Паўночная Амэрыка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Паўночная Амэрыка з космасу.

Паўно́чная Амэ́рыка — адзін з шасьці кантынэнтаў Зямлі, знаходзіцца ў заходнім паўшар’і, паміж Ціхім і Атлянтычным акіянамі. Аддзелены ад Азіі пратокай Берынга, ад Паўднёвай Амэрыкі Панамскім каналам. Паўночная частка кантынэнта адносіцца да Лацінскай Амэрыкі. Плошча кантынэнту складае 24,2 млн км², а колькасьць жыхароў ёсьць роўным 493 млн чалавек, паводле зьвестак на 2001 год.

Даўжыня з поўначы на поўдзень — 7,2 тысячаў кілямэтраў, з захаду на ўсход — 6,8 тысячы кілямэтраў, даўжыня берагавой лініі — 75,5 тысячы кілямэтраў. Найвялікшыя паўвостравы: Лябрадор, Флорыда, Каліфорнія. Да Паўночнай Амэрыкі адносяць астравы: Грэнляндыя, Зямля Бафіна, Куба. Сярэдняя вышыня над узроўнем мора — 677 мэтраў, найвышэйшы пункт знаходзіцца ў Кардыльерах (г. Дэналі, 6194 м), найніжэйшы пункт — ў Даліне Сьмерці (ніжэй за 86 мэтраў ад узроўню акіяну). Больш за 64% паверхні ляжыць вышэй за 300 мэтраў; уздоўж заходняга ўзьбярэжжа знаходзяцца Кардыльеры (сейсьмічна актыўныя). На ўсход ад іх цягнецца Вялікая Роўнядзь, далей на ўсход Апалачы і нізіннае ўсходняе ўзьбярэжжа. Галоўныя рэкі: Місысыпі, Місуры, Макензі, Юкон; азёры: Верхняе, Гурон, Мічыган, Вялікае Мядзьведжае, Эйры. На поўначы кантынэнта тундра, іглістыя лясы якія пераходзяць у мяшаныя і шыракаліставыя лясы, у цэнтральнай частцы кантынэнту — прэрыі, на паўднёвым захадзе — пустэльні і паўпустэльні. У Кардыльерах знаходзяцца горныя іглістыя лясы і альпійскія лугі; на ўзьбярэжжах Цэнтральнай Амэрыкі — роўнядзевыя лясы. Фаўна прадстаўленая вельмі шырока: паўночны алень, віргінскі алень, мядзьведзі (грызлі, барыбал), бізоны і г. д. У Паўночнай Амэрыцы жыве 8% чалавецтва (эўрапэоіды, нэгроіды і індзейцы), значныя абшары кантынэнта бязьлюдныя (Паўночная Канада, Грэнляндыя), найбольш населеныя Бэрмуды і паўночна-ўсходняе ўзьбярэжжа ЗША. Гарадзкое насельніцтва складае каля 75%. Найбуйнейшыя гарады Паўночнай Амэрыкі — Мэхіка (15,3 млн чал.), Нью-Ёрк (7,4 млн чал.) і Лос-Анджэлес (3,6 млн чал.).

Дзякуючы калянізацыі Амэрыкі жыхарамі Эўропы большасьць насельнікаў кантынэнту размаўляюць на эўрапейскіх мовах, як то на ангельскай, на гішпанскай або францускай, а культуры дзяржаваў звычайна маюць заходнія традыцыі.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Возера Марэйн у нацыянальным парку Банф.

Паўночная Амэрыка злучаная з Паўднёвай праз Панамскі пярэсмык. Кантынэнт разьмежаваны на паўднёвым усходзе згодна зь меркаваньнем большасьці географаў на водападзеле Дарыену ўздоўж мяжы паміж Калюмбіяй і Панамай, размяшчаючы амаль усю Панаму ў межах Паўночнай Амэрыкі[1][2]. У якасьці альтэрнатывы некаторыя геолягі фізыяграфічна разьмяшчаюць паўднёвую мяжу кантынэнту на пярэсмыку Тэўантэпэк, што месьціцца ў Мэксыцы. З гэтага пункту Цэнтральная Амэрыка пераходзіць у Паўднёвую[3]. Карыбскія астравы лічацца часткай Паўночнае Амэрыкі. Мацерыковая берагавая лінія доўгая і нерэгулярная. Мэксыканская затока зьяўляецца найбуйнейшым вадаёмам, якая абставае кантынэнт, другое месца займае Гудзонава затока, якая таксама датычная да Паўночнае Амэрыкі. Таксама, даволі вялікімі зьяўляююца затока Сьвятога Ляўрэнція і Каліфарнійская затока. Да ўтварэньня цэнтральнаамэрыканскага пярэсмыку, рэгіён апынуўся пад вадой. Карыбскія астравы зьяўляліся часткай былога сухаземнага мосту, які злучаў Паўночную і Паўднёвую Амэрыку праз сучасныя Флорыду і Вэнэсуэлу.

Ля берагоў кантынэнту месьцяцца шматлікія астравы, галоўным чынам, Арктычны архіпэляг, Багамскія астравы, Тэркс і Кэйкас, Вялікія і Малыя Антыльскія астравы, Алеўцкія астравы, архіпэляг Аляксандра, шматлікія астравы ўзьбярэжжа Брытанскае Калумбіі і востраў Ньюфаўндлэнд. Грэнляндыя, якая зьяўляецца самакіравальным востравам Даніі і самым вялікім востравам у сьвеце, знаходзіцца на той жа тэктанічнай пліце і, такім чынам, геаграфічна зьяўляецца часткай Паўночнае Амэрыкі. У геалягічным сэнсе Бэрмудзкія астравы ня ёсьць часткай Амэрыкі, а зьяўляюцца акіянічнымі астравамі, якія ўтварыліся на расколіне Сярэдня-Атлянтычнага сьцягу больш за 100 мільёнаў гадоў таму. Найбліжэйшая да іх сухаземная тэрыторыя — мыс Гатэрас, які знаходзіцца ў Паўночнай Караліне, ЗША. Не зважаючы на гэта, Бэрмуды часта лічаць часткай Паўночнае Амэрыкі, асабліва з улікам ейных гістарычных, палітычных і культурных сувязей з ЗША і іншымі часткамі кантынэнту.

Да ўтварэньня цэнтральнаамэрыканскага пярэсмыку гэты рэгіён месьціўся пад вадой. Астравы Карыбскага мора акрэсьліваюць падводны былое сухаземнае злучэньне, якое лучыла Паўночную і Паўднёвую Амэрыку праз сучасныя Флорыду і Вэнэсуэлу.

Геалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Былы старажытны мацярык Ляўрэнцыя складае геалягічнае ядро ​​Паўночнае Амэрыкі. Ён утварыўся паміж 1—1,5 мільярдаў гадоў таму ў пратэразойскім эоне[4]. Канадзкі шчыт ёсьць самым вялікім агаленьнем гэтага кратону. Ад позняга палеазою да раньняга мэзазою Паўночная Амэрыка лучылася зь іншымі сучаснымі кантынэнтамі ў складзе супэркантынэнту Пангея з Эўразіяй на ўсходзе. Адным з вынікаў фармаваньня Пангеі сталі Апалачы, якія ўтварыліся каля 480 мільёнаў гадоў таму, што робіць яго адным з найстарэйшых горных сьцягаў сьвету. Калі каля 200 мільёнаў гадоў таму Пангея пачала разбурацца, Паўночная Амэрыка сталася часткай Ляўразіі, перш чым яна аддзялілася ад Эўразіі як асобны кантынэнт у сярэдзіне крэйдавага пэрыяду. Скалістыя горы і іншыя заходнія горныя сьцягі пачалі фармавацца прыкладна ў гэты час з пэрыяду горабудаваньня пад назвай Лярамідава складкаватасьць, паміж 55 і 80 мільёнаў гадоў таму. Фармаваньне Панамскага пярэсмыка, які злучаў кантынэнт з Паўднёвай Амэрыкай, магчыма, адбылося прыкладна ад 12 да 15 мільёнаў гадоў таму[5], а Вялікія азёры зьявіліся дзякуючы адыходу ледавікоў, якія высяклі азёрнае дно каля 10 тысяч гадоў таму.

Пераважная большасьць Паўночнай Амэрыкі месьціцца на Паўночнаамэрыканскае пліце. Часткі заходняе Мэксыкі, у тым ліку Ніжняя Каліфорнія і Каліфорнія, у тым ліку гарады Сан-Дыега, Лос-Анджэлес і Санта-Крус, ляжаць на ўсходнім ускрайку Ціхаакіянскае пліты, а дзьве пліты сустракаюцца па разломе Сан-Андрэас. Самая паўднёвая частка кантынэнту і большая частка Карыбскіх астравоў ляжаць на Карыбскае пліце, у той час як пліты Хуан-дэ-Фука і Какос мяжуюць з Паўночнаамэрыканскай плітой на ейнае заходняе мяжы.

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Анімаваная палітычная мапа кантынэнту, на якой пазначаны дзяржавы з 1750 па 2008 гады.

Эканамічна Канада і Злучаныя Штаты зьяўляюцца самымі заможнымі і самымі разьвітымі краінамі на кантынэнце, за імі ідзе Мэксыка, якая ёсьць новай індустрыяльнай краінай[6]. Краіны Цэнтральнай Амэрыкі і Карыбскага басэйну знаходзяцца на розных узроўнях эканамічнага і чалавечага разьвіцьця. Напрыклад, малыя карыбскія астраўныя краіны, як то Барбадас, Трынідад і Табага ды Антыгуа і Барбуда, маюць вышэйшы ВУП на душу насельніцтва, чым Мэксыка, праз меншую колькасьць насельніцтва. Панама і Коста-Рыка маюць значна большы індэкс чалавечага разьвіцьця і ВУП, чым астатнія краіны Цэнтральнае Амэрыкі[7]. Акрамя таго, не зважаючы на ​​​​вялізныя рэсурсы нафты і карысных выкапняў Грэнляндыі, вялікая іхняя частка застаецца нявыкарыстанай, а востраў эканамічна залежыць ад рыбалоўства, турызму і субсыдыяў з Даніі. Тым ня менш востраў ёсьць вельмі разьвітым[8].

Дэмаграфічна Паўночная Амэрыка адрозьніваецца этнічнай разнастайнасьцю. Асноўнымі групамі мацерыка зьяўляюцца эўрапэоіды, мэтысы і негроіды[9]. Сярод іншых менш шматлікіх групаў існуе значная меншасьць карэннага насельніцтва індзейцаў і азіятаў[9]. Паўночная Амэрыка ёсьць чацьвертым паводле колькасьці насельніцтва кантынэнтам пасьля Азіі, Афрыкі і Эўропы[10]. Самай густанаселенай краінай мацерыку ёсьць ЗША, маючы 329,7 мільёнаў чалавек. Другой паводле велічыні краінай ёсьць Мэксыка, у якой жывуць 112,3 мільёнаў чалавек[11]. Канада займае трэці радок з насельніцтвам у 37,0 мільёнаў чалавек[12]. Большасьць карыбскіх астраўных дзяржаваў маюць насельніцтва меншае за мільён, але Куба, Дамініканская Рэспубліка, Гаіці, Пуэрта-Рыка (тэрыторыя Злучаных Штатаў), Ямайка ды Трынідад і Табага маюць насельніцтва больш за мільён чалавек[13][14][15].

Мовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мапа моваў карэнных народаў.

Дамінуючымі мовамі ў Паўночнай Амэрыцы ёсьць ангельская, гішпанская і француская. Дацкая мова распаўсюджаная ў Грэнляндыі побач з грэнляндзкай, а на нідэрляндзкай мове размаўляюць дзе-нідзе ў нідэрляндзкамоўных краінах у Карыбскім басэйне. Ангельская мова пераважае ў такіх буйных дзяржавах, як то Канада і ЗША. Да ангельскамоўных краінаў адносяцца таксама Бэліз ды іншыя краіны Карыбскага басэйну, большасьць зь якіх уваходзіць у Садружнасьць нацыяў. Гішпанскай мовай карыстаюцца ў краінах Лацінскае Амэрыкі, частка якіх аднсяцца да Паўночай Амэрыкі, як то Мэксыка, Гандурас, Куба, Дамініканская Рэспубліка ды іншыя.

Француская мова гістарычна гуляла значную ролю ў Паўночнай Амэрыцы і цяпер захоўвае адметную прысутнасьць у некаторых рэгіёнах. Канада афіцыйна ёсьць двухмоўнай, то бок француская выкарыстоўваецца афіцыйна ў правінцыі Квэбэк, дзе 95% людзей размаўляюць на ёй як на першай або другой мове, і яна зьяўляецца суафіцыйнай з ангельскай у правінцыі Нью-Брансўік. Іншыя франкамоўныя мясцовасці ўлучаюць правінцыю Антарыё, дзе паводле некаторых ацэнак налічваецца 600 тысяч франка-антарыйцаў, правінцыю Манітоба ды некаторыя іншыя рэгіёны Канады. У штаце Луізыяна, які належыць ЗША, француская мова таксама ёсьць афіцыйнай мовай. Гаіці ўваходзіць у гэтую групу на падставе гістарычнай асацыяцыі, але гаіцяне размаўляюць як на крэольскай, гэтак і на францускай мовах. Аналягічным чынам, на францускай і францускай антыльскай крэольскай мовах размаўляюць у Сьвятой Люсіі і на Дамініцы поруч з ангельскай.

У Паўночнай Амэрыцы размаўляюць на значнай колькасьці моваў карэннага насельніцтва, то бок 372 тысячы чалавек у Злучаных Штатах размаўляюць на мове карэннага насельніцтва дома[16], каля 225 тысяч — у Канадзе[17] і прыкладна 6 мільёнаў — у Мэксыцы[18]. У Злучаных Штатах і Канадзе захавалася каля 150 моваў карэннага насельніцтва з 300 былых існых, на якіх размаўлялі тубыльцы да кантакту з эўрапейцамі[19].

Рэлігія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хрысьціянства ёсьць найбуйнейшай рэлігіяй у ЗША, Канадзе і Мэксыцы, маючы вялікую колькасьць вернікаў. Паводле апытаньня дасьледчага цэнтру П’ю 2012 году, 77% насельніцтва лічылі сябе хрысьціянамі[20]. Гэтая рэлігія таксама зьяўляецца пануючай рэлігіяй на 23 залежных тэрыторыях Паўночнае Амэрыкі[21]. Злучаныя Штаты ёсьць домам найбуйнейшай колькасьці хрысьціянскага насельніцтва ў сьвеце, бо менавіта ў гэтае краіне жывуць амаль 247 мільёнаў хрысьціянаў (70%), але ў іншых краінах адсотак хрысьціянаў сярод насельніцтва больш высокі[22]. Мэксыка займае другое месца ў сьвеце паводле колькасьці католікаў, апярэджваючы толькі Бразылію[23]. Зь зьвестак адмысловага дасьледаваньня 2015 году налічваецца каля 493 тысяч хрысьціянскіх вернікаў, якія маюць мусульманскае паходжаньня ў Паўночнае Амэрыцы, большасьць зь якіх належаць да той ці іншай формы пратэстантызму[24]. Згодна зь зьвестакамі таго ж дасьледаваньня, агностыкі і атэісты складаюць каля 17% насельніцтва Канады і Злучаных Штатаў[25].

У Канадзе, ЗША і Мэксыцы маюцца юдэйскія суполкі, то бок 6 мільёнаў або каля 1,8% ад агульнага насельніцтва[26]. Сярод іншых вылучаюцца будысты (3,8 мільёнаў або 1,1%)[27] і мусульманы (3,4 мільёнаў або 1,0%)[28]. Найбольшая колькасьць юдэяў налічваецца ў ЗША (5,4 мільёнаў чалавек), Канадзе (375 тысяч чалавек)[29] і Мэксыцы (каля 67,5 тысяч чалавек)[30].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ «Americas». Standard Country and Area Codes Classifications (M49). United Nations Statistics Division.
  2. ^ «North America». Atlas of Canada.
  3. ^ «Central America». Encyclopædia Britannica.
  4. ^ Dalziel, I.W.D. (1992). «On the organization of American Plates in the Neoproterozoic and the breakout of Laurentia». GSA Today. 2 (11): 237—241.
  5. ^ «Land Bridge Linking Americas Rose Earlier Than Thought». Live Science.
  6. ^ Waugh, David (2000). «Manufacturing industries (chapter 19), World development (chapter 22)». Geography, An Integrated Approach (3rd ed.). Nelson Thornes Ltd. — С. 563, 576—579, 633 і 640. — ISBN 978-0-17-444706-1.
  7. ^ «2010 Human development Report». United Nations Development Programme. — С. 148—151.
  8. ^ «Independence on ice». The Economist.
  9. ^ а б N.J. Smelser; P.B. Baltes, eds. (2001). «Population Composition by Race and Ethnicity: North America». International Encyclopedia of the Social & Behavioral Sciences. New York University (1 ed.). Elsevier Science. — С. 11745—11749. — ISBN 0-08-043076-7.
  10. ^ «North America Fast Facts». World Atlas.com.
  11. ^ «INEGI 2010 Census Statistics». INEGI.
  12. ^ «Population estimates, quarterly». Statistics Canada.
  13. ^ «Anuario Estadístico de Cuba 2009». Oficina Nacional de Estadísticas, República de Cuba.
  14. ^ «The World Factbook: Haiti». Central Intelligence Agency.
  15. ^ «The World Factbook: Jamaica». Central Intelligence Agency.
  16. ^ «Census Shows Native Languages Count». Language Magazine.
  17. ^ «Aboriginal Population Profile, 2016». Statistics Canada.
  18. ^ Cocking, Lauren (2016). «A Guide To Mexico’s Indigenous Languages». Culture Trip.
  19. ^ «North American Indian languages». Encyclopedia Britannica.
  20. ^ «The Global Religious Landscape A Report on the Size and Distribution of the World’s Major Religious Groups as of 2010». Pew Forum on Religion & Public Life.
  21. ^ «Global Christianity A Report on the Size and Distribution of the World’s Christian Population». Pew Forum on Religion & Public Life.
  22. ^ «America’s Changing Religious Landscape». Pew Research Center: Religion & Public Life.
  23. ^ «The Largest Catholic Communities». Adherents.
  24. ^ Johnstone, Patrick; Miller, Duane (2015). «Believers in Christ from a Muslim Background: A Global Census». IJRR.
  25. ^ «Religiously Unaffiliated». Pew Research Center's Religion & Public Life Project.
  26. ^ «The Global Religious Landscape: Jews». Pew Forum.
  27. ^ «The Global Religious Landscape: Buddhists». Pew Forum.
  28. ^ «The Global Religious Landscape: Muslims». Pew Forum.
  29. ^ «World Jewish Population, 2013». Current Jewish Population Reports. Storrs, Connecticut: North American Jewish Data Bank.
  30. ^ «Panorama de las religiones en México 2010». INEGI.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]