Пэкін быў абраны сталіцай XXIX Алімпіяды 13 ліпеня 2001 году на 112-й сэсіі МАК у Маскве, апярэдзіўшы па выніках галасаваньня Таронта, Парыж, Стамбул і Асаку. Пасьля першага туру галасаваньня Пэкін значна апярэджваў іншых кандыдатаў. Асака набрала ўсяго 6 галасоў і была выключаная са сьпісу кандыдатаў. У другім туры Пэкін быў падтрыманы пераважнай большасьцю галасоў, таму неабходнасьць у наступных турах адпала. У канчатковы сьпіс кандыдатаў, складзены ў 2000 годзе, не ўвайшлі іншыя 5 гарадоў, якія падавалі заяўку: Бангкок (Тайлянд), Каір (Эгіпет), Гавана (Куба), Куала-Лумпур (Малайзія) і Сэвільля (Гішпанія).
Пасьля перамогі ў галасаваньні віцэ-прэм’ер Дзяржсавету Кітаю, Лі Ланьцын, заявіў, што «перамога Пэкіна ў канкурэнцыі за набыцьцё права арганізацыі Алімпіяды-2008 — гэта прызнаньне міжнароднай супольнасьцю грамадзкай стабільнасьці, сацыяльнага прагрэсу і эканамічнага росквіту Кітаю». Раней Пэкін падаваў заяўку на правядзеньне летніх Алімпійскіх гульняў 2000 году. Галасаваньне праходзіла 23 верасьня 1993 году ў Монтэ-Карлё. Пэкін лідыраваў у галасаваньні ў першых трох турах, але затым прайграў Сыднэю ў фінале.
Падчас эстафэты Алімпійскага агню па розных краінах Эўропы, нягледзячы на процідзеяньне паліцыі, праводзіліся шматлікія спробы прыхільнікамі незалежнасьці Тыбэту заблякаваць эстафэту і нават патушыць агонь. Для гэтага выкарыстоўваліся партатыўныя вогнетушыцелі. Адзін раз, у Францыі, патушыць Алімпійскі агонь атрымалася, але ён быў адразу жа запалены ад рэзэрвовага.
У Кітаі выпушчаныя ў продаж 10 000 маляўнічых афіцыйных эмблем Гульняў на ракавінах вустрыцаў.
Каб удзельнічаць у Алімпіядзе, ня ўключаная ў алімпійскую каманду ЗША амэрыканская баскетбалістка Бэкі Гэман, якая гуляла ў маскоўскім ЦСКА, зьмяніла грамадзянства і стала грамадзянкай Расеі.
На час правядзеньня Алімпіяды пэкінскія ўлады далі распараджэньне рэстаранам гораду выключыць з мэню традыцыйныя стравы з сабакаў.
Кальцавы экран, выкарыстаны на цырымоніі адкрыцьця Гульняў, мае памеры 14 на 492 мэтры і зьяўляецца самым вялікім з калі-некалі выкарыстаных у імпрэзах. Фармаваньнем малюнку на экране займаюцца 63 відэапраектары Christie CP2000-ZX пад кіраваньнем клястара мэдыясэрвераў Axon. У якасьці апэрацыйнай сыстэмы выкарыстоўваецца дапрацаваны Windows XPEmbedded з усталяванымі Framework NET 2.0, DirectX і DirectShow.