Перайсьці да зьместу

Камуністычная партыя Беларусі (1918)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Камуністычная партыя БССР»)
Камуністычная партыя Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі
па-беларуску: Камуністычная партыя Беларусі
Лідэр партыі Першы сакратар ЦК
Дата заснаваньня 30 сьнежня 1918 (105 гадоў таму)
Распушчаная 25 жніўня 1991 (33 гады таму)
Штаб-кватэра
Ідэалёгія марксізм-ленінізм
Моладзевая арганізацыя Ленінскі камуністычны саюз моладзі Беларусі[d]
Колькасьць 697 000
Гімн Інтэрнацыянал

Камуністычная па́ртыя Белару́сі (скар. КПБ) — камуністычная партыя ў Беларускай ССР у 1918—1991 роках.

Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі была створаная 30 сьнежня 1918 року ў Смаленску на VI Паўночна-Заходняй абласной канфэрэнцыі РКП(б), самаабвешчанай першым і ўстаноўчым зьездам новай партыі. Зьезд абраў Цэнтральнае бюро КП(б) Беларусі (старшыня Аляксандар Мясьнікян), а таксама прыняў рашэньне пра ўтварэньне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі.

У сакавіку 1919 аб’яднаная з Кампартыяй Летувы ў Камуністычную партыю (бальшавікоў) Літвы і Беларусі (КП(б)ЛіБ). Пасьля ліквідацыі Літоўска-Беларускай ССР партыі былі падзеленыя ў лістападзе 1920 року.

У лютым — траўні 1924 року кіроўным органам КП(б)Б было Часовае Беларускае бюро ЦК РКП(б), створанае ў сувязі зь вяртаньнем у Беларускую ССР усходнебеларускіх тэрыторыяў са складу РСФСР. У траўні 1924 адбылася XIII канфэрэнцыя Кампартыі Беларусі, дзе быў абраны Цэнтральны камітэт КП(б)Б.

У гады Вялікай Айчыннай вайны КП(б)Б кіравала партызанскім антынацысцкім рухам. У партызанскіх аддзелах і ў падпольлі на акупаванай тэрыторыі БССР налічвалася больш за 35 тыс. камуністаў, дзейнічала 10 абкамаў, 185 міжраённых і раённых камітэтаў КП(б)Б і 1316 першасных партыйных арганізацыяў.

У 1970 колькасьць сябраў КПБ склала 416 тыс. чалавек, у 1990 — 697 тыс.

25 жніўня 1991 року, пасьля здушэньня жнівеньскага путчу, Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусі прыпыніў дзейнасьць Кампартыі на тэрыторыі рэспублікі. У адказ частка камуністаў у кастрычніку 1991 року стварыла камітэт па ўзнаўленьні дзейнасьці КПБ, які ў сьнежні на ўстаноўчым зьезьдзе абвясьціў стварэньне Партыі камуністаў Беларусі (ПКБ).

У лютым 1993 року пасьля скасаваньня Вярхоўным Саветам рашэньня аб прыпыненьні дзейнасьці КПБ ейныя чальцы прынялі рашэньне далучыцца да ПКБ зь перадачай ёй усіх правоў і паўнамоцтваў палітычнай, юрыдычнай і маёмаснай правапераемнасьці Камуністычнай партыі БССР. Фактычнае аб’яднаньне адбылося на 2-м зьезьдзе Партыі камуністаў Беларускай у траўні 1993 року.

У 1996 року частка сябраў ПКБ, якія падтрымалі палітыку Аляксандра Лукашэнкі, выйшла з партыі і стварыла са старой назвай «Камуністычная партыя Беларусі».

Сакратары — першыя сакратары ЦК КП(б)/КП Беларусі[1][2]