Гастомель
| Гастомель лац. Hastomiel | |||||
| Населены пункт | |||||
| |||||
| Краіна | Украіна | ||||
|---|---|---|---|---|---|
| Вобласьць | Кіеўская | ||||
| Раён | Бучанскі | ||||
| Першыя згадкі | каля 1492 | ||||
| Магдэбурскае права | 1614 | ||||
| Геаграфія | |||||
| Плошча | 38 км² | ||||
| Вышыня НУМ | 109 м | ||||
| Часавы пас | |||||
| Каардынаты | 50°39′09″ пн. ш. 30°15′55″ у. д.HGЯO | ||||
| Насельніцтва | |||||
| Колькасьць |
| ||||
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |||||
| Тэлефонны код | +380 04597 | ||||
| Паштовы індэкс | 08290 | ||||
| КОАТУУ | 3210945900 | ||||
| Узнагароды | |||||
| Гастомель на мапе Ўкраіны Гастомель | |||||
Гасто́мель[a] (па-ўкраінску: Госто́мель) — мястэчка ў Бучанскім раёне Кіеўскай вобласьці Ўкраіны. Места-герой Украіны (2022)[2]. Цэнтар Гастомельскай мястэчкавай тэрытарыяльнай грамады.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Найранейшая пісьмовая згадка пра Гастомель адносіцца не пазьней, як да першай паловы 1492 году, калі, яшчэ пры жыцьці караля Казімера, кіеўскі ваявода Юры Пац аддаў яго ў трыманьне пану Сеньку Валадковічу[b]. У 1495 годзе вялікі князь літоўскі Аляксандар надаў Гастомель князю Івану Дашкавічу Глінскаму; у 1496 годзе наданьне тое было пацьверджана, а права на добры С. Валадковіча скасавана[3][c]. 10 красавіка 1508 і 26 лютага 1509 году датаваныя прывілеі, згодна зь якімі пасьля пераходу Глінскіх да маскоўцаў, маёнтак Гастамляны альбо Гастомль атрымаў намесьнік оўруцкі пан Сямён Палазовіч[4].
Унучка Сямёна Полаза пані Фенна Любецкая, пасьля сьмерці мужа Мельхіёра Насілоўскага, ўзяла шлюб з панам Шчасным Харлінскім, кіеўскім харунжым, ды ў сьнежні 1568 году запісала на яго «именя свое отчизные, дедизные, материстые у повете Киевскомъ лежачие», сярод якіх — Гастомель[5].
Напярэдадні Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва (разам з Гастомлем) было далучана да Кароны Польскай[6].
Карона Каралеўства Польскага ў Рэчы Паспалітай
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Згодна з падатковым рэестрам Кіеўскай зямлі (ваяводзтва) на 1581 год, з 2 дымоў асадных сялянаў і з 2 агароднікаў сяла Гастомля пана Шчаснага Харлінскага, падкаморага кіеўскага, выбіралася адпаведна па 15 грошаў і па 6 грошаў[7].
26 чэрвеня 1600 году падкаморы Шчасны Харлінскі запісаў сынам Мікалаю, Станіславу, Юрыю ў спадчыну ўсе свае добры, у ліку якіх — Гастомель. 23 траўня 1606 году Мікалай Рэмбэнскі падаў у суд на Станіслава Харлінскага за гвалтоўнае адабраньне і выбіцьцё зь сяла Гастомля і селішча Бліставіцы, хоць раней той дазволіў падаўцу скаргі спакойнае імі карыстаньне за суму ў 300 злотых. 19-м жніўня 1613 году пазначаны судовы дэкрэт пра зьбеглых з маёнтку Рожаў Стэфана Лозкі да Гастомля Ст. Харлінскага падданых.
У 1614 годзе кароль Жыгімонт Ваза надаў новазаснаванаму месту Гастомель пана Ст. Харлінскага Нямецкае права з штотыднёвым торгам і двума кірмашамі на год[8].
У дачыненьні Ст. Харлінскага неаднаразова выдаваліся баніцыі[d]. 7 траўня 1618 году кіеўскі габрэй Абрам Юдыч падаў скаргу на Станіслава і Барбару з Хадкевічаў Харлінскіх, якія перашкодзілі пакараць у Гастомлі вінаватых за гвалтоўнае заняцьце Бугаеўкі, адданай самымі Харлінскімі яму ў арэнду. 20 траўня т. г. суд адрэагаваў на пратэсты Дзяніса Мартыяновіча, бурмістра кіеўскага, бо Харлінскі ня даў учыніць экзэкуцыю над ягонымі гастомельскімі падданымі, якія завалодалі нівамі Катырскага грунту ў востраве за ракою Ірпень паміж рэчкамі Будча і Рокач, тамсама насыпалі грэблю ды лавілі баброў. 30 траўня 1618 году дзедзічны ўладальнік добраў Гастомля, Ябланька і Азёры з прылегласьцямі пан Станіслаў Харлінскі ўчыніў данацыю і перапісаў іх на пана Юрыя Лясоту[9].

У падатковым рэестры Кіеўскага ваяводзтва 1628 году засьведчана, што з 4 асядлых дымоў мястэчка Гастомель Юрыя Лясоты выбіралася па 3 злотыя, з 10 агароднікаў, што жылі з абмалоту, — па 24 грошы, з 2 млыновых колаў вясковых — па 3 злотыя[10]. Ю. Лясота спачыў у 1633 годзе. Гастомельскі маёнтак быў завешчаны ўнуку Аляксандру Замойскаму, апякункай якога «do dojścia lat» — удава пані Марына з Лохава. Неўзабаве апякунка пабралася шлюбам з Станіславам Шчырскім. Імаверна, гэта падштурхнула сястрынцаў нябожчыка Ю. Лясоты Аляксандра і Стэфана Галавінскіх да наезду на Гастомель[11][12]. 28 лютага 1635 году возны генэрал паведаміў, што адвёз пазовы да Кіеўскага гродзкага суда панам Стэфану Галавінскаму, Яну Аляксандру Шляхтыну (Шэхтыну)[e], Рыгору Абуховічу і інш., за абрабаваньне паселішчаў і замку Гастомельскага маёнтку, за зьнявечаньне слуг і чэлядзі ўладальнікаў паноў Станіслава і Марыны Шчырскіх[13].

Паводле тарыфу падымнага «dwoiego» Кіеўскага ваяводзтва 1640 году, з 156 дымоў мястэчка Гастомля панства Станіслава і Марыны Шчырскіх выбіралася 156 злотых, з 20 дымоў сяла Бліставіцы таго ж ключа — 20 зл., з 30 дымоў Ябланькі — 30 зл., з 40 дымоў Азяранаў (Азёраў) — 40 зл.[14].
У студзені 1654 году стольнік Василий Кикин, пасланы з Масквы да Кіеўскага палку, прыводзіў да прысягі на вернасьць Расейскай дзяржаве жыхароў 22 местаў, сярод якіх былі Гастомля, Барадзянка, Макараў і Чарнобыль[15].
Пасьля Андрусаўскага замірэньня 1667 году, Гастомель і іншыя паселішчы вярнуліся да паноў-шляхты, падданых Рэчы Паспалітай. Але ў якім стане... Згодна зь люстрацыяй падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва, у 1683 годзе мястэчка Гастомель пана Рэмігіяна Сурына, пісара земскага кіеўскага[16], складаў хіба 1 дым[17].
27 верасьня 1694 году пан Рэмігіян Сурын, стольнік жытомірскі, з жонкай пані Зофіяй з Ажахоўскіх падалі скаргу ў Оўруцкі гродзкі суд на пана Бальцэра Вільгу, рэгімэнтара, які 13 лютага, выпраўляючыся з войскамі супраць казацкага палкоўніка Сямёна Палія, зруйнаваў іхныя добры Гастомель, захапіў 40 коней, 20 валоў, разрабаваў панскую маёмасьць на суму ў 5 000 злотых, спустошыў гаспадаркі падданых гастомельскіх. Усё гэта засьведчылі пад прысягай шляхетны Ян Машчыньскі, дазорца і падстароста, і тамашні войт Іван Богдух[18].
Згаданае мястэчка Гастомель у тарыфах падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1714, 1715[f]. На 1724 год у Гастомлі было 26 двароў (×6 — каля 156 жыхароў), у прыналежных да яго сёлах Бліставіцы — 14 (≈84 чал.), у Азёрах — 5 (≈30), Ябланька заставалася бязьлюднай. У тарыфе Кіеўскага павету 1734 году сказана, што ў Гастомлі налічвалася 25 двароў[g], у Бліставіцы 20, у Азёрах 20, у Ябланьцы таксама 20 двароў[19].
Найранейшыя пакуль зьвесткі аб прыходзе Гастомельскай Сьвята-Пакроўскай царквы вядомыя зь візыты Дымерскага дэканату 1740 году. На 3 студзеня т. г. да яго належалі верныя з 40 двароў у Гастомлі, 15 у Ябланьцы, 10 у Азёрах, 15 у Бліставіцы. Колькасьць душ, дапушчаных да споведзі, ня ўказаная. Узначальваў прыход сьвятар Андрэй Міхаловіч. Будынак царквы ўзьведзены ў 1707 годзе[20].

Згодна з матэрыяламі візыты Дымерскага дэканату 1752 году, будынак царквы ў Гастомлі закладзены 5 чэрвеня 1707 году, як тут запісана, з волі Магдаліны, маці гэтмана Івана Мазэпы, нібыта дзедзічнай уладальніцы мястэчка[h]. 14 сьнежня 1732 году пан Ян Якубоўскі, мечнік жытомірскі, пацьвердзіў гастомельскаму пароху а. Андрэю Міхаловічу, наданьні царкве ад сваіх папярэднікаў. Прыход на 19 лістапада 1752 году складалі верныя з 50 двароў (каля 300 жыхароў) мястэчка Гастомля, 24 сяла Ябланькі, 20 Бліставіцы, 10 Азёраў, 5 Рудні, 4 двароў на хутарах, куды людзі «з Кіева» перасяліліся[21].
Паводле тарыфу 1754 года, з 20 двароў[i] мястэчка Hostoml жытомірскага харунжага пана Яна Якубоўскага «do grodu» (Жытомірскага замку) выбіраліся 3 злотых і 4 грошы, «do skarbu» — 12 злотых, 16 грошаў[22]. М. Баліньскі і Т. Ліпіньскі сьведчылі, што ў тарыфе 1771 году Гастомель не згаданы ў ліку мястэчкаў, а ў тарыфе 1775 году названы вёскай з 50 дымамі[23].
Габрэйскія перапісы 1773, 1778 гадоў паказалі пражываньне ў мястэчку[j] Гастомель адпаведна 7 і 9 плацельшчыкаў пагалоўшчыны (głow), што належалі да Барадзянскага кагалу ў Жытомірскім павеце. На 1784 год паведамляецца пра наяўнасьць 11 габрэйскіх дамоў з 40 жыхарамі[24].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Гастомель апынуўся ў Расейскай імпэрыі. З 1797 году мястэчка — у межах Кіеўскага павету Кіеўскай губэрні.
У парэформавы пэрыяд Гастомель стаў цэнтрам аднайменнай воласьці. На 1885 год тут налічвалася 92 двары з 590 жыхарамі, дзейнічалі царква, сінагога, валасная управа, 2 пастаялыя двары, 2 піўныя, 5 лавак, вадзяны млын. За 3 вярсты – казённыя вінакурня і піваварня, 3 вадзяныя млыны і 1 вятрак. За 2 вярсты – паромная пераправа праз раку Ірпень. За 2 вярсты – лесапільня і смалярня. За 4 вярсты – цагельня з 2 вадзянымі коламі. за 4 вярсты – смалярня з піўной[25].
На 1900 год у 303 дварах мястэчка Гастомель налічвалася 996 мужчынскага і 1051 жаночага полу жыхароў, усяго — 2047 чалавек. Зямлі ў мястэчку — 3478 дзесяцін, 2191 сажань, зь якіх 2252 дз. належалі абшарнікам братам Васілю і Ўладзімеру Красоўскім, 87 дз. 293 саж. — царкве, 1139 дз. 1898 саж. — сялянам. Гаспадарка Красоўскіх, якой кіраваў Марцыян Лановенка, вялася паводле чатырохпольнай сістэмы, а сялянская — паводле трохпольнай. У мястэчку дзейнічалі праваслаўная царква і школа пры ёй; дзьве сінагогі, фіялачны завод Андрэя Купэрштэйна, загадчыкам якога Арон Гутнак; аптэка, 1 валасная аптэка і склад пры ёй, 2 фельчары, 5 павівальных бабак, 5 пастаялых двароў, хлебазапасны магазын, 1 гандлёвая лазьня, 2 пякарні, 1 вінная лаўка, 2 піўныя, 20 гандлёвых лавак, 2 вадзяныя млыны, 3 кузьні. Пажарны абоз складалі 6 бочак і 6 багроў[26].


Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У 1923 – 1930 гадох Гастомель быў цэнтрам аднайменнага раёну Киеўскай акругі УССР.
У 1972 годзе вёска Мастышча была ўключана ў склад Гастомелю. Сапраўдным упрыгожваньнем паселішча зьяўляецца Пакроўская царква.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ У крыніцах сустракаюцца таксама формы назвы Гастамляны, Гастомль, Гастомля.
- ↑ І кароль Казімер спачыў у чэрвені 1492 г., і Юры Пац у тым годзе завяршаў сваё знаходжаньне на пасадзе кіеўскага ваяводы. Адпаведна, год 1494, пазначаны на гербе Гастомеля, — памылковы.
- ↑ Расейскія аўтары найноўшага выданьня кнігі 6 Мэтрыкі ВКЛ абралі ў 2012 г. старое імпэрскае найменьне для краю — «Западная Россия». Такое вось іх рэальнае стаўленьне да суседзяў.
- ↑ Баніцыя – судовае пакараньне ў выглядзе выгнаньня за непаслухмянасьць судам, за наезд на суседа, за даўгі, гвалты, парушэньне межаў.
- ↑ Э. Рулікоўскі пісаў пра яго, як пра капітана чужаземнага войска[11].
- ↑ Тады добры яшчэ належалі пані Сурынавай.
- ↑ Усяго было «puł ćwerci dyma, puł szesnastki», а 1 дым у той час для Кіеўскага павету — 160 двароў.
- ↑ Іншых звестак пра тое «дзедзіцтва» няма.
- ↑ У наяўнасьці — «szesnastka» дыму, а 1 дым тады складалі 320 двароў. У тарыфе маглі ня ўлічвацца ўбогія халупы, таму паказана ў два с паловай разы менш двароў, чым у візыце 1752 г.
- ↑ На 1778 г. нібыта ў вёсцы і ў складзе Дымерскага кагалу.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ http://db.ukrcensus.gov.ua/PXWEB2007/ukr/publ_new1/2022/zb_%D0%A1huselnist.pdf
- ↑ Указ прэзыдэнта Украіна ад 6 сакавіка 2022 году № 111/2022 «Про встановлення почесної відзнаки „Місто-герой України“»
- ↑ Акты, относящиеся к истории Западной России — Т. 1(6): Сборник документов канцелярии великого князя литовского Александра Ягеллончика, 1494—1506 гг. Шестая книга записей Литовской метрики / М. Е. Бычкова (отв. сост.), О. И. Хоруженко, А. В. Виноградов; отв. ред. тома С. М. Каштанов — Москва; С.-Петербург: Нестор-История, 2012. № 122, 162, 192
- ↑ Lietuvos Metrika. Kniga Nr. 8 (1499—1514). / A. Baliulis ir kt. — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidykla, 1995. № 307, 424
- ↑ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 8. Т. 6. Акты о землевладении в Юго-Западной России XV—XVIII вв. — Киев, 1911. № LXXVI
- ↑ Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі, У. [Рэцэнзія] / У. Падалінскі // Беларус. гіст. агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337. — Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009
- ↑ Źródła dziejowe (далей: ZD). T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział I-szy. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 36, 37
- ↑ Baliński, Michał. Starożytna Polska pod względem historycznym, geograficznym i statystycznym opisana. — Warszawa, 1844. T. 2. Cz. 2. S. 497
- ↑ ZD. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Dział II-gi. – Warszawa, 1894. S. 61 – 62, 203, 216, 224, 270, 527
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. І. Акты о заселении на грунта-Западной России. — Киев, 1886. С. 389
- 1 2 Edward Rulikowski. Hostoml // Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1882. T. III. S. 161—165
- ↑ Herbarz Polski. Cz. 1, Wiadomości historyczno-genealogiczne o rodach szlacheckich. / Ułożył i wydał Adam Boniecki. – Warszawa, 1911. T. XIV. S. 32—34
- ↑ Описи актовых книг Киевского центрального архива. – № 26 / Сост. К. Козловский – Киев: Университетская типография, 1872. С. 44
- ↑ Archiwum Państwowe w Krakowie. Archiwum Młynowskie Chodkiewiczów. Mikr. № J – 14970. Sygn. 404. S. 227-228
- ↑ Воссоединение Украины с Россией. Документы и материалы в трёх томах. Т. 3. 1651 — 1654 гг. — Москва: Изд. АН СССР, 1953. С. 517
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679—1716). — Киев, 1868. С. 44
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 492
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 2. — С. 312—314
- ↑ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 21, 39, 75, 96, 147, 244
- ↑ Інстытут рукапісу Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У. І. Вярнадзкага (ІР НБУВ). Ф. 233. Спр. 19. А. 540-543
- ↑ ІР НБУВ. Ф. 1. Спр. 2464. А. 92-97адв.
- ↑ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 53
- ↑ Starożytna Polska pod względem historycznym, geograficznym i statystycznym opisana przez Michała Balińskiego i Tymoteusza Lipińskiego. Wydanie drugie poprawione i uzupełnione przez F. K. Martynowskiego. — Warszawa, 1885. T. 2. S. 978
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. – Киев, 1890. С. 204, 305, 393
- ↑ Волости и важнейшие селения Европейской России. Вып. 3.: Губернии Малороссийские и юго-западные: Харьковская, Полтавская, Черниговская, Киевская, Волынская, Подольская. – С.-Петербург: Центр. статист. комитет, 1885. С. 151
- ↑ Список населённых мест Киевской губернии. — Киев, 1900. С. 130 — 131
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Edward Rulikowski. Hostoml // Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1882. T. III. S. 161—165
- Похилевич Л. И. Сказания о населённых местностях Киевской губернии или Статистические, исторические и церковные заметки о всех деревнях, местечках и городах, в пределах губернии находящихся / Собрал Л. Похилевич. — Киев, 1864 (перавыданьне: Біла Церква: Видавець О. В. Пшонківський, 2005. — XXII+642 с, 8 іл.)