Эмбарга
Эмба́рга (ад гішп. Embargo) — накладаньне арышту, забарона, ад гішп. embargar — накладваць арышт, эмбарга; перашкаджаць, замінаць, паходзіць ад лац. imbarricare — перашкаджаць, замінаць; гэта:
- накладаньне дзяржавай забароны на ўвоз іншымі краінамі або вываз з краіны золата або замежнай валюты, асобных відаў тавараў — зброі, сучасных тэхналёгіяў і інш;
- забарона дзяржаўнай уладай заходу ў парты сваёй краіны суднаў, якія належаць іншым краінам, ці выхаду са сваіх партоў суднаў іншых краінаў;
- частковае або поўнае спыненьне гандлю з пэўнымі краінамі па рашэньні ААН або іншага міждзяржаўнага аб’яднаньня ў якасьці рэпрэсіўнай меры ў адносінах да дадзенай краіны за парушэньне Статуту ААН або іншыя непрыстойныя дзеяньні.
Мэтай эмбарга могуць зьяўляцца рэпрэсаліі ў дачыненьні да іншай дзяржавы, жаданьне нанесьці яму матэрыяльную шкоду.
Сучасныя прыклады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ЗША супраць Кубы. Уведзенае 14 сакавіка 1958 году супраць ураду Фульхэнсіё Батысты датычна паставак зброі падчас грамадзянскай вайны, якая вялася ад 1953 году з Рухам 26 ліпеня, які ачольваў Фідэль Кастра. 19 кастрычніка 1960 году пашырылася на гандаль усімі таварамі, акрамя харчаваньня, пасьля адбору амэрыканскіх нафтазаводаў урадам Кастра. Зьяўляецца найдаўжэйшым у гісторыі. Улучае забарону: 1) пастаўляць на Кубу амэрыканскія лекі і лекарскія распрацоўкі; 2) разьмяшчаць кубінскую інтэрнэт-рэкляму на амэрыканскіх бачынах; 3) увозіць на Кубу вырабы з больш як 10% амэрыканскіх складнікаў, у тым ліку апраграмаваньне, самалёты і электроніку; 4) выдаваць пазыкі прадпрыемствам і ўраду Кубы ад амэрыканскіх банкаў, Міжамэрыканскага банку разьвіцьця, Міжнароднага валютнага фонду і Сусьветнага банку; 5) прыставаць гандлёвым караблям да берагоў Кубы пад пагрозай паўгадовага пазбаўленьня на ўваход у парты ЗША; 6) пераводзіць грошы на Кубу праз банкі трэціх краінаў пад пагрозай спагнаньня зь іх; 7) вывозіць у ЗША кубінскі ром і цыгары. За 2010—2012 гады з замежных банкаў спагналі звыш $2 млрд за грашовыя пераводы на Кубу[1].
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]6 сьнежня 2021 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 700 «Аб прымяненьні спэцыяльных захадаў адносна асобных відаў тавараў», што прадугледжвала харчовае эмбарга супраць 2-х дзяржаваў Паўночнай Амэрыкі і 34-х дзяржаваў Эўропы. Паводле Пастановы, зь 1 студзеня 2022 году забараняўся увоз і збыт у Беларусі харчаваньня з ЗША і Канады, а таксама з 27 дзяржаваў Эўразьвязу, у тым ліку суседніх Латвіі, Летувы і Польшчы, ды Альбаніі, Вялікабрытаніі, Ісьляндыі, Нарвэгіі, Паўночнай Македоніі, Чарнагорыі і Швайцарыі. За першых 10 месяцаў 2021 году ў Беларусь увезьлі харчаваньня з гэтых краінаў на 530 млн даляраў. Эмбарга тычылася агародніны і гарэхаў, каўбасаў і ласункаў, малочных вырабаў, мяса і садавіны, а таксама солі. Па-за забаронай заставаліся дзіцячае харчаваньне і ежа для асабістага спажываньня[2], а таксама харчаваньне для перапрацоўкі[3].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Вольга Мядзьведзева. 22 разы «не» // Зьвязда : газэта. — 31 кастрычніка 2013. — № 206 (27571). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Беларусь з 1 студзеня ў адказ на санкцыі ўводзіць харчовае эмбарга на шэраг тавараў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 7 сьнежня 2021 г. Праверана 9 сьнежня 2021 г.
- ^ Раман Галоўчанка. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 сьнежня 2021 г. № 700 «Аб прымяненьні спэцыяльных захадаў адносна асобных відаў тавараў» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 7 сьнежня 2021 г. Праверана 9 сьнежня 2021 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Г.П. Пашкоў і інш Беларуская Энцыкляпэдыя // . — Мн.: С. 117, кн. 1.