Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну (з 2022)
Гэты артыкул апісвае актуальную падзею.
|
Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну | |||||||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||||||
Супернікі | |||||||||||
Камандуючыя | |||||||||||
Колькасьць | |||||||||||
Пастаўка зброі: |
| ||||||||||
Страты | |||||||||||
| каля 70 000 чалавек (на 18 жніўня 2023 году) | звыш 260 000 чалавек (на 18 верасьня 2023 году)[11] | ||||||||||
| Агульныя страты | |||||||||||
Расе́йскае ўварва́ньне ва Ўкраі́ну (па-ўкраінску: Російське вторгнення в Україну) — адкрыты напад на Ўкраіну войскаў Расеі, учынены 24 лютага 2022 году, а 5-й гадзіне раніцы. Уварваньне ёсьць часткай расейска-ўкраінскай вайны, распачатай Расеяй у 2014 годзе, удзел у якой расейскія ўлады бесьперапынна адмаўлялі.
Вайсковая кампанія пачалася па працяглым нарошчваньні расейскіх войскаў зь лістапада 2021 году каля граніцы Ўкраіны з Расеяй і Беларусьсю і абвяшчэньні Расеяй 21 лютага 2022 году «незалежнымі дзяржавамі» тэрарыстычных утварэньняў г. зв. «Данецкай народнай рэспублікі» і «Луганскай народнай рэспублікі». Практычна адначасна Ўзброеныя сілы Расейскай Фэдэрацыі пачалі непрыхованае перакідваньне дадатковых войскаў на акупаваныя тэрыторыі Данецкай і Луганскай вобласьцяў.
Каля 05:00 паводле кіеўскага часу (UTC+2) прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін абвясьціў пра вайсковую апэрацыю нібы з «дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі Ўкраіны»; праз хвіліны пачаліся ракетныя ўдары па ўсёй краіне, у тым ліку і ў межах сталіцы Кіева[13]. Тады ж расейскія войскі ўварваліся ва Ўкраіну каля Харкава, Хэрсону, Чарнігава, Сумаў, увайшоўшы з тэрыторыі Расеі і часова акупаваных расейскімі войскамі Беларусі і Крыму.
Праз рашучы супраціў украінскай арміі і сілаў самаабароны ўжо ў першыя дні агрэсіі расейская армія панесла значныя страты ў жывой сіле і тэхніцы. Паводле ацэнак Украіны, Расея ў сваёй найноўшай гісторыі ва ўсіх войнах, якія яна вяла, не панесла нават прыкладна такіх вялікіх стратаў за такі кароткі час. Паводле заходніх выведак, Расея сустрэла больш моцны супраціў, чым чакалася, што прывяло да праблем з матэрыяльна-тэхнічным забесьпячэньнем яе войскаў, браку паліва, баявых прыпасаў і харчоў, а таксама падрыву баявога духу нападнікаў. Хуткае аб’яднаньне сьвету дзеля дапамогі Ўкраіне, а таксама ўвядзеньне моцных санкцыяў супраць Расеі сталі нечаканым ударам для краіны-агрэсара[14].
Зь першага дня ўварваньня Расея парушае правілы вядзеньня вайны і зьдзяйсьняе масавыя ваенныя злачынствы[15][16]. 2 сакавіка 2022 году Генэральная асамблея ААН ўхваліла Рэзалюцыю з асуджэньнем расейскага ўварваньня ва Ўкраіну[17]. У Рэзалюцыі Генасамблея ААН заявіла, што «патрабуе ад Расейскай Фэдэрацыі»: 1) «безадкладна спыніць выкарыстаньне сілы супраць Украіны і ўстрымацца ад далейшай незаконнай пагрозы і выкарыстаньня сілы супраць усялякай дзяржавы-ўдзельніцы»; 2) «безадкладна, цалкам і безумоўна вывесьці ўсе вайсковыя сілы зь земляў Украіны ў міжнародна прызнаных межах»; 3) «безадкладна і безумоўна скасаваць рашэньне датычна стану пэўных мясцовасьцяў Данецкай і Луганскай вобласьцяў Украіны». У 10-м пункце Рэзалюцыі Генасамблея заявіла, што «асуджае ўдзел Беларусі ў гэтым незаконным выкарыстаньні сілы супраць Украіны і заклікае яе выканаць свае міжнародныя абавязкі». За Рэзалюцыю прагаласавалі прадстаўнікі 141 дзяржавы-ўдзельніцы ААН, якія складалі 73% ад агульнага ліку сябраў ААН[18]. 16 сакавіка 2022 году Сэнат Злучаных Штатаў Амэрыкі аднагалосна вызнаў Пуціна ваенным злачынцам[19]. У той жа дзень Міжнародны Суд ААН пастанавіў, што Расея мусіць неадкладна спыніць вайну ва Ўкраіне[20].
Перадумовы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У канцы 2013 году ва Ўкраіне пачаліся масавыя пратэсты, вядомыя як Эўрамайдан. Прычынай стала адмова прэзыдэнта Віктара Януковіча падпісаць дамову аб асацыяцыі з Эўрапейскім Зьвязам. Пратэсты прывялі да адхіленьня Януковіча ў лютым 2014 году і ўсталяваньня новага ўраду, арыентаванага на Захад.
У сакавіку 2014 году Расея анэксавала Крым, правёўшы нелегітымны рэфэрэндум пад кантролем узброеных сілаў. Гэта стала першым буйным этапам канфлікту і выклікала міжнароднае асуджэньне.
У тым жа годзе на Данбасе ўзьніклі ўзброеныя фармаваньні, якія абвясьцілі «Данецкую» і «Луганскую народныя рэспублікі». Расея аказвала ім падтрымку, што прывяло да працяглага ўзброенага супрацьстаяньня паміж украінскімі войскамі і прарасейскімі сэпаратыстамі.
У 2015 годзе былі падпісаныя Менская пагадненьнi, якія павінны былі спыніць баявыя дзеяньні. Аднак яны не былі цалкам выкананыя, і канфлікт працягваўся да 2021 году, забраўшы больш за 14 тысяч жыцьцяў.
У канцы 2021 году Расея пачала маштабнае нарошчваньне войскаў каля межаў Украіны. Адначасова Масква патрабавала гарантыяў, што Украіна ніколі не далучыцца да NATO і што альянс абмяжуе сваю прысутнасьць у Усходняй Эўропе. Гэтыя патрабаваньні былі адхілены ЗША і Эўрапейскім Зьвязам.

2 сакавіка 2022 году апэратыўна-тактычная групоўка «Ўсход» абнародавала плянавую дакумэнтацыю падразьдзяленьня батальённа-тактычнай групы 810-й асобнай брыгады марской пяхоты Чарнаморскага флёту Расеі. Абнародаваныя дакумэнты плянаваньня вайны супраць Украіны зацьвердзілі 18 студзеня 2022 году. Паводле тых дакумэнтаў, захоп Украіны вызначылі ажыцьцявіць цягам 15 дзён з 20 лютага па 6 сакавіка 2022 году[21]. Пагатоў, зацьверджаньне пляну супадала з абвяшчэньнем беларуска-расейскага вучэньня «Саюзная рашучасьць-2022», а вызначаны пачатак уварваньня — з заканчэньнем таго вучэньня ў Беларусі.
Пазыцыі бакоў
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін дэкляруе мэтай ваеннага нападу на Ўкраіну «абарону людзей, якія на працягу васьмі гадоў церпяць зьдзек, генацыд з боку кіеўскага рэжыму». Паводле яго словаў, «Расея ня можа адчуваць сябе ў бясьпецы, разьвівацца і жыць зь бесьперапыннай пагрозай з боку Ўкраіны»[22].
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі зьвяртае ўвагу на тое, што напраўду галоўная мэта Пуціна — гэта ліквідацыя Ўкраіны як дзяржавы[23].
Ход вайны
[рэдагаваць | рэдагаваць код]24 лютага 2022 году расейскія войскі ўвайшлі ва Ўкраіну з тэрыторыі Расеі, Беларусі і Крыму. У першыя тыдні яны захапілі значныя тэрыторыі на поўдні і ўсходзе краіны, у тым ліку Херсонскую вобласьць, а таксама падступілі да Кіева. Аднак супраціў украінскіх войскаў і масавыя пратэсты насельніцтва спынілі наступ. У красавіку расейскія войскі былі вымушаныя адступіць з Кіеўскай, Чарнігаўскай і Сумскай вобласьцяў.
Пасьля няўдачы пад Кіевам асноўныя баі перамясьціліся на Данбас і поўдзень. Расея захапіла Марыюпаль. У жніўні–верасьні Ўкраіна распачала контрнаступ у Харкаўскай вобласьці, вызваліўшы вялікія тэрыторыі. У лістападзе 2022 году ўкраінскія войскі вярнулі Хэрсон, што стала значнай перамогай.
Улетку 2023 году Ўкраіна распачала шырокі контрнаступ на поўдні і ўсходзе. Мэтай было прарваць расейскую абарону ў Запарожжы і выйсьці да Азоўскага мора. Аднак моцна ўмацаваныя лініі абароны і масавыя мінныя палі перашкодзілі хуткаму прасоўваньню. Да канца году фронт стабілізаваўся, а баі набылі характар пазіцыйнай вайны.
Зіма 2023–2024 году адзначылася цяжкімі баямі ў Бахмуце і Авдзееўцы. Расея здолела захапіць некалькі гарадоў на Данбасе, але страціла частку тэрыторыяў у Запарожжы. Улетку 2024 году абодва бакі праводзілі абмежаваныя наступальныя апэрацыі, не дасягнуўшы вырашальных вынікаў.
Зімою 2024 году Расея прарвала ўкраінскую абарону за Авдзееўкай і прасунулася да 50 кілямэтраў, захапіўшы Ўгледар, Пакроўск, усходнюю частку Запароскай вобласьці і поўдзень Данецкай, а таксама ўвайшла на тэрыторыю Дняпроўскай вобласьці. На поўначы Расея здолела захапіць Часаў Яр, Севярск і распачаць баі за Купянск у Харкаўскай вобласьці
Страты
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Улетку 2022 года Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Расеі замовіла друк 82 840 блянкаў пасьведчаньняў вэтэранаў баявых дзеяньняў і 5 777 пасьведчаньняў для чальцоў сям’і загінулага[11].
У траўні 2023 году Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Расеі замовіла праз тэндэр на партале дзяржзакупак 95 907 пасьведчаньняў вэтэранаў баявых дзеяньняў і 23 716 пасьведчаньняў для чальцоў сем’яў загінулых. 18 верасьня 2023 году Мінпрацы Расеі замовіла тамсама 757 305 пасьведчаньняў вэтэранаў і 230 000 пасьведчаньняў для чальцоў сем’яў загінулых. Сярод пасьведчаньняў вэтэранаў 600 000 прызначалася для Міністэрства абароны Расеі, 86 805 — для Мінпрацы, 60 000 — для Міністэрства ўнутраных справаў Расеі, 10 000 — для Войскаў нацыянальнай гвардыі Расеі і 500 — для Міністэрства будаўніцтва Расеі. Мінабароны мела таксама атрымаць 200 000 пасьведчаньняў для сваякоў загінулых, а Мінпрацы — 30 000[11].
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Удзел рэжыму Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
10—20 лютага 2022 году ў Беларусі прайшлі сумесныя апэратыўныя вучэньні ўзброеных сілаў Беларусі і Расеі «Саюзная рашучасьць-2022», пасьля якіх расейскія войскі пакінулі ў Беларусі. 24 лютага пакінутыя войскі расейскія інтэрвэнты скарысталі для нападу на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі. Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году адкрыта прадэманстравала, што Беларусь знаходзіцца пад поўнай акупацыяй Расеі: у той жа дзень Дзяржаўная пагранічная служба Ўкраіны засьведчыла, што расейскія войскі атакавалі дзяржаўную граніцу ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, тым часам кіраўнік расейскай акупацыйнай адміністрацыі Беларусі Аляксандар Лукашэнка ня стаў зьняпраўджваць гэтых фактаў, заявіўшы толькі, што беларускія войскі «не бяруць ніякага ўдзелу ў расейскай спэцапэрацыі ў Данбасе». Па чым дадаў, што «нашых войскаў там няма. Але калі трэба будзе, калі гэта будзе неабходна Беларусі і Расеі — яны будуць»[24].
24 лютага 2022 году з аэрадрома ў Баранавічах а 13:05 вылецелі чатыры зьнішчальнікі Су-35С. У Кіеўскай вобласьці расейскія войскі пайшлі на прарыў дзяржаўнай граніцы з тэрыторыі Беларусі. Ваенная тэхніка агрэсара зайшла праз пункт пропуску «Вільча»[24]. 25 лютага 2022 году Міністэрства абароны Ўкраіны паведаміла, што наступальнай апэрацыяй Расеі ў паветранай прасторы кіруюць з тэрыторыі Менскай вобласьці[25]. 27 лютага 2022 году Лукашэнка прызнаў, што з тэрыторыі Беларусі запусьцілі ракеты па Ўкраіне[26]. Паводле зьвестак Пэнтагону, на 3 сакавіка 2022 году з тэрыторыі Беларусі адбылося больш за 70 ракетных пускаў па Ўкраіне[27].
4 сакавіка 2022 году ў Палацы Незалежнасьці А. Лукашэнка падпісаў рашэньне рэспубліканскага рэфэрэндуму па зьмяненьнях і дапаўненьнях у Канстытуцыю Беларусі, які прайшоў 27 лютага. У прысутнасьці звыш 1000 чыноўнікаў Лукашэнка заявіў: «абноўлены Асноўны Закон уступіць у сілу 15 сакавіка — у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь»[28]. Сярод іншага, у 18-ы артыкул Канстытуцыі на рэфэрэндуме ўнесьлі папраўку, паводле якой: «Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах да іншых дзяржаваў»[29]. Тым часам, з 24 лютага 2022 году расейскія войскі працягвалі ажыцьцяўляць ваенную агрэсію ў адносінах Ўкраіны, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Пагатоў, у дзень рэфэрэндуму А. Лукашэнка пацьвердзіў, што з чарнобыльскіх раёнаў Беларусі, дзе на вучэньнях «Саюзная рашучасьць-2022» былі расейскія войскі, запускаліся ракеты па пазыцыях ва Ўкраіне[30].
На 13 сакавіка 2022 году, паводле інфармацыі Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны, у мэдычных установах на паўднёвым усходзе Беларусі «праходзіць лячэньне вялікая колькасьць расейскіх вайскоўцаў, параненых падчас баявых дзеяньняў на ўкраінскай тэрыторыі». Прытым задзейнічаюцца рэзэрвы крыві, назапашаныя для грамадзянаў Беларусі: каля дзьвюх трацінаў рэзэрву перанакіравалі на патрэбы расейскіх вайскоўцаў[31]. 16 сакавіка 2022 году супрацоўнік Гомельскага абласнога клінічнага шпіталя паведаміў пра вываз да 13 сакавіка цягнікамі і самалётамі звыш 2500 трупаў расейскіх вайскоўцаў з Гомельскай вобласьці Беларусі ў Расею[32].
20 сакавіка 2022 году Міністэрства абароны Расеі апублікавала відэа, на якім відаць узьлёт з аэрадрому ў Гомлі бесьпілётніка з боекамплектам. Таксама на відэа паказваюцца ракетныя ўдары па ўкраінскай тэрыторыі і пасадка на гэтым жа аэрадроме[33].
Стаўленьне беларусаў да расейскай агрэсіі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Паводле сацыялягічнага дасьледаваньня, праведзенага ў канцы студзеня — пачатку лютага 2022 году (яшчэ да адкрытага расейскага ўварваньньня ва Ўкраіну), ва ўмовах тэрору аўтарытарнага прарасейскага рэжыму Лукашэнкі, толькі 13% апытаных беларусаў адказалі станоўча на тое, што «Беларусь мусіць падтрымаць свайго хаўрусьніка — Расею — і адправіць ва Ўкраіну сваіх салдатаў», тым часам 57% лічылі ўдзел Беларусі ў вайне паміж Украінай і Расеяй — катастрофай для краіны[34].
24 лютага 2022 году Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з заявай, у якой асудзіла «збройную агрэсію Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны і спрыяньне гэтай агрэсіі з боку нелегітымнай дзяржаўнай улады Аляксандра Лукашэнкі ў Рэспублікі Беларусь». У заяве гаворыцца, што «ад посьпеху Ўкраіны ў адбіцьці агрэсіі будзе залежаць і будучыня Беларусі і рэгіёну, далейшы нацыянальны лёс беларускага народу»[35].
24 лютага 2022 году да беларусаў зьвярнулася Сьвятлана Ціханоўская з заявай, што на аснове паўнамоцтваў, дадзеных беларускім народам у выніку прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, яна бярэ на сябе адказнасьць адстойваць незалежнасьць і нацыянальныя інтарэсы Беларусі, выконваць абавязкі прадстаўніка беларускага народа і гаранта ягоных правоў і свабодаў да новых выбараў. Ціханоўская стварыла пераходны кабінэт як нацыянальны орган улады Беларусі[24].
27 лютага 2022 году заснавальнік руху «Чорны арол», падпалкоўнік запасу камандзір Берасьцейскай дэсантна-штурмавой брыгады Валеры Сахашчык зьвярнуўся да беларускіх вайскоўцаў і заклікаў іх не выконваць злачынныя загады аб нападзе на Ўкраіну[36]. З заклікам не выконваць злачынных загадаў да беларускіх вайскоўцаў зьвярнуўся Павал Латушка[37].

27 лютага 2022 году, нягледзячы на тэрор акупацыйнага рэжыму Лукашэнкі, тысячы жыхароў Менску пратэставалі супраць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну: усе цэнтральныя вуліцы сталіцы запоўнілі аўтамабілі, якія сыгналілі, людзі сабраліся каля Генэральнага штабу і скандавалі «Не вайне!», а таксама «Слава Украіне! Героям слава!». Людзі зьбіраліся і скандавалі «Не вайне!» таксама на Нямізе, праспэктах Незалежнасьці і Машэрава, вуліцах Багдановіча і Куйбышава і ў парку між Генэральным штабам і Сьвіслаччу, на Асмолаўцы. Супрацоўнікі сілавых структураў рэжыму Лукашэнкі атачалі людзей і хапалі, каго маглі[38]. Агулам схапілі каля 800 чалавек[39], якіх зьбівалі і катавалі[40][41]. 28 лютага ў Менску працягнуліся антываенныя акцыі, за ўдзел у якіх супрацоўнікі сілавых структураў затрымалі больш за 60 чалавек, у тым ліку непаўналетніх[42]. 3 сакавіка АМАП у Менску затрымаў маці беларускіх салдат, якія маліліся ў царкве за мір[43]. 4 сакавіка ў бабруйскай школе № 27 пасярод заняткаў АМАП схапіў настаўніцу гісторыі Ларысу Секержыцкую — за жоўта-сінюю стужку ў валасах[44]. 7 сакавіка ў Менску схапілі 61-гадовую Галіну Лагацкую за спробу разьвесіць улёткі «Не вайне!»[45].

27 лютага 2022 году адбыліся атакі на сэрвісы продажу квіткоў і ўнутраныя сыстэмы Беларускай чыгункі. У выніку рух цягнікоў часткова перавялі ў ручны рэжым працы. Дыспэтчарскую цэнтралізацыю «Нёман» зрабілася непрыдатнай, спыніла працу спадарожнае праграмнае забесьпячэньне. Адказнасьць за блякаваньне сыстэмаў Беларускай чыгункі ўзяла на сябе групоўка «Кібэрпартызаны». Чарговая атака на сыстэмы аўтаматызацыі Беларускай чыгункі адбылася ўдзень 2 сакавіка: перасталі функцыянаваць сыстэма ГВР (Графік выкананага руху), «Нататнік кіраўніка», «Абанэнцкі пункт», аўтаматызаваная сыстэма «Аўтадыспэтчар» ды іншае спадарожнае праграмнае забесьпячэньне, праз уплыў на сыстэму ДЦ «Нёман» — пайшлі праблемы з рухам цягнікоў. Адказнасьць за яе таксама ўзялі на сябе хакеры з групоўкі «Кібэрпартызаны». Таксама 1 сакавіка зьявілася паведамленьне ініцыятывы BYPOL пра тое, што на чыгунцы зьнішчылі прынамсі дзьве шафы СЦБ — прылады, якія кіруюць сыгналізацыяй, цэнтралізацыяй і блякаваньнем руху на чыгунцы. Гэта парушыла працу сьвятлафораў і стрэлкавых пераводаў, заблякавала рух на адпаведных дзялянках чыгункі. Таксама на дзялянцы абслугоўваньня Магілёўскага аддзелу БЧ правялі закарочваньне рэйкавых ланцугоў. Намесьнік міністра ўнутраных справаў рэжыму Лукашэнкі Генадзь Казакевіч паведаміў 2 сакавіка пра тры факты падпалу рэлейных шафаў і блякаваньня чыгуначных шляхоў на тэрыторыі Гомельскай, Магілёўскай і Менскай абласьцей[46]. Падкантрольны Лукашэнку Сьледчы камітэт заявіў пра затрыманьне мінімум чатырох чалавек, якіх падазраюць у зрыве графіку руху расейскіх цягнікоў з зброяй[47] (на 9 сакавіка — схапілі восем меркаваных рэйкавых партызанаў[48]). Па партызанскіх дывэрсіяў на чыгунцы каля Стоўпцаў у гэтае места прыбылі супрацоўнікі ГУБАЗіК, якія затрымліваюць з зброяй мясцовых і б’юць проста ў пастарунку міліцыі[49]. Паводле ініцыятывы BYPOL, 16 сакавіка на перагоне Даманава — Лясная (Берасьцейскі аддзел) партызаны зьнішчылі прылады аўтаматыкі і тэлемэханікі СЦБ, а на перагоне Фарынава — Загацьце (Віцебскі аддзел) — рэлейную шафу СЦБ, што парушыла графік руху цягнікоў, у тым ліку ваеннага прызначэньня[50].
19 сакавіка 2022 году кіраўнік Украінскай чыгункі Аляксандар Камышын падзякаваў беларускім чыгуначнікам, якія праз прывядзеньне каляінаў у непрыдатны стан фактычна спынілі чыгуначныя зносіны з Украінай, чым перашкодзілі перавозцы расейскіх вайсковых эшалёнаў[51].
2 сакавіка 2022 году ва ўкраінскім войску ўтварылася першая рота, якая складаецца зь іншаземцаў, а менавіта зь беларусаў. Паводле зьвестак Радыё Свабода, у яе ўжо ўвайшлі каля 40 чалавек[52] (сярод іншага, у яе запісалася сямёра сяброў Маладога Фронту[53]). 4 сакавіка 2022 году ў абарончых баях ва Ўкраіне загінуў беларускі добраахвотнік Ільля «Ліцьвін»[54]. Паводле зьвестак на 5 сакавіка Ўкраіну абараняла 200 беларускіх добраахвотнікаў, яшчэ 300 беларусаў, гатовых далучыцца да Замежнага легіёну, знаходзілася ў Польшчы[55]. 9 сакавіка беларусы стварылі батальён імя Кастуся Каліноўскага дзеля абароны Кіева[56]. 13 сакавіка пад Кіевам загінуў баец Аляксей "Тур з батальёну Кастуся Каліноўскага[57].
25 сакавіка 2022 году на Дзень Волі невядомыя падпалілі адразу дзьве шафы СЦБ (з прыладамі сыгналізацыі, цэнтралізацыі і блякаваньня) на перагоне паміж Барысавам і станцыяй Навасады. Яшчэ дзьве такія ж шафы падпалілі ў ноч з 27 на 28 сакавіка на перагоне паміж Асіпавічамі і станцыяй Вярэйцы. Пра гэта афіцыйна паведаміла Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. У адказ на гэтыя і іншыя дзеяньні перагоны пачалі патруляваць АМАП і САХР — чаго не было з часоў Другой сусьветнай вайны[58].
Гандлёвыя абмежаваньні
[рэдагаваць | рэдагаваць код]28 лютага 2022 году Рада міністраў замежных справаў Эўразьвязу закрыла паветраную прастору 27 дзяржаваў-удзельніц для пасадкі, узьлёту і пралёту самалётаў, якія належалі расейскім авіяперавозчыкам і стаялі на ўліку ў Расеі[59]. 2 сакавіка 2022 году Міністэрства транспарту ЗША выдала загад аб забароне расейскім самалётам выкарыстоўваць паветраную прастору ЗША[60].
28 лютага 2022 году Выканаўчы камітэт Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК; Швайцарыя) параіў спартовым саюзам не дапускаць да спаборніцтваў беларускіх і расейскіх спартоўцаў, а таксама не запрашаць на іх прадстаўнікоў Беларусі і Расеі для «абароны сумленнасьці глябальных спартовых спаборніцтваў і бясьпекі ўсіх удзельнікаў». Пры гэтым, Выканкам МАК абвясьціў пра стварэньне Фонду салідарнасьці і падзякаваў Нацыянальным алімпійскім камітэтам, якія «ўжо падтрымліваюць украінскіх спартсмэнаў і іх сем’і»[61]. Да 4 сакавіка 2022 году Міжнародныя саюзы валейболу, хакею і лыжнага спорту, разьмешчаныя ў Швайцарыі, адхілілі ад спаборніцтваў спартоўцаў Беларусі і Расеі[62].
2 сакавіка 2022 году Эўразьвяз забараніў з 12 сакавіка выкарыстаньне паслугаў «Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі» (Бэльгія) такім 7 расейскім банкам, як «Адкрыцьцё», «Зьнешгандальбанк», «Зьнешэканомбанк», «Навікамбанк», «Прамсувязьбанк», «Расея» і «Саўкамбанк». Таксама ў Расею забаранілі перадаваць банкноты эўра, у тым ліку ўраду і Цэнтральнаму банку Расеі[63]. У той дзень старшыня ўраду Беларусі Раман Галоўчанка заявіў: «Увядзеньне маштабных санкцыяў супраць расейскіх банкаў і анансаванае, а ўжо і рэалізаванае адключэньне іх ад сыстэмы SWIFT істотна ўскладняе або робіць немагчымым правядзеньне плацяжоў празь іх карэспандэнцкія рахункі»[64]. У выніку накладзеных абмежаваньняў на рахунках замарозілі палову з 630 млрд даляраў золатавалютнага запасу Расеі[65].
9 сакавіка 2022 году Эўрапейская камісія (Бэльгія) паведаміла пра ўвядзеньне Эўразьвязам абмежаваньняў у гандлі зь Беларусьсю, падобна абмежаваньням у дачыненьні Расеі, за даваньне сваіх земляў для ўварваньня расейскага войска ва Ўкраіну. Гэтыя абмежаваньні ўлучалі: 1) спыненьне абслугоўваньня Банка разьвіцьця Беларусі, «Белаграпрамбанка» і банка «Дабрабыт» з боку «Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі» (Бэльгія); 2) забарону грашовых пераводаў і пазыкаў Нацыянальнаму банку Беларусі; 3) забарону на выдачу Беларусі банкнотаў эўра; 4) забарону на разьмяшчэньне ўкладаў на звыш 100 000 эўра ад грамадзянаў і жыхароў Беларусі і абмежаваньне для іх гандлю каштоўнымі паперамі ў эўра[66]. 10 сакавіка 2022 году Палата прадстаўнікоў ЗША ўхваліла Закон аб забароне ўвозу нафты і прыроднага газу з Расеі[67].
8 красавіка 2022 году Эўрапейская рада ўхваліла забарону на грузаперавозкі ў Эўразьвязе для аўтатранспартных прадпрыемстваў Беларусі і Расеі. Таксама забаранілі фінансаваньне дзяржаўных установаў Расеі. Сярод іншага, забаранілі ўклады ў крыптагаманцы ў Беларусі і Расеі, як і продаж у абедзьве краіны банкнотаў і перавадных каштоўных папераў у валютах краінаў Эўразьвязу[68]. Урэшце, Эўразьвяз забараніў заход расейскіх караблёў у свае парты і прадугледзеў эмбарга на расейскі вугаль з канца лета 2022 году. У Расею забаранілі ўвозіць квантавыя кампутары, авіяпаліва і паўправаднікі, а з Расеі забаранілі прывозіць у ЭЗ драўніну і цэмэнт, угнаеньні, морапрадукты і алькаголь[69].
15 траўня 2022 году старшыня ўраду Беларусі Раман Галоўчанка ў інтэрвію тэлеканалу «Аль-Арабія» (Саудаўская Арабія) паведаміў, што «праз санкцыі апынуўся заблякаваны практычна ўвесь экспарт Беларусі ў краіны Эўрапейскага Зьвязу і Паўночнай Амэрыкі». Галоўчанка ўдакладніў: «Гэтая сума ў год складае каля 16—18 млрд даляраў. Зразумела, мы ня можам страціць гэты аб’ём экспарту і павінныя яго пераарыентаваць на іншыя рынкі, у тым ліку азіяцкі, афрыканскі, Блізкага Ўсходу і Арабскага заліву. Гэта тое, над чым мы цяпер працуем»[70].
13 верасьня 2022 году 9 дзяржаваў Эўропы спынілі прыём заявак ад грамадзянаў Расеі на атрыманьне турыстычных візаў. Сярод такіх дзяржаваў былі сумежныя Латвія, Летува, Польшча і Эстонія, а таксама Бэльгія, Данія, Нідэрлянды, Славаччына і Чэхія[71]. 19 верасьня ўрады Латвіі і Летувы, Польшчы і Эстоніі закрылі магчымасьць уезду для грамадзянаў сумежнай Расеі, нават пры наяўнасьці дзейнай шэнгенскай візы[72].
20 верасьня 2022 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 630 «Аб увядзеньні забароны на вываз асобных відаў прамысловых тавараў», якая набыла моц 23 верасьня на 6 месяцаў. Забарона тычылася такіх тавараў, як аўтапагрузчыкі і бульдозэры, сельскагаспадарчыя, садовыя і лесагаспадарчыя машыны, ровары і матацыклы, легкавыя аўтамабілі і трактары, чыгуначныя лякаматывы і вагоны. Таксама ў сьпісе былі гіпс і стэрыльныя матэрыялы для накладаньня швоў, зубныя і костка-рэканструявальныя цэмэнты, стаматалягічныя прыстасаваньні, фарбы і лакі, пасты для лепкі і абеззаражвальнікі, лябараторныя і дыягнастычныя рэагенты, шкляныя ампулы. Таксама ў пераліку знаходзіліся катлы і турбіны, рухавікі ўнутранага згараньня і помпы, лядоўні і маразільнікі, посудамыечныя машыны, пральныя і швачныя машыны, станкі, пыласосы і тэлефонныя апараты. Пры гэтым забарона не закранала тавары з пасьведчаньнем: 1) беларускага або расейскага паходжаньня, 2) уласнай вытворчасьці, 3) экспэртызы Беларускай гандлёва-прамысловай палаты пра вырабленасьць у Беларусі. Сярод іншага, забарона не пашыралася на тавары з выпіскай з эўразійскага рэестру і вывозімыя паводле дазволу[73].
Паводле 6-га артыкула Пастановы № 630, дазволам абласнога выканкаму і Менскага гарвыканкаму прадугледжвалася магчымасьць «узгадненьня вывазу тавараў у Кыргыскую Рэспубліку, Рэспубліку Армэнія, Рэспубліку Казахстан», але згадка магчымасьці дазволу на вываз у Расею адсутнічала. Згодна зь 7-м артыкулам Міністэрства замежных справаў Беларусі мела апавясьціць пра ўвядзеньне захаду нетарыфнага рэгуляваньня менавіта Эўразійскую эканамічную камісію[74]. 25 верасьня 2022 году палітоляг Ігар Тышкевіч заўважыў, што забарона тычылася «паралельнага імпарту» ў Расею звыш 600 відаў тавараў, якія ўрад Расеі разьлічваў замясьціць пастаўкамі зь Кітаю. Пад забарону падпалі такія тавары для збройнай прамысловасьці, як вылічальныя машыны і іх кампанэнты, праграмавальныя калькулятары і нізкатэмпэратурныя паяльнікі, друкаваныя платы і мікрасхемы, рэзыстары і лом электронікі, лазэрныя разакі і штампавальнікі, прэсы і аўтамабільныя акумулятары, трансьмісійныя валы і электрасілавыя ўстаноўкі, гумовыя шайбы і пракладкі, шыны і шасі, бесьпілётнікі і радыёлякацыйныя станцыі, лазэры і компасы, а таксама аптычныя прылады. Таксама Тышкевіч адзначыў, што зацьвярджэньню Пастановы № 630 папярэднічала сустрэча Лукашэнкі менавіта зь кітайскім старшынёй Сі Цьзіньпінам 15 верасьня на зьезьдзе Шанхайскай арганізацыі супрацы ў Самаркандзе (Узбэкістан). Урэшце, Тышкевіч падкрэсьліў, што адразу пасьля гэтай сустрэчы кітайскія дэлегацыі паехалі ў Беларусь[75]. Гэтак сапраўды 22 верасьня мела месца сустрэча Лукашэнкі зь 1-м намесьнікам старшыні «Кітайскай міжнароднай даверна-інвэстыцыйнай кампаніі будаўніцтва» Ян Цзяньцянам[76].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ https://iz.ru/1294865/2022-02-21/eks-deputat-rady-nazval-prichinu-konflikta-na-ukraine
- ↑ https://www.svoboda.org/a/zachem-putin-napal-na-ukrainu/31722623.html
- ↑ Віолетта Орлова. Австралія відправила до України першу партію бронемашин Bushmaster (фото) (укр.) // Уніан, 8 красавіка 2022 г. Праверана 10 чэрвеня 2022 г.
- ↑ Девід Браун, Турал Ахмедзаде. Артилерія, NLAW та бронемашини. Уся зброя, яку Британія дає Україні (укр.) // BBC Україна, 6 чэрвеня 2022 г. Праверана 10 чэрвеня 2022 г.
- ↑ Естонія передала Україні нову партію зброї (укр.) // Укрінформ, 6 красавіка 2022 г. Праверана 10 чэрвеня 2022 г.
- ↑ У Генштабі показали, як США та Канада відправляють зброю в Україну (укр.) // Укрінформ, 27 траўня 2022 г. Праверана 10 чэрвеня 2022 г.
- ↑ 240 танків. Польща відправила Україні більшу частину своєї зброї на $2 млрд – Дуда (укр.) // Ліга.Новини, 9 чэрвеня 2022 г. Праверана 10 чэрвеня 2022 г.
- ↑ С-300. Що треба знати про систему ППО, яку Словаччина надала Україні (укр.) // BBC Україна, 8 красавіка 2022 г. Праверана 10 чэрвеня 2022 г.
- ↑ Сергій Нужненко. «Цезарі» на передовій: як українська армія застосовує на Донбасі французькі САУ (фоторепортаж) (укр.) // Радіо Свобода, 9 чэрвеня 2022 г. Праверана 10 чэрвеня 2022 г.
- ↑ Drew Hinshaw. Czech Republic Gives Ukraine Attack Helicopters and Repairs Its Vehicles (анг.) // The Wall Street Journal, 23 траўня 2022 г. Праверана 10 чэрвеня 2022 г.
- 1 2 3 Выданьне «Вёрстка». Расейскае Мінпрацы раскрыла маштабы магчымых стратаў на вайне ва Ўкраіне // Партал «Наша ніва», 18 верасьня 2023 г. Праверана 19 верасьня 2023 г.
- ↑ https://www.golosameriki.com/a/ukraine-civilians-losses-un-data/6893535.html
- ↑ Расея абстраляла з паветра цэнтар Кіева. ВІДЭА, Радыё Свабода, 24 лютага 2022 г.
- ↑ McGee L. Vladimir Putin is facing stiffer opposition than expected — both inside and outside Ukraine, CNN, 1 сакавіка 2022 г.
- ↑ Орлова В. Боррель: Росія веде війну у варварський спосіб, УНІАН, 4 сакавіка 2022 г.
- ↑ Бондар Г. Глава ОБСЄ назвав удари Росії по мирному населенню України державним тероризмом, УНІАН, 15 сакавіка 2022 г.
- ↑ Эдуард Півавар. Захарава: ЗША пагражалі санкцыямі краінам, якія не падтрымаюць рэзалюцыю ў ААН з асуджэньнем Расеі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 3 сакавіка 2022 г. Праверана 10 сакавіка 2022 г.
- ↑ Рэзалюцыя Генэральнай асамблеі ААН ад 2 сакавіка 2022 г. аб агрэсіі супраць Украіны (анг.) // Арганізацыя аб'яднаных нацыяў, 1 сакавіка 2022 г. Праверана 14 сакавіка 2022 г.
- ↑ Сэнат ЗША аднагалосна вызнаў Пуціна ваенным злачынцам, Радыё Свабода, 16 сакавіка 2022 г.
- ↑ Міжнародны суд ААН запатрабаваў ад Расеі неадкладна спыніць вайну ва Ўкраіне, Радыё Свабода, 16 сакавіка 2022 г.
- ↑ Апэратыўна-тактычная групоўка «Ўсход»: Дакумэнты на вайну з Украінай былі падпісаныя яшчэ ў сярэдзіне студзеня // Партал «Наша ніва», 2 сакавіка 2022 г. Праверана 10 сакавіка 2022 г.
- ↑ Военная операция на Украине. Главное, РБК
- ↑ Саєнко В. Зеленський: Путін хоче знищити Україну, але українські військові дають гідну відсіч, УНІАН, 24 лютага 2022 г.
- 1 2 3 Ліхтаровіч Ю. Беларусы супраць вайны, але краіна пад расійскай акупацыяй, Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 24 лютага 2022 г.
- ↑ Мінабароны Украіны: наступальнай апэрацыяй Расеі ў паветранай прасторы кіруюць з тэрыторыі Менскай вобласьці, Радыё Свабода, 25 лютага 2022 г.
- ↑ Лукашэнка прызнаў, што з тэрыторыі Беларусі запусьцілі ракеты па Ўкраіне, Радыё Свабода, 27 лютага 2022 г.
- ↑ Live: Russia Agrees To Allow ‘Humanitarian Corridors’ — But No National Ceasefire In Ukraine, Forbes, 3 сакавіка 2022 г.
- ↑ Валерыя Сьцяцко. Новая рэдакцыя Канстытуцыі — гэта народны дакумэнт // Зьвязда : газэта. — 5 сакавіка 2022. — № 45 (29667). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
- ↑ Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі, якія выносяцца на рэфэрэндум // Зьвязда. — 22 студзеня 2022. — № 14 (29636). — С. 7—13.
- ↑ Марыя Дадалка. Канстытуцыя прапісаная ў духу народа, жаданьняў, якія ёсьць у народа // Зьвязда. — 28 лютага 2022. — № 40 (29662). — С. 2, 3.
- ↑ Украінскі Генштаб: дзьве траціны беларускіх рэзэрваў крыві накіравалі на патрэбы расейскіх вайскоўцаў, параненых ва Ўкраіне, Радыё Свабода, 13 сакавіка 2022 г.
- ↑ «Іхны стогн на ўвесь шпіталь немагчыма слухаць». Крыніцы: з тэрыторыі Гомельшчыны ўжо вывезьлі ў Расею звыш 2 500 мёртвых вайскоўцаў // Беларуская служба Радыё «Свабода», 16 сакавіка 2022 г. Праверана 18 сакавіка 2022 г.
- ↑ Аэрапорт у Гомлі выкарыстоўваўся расейскай авіяцыяй для вылету на бамбаваньне Ўкраіны. ВІДЭА, Радыё Свабода, 20 сакавіка 2022 г.
- ↑ «Удзел Беларусі ў вайне з Украінай — гэта катастрофа для Беларусі». Вынікі апытаньня Chatham House, Радыё Свабода, 24 лютага 2022 г.
- ↑ Рада БНР: Ад посьпеху Ўкраіны ў адбіцьці агрэсіі будзе залежаць і будучыня Беларусі, Радыё Свабода, 24 лютага 2022 г.
- ↑ Падпалкоўнік ПДВ запасу Валеры Сахашчык зьвярнуўся да беларускіх вайскоўцаў з заклікам не выконваць злачынныя загады, Радыё Свабода, 27 лютага 2022 г.
- ↑ «Не выконвайце злачынных загадаў». Павал Латушка зьвярнуўся да беларускіх вайскоўцаў, Радыё Свабода, 27 лютага 2022 г.
- ↑ Тысячы людзей у цэнтры Мінска пратэставалі супраць вайны. Каля Мінабароны скандавалі «Не вайне!», а таксама «Слава Украіне!», Наша Ніва, 27 лютага 2022 г.
- ↑ У МУС паведамілі пра амаль 800 затрыманых пасьля рэфэрэндуму ў Беларусі, Радыё Свабода, 28 лютага 2022 г.
- ↑ Білі дубінкамі, галавой аб аўтазак, ламалі рэбры: як збівалі затрыманых на антываенных акцыях у Мінску, Вясна, 14 сакавіка 2022 г.
- ↑ «Завялі нас у душ і залілі газам, білі». Як адбывалі «суткі» затрыманыя на антываенных акцыях, Радыё Свабода, 15 сакавіка 2022 г.
- ↑ У Менску за ўдзел у антываенных акцыях 28 лютага затрымалі больш за 60 чалавек, у тым ліку непаўналетніх, Радыё Свабода, 1 сакавіка 2022 г.
- ↑ АМАП у Мінску затрымаў маці беларускіх салдат, якія маліліся ў царкве за мір, Наша Ніва, 3 сакавіка 2022 г.
- ↑ На настаўніцу з Бабруйска за жоўта-сінюю стужку ў валасах выклікалі АМАП, Новы час, 4 сакавіка 2022 г.
- ↑ У Менску актывістку затрымалі за спробу разьвесіць улёткі «Не вайне!», Радыё Свабода, 7 сакавіка 2022 г.
- ↑ Рэйкавая вайна. Як беларусы спрабуюць спыніць расейскую армію, Радыё Свабода, 2 сакавіка 2022 г.
- ↑ «Рэйкавая вайна» ў Беларусі працягваецца. Генпракуратура вінаваціць затрыманых дывэрсантаў у тэрарызьме, Радыё Свабода, 7 сакавіка 2022 г.
- ↑ У Беларусі затрымалі восем «рэйкавых партызан». Што пра іх вядома, Радыё Свабода, 9 сакавіка 2022 г.
- ↑ Дзьмітры Гурневіч, У Стоўпцах выязныя групы ГУБАЗіК і СОБР другі тыдзень тэрарызуюць мясцовых, — жыхары гораду, Радыё Свабода, 13 сакавіка 2022 г.
- ↑ BYPOL узяў адказнасць за чарговую дыверсію на чыгунцы, Наша Ніва, 16 сакавіка 2022 г.
- ↑ Кіраўнік украінскай чыгункі: Дзякуючы сумленным беларускім чыгуначнікам, зносін паміж Украінай і Беларусьсю цяпер няма, Радыё Свабода, 19 сакавіка 2022 г.
- ↑ «Не рабіцеся злачынцамі!» — беларускі дабраахвотнік «Курган» зьвяртаецца да беларускіх вайскоўцаў, 4 сакавіка 2022 г.
- ↑ «Верым, што пераможам Расею, а пасьля вызвалім Беларусь». У беларускую роту тэрабароны Ўкраіны запісаліся сямёра маладафронтаўцаў, Радыё Свабода, 7 сакавіка 2022 г.
- ↑ У баях ва Ўкраіне загінуў беларускі добраахвотнік, Радыё Свабода, 4 сакавіка 2022 г.
- ↑ Пракоп’еў: 200 беларусаў ужо ваюе на баку Украіны, яшчэ 300 гатовыя, Наша Ніва, 5 сакавіка 2022 г.
- ↑ Орлова В. Білоруси створили батальйон для оборони Києва (відео), УНІАН, 9 сакавіка 2022 г.
- ↑ Ва Ўкраіне загінуў баец з батальёну Кастуся Каліноўскага, Радыё Свабода, 13 сакавіка 2022 г.
- ↑ Дзьве дывэрсіі за тры дні. «Рэйкавая вайна» на беларускай чыгунцы працягваецца, Радыё Свабода, 28 сакавіка 2022 г.
- ↑ Эўрасаюз закрыў з 28 лютага сваю паветраную прастору для Расеі // БелТА, 28 лютага 2022 г. Праверана 10 сакавіка 2022 г.
- ↑ ЗША закрываюць паветраную прастору для расейскіх самалётаў // БелТА, 2 сакавіка 2022 г. Праверана 10 сакавіка 2022 г.
- ↑ МАК рэкамэндаваў не дапускаць расіян і беларусаў да спаборніцтваў // Газэта «Зьвязда», 28 лютага 2022 г. Праверана 10 сакавіка 2022 г.
- ↑ Прэзыдэнт НАК аб санкцыях адносна беларускага спорту: маўчаць мы ня будзем // БелТА, 4 сакавіка 2022 г. Праверана 10 сакавіка 2022 г.
- ↑ Эўрасаюз адключыць ад SWIFT сем расейскіх банкаў // Газэта «Зьвязда», 2 сакавіка 2022 г. Праверана 10 сакавіка 2022 г.
- ↑ Галоўчанка пракамэнтаваў сытуацыю зь міжнароднымі плацяжамі // БелТА, 2 сакавіка 2022 г. Праверана 10 сакавіка 2022 г.
- ↑ Алесь Аляхновіч: У МТЗ, БелАЗа, МАЗа будуць праблемы з пастаўкамі на расейскі рынак // Радыё «Рацыя», 6 сакавіка 2022 г. Праверана 10 сакавіка 2022 г.
- ↑ ЭЗ узгадніў фінансавыя санкцыі супраць Беларусі, аналягічныя расейскім // Газэта «Зьвязда», 9 сакавіка 2022 г. Праверана 10 сакавіка 2022 г.
- ↑ Кангрэсмэны ЗША прынялі законапраект аб забароне імпарту энэрганосьбітаў з Расеі // БелТА, 10 сакавіка 2022 г. Праверана 10 сакавіка 2022 г.
- ↑ ЭЗ забараніў Беларусі правозіць грузы нават транзытам // Партал «Новы час», 8 красавіка 2022 г. Праверана 8 красавіка 2022 г.
- ↑ ЭЗ зацьвердзіў пяты блёк эканамічных і індывідуальных санкцый супраць Расеі // БелТА, 8 красавіка 2022 г. Праверана 8 красавіка 2022 г.
- ↑ Галоўчанка: санкцыі сталі інструмэнтам гібрыднай агрэсіі // БелТА, 16 траўня 2022 г. Праверана 16 траўня 2022 г.
- ↑ Дзевяць краін ЭЗ спынілі прыём дакумэнтаў ад расіян на турыстычныя візы // БелТА, 13 верасьня 2022 г. Праверана 13 верасьня 2022 г.
- ↑ Краіны Балтыі і Польшча ўвялі забарону на ўезд грамадзянам Расеі // БелТА, 19 верасьня 2022 г. Праверана 21 верасьня 2022 г.
- ↑ Беларусь увяла часовую забарону на вываз асобных відаў прамтавараў // БелТА, 22 верасьня 2022 г. Праверана 28 верасьня 2022 г.
- ↑ Мікалай Снапкоў. Пастанова Савету міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 верасьня 2022 г. № 630 «Аб увядзеньні забароны на вываз асобных відаў прамысловых тавараў» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 22 верасьня 2022 г. Праверана 28 верасьня 2022 г.
- ↑ Ігар Тышкевіч. Як беларускі ўрад нішчыць абароназдольнасць саюзьніка // Партал «Новы час», 25 верасьня 2022 г. Праверана 28 верасьня 2022 г.
- ↑ «КМДІК будаўніцтва» у сваіх праектах мае намер больш шырока прыцягваць беларускія кампаніі // БелТА, 22 верасьня 2022 г. Праверана 28 верасьня 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Расея напала на Ўкраіну, Лукашэнка падтрымаў агрэсію. Хроніка баявых дзеяньняў і сусьветная рэакцыя 24 лютага, Радыё Свабода
- Дзьмітры Гурневіч, 7 адказаў тым, хто абвінавачвае агулам усіх беларусаў, — меркаваньне, Радыё Свабода, 26 лютага 2022 г.
- МАТЕРІАЛИ ДЛЯ ГААГИ, ТСН
- Дзьмітры Гурневіч, Як Лукашэнка паўтара года ўцягваў Беларусь у вайну. Храналёгія, якая ўсё тлумачыць, 21 сакавіка 2022 г.
