Ровар


Ро́вар, ці вэлясыпэ́д[1] — наземны транспартны сродак без рухавіка. Каб рухацца на ровары, чалавек сядае на яго і цісьне на понажы, якія праз ланцуг круцяць колы. Звычайна ровар мае два колы, якія зьмешчаны адно за другім, але бываюць і трох-, чатырох- і аднаколавыя ровары. Ровар ужываецца для перасоўваньня, а таксама для актыўнага адпачынку і спорту. Цяпер[Калі?] у сьвеце выкарыстоўваецца больш за мільярд ровараў; такім чынам, ровар — найпапулярнейшы транспартны сродак. Ён стаў такім дзякуючы невысокім коштам вырабленьня і эксплюатацыі, лёгкасьці, малым памерам, адсутнасьці патрэбы ў паліве. Перасоўваньне на ровары больш эканамічнае ў параўнаньні зь іншымі транспартнымі сродкамі і экалягічна чыстае.
У 2005 годзе паводле вынікаў апытаньня грамадзкага меркаваньня ў Вялікабрытаніі ровар быў прызнаны найвялікшым тэхнічным вынаходніцтвам з 1800 году. За ровар прагаласавала больш апытаных, чым за ўсе астатнія вынаходніцтвы, разам узятыя[2].
Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Слова вэлясыпэд паходзіць ад францускага velocipede, якое ўтворана з лацінскіх: velox (velocis) = хуткі і pes (pedis) = нага, ступня. У беларускай (і польскай) мове ровар паходзіць ад назвы брытанскай фірмы «Rover», якая вырабляла ровары. У іншых мовах назвы ровара часта ўтвораныя ад словаў два і кола, круг.
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ровар на Беларусі зьявіўся ў Віцебску ў 70-я годы XIX стагодзьдзя. У канцы 1890 году ў Віцебску было 12 ровараў, а ў 1894 годзе ўжо налічвалася 70 вэлясыпэдыстаў, аб’яднаных у аддзяленьне Расейскага таварыства вэлясыпэдыстаў-турыстаў. Першай спартовай арганізацыяй у Беларусі было Менскае таварыства аматараў спорту, заснаванае ў 1892 годзе пад кіраўніцтвам губэрнатара Мікалая Трубяцкога. У гэтую арганізацыю ўваходзілі шляхцічы, багатыя прамыслоўцы, высокія чыноўнікі, прадстаўнікі інтэлігенцыі.
З разьвіцьцём саматужнай вытворчасьці ў 90-я гады ровар становіцца ня толькі ўцехай для багатых, але і транспартным сродкам для сярэдняй клясы. Дзеля папулярызацыі ровару аддзяленьне Расейскага таварыства вэлясыпэдыстаў-турыстаў ладзіла дальнія падарожжы. Група вэлясыпэдыстаў у 1894 годзе ажыцьцявіла прабег па маршрутах: Берасьце — Кобрын — Верхалесьсе — Велікарыта — Берасьце (даўжынёю 136 вёрстаў ці 145 кілямэтраў) і Берасьце — Старая Жабінка — Камянец — Літоўск — Чарноўцы — Берасьце (даўжынёю 132 вёрсты ці 141 кілямэтар). Захаваныя апісаньні маршрутаў сьведчаць аб вялікім коле пытаньняў, на якія спрабавалі знайсьці адказ турысты-вэлясыпэдысты пад час вандровак.
У 1896 годзе 6 віцебскіх вэлясыпэдыстаў пад кіраўніцтвам Пржэсецкага паехалі ў Ніжні Ноўгарад на мастацка-прамысловую выставу шляхам больш за 2000 вёрстаў, пакінуўшы апісаньне маршрута пад назвай «Летапіс».
У 1898 годзе на Беларусі адбыліся першыя спаборніцтвы на роварах.
Першы вядомы таленавіты гоншчык, па прафэсіі распаўсюднік Лібава-Роменскай чыгункі, Міхась Дзевачка перамог у 50-вёрстнай гонцы пад Масквой у 1883 годзе, апасьля 12 гадоў (1895) ён стаў чэмпіёнам міжнароднай гонцы Пецярбург — Масква ў спаборніцтве з мацнейшымі вэлясыпэдыстамі Францыі, Нямеччыны ды Галяндыі. Часопіс «Да спорту» пісаў: «Пераможца спаборніцтва Дзевачка на працягу двух начэй не заплюшчыў вачэй, нястомна пэдалюючы, і прадэманстраваў тым самым прыклад чалавечай вытрымаласьці. Знакаміты Ф. Гергэр, пераможца шматлікіх дарожных гонак, у тым ліку інтэрнацыянальнага прабегу Бардо — Парыж, нягледзячы на свой вялікі досьвед, падрыхтоўку і лепшыя ўмовы, у якіх яму давялося ехаць, саступіў нашаму суайчынніку, паказаўшаму, якія здольнасьці, фізычная і маральная вытрымка хаваюцца ў расейскім спартоўцы».
У Менску ў губэрнатарскім садзе быў збудаваны земляны трэк і арганізаваны пракат равароў. Пункты пракату былі таксама ў Магілёве і Віцебску (кошт карыстаньня роварам за адну гадзіну складаў ад 25 да 60 капеек).
З-за падзелу Беларусі на 2 часткі да 1939 году менчукі, магіляўчане, віцябляне і гамельчукі выступалі ў чэмпіянаце СССР, а прадстаўнікі Горадні, Берасьця ды Пінску — у першынстве Польшчы.
Першы чэмпіянат беларускай савецкай рэспублікі быў праведзены ў 1926 годзе. З 1930-х гадоў у Беларусі рэгулярна ладзіліся шматдзённыя гонкі па маршрутах, праходзячых па ўсей тэрыторыі Беларусі.
Беларус Барыс Бальшакаў не аднойчы быў першым на саюзных вэлягонках. У 1937 годзе спадар Бальшакаў становіцца пераможцам усесаюзнага вэлятуру.
На заходнім спартовым фронце было ня менш дасягненьняў. Першую ў сьвеце аматарскую многадзёнку «Тур Палёнія» ў 1928 годзе выйграў выхаванец берасьцейскай вэлясыпэднай школы Фелікс Венцэк.
У савецкія часы вэлясыпэдны спорт на Беларусі зьяўляўся адным з самых папулярных (побач з футболам і хакеем) відаў спорту, а беларускія спартоўцы заваявалі на чэмпіянатах СССР ажно 36 залатых мэдалёў.
На найпрэстыжнейшых у тыя часы Спартакіядах народаў СССР беларускія вэлясыпэдысты 6 разоў станавіліся пераможцамі і 14 разоў прызэрамі гэтых спаборніцтваў.
Вялікая папулярнасьць і высокі ўзровень вэлясыпэднага спорту далі плён — 3 Алімпійскія мэдалі: у 1976 годзе ў Манрэалі чэмпіёнам стаў Уладзімер Камінскі, а ў 1980 годзе ў Маскве Алег Логвін і Валер Маўчан.
Канструкцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Ровар звычайна складаецца з рамы, да якой прымацаваныя два колы, стырно, сядло і понажы. Ланцуговая перадача забясьпечвае рух ровара: раварыст круціць понажы (пэдалі на шатунах), якія зьмешчаны на вядучых зорачках, далей праз ланцуг рух перадаецца на вядзёныя зорачкі і на кола. Ровар мае тармазы: нажны ці ручныя. Дадаткова на ровары могуць быць устаноўленыя: багажнік, званочак, катафоты (наперадзе — белы, ззаду — чырвоны, з бакоў — аранжавыя) і/ці ліхтары (наперадзе — белы, ззаду — чырвоны), лапку і кампутар (лічыльнік хуткасьці і адлегласьці).
Карысьць ровару[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Як заўважае прафэсар Дай Юн-ці, ровар зьяўляецца прасьцейшым сродкам перамяшчэньня з аднаго месца ў іншае, калі ня ўлічваць хады. «У сучасным грамадзтве язда на ровары ня проста адлюстроўвае пэўную зьмену стыля жыцьця, яна азначае свайго роду сацыяльны пераварот», — паведамляе ён. Чалавек, які асядлаў ровар, бліжэй сутыкаецца са сваім атачэньнем і больш ведае пра надвор’е і стан вонкавага асяродзьдзя, і пагэтаму крокі папулярызацыі ровара — гэта падтрымка грамадзянскага духу, яны падобныя грамадзкаму руху, лічыць ён[3].
Эўразьвяз[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У 2012 годзе ў 26 з 28 краінаў Эўразьвязу, акрамя Бэльгіі і Люксэмбургу, продажы ровараў перавысілі продажы аўтамабіляў[4].
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс). Наша Ніва, 2001
- ^ Велосипед положил Интернет на лопатки // MIGnews. Реактивные новости. (рас.)
- ^ Велосипедизм на Тайване. «Тайваньская панорама» 2010 № 3, стр. 8(недаступная спасылка)
- ^ У Эўропе продажы вэлясыпэдаў перавысілі продажы аўтамабіляў // Зьвязда : газэта. — 5 сьнежня 2013. — № 229 (27594). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Ровар — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Шматмоўныя слоўнікі роварнай тэрміналёгіі на bemi.free.fr і www.nakole.cz