Ружанскі палац

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Палац Сапегаў (Ружаны)»)
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Славутасьць
Палац Сапегаў
Ружанскі палац, 2009
Ружанскі палац, 2009
Краіна Беларусь
Мястэчка Ружаны
Каардынаты 52°51′37.85″ пн. ш. 24°53′45″ у. д. / 52.8605139° пн. ш. 24.89583° у. д. / 52.8605139; 24.89583Каардынаты: 52°51′37.85″ пн. ш. 24°53′45″ у. д. / 52.8605139° пн. ш. 24.89583° у. д. / 52.8605139; 24.89583
Тып будынка замак
Архітэктурны стыль барокавая архітэктура[d], клясыцызм і барока
Аўтар праекту Ян Самуэль Бэкер
Дата заснаваньня пачатак XVII ст.
Будаўніцтва пачатак XVII стагодзьдзя—???
Асноўныя даты:
1700спалены
1784—1788 — перабудаваны
1832сэквэстраваны
1914пажар
1930рэстаўрацыя
1933вернуты Сапегам
1944пашкоджаны
2008пачатая рэстаўрацыя
Вядомыя насельнікі Леў Сапега
Казімер Леў Сапега
Аляксандар Міхал Сапега
Статус ахоўваецца дзяржавай
Стан рэстаўруецца
Палац Сапегаў на мапе Беларусі
Палац Сапегаў
Палац Сапегаў
Палац Сапегаў
Commons-logo.svg Палац Сапегаў на Вікісховішчы

Праект галоўнага фасаду палаца, XVIII ст.
Праект тыльнага фасаду палаца, XVIII ст.

Ружа́нскі пала́ц — помнік архітэктуры, найбуйнейшы палацавы комплекс Беларусі XVII—XVIII стагодзьдзяў. Належаў Сапегам. На дадзены момант вядзецца рэканструкцыя палацу.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1598 Леў Сапега набыў маёнткі Ружаны і Ласасін ад Барташа Бруханскага. У пачатку XVII стагодзьдзя на месцы драўлянага замку ўзьведзены двухпавярховы мураваны палац з трыма вежамі, у якім ужо ў 1617 Леў Сапега прымаў караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV. У 1642 року Казімер Леў Сапега прымаў у ружанскай рэзыдэнцыі езуіцкага візытатара з Рыму Фабрыцыя Рамфуса[1].

Уладзіслаў IV гасьцяваў тутака яшчэ раз, у 1644, ужо ў Казімера Льва. Уласьнік палацу зрабіў усім гасьцям каштоўныя падарункі: каралю залаты падмісак і дарагія галяндзкія шпалеры, каралеве — пярсьцёнак і сабаліныя мяхі з Масковіі, канцлеру — срэбны кубак, камянецкаму біскупу — «два саракі сабалёў», усім фрэйлінам — пярсьцёнкі з рубінамі, падкормію — шаблю з залатой аправай, ксяндзам — па 100 вугорскіх залатых[2]. У гонар гэтага візыту ў адной з заляў палацу была ўсталяваная чорная мармуровая дошка з надпісам па-лацінску «Vladislaus IV et Caecilia Regina guatuor dierum gratiosissimi hospites Rozanae praesentia et humanitate Regia hac aedes illustrarunt MDCXL IV Januarii X». Пазьней у сувязі зь пераносам у 1655 року мошчаў сьв. Казімера зь Віленскага катэдральнага сабору ў той самай залі была ўсталяваная другая дошка з надпісам «Divo Casimiro sacrum».

Леў Казімер перабудаваў бацькаў палац, выклікаўшы дзеля гэтага італійскага архітэктара Джаваньні Батысту Джысьленьні. Пры гэтым палац набыў барокавыя рысы. У Ружанах зьявілася капэля, якая налічвала 40 музыкаў з Італіі, Польшчы і мясцовых сялянаў. Самых таленавітых зь іх Казімер Леў адсылаў вучыцца ў Італію[2].

Палац моцна пацярпеў ад швэдаў, у 1700 спалены войскамі канфэдэратаў пад кіраўніцтвам Міхала Сэрвацы Вішнявецкага. Адноўлены ў першыя дзесяцігодзьдзі XVIІI стагодзьдзя. У 1748—1750 року палац перабудаваны архітэктарам Ёганам Зыгмунтам Дэйблем.

У 1784 року ў палацы вялікалітоўскі канцлер Аляксандар Міхал Сапега прымаў прыбылага на Гарадзенскі сойм караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1784—1788 адбываецца перабудова і стварэньне позьнебарочнага палацавага комплексу архітэктарам Янам Самуэлем Бэкэрам. Аднак пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай і сьмерці Аляксандра Сапегі ягоны сын Францішак аддаў палац у арэнду пад суконную і ткацкую фабрыкі, а сваю рэзыдэнцыю перанёс у Дзярэчын. Зь цягам часу сюды былі перавезеныя ўсе назьбіраныя ў Ружанах калекцыі: сямейны архіў, частка бібліятэкі, мастацкія творы, гістарычная зброя, харугвы, штандары, посуд са срэбра і золата і інш.

21 сьнежня 1829 Яўстах Каятан Сапега канчаткова прадаў палац прадпрымальніку Ары Ляйбу Пінэсу[3]. Пасьля паразы паўстаньня 1830—1831 рокаў Яўстах Сапега эміграваў, а ружанскі і дзярэчынскі маёнткі канфіскаваныя. Неўзабаве ткацкая вытворчасьць Пінэсаў заняпала і ператварылася ў сьціплую прадзільню воўны. У 1834 року падчас наведаньня Ружанаў Леан Патоцкі застаў палац ужо цалкам закінутым. Ягоны агульны выгляд захаваўся хіба на малюнку Напалеона Орды. Аднак гэта адзін з найслабейшых малюнкаў мастака, поўны недакладнасьцяў і спрашчэньняў, і дае ўяўленьне пра палац толькі ў агульных рысах[4].

У 1914 року па недаглядзе фабрычных прачак у комплексе адбыўся пажар, частка сьценаў абрынуліся. Частковая рэстаўрацыя адбывалася ў 1930, у 1933 намаганьнямі міністра замежных справаў Польшчы Яўстаха Сапегі маёнтак вернуты роду.

У 1944 комплекс ізноў пашкоджаны падчас баявых дзеяньняў, згарэў палац і тэатральная афіцына.

Пасьля вайны палац стаяў закінуты, паступова руйнуючыся. Частка цэглы была разабраная мясцовымі жыхарамі на гаспадарчыя мэты.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Histvalue sign export.svg Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  112Г000640

Першы палац, збудаваны Львом Сапегам, меў абарончы характар і ўяўляў сабою крыжападобнае збудаваньне з трыма нарожнымі абарончымі вежамі (дзьве чатырохгранныя і пяцігранная). У цэнтральнай частцы палацу знаходзіліся парадная заля і вэстыбюль з двухбаковай лесьвіцай, у бакавых частках — жылыя пакоі, кабінэт, бібліятэка. Пад будынкам у вялізных скляпеньнях захоўваліся арсэнал, архіў, харчаваньне. Анфілада памяшканьняў на першым паверсе пакрывалася скляпеністымі, на другім — бэлькавымі перакрыцьцямі.

Пасьля палац перабудаваў сын заснавальніка Казімер Леў, выклікаўшы дзеля гэтага італійскага архітэктара Джаваньні Батысту Джысьленьні. Палац меў два паверхі, пакоі былі ўпрыгожаныя мармурам, штучнай ляпнінай і росьпісамі[2].

У 1784—1788 гг. палацавы комплекс перабудаваны прыдворным архітэктарам Сапегаў Янам Самуэлем Бэкэрам. Дзьве вежы былі разабраныя, а заходняя ўключаная ў агульны аб’ём новага будынку, які стаў сымэтрычным па кампазыцыі. Галоўны корпус набыў выгляд кампактнага двухпавярховага прастакутнага ў пляне будынку пад высокім мансардавым дахам. Галоўны фасад у трынаццаць вокнаў у цэнтральнай частцы вылучаўся ўзьнятым на другі паверх прысьценным порцікам зь дзьвюх пар калёнаў і пілястраў, завершаных высокім трыкутным франтонам, запоўненых скульптурным барэльефам. На тыльным фасадзе порціку адпавядала шырокая дзесяцікалённая тэраса, на якую выходзілі вокны-дзьверы бальнай залі. У стылявым пытаньні будынак знаходзіцца на памежжы барока і клясыцызму. Ва ўнутраным дэкоры адбіўся значны ўплыў стылю ракако.

У правым корпусе разьмяшчаўся тэатар і манеж. Тэатар меў глыбокую сцэну з 7 плянамі кулісаў і невялікімі гардэробнымі абапал. Двухярусная глядацкая заля з ложамі была ўпрыгожаная ажурнымі балюстрадамі і калёнамі карынцкага ордэру. Пры праектаваньні тэатру архітэктар узяў за ўзор залю Тэатру Фарнэзэ ў Парме.

Заходні корпус быў прызначаны для карціннай галерэі. Па восі палаца была ўзьведзена брама ў выглядзе трыюмфальнай аркі, упрыгожанай разнастайнымі геральдычнымі картушамі з моранага дубу. Ян Самуэль Бэкэр спраектаваў і рэгулярны парк з каналамі, вадаёмамі, сады з аранжарэямі. За сваю працу архітэктар атрымаў ад Сапегаў пажыцьцёвую пэнсію 2160, а пасьля 2520 злотых.

Рэстаўрацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Улетку 2008 року распачатыя раскопкі і рэстаўрацыя. Ружанскі палац уключаны ў праграму «Замкі Беларусі» на 2012—2018, прызначаную для аднаўленьня беларускай архітэктурнай спадчыны. Паводле праграмы на палац шторок будзе выдзяляцца больш за мільярд рублёў.

За пяць рокаў адрэстаўраваныя заходні і ўсходні флігелі, плянуецца ўзнаўленьне паўднёвага корпусу палацу, дзе знаходзіліся тэатар і манэж[5]. Тут разьмесьцяцца гатэль і тэатар. Рэшта збудаваньняў будзе закансэрваваная[6].

Рэстаўратары імкнуцца выкарыстоўваць максымальна набліжаныя да аўтэнтычных матэрыялы (псэўдааўтэнтычная цагліна, дахоўка індывідуальнай вытворчасьці)[7].

На пачатку 2012 року на ўезнай браме пастаўленая скульптура Сьвятой Ганны, якая была зьнішчаная на мяжы XIX—XX стагодзьдзяў[8].

З 2012 року ў межах праграмы «Замкі Беларусі» ладзяцца дабраахвотніцкія летнікі па ўборцы тэрыторыі, азеляненьні, будаўнічых працах вакол аб’екту[9][10][11].

Музэй[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Усходні флігель замку, дзе знаходзіцца музэй

У адрэстаўраваным усходнім флігелі (адрас — вул. Урбановіча, 15а) адчынены музэй «Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў», прысьвечаны гісторыі роду Сапегаў. Выстава прысьвечаная дзейнасьці роду Сапегаў, гісторыі мястэчка Ружаны, помнікам архітэктуры сапегаўскага часу. Ладзяцца тэатралізаваныя гістарычныя рэканструкцыі[12]. З 2011 ладзіцца штогадовы фэст «Ружанская брама»[13]. За 2011 г. музэй прыняў каля 20 000 наведнікаў, якія прынесьлі 25 млрд рублёў даходу[14] ($4,46 млн[15]; у сярэднім па $223 з чалавека). Дырэктар музэю — Раман Жыткоўскі (з 04.2016).

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Roman Aftanazy. Różana // Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — Wrocław: Zakład Narodowy imienia Ossolińskich, 1992. — Т. 2. Województwa Brzesko-Litewskie, Nowogródzkie. — С. 337. — ISBN 9788304037014
  2. ^ а б в Борис Павловский. «Триединый Сапега» // Вечерний Брест. — 20 красавіка 2012. — № 32 (1874).
  3. ^ Documentation of purchase by Ari Lieb Pines' purchase of the Ruzhany castle from Duke Sapieha in 1829(анг.) JewishGen KehilaLinks. JewishGen. Праверана 12 сакавіка 2012 г.
  4. ^ Roman Aftanazy. Różana // Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — Wrocław: Zakład Narodowy imienia Ossolińskich, 1992. — Т. 2. Województwa Brzesko-Litewskie, Nowogródzkie. — С. 340. — ISBN 9788304037014
  5. ^ Палац Сапегаў: руіны застануцца ва ўспамінах? // Раённыя будні. — 1 лютага 2012. — № 9 (9455). — С. 5.
  6. ^ Алег Сідарэнка Мінулае працуе на будучыню // Раённыя будні. — 16 траўня 2012. — № 37 (9483). — С. 3.
  7. ^ Ігар Карней. (23 красавіка 2012) Ружанскі палац як дакор аматарам «муляжоў» пад даўніну Культура. Радыё «Свабода»Праверана 25 красавіка 2012 г.
  8. ^ Марына Вакульская. Святая Ганна зноў будзе апякункай Ружан // Раённыя будні. — 11 мая 2012. — № 36 (9482). — С. 5.
  9. ^ БелАЮ міжнародныя валанцёрскія летнікі ў Беларусі Адукацыя — стыль жыцьця Праверана 25 траўня 2014 г.
  10. ^ Валанцёрскі летнік «Спадчына Сапегаў» у Ружанах Новості. РГА «Беларуская асацыяцыя клюбаў ЮНЭСКА» (16 ліпеня 2012). Праверана 25 траўня 2014 г.
  11. ^ Кацярына Радзюк. (27 сакавіка 2014) Сапегі і Радзівілы чакаюць тваёй дапамогі Грамадзтва. ЗьвяздаПраверана 25 траўня 2014 г.
  12. ^ Галоўная старонка. Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў. Праверана 26 сьнежня 2013 г.
  13. ^ Тамара Тиборовская. (9 чэрвеня 2013) На празднике «Ружанская брама» побывало около 10 тысяч человек(рас.) Tomin.by Праверана 26 сьнежня 2013 г.
  14. ^ Сьвятлана Яскевіч. Незабытае старое // Мясцовае самакіраваньне. — 16 траўня 2012. — № 10 (282). — С. 1.
  15. ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2011 год (5605,84 за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2012 г. Праверана 6 жніўня 2017 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Ружанскі палацсховішча мультымэдыйных матэрыялаў