Перайсьці да зьместу

Каляндар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Каляндар пераступнага 2008 году

Калянда́р (лацінская: calendae, першыя дні месяцу) — сыстэма лічэньня часу, якая заснаваная на пэрыядычных зьявах прыроды: зьмене дня і ночы, зьмене пораў году (сонечны каляндар), зьмене фазаў Месяцу (месяцовы каляндар). Выдзяляюць таксама юліянскі каляндар («стары стыль») і грыгарыянскі каляндар («новы стыль») у хрысьціянскай традыцыі. Каляндар, таксама, уяўляе сабой выраз ўнутраных асаблівасьцяў, якімі адна культура адрозьніваецца ад іншай. Натуральна, што стаўленьне да часу ўнутры асобна ўзятай культуры адбіваецца перш за ўсё праз каляндар. Аднак каляндар зьяўляецца не толькі рытмам часу, але й рытмічнай памяцьцю чалавецтва. Старажытныя календары, як то сонечны каляндар Старажытнага Эгіпта або сонечна-месяцовы каляндар Бабілёна зь іхнай пэрыядычна паўтаральнымі цыклямі рэлігійных сьвятаў, заўсёды перасьледвалі мэту быць надзейнымі захавальнікамі памяці аб тым, што ляжала ў глыбокім фундамэнце кожнай з культур.

З прыняцьцем хрысьціянства ў многіх краінах рабіліся спробы суаднесьці біблейскую храналёгію зь існуючымі каляндарнымі сыстэмамі і вызначыць дакладную дату нараджэньня Ісуса Хрыста. У 525 годзе рымскі манах Дыянісыюс Малы вызначыў, што Хрыстос нарадзіўся ў 753 годзе ад заснаваньня Рыму, або ў 284 годзе эры Дыяклетыяна. Зь цягам часу гэтая сыстэма летазлічэньня («нашая эра») зацьвердзілася ў краінах Заходняй і Цэнтральнай Эўропы.

У Бізантыйскай імпэрыі было распрацаванае летазлічэньне «ад стварэньня сьвету» (пачатак — 5508 годзе да н. э.), год пачынаўся 1 верасьня. 3 хрышчэньнем Русі ў канцы X стагодзьдзя ва ўсходніх славянаў распаўсюдзіўся бізантыйскі каляндар, аднак за пачатак году браўся дзень 1 сакавіка. Розьніца ў паўгады паміж старажытнарускім і бізантыйскім каляндарамі выклікала існаваньне на Русі дзьвюх асноўных сыстэмаў летазлічэньня: сакавіцкай (рускі год адстае ад бізантыйскага на паўгады) і ультрасакавіцкай (рускі год абганяе бізантыйскі на паўгады). Верасьнёўская сыстэма спачатку на Русі ўжывалася слаба. Зьберагліся сьляды знаёмства ўсходніх славянаў зь іншымі сыстэмамі летазлічэньня, як то антыяхійская эра (пункт адліку — 1 верасьня 5968 год да н. э.), александрыйская эра (25 сакавіка 5493 год да н. э.), баўгарская эра (5504 год да н. э.) і іншыя. Маскоўскі царкоўны сабор 1492 году пастанавіў лічыць пачаткам году 1 верасьня.

Сучасны сонечны каляндар, то бок грыгарыянскі каляндар, быў створаны ў 1582 годзе і прыняты рымскім папам Грыгорыюсам XIII, і ў розных краінах уводзіўся ў розны час. Даўжыня году ў ім складае 365,2425 содняў. Пры гэтым дні з 5—14 кастрычніка 1582 году былі выкінутыя з календару. Розьніца паміж грыгарыянскім і юліянскім календарамі ў XVI—XVII стагодзьдзях складала 10 содняў, аднак зь цягам часу адставаньне юліянскага календару ад грыгарыянскага парастала. У Беларусі грыгарыянскі каляндар дзейнічаў да 1796 году, калі тэрыторыя Беларусі была захоплена Расейскай імпэрыяй і ўведзены юліянскі каляндар. Але ў 1918 годзе грыгарыянскі каляндар быў вернуты.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каляндарсховішча мультымэдыйных матэрыялаў