Шарашоў
Шарашоў лац. Šarašoŭ | |||||
Званіца на гістарычнай Камянецкай вуліцы | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1380 | ||||
Магдэбурскае права: | 1726 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Берасьцейская | ||||
Раён: | Пружанскі | ||||
Сельсавет: | Шарашэўскі | ||||
Насельніцтва: | 1720 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1632 | ||||
Паштовы індэкс: | 225175[2] | ||||
СААТА: | 1256562000 | ||||
Нумарны знак: | 1 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°33′37″ пн. ш. 24°12′51″ у. д. / 52.56028° пн. ш. 24.21417° у. д.Каардынаты: 52°33′37″ пн. ш. 24°12′51″ у. д. / 52.56028° пн. ш. 24.21417° у. д. | ||||
± Шарашоў | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Шарашо́ў, Шарашэ́ва[3] — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Левай Лясной. Цэнтар сельсавету Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 1720 чалавек[1]. Знаходзіцца за 20 км на захад ад Пружанаў, за 32 км ад чыгуначнай станцыі Аранчыцы (лінія Берасьце — Баранавічы), за 97 км ад Берасьця.
Шарашоў — магдэбурскае мястэчка гістарычнай Берасьцейшчыны. Да нашага часу тут захавалася драўляная званіца ў стылі барока, драўляная Петрапаўлаўская царква і мураваны касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў стылі клясыцызму, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася драўляная Прачысьценская царква ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тапонім Шарашоў, найбольш імаверна, утварыўся ад мясцовага дыялектнага слова шэраш — 'дробны лёд на рацэ ў адлігу'. Паводле некаторых зьвестак, у старажытнасьці паселішча мела назву Шаршнёў — ад слова шэршань. Потым, нібы, назва зьмянілася на Шарашоў, а далей — Шарашова. Аднак, гэтая вэрсія ня мае грунту[4]. На думку географа Вадзіма Жучкевіча, назва мястэчка ўтварылася ад імя Шэраш (значэньне асновы — шэры)[5], што адпавядае мясцоваму паданьню пра паходжаньне назвы і пра заснаваньне самога паселішча.
Традыцыйная гістарычная назва паселішча — Шарашоў[6]. Цяперашняя афіцыйная назва паселішча — Шарашэ́ва[3], таксама сустракаюцца варыянты Шарашо́ва[3] і Шо́рашава[3].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паданьне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле паданьня, на месцы Шарашова не было ніякага жытла, апроч невялікай карчмы пасярод пушчы пры гасьцінцу. Пра карчму хадзіла благая слава, быццам там знаходзяць прытулак лясныя злодзеі — за сьпіртное і дробныя грошы гатовыя нават на забойства. І быццам аднойчы тут спыніўся баярын, уночы на яго напалі злодзеі на чале з гаспадаром карчмы. На дапамогу баярыну прыйшоў пастаялец з шнарам праз твар, і разам ім удалося ўцячы. Невядомага звалі Шэрашам (імя цюрскае паводле паходжаньня), і ён быў галоўным разбойнікам у пушчы. Згодна з паданьнем, пра Шэраша хадзілі чуткі, што менавіта ён скраў каралеўскую карону вялікага князя Вітаўта, якую везьлі ад кракаўскіх ювэліраў, быццам у Шэраша бачылі вялікі дыямэнт з гэтай кароны. Баярын і Шэраш склалі дамову, паводле якой першы абяцаў выпрасіць ад вялікага князя дазвол на будову паселішча ў пушчы, тым часам другі будзе забясьпечваць бясьпеку паселішча. Такім чынам, паводле паданьня, і ўзьнік Шарашоў, першымі яго жыхарамі сталі разбойнікі Шэраша, а потым — рамесьнікі і гандляры. Шэраш абараняў паселішча і нават вяршыў справядлівы суд, ды наогул быў шчодрым чалавекам, за што шарашоўцы паважалі і любілі яго. Празь некаторы час баярына забіў абражаны муж ягонай палюбоўніцы, за што Шэраш забіў і яго. Па гэтым зьнік і сам Шэраш. Паданьне сьцьвярджае, што на гербе Шарашова (нададзены ў 1792 годзе) выяўлены не арханёл Гаўрыіл, а Шэраш.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Шарашоў зьмяшчаецца ў грамаце пра яго наданьне камянецкаму намесьніку Мікалаю Насуце Шампарту і датуецца 26 студзеня 1380 году. З XV ст. Шарашоў уваходзіў у склад Камянецкага павету і знаходзіўся ў валоданьні ваяводы троцкага Яна Забярэзінскага як пасаг праз шлюб з Ганнай Ядвігай Насутаўнай. Па гібелі Забярэзінскага ў пачатку XVI ст. Шарашоў у якасьці пасагу ягонай дачкі перайшоў да старосты берасьцейскага Юрыя Ільлініча (памёр у 1526 годзе). У 1536 годзе ягоны зяць, берасьцейскі войт Ян Абрамовіч[7] прадаў маёмасьць вялікай княгіне Боне Сфорцы, якая надала паселішчу права на самакіраваньне[8].
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Шарашоў увайшоў у склад Берасьцейскага павету Берасьцейскага ваяводзтва. Кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў Шарашову статус мястэчка, спасылаючыся на папярэднюю грамату Боны Сфорцы. У Інфлянцкую вайну тут знаходзіўся адзін з пунктаў збору войскаў Рэчы Паспалітай у часе паходу супраць Маскоўскай дзяржавы. У канцы XVI ст. мястэчка стала цэнтрам войтаўства Кобрынскага староства. У 1595 годзе Жыгімонт Ваза надаў Шарашову прывілей на таргі і кірмашы. Празь мястэчка праходзіў шлях паміж дзьвюма сталіцамі — Кракавам і Вільняй, а таксама Вялікі галоўны гасьцінец або «вялікая дарога», што ішоў да Любліна.
У XVII стагодзьдзі ў Шарашове працавалі шынкі, саладоўня, піваварня; разьвівалася смалакурэньне. Значную частку насельніцтва складалі жыды, што жылі тут сваім асабістым аб’яднаньнем — кагалам, які, у сваю чаргу, падпарадкоўваўся больш высокай установе — Берасьцейскаму вааду. У сярэдзіне XVII ст. паселішча прыйшло ў заняпад у зьвязку зь пераносам сталіцы Рэчы Паспалітай з Кракава ў Варшаву. З гэтай прычыны кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза скасаваў местачковыя прывілеі на кірмашы і таргі. Па вайне Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1661) з прычыны разбурэньня Шарашова маскоўскімі захопнікамі Вальны сойм Рэчы Паспалітай у 1664 годзе вызваліў яго ад падаткаў на чатырохрочны тэрмін[8]. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) мястэчка зноў значна пацярпела.
У 1739 годзе Шарашоў стаў цэнтрам нягродавага староства, якое ўваходзіла ў адміністрацыйнае і гаспадарчае кіраваньне каралеўскага скарбу. У XVIII ст. з дазволу караля мястэчка знаходзілася ў трыманьні графаў Флемінгаў. У 1776 годзе Шарашоў страціў Магдэбурскае права і перайшоў у дзяржаўныя маёнткі. 27 лютага 1792 году кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі аднавіў мястэчку правы на самакіраваньне і надаў яму герб: «у срэбным полі арханёл Гаўрыіл зь лілеямі ў руцэ»[9]. У гэты час тут было 616 будынкаў і 61 рамесьнік. Да канца XVIII ст. у Шарашове не было мураваных будынкаў. У інвэнтары за 1793 год паведамлялася, што ў мястэчку былі незабрукаваныя вуліцы — Камянецкая, Віленская, Астравецкая, Новая і два Рынкі. Вуліца Ліпавая, на якой разьмяшчаўся дом гаспадара мястэчка, мела драўляны брук, а грэблі — каменны. На мяжы XVIII—XIХ стагодзьдзяў пасярод Рынку збудавалі мураваную ратушу і драўляныя гандлёвыя рады на 16 крамаў.
У Шарашове таксама існаваў невялікі палац мясцовага старосты Адама Казімера Чартарыйскага, які атрымаў мястэчка ў пасаг за Ізабэлай Даротай Балдыні — дачкой Яна Юрыя Флемінга, якую ведалі ў Рэчы Паспалітай як пісьменьніцу і лічылі адной з найпрыгажэйшых жанчын. Іхны сын Адам Ежы Чартарыскі займаў высокія пасады ў Расейскай імпэрыі, быў сябрам Аляксандра I, браў удзел у стварэньні аўтаномнага Царства Польскага. У час паўстаньня 1830—1831 рокаў узначаліў Польскі нацыянальны ўрад, за што пасьля здушэньня паўстаньня вымушаны быў эміграваць, а маёмасьць Чартарыскіх (у тым ліку і Шарашоў) была канфіскаваная.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Шарашоў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, на мяжы з Прусіяй. Паселішча атрымала статус валаснога мястэчка Пружанскага павету Слонімскай, з 1797 году Літоўскай, з 1801 году — Гарадзенскай губэрняў. Праз Шарашоў праходзілі гандлёвыя шляхі Берасьце — Горадня і Пружана — Беласток. Тут квітнелі рамяство і гандаль, у тым ліку і дзякуючы кантрабандзе на расейска-прускай граніцы. У пачатку XIХ ст. у мястэчку заснавалі 3 гарбарныя заводы і 2 суконныя мануфактуры, якія працавалі на мясцовай сыравіне; колькасьць працоўных складала 57 чалавек. У 1845 годзе адкрылася сельская вучэльня, дзеялі юдэйская школа і сынагога.
У другой палове XIХ ст. Шарашоў пачаў паступова прыходзіць у заняпад празь зьмяншэньне гандлю і рамёстваў. У 1852—1890 гадох тут існаваў дробны бровар, на якім працавала да 6 чалавек. У 1863 годзе ваколіцы мястэчка сталі месцам фармаваньня першых паўстанцкіх аддзелаў, аднак да канца року расейскія карныя войскі амаль поўнасьцю іх ліквідавалі. На канец XIХ ст. у Шарашове працавалі 9 дробных прадпрыемстваў; валасная ўправа, пошта, расейская пачатковая народная вучэльня. Дзеялі Прачысьценская, Петрапаўлаўская, Мікалаеўская цэрквы, званіца, Траецкі касьцёл і сынагога.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Шарашоў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Шарашоў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[10]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Шарашоў увайшоў у склад Беларускай ССР[11]. У 1919 годзе мястэчка занялі польскія войскі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Шарашоў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Пружанскага павету Палескага ваяводзтва[12].
У 1939 годзе Шарашоў увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе атрымаў афіцыйны статус гарадзкога пасёлку і стаў цэнтрам раёну Берасьцейскай вобласьці. У 1940 годзе ў мястэчку працавалі электрастанцыя, млын, лазьня, пошта, тэлеграф, клюб, амбуляторыя, аптэка, 2 школы. У Другую сусьветную вайну з 23 чэрвеня 1941 да 17 ліпеня 1944 году[13] Шарашоў знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху. З 17 сьнежня 1956 году — у Пружанскім раёне. 29 траўня 2015 году Шарашоўскі пасялковы савет пераўтварылі ў сельсавет[14].
-
Рынак, 1918 г.
-
Рынак
-
Прачысьценская царква, 1915 г.
-
Петрапаўлаўская царква, 1940-я гг.
-
Маставая вуліца. Капліца
-
Капліца каля касьцёла
-
Сынагога, 1910 г.
-
Камяніца на Рынку
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XVIII стагодзьдзе: 1790-я гады — 3360 чал.[15]
- XIX стагодзьдзе: 1830 год — 2912 муж., зь іх шляхты 8, духоўнага стану 3, мяшчанаў-юдэяў 1532, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 1355, жабракоў 24[16]; 1860 год — 9196 чал.[17]; 1886 год — 2132 чал.[18]; 1890 год — 5485 чал.[19]; 1897 год — 5274 чал.[18]
- XX стагодзьдзе: 1900-я — 2325 чал.[18]; 1935 год — 3570 чал.[18]; 1940 год — 3486 чал.[18]; 1959 год — 3431 чал.[18]
- XXI стагодзьдзе: 2002 год — 2281 чал.; 2003 год — 2200 чал.[18]; 2005 год — 2143 чал.[20]; 2006 год — 2,1 тыс. чал.[21]; 2008 год — 2,1 тыс. чал.; 2009 год — 1889 чал.[22] (перапіс); 2016 год — 1782 чал.[23]; 2017 год — 1759 чал.[24]; 2018 год — 1720 чал.[1]
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Шарашове працуюць сярэдняя школа, філія Пружанскай музычнай школы, ясьлі-садок, навучальны вытворны камбінат, лякарня, бібліятэка, дом культуры, камбінат побытавага абслугоўваньня насельніцтва.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Плян
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рака падзяляе тэрыторыю Шарашова на паўднёвы і паўночны раёны, злучаныя паміж сабой асноўнай кампазыцыйнай восьсю — галоўнай вуліцай. У паўднёвым раёне месьціцца асноўны масіў жылой забудовы з адміністрацыйна-грамадзкім і культурным цэнтрам, які склаўся на пляцы на рагу цэнтральных вуліцаў. Тут знаходзяцца адміністрацыя мястэчка, дом культуры, унівэрмаг, паліклініка, аддзяленьне сувязі, дом побыту. У цэнтральнай частцы Шарашова разьмяшчаецца мэблевы цэх Ружанскай мэблевай фабрыкі і ўправа мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства. Асноўныя вуліцы паўночнага раёну — 1 траўня і Пружанская. Пераважае індывідуальная забудова сядзібнага тыпу.
Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
8 сакавіка завулак | Школьны завулак[25] | |
Кастрычніцкая вуліца | Старавольская вуліца[26] | |
Леніна вуліца | Маставая вуліца | Перацкага вуліца[26] |
Пружанская вуліца | Віленская вуліца[27] | |
Савецкая вуліца | Камянецкая вуліца[28] | |
Урыцкага завулак | Капліцкая вуліца[25][29] | |
Фіміна плошча | Рынак пляц |
У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаецца Закасьцельная вуліца[30].
Сьпіс вуліцаў Шарашова: 1 Траўня, 8 Сакавіка, 17 Верасьня, М. Баброўскага, Бараньнікава, Гастэлы, Зарэцкая, Камсамольская, Кастрычніцкая, Кірава, Леніна, Лугавая, Новая, Палявая, Перамогі, Піянэрская, Пружанская, Пушкіна, Савецкая, Урыцкага, В. Харужай, Чкалава, Чырвонаармейская, Юбілейная.
Сьпіс завулкаў Шарашова: 8 Сакавіка, Бараньнікава, Леніна, Палявы, Пружанскі, Урыцкага.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадпрыемствы: мэблевы цэх, смолзавод, пякарня, лясьніцтва.
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аўтамабільныя дарогі Н525 Шчарчова — Шарашоў[31] і Н540 Купічы — Шарашоў — Вялікае Сяло[32].
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Забудова гістарычная (ХІX — пачатак XX ст.; фрагмэнты)
- Званіца былой Прачысьценскай царквы (1799)
- Капліца прыдарожная (XVIII ст.)
- Капліца Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (1824)
- Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (1848)
- Царква Сьвятога Мікалая (1872; мураўёўка)
У XVII і XIX стагодзьдзях у Прачысьценскай царкве (не захавалася) знаходзілася ў якасьці напрастольнага Шарашоўскае Эвангельле, помнік беларускай рукапіснай пісьмовасьці. Цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музэі.
У мястэчку таксама знаходзіцца братэрская магіла (1941—1944).
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ратуша (XVIII ст.)
- Сынагога
- Царква Нараджэньня Божай Маці (1760)
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Міхаіл Баброўскі (1784/1785—1848) — мовазнавец, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту
- Барыс Бокша (нар. 1960) — графік
- Міхаіл Хацімскі (1903—1986) — палкоўнік, Герой Савецкага Саюзу
- Станіслаў Сэрафін Ягадынскі (1590 ці 1594/1595 — каля 1644) — знаўца геральдыкі, перакладнік, аўтар падручніку «Каліграфія»
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Званіца зьнішчанай Прачысьценскай царквы
-
Касьцёл з боку апсыды
-
Касьцёл, інтэр’ер
-
Касьцёл, каплічка
-
У цэнтры мястэчка
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Алфавитный список улиц по Шерешево (рас.) Пружанский район. Белпошта. Праверана 28 кастрычніка 2011 г.
- ^ а б в г Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 242—243.
- ^ Пракаповіч Н. Паселішча ў пушчы.(недаступная спасылка) // Газета для вас. № 15 (641), 11—18 красавіка 2008.
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 409—410.
- ^ Вячорка В. (19.03.2016) "Бабёнка – это я понимаю!". Як русіфікавалі тапонімы.. Радыё Свабода. Праверана 23 чэрвеня 2017 г.
- ^ Жыгамонт Ю. (22 ліпеня 2011) Деревня Шерешево (Беловежская пуща): После восстания Кастуся Калиновского здесь вешали арестованных повстанцев (рас.) Новыя падарожжы дылетанта. СТБ. Праверана 27 студзеня 2012 г.
- ^ а б ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 751.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ гміна вясковая Шарашоў. Radzima.net. Праверана 10 красавіка 2012 г.
- ^ БЭ. — Мн.: 2003 Т. 17. С. 378.
- ^ «Об изменениях в административно-территориальном устройстве Пружанского района Брестской области». Решение Брестского областного Совета депутатов от 29 мая 2015 г. № 94(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ Шерешево (Шарашова Shereshevo), Гербы Брестской области
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 414.
- ^ Krzywicki J. Szereszów // Słownik geograficzny... T. XI. — Warszawa, 1890. S. 902.
- ^ а б в г д е ё Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 4. Кн. 2. — Менск, 2007. С. 545.
- ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
- ^ Шарашова // Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 4. Кн. 2. — Менск, 2007. С. 544.
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
- ^ Перепись населения — 2009. Брестская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ а б Shershev Compendium / Ed. L. W. Rochester. New York, 2006. P. 645.
- ^ а б Shershev Compendium / Ed. L. W. Rochester. New York, 2006. P. 586.
- ^ Lickiewicz E. Szereszów // ECHA Polesia №4 (48), 2015. S. 34.
- ^ Lickiewicz E. Szereszów // ECHA Polesia №4 (48), 2015. S. 33.
- ^ Shershev Compendium / Ed. L. W. Rochester. New York, 2006. P. 583.
- ^ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 52.
- ^ Решение Брестского областного исполнительного комитета от 22 декабря 2007 г. №1094 «Об утверждении перечня местных автомобильных дорог Брестской области» (рас.) Банк законаў Праверана 13 студзеня 2012 г.
- ^ Решение Брестского областного исполнительного комитета от 22 декабря 2007 г. №1094 «Об утверждении перечня местных автомобильных дорог Брестской области» (рас.) Банк законаў Праверана 13 студзеня 2012 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — ISBN 985-11-0279-2
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2007. — 608 с.: іл. ISBN 978-985-11-0388-7.
- Пракаповіч Н. Паселішча ў пушчы // Газета для вас. № 15 (641), 11—18 красавіка 2008.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын. — 616 с. — ISBN 985-11-0276-8
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Шарашоў , Radzima.org
- Шарашоў (рас.), «Глёбус Беларусі»
- Надвор’е ў Шарашове
|