Аляксей Скобля

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Аляксей «Тур» (Скобля)»)
Аляксей Скобля
Дата нараджэньня 14 сакавіка 1990(1990-03-14)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 13 сакавіка 2022(2022-03-13) (31 год)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці загінуў у баях
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак вайсковец
Вядомы як баец-добраахвотнік Батальёна імя Кастуся Каліноўскага
Псэўданім Тур
Узнагароды
Мэдаль Ордэна Пагоні Герой Украіны Order for Bravery 2nd Class of Ukraine ордэн „За мужнасьць“ III ступені

Аляксей «Тур», сапр. Аляксей Скобля (14 сакавіка 1990, Менск — 13 сакавіка 2022, ускрайкі Кіева) — баец-добраахвотнік Беларускага батальёну імя Кастуся Каліноўскага, які загінуў пры абароне Кіева ад войскаў Расеі. Першы загінулы ўдзельнік Беларускага батальёну[1]. Герой Украіны.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяцінства і юнацтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў Менску, мама — выхавацелька ў дзіцячым садку, бацька — кіроўца аўтобуса. Зь дзяцінства цікавіўся гісторыяй, захапляўся рэканструкцыяй[2].

Па дзявятай клясе паступіў у аўтамэханічны каледж у Менску. Потым працаваў мэханікам, рамантаваў аўтамабілі. Пазьней паступіў у Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы, каб атрымаць вышэйшую адукацыю па спэцыяльнасьці «эксплуатацыя аўтамабіляў», але ўнівэрсытэту ня скончыў[3]. У 2011 годзе браў удзел у маўклівых акцыях у Менску супраць рэжыму Лукашэнкі, калі правёў у зьняволеньні двое содняў і атрымаў штраф[4].

Добраахвотнік ва Ўкраіне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2015 годзе паехаў добраахвотнікам на Ўкраіну, быў намесьнікам камандзіра групы і стаяў ля вытокаў арганізацыі беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаліся за Ўкраіну. Быў у складзе Тактычнай групы «Беларусь»[4]. У 2021—2022 гадох служыў у Сілах спэцыяльных апэрацыяў Украіны на падставе кантракту[3][5]. Працаваў інструктарам у тактыцы, мэдыцыне. Атрымаў украінскае грамадзянства, ажаніўся[4].

Па адкрытым нападзе Расеі на Ўкраіну стаў намесьнікам камандзіра групы Беларускага батальёну імя Кастуся Каліноўскага[6][7][8]. Загінуў 13 сакавіка 2022 на ўскрайках Кіева, калі яго аддзел трапіў у расейскую засаду[9]. Паранены, прыкрываў адыход сваіх вайскоўцаў[5][1][10]. За апошні тыдзень перад гібельлю выратаваў дзесяцярых параненых аднапалчанаў, выцягнуўшы іх з дапамогай прафэсійных мэдычных навыкаў[3][11].

13 красавіка 2022 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі пасьмяротна ўганараваў Аляксея Скоблю годнасьцю Героя Ўкраіны — «за асабістую мужнасьць і гераізм, праяўленыя ў абароне дзяржаўнага сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, вернасьць вайсковай прысязе»[12].

28 красавіка 2022 году пастановай 16-й сэсіі мескай рады Хмяльніцкага ў гонар Аляксея Скоблі перайменавалі вуліцу Пушкіна[13].

Разьвітаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цырымонія разьвітаньня адбылася 16 сакавіка ў Кіеўскім крэматорыі. На ёй быў прачытаны наступны верш[5]:


«

«Прайду няўхільна цяжкі шлях вайны бясконцай і крывавай.
На нашых волатных плячах уздымем сьцяг шляхетнай славы.
Як Каліноўскі наш Кастусь, мне прыклад, так і лёс Ліцьвіна.
Я вызваляю Беларусь праз вызваленьне Ўкраіны.
Як Тур, клянуся абараніць у пекле бітвы пабраціма.
Наш гонар вечна будзе жыць у памяці маёй Радзіме».

»

Выказваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «… і для Ўкраіны, і для Беларусі Расея — гэта агульны вораг. І трэба дапамагчы ўкраінцам справіцца з агульным ворагам»[14].
  • «Калі ня будзе перамогі [на Данбасе], то гэта заўсёды будзе такі палаючы кацёл, які некалі выбухне ўсё ж такі. А галоўнае, каб адбылася гэтая перамога, трэба, каб Расея ці распалася, ці ўрэшце хаця б супакоілася ў сваіх імпэрскіх амбіцыях»[14].

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

24 лістапада 2022 году Аляксей «Тур» быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Пагоні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.[15]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Ва Ўкраіне загінуў беларус, які служыў у элітным украінскім атрадзе, Радыё Свабода, 13 сакавіка 2022 г.
  2. ^ Федченко А. «Той, хто першим іде на вогонь, не має страху». Яким був білорус «Тур», загиблий у боях під Києвом, Суспільне, 19 сакавіка 2022 г.
  3. ^ а б в Смяротна паранены, застаўся прыкрываць сваіх. Хто такі беларус «Тур», забіты пад Кіевам, Наша Ніва, 15 сакавіка 2022 г.
  4. ^ а б в Смяротна паранены беларус «Тур» загінуў пад Кіевам, Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 15 сакавіка 2022 г.
  5. ^ а б в У Кіеве пахавалі беларускага байца-добраахвотніка Аляксея Скоблю, які загінуў у баі, Радыё Свабода, 16 сакавіка 2022 г.
  6. ^ Под Киевом героической смертью погиб белорусский доброволец, Хартыя’97, 13 сакавіка 2022 г.
  7. ^ Пад Кіевам загінуў беларускі добраахвотнік «Тур», Наша Ніва, 13 сакавіка 2022 г.
  8. ^ 13 сакавіка пад Кіевам загінуў беларус, які служыў у элітным украінскім атрадзе, Беларускае Радыё Рацыя, сакавіка 2022 г.
  9. ^ Пад Кіевам загінуў беларус, які служыў у элітным украінскім спецпадраздзяленні, Эўрапейскае радыё для Беларусі, 14 сакавіка 2022 г.
  10. ^ Раненый, остался прикрывать своих: кто такой белорус «Тур», погибший под Киевом  [Паранены, застаўся прыкрываць сваіх: хто такі беларус «Тур», якіз загінуў пад Кіевам], Хартыя’97, 15 сакавіка 2022 г.
  11. ^ Погибли за Украину: истории двух белорусских добровольцев, Deutsche Welle, 17 сакавіка 2022 г.
  12. ^ Беларускага байца Аляксея Скоблю пасьмяротна ўганаравалі званьнем Героя Ўкраіны, Радыё Свабода, 13 красавіка 2022 г.
  13. ^ Олена Кошарська, Ланову, Гастелло та Пушкіна: на чию честь перейменували вулиці Хмельницького, vsim.ua, 23 траўня 2022 г.
  14. ^ а б Беларускі баец «Правага сэктару»: Цяпер Майдан Беларусі не патрэбны, Радыё Свабода, 14 чэрвеня 2016 г.
  15. ^ Рада БНР абвяшчае пра абнаўленьне Статуту Ордэна Пагоні і заснаваньне Мэдаля Ордэну Пагоні