Бабін Яр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Паштовая марка Ўкраіны 2011 году, выпушчаная ва ўшанаваньне сямідзясятых угодкаў трагедыі Бабінага Яру
Помнік ахвярам Куранёўскай трагедыі, адкрыты ў сакавіку 2006 году

Ба́бін Яр (па-ўкраінску: Бабин Яр) — урочышча на паўночна-заходняй ускраіне Кіева.

Бабін Яр стаў сусьветна вядомым праз масавыя расстрэлы, пераважна габрэяў, у 1941—1943 гадах, учыненыя нямецкім акупацыйным камандаваньнем у часе Вялікай Айчыннай вайны.

У розных публікацыях даюцца розныя лічбы агульнай колькасьці зьнішчаных у Бабіным Яры — прыкладна ад 70 000 да 200 000 чалавек.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У часе Вялікай Айчыннай вайны нямецкія войскі, якія занялі Кіеў 19 верасьня 1941 году, выкарыстоўвалі Бабін Яр як месца масавых расстрэлаў.

Першы расстрэл адбыўся 27 верасьня 1941 году — былі расстраляныя 752 пацыенты псыхіятрычнай бальніцы імя Івана Паўлава, якая знаходзілася ў непасрэднай блізкасьці да яра.

За два дні 29 і 30 верасьня 1941 году зондэркаманда «4а» пад камандаваньнем штандартэнфюрэра Паўля Блёбэля (якая ўваходзіла ў склад айнзацгрупы «З» пад камандаваньнем доктара Рашэ) пры ўдзеле частак 6-й арміі вэрмахту і ўкраінскай дапаможнай паліцыі расстралялі ў гэтым яры 33 771 чалавека (гэтая колькасьць не ўключае малалетніх дзяцей да 3-х гадоў, якіх таксама забівалі ў гэтыя два дні). На гэтым расстрэлы не спыніліся.

Масавыя пакараньні працягваліся аж да сыходу немцаў з Кіева. 10 студзеня 1942 году былі расстраляныя каля 100 матросаў Дняпроўскага атраду Пінскай вайсковай флятыліі. Бабін Яр стаў месцам расстрэлу пяці цыганскіх табараў.

Паводле розных падлікаў, у Бабіным Яры ў пэрыяд з 1941 па 1943 гады было расстраляна ад 70 000 да 200 000 чалавек. Габрэі-зьняволеныя, якіх нацысты ў 1943 годзе прымусілі спальваць целы, казалі пра 70—120 тысяч.

У 1950 годзе гарадзкія ўлады пастанавілі заліць Бабін Яр вадкімі адкідамі суседніх цагляных заводаў. Яр быў перагароджаны земляным валам з мэтай незатапленьня жылых раёнаў. 13 сакавіка 1961 году ў выніку бурнага раставаньня сьнегу быў прарваны земляны вал, і селевы паток вышынёй да 14 мэтраў лінуў у бок жылога масіву Куранёўка. Вадкай пульпай была залітая плошча каля 30 га, разбурана звыш 30 будынкаў, практычна цалкам зьнішчанае трамвайнае дэпо імя Красіна. Паводле афіцыйнага паведамленьня Ўрадавай камісіі па расьсьледаваньні прычын аварыі, «у раёне аварыі загінула 145 чалавек». Паводле ацэнак сучасных дасьледчыкаў Куранёўскай катастрофы, рэальная колькасьць ахвяраў склала каля 1,5 тысяч чалавек.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]