753). — С. 12.
  14. ^ а б в Трезвенническое движение (рас.) Россия: традиции и мифы. Нестандартная историческая энциклопедия. Праверана 5 красавіка 2012 г.
  15. ^ Иванъ Прыжовъ. Исторія кабаковъ въ Россіи въ связи съ историей русскаго народа. — Изданіе книгопродавца-типографа М. О. Вольфа, 1868.
  16. ^ а б А. Л. Афанасьев Трезвенное движение в России, Европе, США как движение за самосохранение человечества (XIX в. — 1914 г.) // Социологические исследования : журнал. — 1997. — № 9. — С. 120.
  17. ^ А. Л. Афанасьев. Иван Прыжов: история пьянства и трезвости в России // Общественные науки и современность. — 1997. — № 3. — С. 92.
  18. ^ Владимир Рогоза. (30 верасьня 2009) «Сухой закон» в России: почему Николай II был вынужден его ввести? (рас.) Школа жизни Праверана 6 красавіка 2012 г.
  19. ^ Аляксей Хадыка. Эўрапейскія кантэксты беларускай мэнтальнасьці — гісторыя і сучаснасьць // Філаматы. — 2004. — № 1 (8).
  20. ^ Канстанцін Вераніцын A Belarus Miscellany. Peter Kasaty (3 лістапада 2009). Праверана 5 красавіка 2012 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]