Лёндан
Лёндан | |
анг. London | |
Першыя згадкі: | 43 |
Былыя назвы: | Ляндыніюм, Люндэнбург |
Краіна: | Вялікабрытанія |
Мэр: | Садык Хан[d][1] |
Плошча: | 1706,8 км² |
Вышыня: | 24 м н. у. м. |
Насельніцтва (2007) | |
колькасьць: | 7 556 900 чал. |
шчыльнасьць: | 4427,53 чал./км² |
Часавы пас: | UTC+0 |
летні час: | UTC+1 |
Тэлефонны код: | +44 207 (цэнтар) +44 208 (прыгарады) +44 203 (прыгарады) |
Паштовы індэкс: | E, EC, N, NW, SE, SW, W, WC, BR, CM, CR, DA, EN, HA, IG, KT, RM, SM, TN, TW, UB, WD |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°30′26″ пн. ш. 0°7′39″ з. д. / 51.50722° пн. ш. 0.1275° з. д.Каардынаты: 51°30′26″ пн. ш. 0°7′39″ з. д. / 51.50722° пн. ш. 0.1275° з. д. |
Лёндан | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |
london.gov.uk |
Лё́ндан (па-ангельску: London) — сталіца Ангельшчыны й Злучанага Каралеўства, найбуйнейшы мэгаполіс у Злучаным Каралеўстве й найбуйнейшая гарадзкая зона ў Эўрапейскім Зьвязе паводле большасьці паказчыкаў. Разьмешчаны на рацэ Тэмза, Лёндан зьяўляецца буйным паселішчам на працягу двух тысячагодзьдзяў, ягоная гісторыя сыходзіць да свайго заснаваньня рымлянамі, якія назвалі яго Ляндыніюм[2]. Старажытная частка Лёндану, лёнданскае Сіці, у значнай ступені захоўвае сваю плошчу ў сярэднявечных межах. Прынамсі з XIX стагодзьдзя Лёндан таксама называюць мэтраполіяй, якая склалася вакол гэтага ядра. Большая частка гэтай аглямэрацыі Лёндану, як і адміністрацыйны раён Вялікі Лёндан[3] рэгулюецца абраным мэрам Лёндану й лёнданскай Асамблеяй[4].
Лёндан зьяўляецца вядучым сусьветным горадам, сусьветным цэнтрам мастацтва, гандлю, адукацыі, індустрыі забаваў, моды, фінансаў, аховы здароўя, сродкаў масавай інфармацыі, прафэсійных паслугаў, дасьледаваньняў і распрацовак, турызму й транспарту, што спрыяе ягонай вядомасьці[5]. Горад зьяўляецца найбуйнейшым фінансавым цэнтрам нараўне зь Нью-Ёркам[6] і пятым па велічыні гарадзкога СУП, і самым буйным горадам з такім паказчыкам у Эўропе[7]. Лёндан ёсьць самым наведвальным горадам у сьвеце[8], а лёнданскі аэрапорт Гітраў зьяўляецца самым загружаным аэрапортам у сьвеце паводле ліку міжнародных пасажыраў[9]. Маючы ў сваіх межах 43 унівэрсытэты, горад складае самую вялікую канцэнтрацыю вышэйшай адукацыі ў Эўропе[10]. У Лёндане адны з самых высокіх коштаў на нерухомасьць у сьвеце[11][12]. У 2012 годзе Лёндан стаў першым горадам, дзе праходзілі сучасныя летнія Алімпійскія гульні ня менш за тры разы[13].
Лёндан месьціць прадстаўнікоў разнастайных народаў, культур і рэлігіяў, больш чым на 300 мовах гавораць людзі ў ягоных межах[14]. У ліпені 2010 году Вялікі Лёндан меў насельніцтва ў 7 825 200 чалавек, што робіць яго самым густанаселеным муніцыпалітэтам у ЭЗ[15]. Вялікі Лёндан у межах гораду зьяўляецца другім па велічыні ў ЭЗ па колькасьці насельніцтва[16], у той час як сталічная вобласьць Лёндану зьяўляецца найбуйнейшай у ЭЗ, паводле ацэнак, агульная колькасьць насельніцтва вагаецца з 12 млн[17] да 14 млн чалавек[18]. Лёндан быў самым буйным горадам у сьвеце паводле колькасьці насельніцтва з 1831 па 1925 гады[19].
У Лёндане месьцяцца чатыры аб’екты сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО: лёнданскі Таўэр, Каралеўскія батанічныя сады К’ю, Ўэстмінстэрскі палац разам з Ўэстмінстэрскім абацтвам і царквой Сьвятой Маргарыты, і гістарычныя паселішчы ў Грыныджы, дзе месьціцца Каралеўская абсэрваторыя з адзнакай нулявога мэрыдыяна[20]. Іншыя вядомыя славутасьці ўключаюць Бэкінггэмскі палац, Лёнданскае Вока, плошча Пікадылі, Сабор Сьвятога Паўла, Таўэрскі мост, Трафальгарская плошча й стадыён «Ўэмблі». Лёндан зьяўляецца домам для шматлікіх музэяў, галерэяў, бібліятэк, спартовых спаборніцтваў і іншых культурных установаў, уключаючы Брытанскі музэй, Нацыянальную галерэю, Брытанскую бібліятэку, Ўімбэлдан і 40 тэатраў[21]. Лёнданскі мэтрапалітэн зьяўляецца найстарэйшай падземнай чыгуначнай сеткай у сьвеце[22] й другім самым шырокім пасьля Шанхайскага мэтрапалітэну[23]. Гарадзкая тэрыторыя Вялікага Лёндану падзяляецца на Ўнутраны й Вонкавы Лёндан, адміністрацыйна на Сіці й 32 гарадзкія акругі (анг. London boroughs), сярод іх таксама Ўэстмінстэр. Лёндан зьяўляецца рэзыдэнцыяй Міжнароднай марской арганізацыі (анг. IMO).
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Старажытнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нягледзячы на тое, што ёсьць сьведчаньні пра брыцкае паселішча ў гэтым раёне, першы буйны пасёлак быў заснаваны рымлянамі ў 43 годзе нашай эры[24]. Ён існаваў на працягу ўсяго сямнаццаці гадоў, калі ў 61 годзе, племя іцэні на чале з каралевай Баўдыкай узялі яго штурмам й спалілі[25]. У наступным горад быў перабудаваны й празь нейкі час у 100 годзе стаў сталіцай рымскай правінцыі Брытанія, зьмяніўшы ў гэтай якасьці горад Калчэстэр. У II стагодзьдзі насельніцтва рымскага Лёндану складала каля 60 тысячаў чалавек. Да VII стагодзьдзя англасаксы стварылі новае паселішча пад назвай Лундэнўік (ст.-анг. Lundenwic), якое месьцілася за 2 км уверх па плыні ад старога рымскага гораду, у тым месцы, дзе ў цяперашні час месьціцца Ковэнт-Гардэн[26].
Цалкам верагодна, што ў гэтым рэгіёне існавала гавань у вусьці ракі, дзе саксы займаліся рыбнай лоўляй і гандлем, і гэты гандлёвы складнік рос, пакуль на горад не напалі вікінгі. Саксы былі вымушаныя рухацца на ўсход, назад у рымскі Ляндыныюм, для таго, каб выкарыстоўваць ягоныя сьцены для абароны. Вікінгі працягвалі напады, пакуль у 886 годзе Альфрэд Вялікі не адбіў Лёндан і заключыў дамову на мір з дацкім лідэрам, Гутрумам[27]. Арыгінальны саксонскі горад называўся «Старым горадам» (ст.-анг. Ealdwic), у нашыя дні гэты рэгіён вядомы як Алдўік (ст.-анг. Aldwych), які знаходзіцца ў сучасным горадзе Ўэстмінстэр[28].
Два нядаўнія адкрыцьці паказваюць, што Лёндан можа быць нашмат старэй, чым гэта лічыцца цяпер. У 1999 годзе рэшкі моста часоў Бронзавага веку былі знойдзены на берагавой паласе на поўнач ад Воксал брыджу[29]. Гэты мост альбо перасякаў Тэмзу, альбо ішоў да страчанага вострава ў рацэ. Паводле праведзенай экспэртызы ўзрост драўніны складае 1500 гадоў да н. э.
Сярэднявечча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З распадам рымскага валадарства ў пачатку V стагодзьдзя Лёндан быў фактычна закінуты. Аднак, з VI стагодзьдзя ў ваколіцах зьявілася саксонскае паселішча. Пасьля аб’яднаньня Ангельшчыны ў X стагодзьдзі Лёндан, ужо велічны горад і самы важны гандлёвы цэнтар на воставе, становіцца ўсё больш важным у палітычным пляне цэнтру, аднак па-ранейшаму сутыкаючыся з канкурэнцыяй Ўінчэстэру, традыцыйнага цэнтру каралеўства Ўэсэкс. У XI стагодзьдзі кароль Эдўард Спавяданьнік зноўку заснаваў і перабудаваў Ўэстмінстэрскае абацтва, якія месьцілася ў некалькіх хвілінах хады ўверх па плыні ад Лёндана, і якое з часам стала ўлюбёнай каралеўскай рэзыдэнцыяй. З гэтага моманту Ўэстмінстэр няўхільна выцясьняў лёнданскае Сіці як месца для правядзеньня пасяджэньня нацыянальнага ўрада[30].
Пасьля перамогі ў бітве пры Гастынгсе, Ўільям, герцаг Нармандыі, стаў каранаваным каралём Ангельшчыны на Божае Нараджэньне 1066 году[31]. Ўільям пабудаваў лёнданскі Таўэр, першы з многіх замкаў нарманаў у Ангельшчыне, якія былі пабудаваны з каменьню, у паўднёва-ўсходняй частцы гораду, каб запалохаць мясцовых жыхароў[32]. У 1097 годзе Вільгельм II пачаў будаўніцтва Ўэстмінстэр-Хол, недалёка ад абацтва. Зала лягла ў аснову новага Ўэстмінстэрскага палацу[33][34].
Падчас XII стагодзьдзя ўстановы цэнтральнага ўрада, якія да гэтага часу суправаджалі каралеўскі двор, які разьязджаў па ўсёй краіне, вырасьлі ў памерах і складанасьці й сталіся сабірацца ў адным месцы. У большасьці выпадкаў гэтае месца было ў Ўэстмінстэры, нягледзячы на тое, што каралеўская казна, пераехаўшы з Ўінчэстэра, спыніліся ў Таўэры. У той час горад у Ўэстмінстэры ператварыўся ў сапраўдную дзяржаўнцю сталіцу, у адрозьненьне ад суседа, лёнданскага Сіці, які застаўся самым вялікім па велічыні горадам Ангельшчыны й галоўным гандлёвым цэнтрам, квітнеючы пад уласнай унікальнай адміністрацыі, карпарацыі Лёндана. У 1100 годзе ягонае насельніцтва складала каля 18 тысячаў чалавек, а ў 1300 годзе яно вырасла амаль да 100 тысячаў[35]. У часы бушаваньня ў краіне чорнай сьмерці ў сярэдзіне XIV стагодзьдзя Лёндан страціў амаль траціну свайго насельніцтва[36].
Лёндан у XVI—XVIII стагодзьдзях
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З прыходам да ўлады дынастыі Т’юдараў у Ангельшчыне пачалася эпоха абсалютнай манархіі. Цэнтралізацыя ўлады ў руках караля прывяла да таго, што сталіца стала разьвівацца й багацець яшчэ хутчэй, чым раней. Спрыяльна адбіліся на горадзе часы кіраваньня Генрыха VIII і Эдуарда VI — былі заснаваны знакамітыя лёнданскія паркі Гайд-парк і Кенсынгтан-гардэн і адкрыта некалькі буйных шпіталёў[37].
Рэфармацыя, якая адбылася ў Ангельшчыне пры Гэнрыху VIII, ня скончылася, у адрозьненьне ад іншых краінаў, кровапраліцьцём: тут царкоўныя пераўтварэньні кантраляваліся каралём і былі ініцыяваны «зьверху», а ня «зьнізу», як у большасьці іншых краінаў. Пасьля Рэфармацыі каля паловы плошчы Лёндана было занята рэлігійнымі збудаваньнямі й прыкладна траціну насельніцтва складалі манахі. Сытуацыя зьмянілася ў 1538—1541 гадох, пасьля таго, як Гэнрых VIII выдаў закон аб вяршэнстве караля над царквой. Пасьля гэтага значная частка царкоўнай маёмасьці была канфіскавана й перададзена ў рукі каралю й ягоным найбліжэйшым васалам.
Лёндан разьвіўся да аднаго з найбуйнейшых гандлёвых цэнтраў Эўропы. У горадзе квітнелі малыя прадпрыемствы, а буйныя ангельскія ўладальнікі вялі свой гандаль па ўсім сьвеце — ад Расеі да Амэрыкі. У прыватнасьці, каралева Лізавета I прымала амбасадараў з Масковіі ў садах прадмесьцяў Лёндана Рычмандзе[38]. Ствараліся гіганцкія кампаніі, як то Ост-Індзкая ў 1600 годзе. Пасьля таго, як у 1572 годзе гішпанцы захапілі й разрабавалі буйны галяндзкі горад Антвэрпэн, Лёндан стаў найбуйнейшым цэнтрам гандлю на Паўночным моры. Імкліва павялічвалася насельніцтва сталіцы — з 50 000 чалавек у 1530 годзе да 225 000 у 1605 годзе. Таксама ў XVI стагодзьдзі зьявіліся першыя мапы Лёндана. Зьявіліся першыя публічныя тэатры, самым папулярным зь якіх стаў «Глёбус», у якім ставіліся п’есы Ўільяма Шэксьпіра.
У XVI стагодзьдзі ў Ўэст-Эндзе пачала сяліцца шляхта. Неўзабаве раён стаў адным з самых прэстыжных месцаў гораду. Дагэтуль дом у Ўэст-Эндзе зьяўляецца пропускам у вышэйшы сьвет Лёндана.
Падчас Ангельскай грамадзянскай вайны Лёндан заняў бок Парлямэнта. Былі створаны войскі апалчэньня й збудаваны абарончыя ўмацаваньні, каб абараніць горад ад раялістаў, якія чым далей, тым бліжэй прасоўваліся да сталіцы — бітва пры Брэнтфардзе адбылася ўсяго ў некалькіх мілях ад Лёндана. Аднак добра арганізаваная абарона не дазволіла каралеўскім войскам узяць горад, што й згуляла вырашальную ролю ў вайне — захоўваемыя ў Лёндане багацьці дапамаглі Парлямэнту атрымаць перамогу.
У Лёндане, як і ва ўсіх эўрапейскіх гарадох таго часу, адсутнічалі каналізацыя й сыстэма аховы здароўя, да таго ж, горад быў вельмі перанаселены, і таму там рэгулярна ўспыхвалі эпідэміі са шматлікімі сотнямі, а парой і тысячамі ахвяраў. Але самая страшэнная здарылася ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя, у 1665—1666 гадох. У Ангельшчыне яна мае назоў Вялікай Чумой (анг. The Great Plague). У Лёндане ахвярамі эпідэміі сталі прыкладна 60 000 чалавек (пятая частка гораду). Сэм’юэл Піпс, хранікёр гораду, запісаў 4 верасьня 1665 году наступнае: «За тыдзень памерла больш за 7 400 чалавек, зь іх 6 000 — ад чумы. Дзень ноч амаль безь перапынку з вуліцы даносіцца пахавальны звон царкоўных званоў».
Адразу пасьля заканчэньня эпідэміі здарылася яшчэ адна катастрофа — Вялікі лёнданскі пажар 1666 году. У той час як Вялікая Чума пакасіла насельніцтва Лёндана, пажар нанёс сур’ёзную матэрыяльную шкоду, зьнішчыўшы 13 200 дамоў (каля 60% гораду) і 87 цэркваў (у тым ліку стары сабор Сьвятога Паўла). Як ні дзіўна, але ў агні загінула ўсяго восем чалавек, затое многія засталіся без жытла й пазбавіліся ўсіх сродкаў да існаваньня.
Пасьля аднаўленьня Лёндан канчаткова ператварыўся ў фінансавую сталіцу сьвету. У 1694 годзе адкрыўся Банк Ангельшчыны, які дазволіў краіне яшчэ больш павялічыць свой уплыў на сусьветную эканоміку. У 1700 годзе 80% імпарту й 69% экспарту Ангельшчыны прыпадала на Лёндан, а насельніцтва гораду перавышала 500 000 чалавек.
У XVIII стагодзьдзі, у эпоху Асьветніцтва атрымалі шырокае распаўсюджваньне прэса й літаратура. З тых часоў цэнтрам выдавецкага жыцьця Лёндана стала вуліца Фліт-стрыт. У тым жа стагодзьдзі быў адзначаны рост злачыннасьці ў сталіцы, з-за чаго пакараньні сталі больш жорсткім: нават за малаважнае злачынства цяпер пагражала сьмяротная кара. У канцы XVII стагодзьдзі Лёндан стаў адным з тэхналягічных цэнтраў Эўропы, пра што сьведчыць наведваньне гораду вялікім пасольствам, чальцом якога быў пад імем Пятра Міхайлава й расейскі цар Пётар I, які ў прыватнасьці наведаў там некалькі заводаў і грыныдзкую абсэрваторыю[39].
У 1707 годзе Лёндан набыў статус сталіцы Вялікабрытаніі, новай дзяржавы, створанай пасродкам аб’яднаньня Ангельшчыны й Шатляндыі. У тым жа XVIII стагодзьдзі былі пабудаваны новы сабор Сьвятога Паўла й Бэкінггэмскі палац — сымбалі сучаснага Лёндана, — а таксама Ўэстмінстэрскі мост, які стаў усяго толькі другім мостам у Лёндане праз Тэмзу. Да канца XVIII стагодзьдзя насельніцтва Лёндана дасягнула мільёна чалавек.
XIX стагодзьдзе
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Лёндан XIX стагодзьдзя стаўся горад кантрастаў. З аднаго боку, ён быў сталіцай найбуйнейшай дзяржавы ў сьвеце — Брытанскае імпэрыі, эканамічным і палітычным цэнтрам сьвету, а зь іншага боку быў горадам, дзе ў трушчобах, практычна бяз сродкаў да існаваньня, жылі мільёны беднякоў.
На XIX стагодзьдзе прыпала эпоха імклівай індустрыялізацыі й урбанізацыі ў краінах Эўропы й Паўночнай Амэрыкі. У гэтым стагодзьдзі ў Лёндане была пабудаваная велізарная колькасьць новых фабрыкаў і заводаў, а насельніцтва павялічылася ў 6 разоў. У XIX стагодзьдзі Лёндан быў самым вялікім горадам сьвету, да 1900 году ягонае насельніцтва складала каля 6 млн чалавек. У сталіцы зьявіліся цэлыя прамысловыя раёны, і самы вядомы зь іх — Іст-Энд, які стаў супрацьлегласьцю заможнага Ўэст-Энду. У XIX стагодзьдзі ў абліччы Лёндану адбыліся кардынальныя зьмены. У 1836 годзе была адкрыта першая чыгунка, якая злучыла Лёнданскі мост і Грыныдж, і менш чым за 20 гадоў адкрылася 6 вакзалаў. У 1863 годзе ў Лёндане зьявілася першае ў сьвеце сетка мэтрапалітэну. Акрамя таго, у XIX стагодзьдзі былі пабудаваны Біг-Бэн, Альбэрт-Хол, комплекс Трафальгарскай плошчы, Таўэрскі мост. Упершыню за ўсю гісторыю існаваньня Лёндана зьявілася каналізацыя.
У гэтым жа стагодзьдзі была рэфармаваная сыстэма гарадзкога самакіраваньня, бо старая сыстэма, якая існавала яшчэ са Сярэднявечча, відавочна не адказвала патрабаваньням разрослага мэгаполісу. У 1855 годзе быў створаны Сталічны камітэт па працах (анг. Metropolitan Board of Works), які кантраляваў гарадзкое будаўніцтва й стварэньне інфраструктуры. У 1888 годзе гэты орган ліквідавалі, а адміністрацыйныя функцыі былі ўпершыню ўскладзены на выбарны орган — Лёнданская акруговая рада (анг. London County Council). У 1851 годзе Лёндан прыняў сусьветную выставу[40]. У сярэдзіне стагодзьдзя горад упершыню сутыкнуўся з масавай іміграцыяй. Асабліва вялікі прыток прыежджых ішоў з Ірляндыі. Таксама ў горадзе ўтварылася вялікая габрэйская суполка.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Горад раскінуўся на 45 кілямэтраў уздоўж судаходнай Тэмзы, у сярэднім ляжыць на вышыні 62 мэтры над узроўнем мора. З паўднёвага захаду да ўсходу горад перасякае Тэмза, суднаходная рака, якая ўпадае ў Паўночнае мора. Даліна Тэмзы — урадлівая й досыць плоская, што дазволіла Лёндану пашырацца раўнамерна. Першапачаткова рака была шырэйшай, а ейныя берагі былі багністымі й гразкімі, але з-за дзейнасьці чалавека ўсё гэта зьнікла. Тэмза — прыліўна-адліўная рака, і таму ў Лёндане існуе небясьпека паводкі[41]. У апошнія гады гэта небясьпека павялічылася з-за ўзьняцьця ўзроўню вады ў рацэ.
Панятак «каардынаты гораду» ўмоўны. Традыцыйна лічыцца, што намінальны цэнтар Лёндану разьмешчаны на скрыжаваньні Eleanor Cross(en) і Чарынг-Крос. Гэта месца разьмешчана непадалёк ад Трафальгарскай плошчы.
Клімат
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асноўны артыкул: Клімат Лёндана
Клімат у Лёндане — умерана-марскі. Ён адрозьніваецца мяккасьцю й умеранасьцю на працягу ўсяго году. Улетку тут цёпла, але рэдка горача. Дзённая тэмпэратура ўлетку рэдка паднімаецца вышэй за 33 °C, хоць у апошнія гады адзначаецца гарачэйшае летняе надвор’е. Рэкордная сьпякота назіралася ў 2003 годзе, калі тэмпэратура дасягнула 38,1 °C.[42] Узімку халаднавата, але не марозна (прыкладна як у кастрычніку ў Менску), уначы тэмпэратура, як правіла, не апускаецца ніжэй −7 °C. Сьнегапады рэдкія. Сьнежны полаг захоўваецца толькі каля 5 дзён у годзе й вышыня сьнежнага полага малаважная (каля 25 мм). Сярэднегадовая колькасьць ападкаў складае 584 мм, што менш, чым у Рыме ці Сыднэі. Гарадзкі масіў стварае ўласны мікраклімат. Мяккасьць кліматычных умоваў зьвязана з наяўнасьцю цёплага Паўночна-Атлянтычнага цячэньня, якое абмывае заходняе ўзьбярэжжа Эўропы. Вятры, якія дзьмуць з Атлянтычнага акіяна, улетку прыносяць прахалоду, а ўзімку — цяпло.
Асаблівасьцю лёнданскага клімату зьяўляецца вельмі невялікая міжсэзонная амплітуда ваганьняў: ад +5,1 °C у студзені да +18,1 °C у ліпені (розьніца складае 13 °C). Такім чынам, зіма ў Лёндане такая ж мяккая, як у горадзе поўначы субтрапічнага пояса (напрыклад, Сочы), а лета паводле сярэдняй тэмпэратуры нават больш халаднаватае, чым у Менску й Таліне, і такім чынам, зьяўляецца ўмерана-цёплым, але не гарачым.
Экалёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Лёндан пакутаваў ад задымленьня паветра з часоў Сярэднявечча. Пасьля катастрафічных наступстваў Вялікага смогу 1952 году былі прыняты заканадаўчыя меры, якія прывялі да паляпшэньня якасьці атмасфэрнага паветра. Тым ня менш, па стане на 2011 год Лёндан заставаўся адным з самых забруджаных гарадоў Эўропы[43]. Асноўнай крыніцай забруджваньня атмасфэры зьяўляецца аўтамабільны транспарт, каля 1/3 якога прыпадае на знос шынаў і тармазоў. Як і шматлікія іншыя эўрапейскія гарады, Лёндан не адказвае нарматывам ЭЗ паводле канцэнтрацыі найбольш шкодных забруджвальных рэчываў, да якіх адносяцца аксід азоту (NO2) і ўзважаныя часьцінкі (PM10). Выкіды аксіду вугляроду (CO2) у 2008 годзе былі на 17% ніжэйшыя, чым у сярэднім па краіне. За пэрыяд з 2000 па 2011 гады шкодныя выкіды ў цэлым скараціліся на 11%. Каля 40% канцэнтрацыі PM10 (як і істотная доля канцэнтрацыі NO2) у цэнтры гораду пераносіцца ветрам з зоны прадмесьцяў. Найбольшыя канцэнтрацыі NO2 адзначаюцца ва Ўнутраным Лёндане й у раёне аэрапорта Гітраў. Дрэнная якасьць гарадзкога паветра можа зьяўляцца прычынай больш чатырох тысячаў сьмерцяў у год.[44]
Тэмза зьяўляецца адной з самых чыстых рэк у сьвеце, якія праходзяць праз сталіцы[45]. Шкоду эстуарыю ракі наносіць скід ліўневай каналізацыі ў пэрыяд праліўных дажджоў.
Каля 42% насельніцтва схільныя да шумавога ўзьдзеяньня на ўзроўні 55 дБ і вышэй, якое вырабляецца аўтамабільным транспартам, і каля 6% — чыгуначным транспартам. Аб’ём бытавых адыходаў за пэрыяд з 2000 па 2008 гады скараціўся.[46]
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле перапісу насельніцтва 2011 году амаль 3 млн чалавек ці 36,7% насельніцтва Лёндану мелі замежнае паходжаньне, што робіць горад другім паводле велічыні горадам імігрантаў пасьля Нью-Ёрку ў абсалютных лічбах. Каля 69% дзяцей, народжаных у Лёндане ў 2015 годзе, па меншай меры мелі аднаго з бацькоў, які нарадзіўся за мяжой[47]. З ростам індустрыялізацыі насельніцтва Лёндана хутка павялічвалася на працягу XIX і пачатку XX стагодзьдзяў, і нейкі час на сутыкненьні стагодзьдзяў Лёндан зьяўляўся самым густанаселеным горадам у сьвеце. Ягонае насельніцтва дасягнула максымуму ў 8,6 млн чалавек у 1939 годзе непасрэдна перад пачаткам Другой сусьветнай вайны, але зьнізілася да 7,1 млн паводле перапісу 2001 году. Тым ня менш, у дзесяцігодзьдзе паміж 2001 і 2011 гадамі колькасьць жыхароў павялічыліся на мільён, дасягнуўшы 8,1 млн чалавек паводле апошняга пераліку[48].
Празь бесьперапынны гарадзкі рост Лёндан выходзіць за межы Вялікага Лёндану, і на сёньня сталічная вобласьць мае насельніцтва ў дыяпазоне ад 12 да 14 мільёнаў у залежнасьці ад вызначэньня межаў гэтае вобласьці[17]. Паводле зьвестак Эўрастату, Лёндан зьяўляецца самым густанаселеных горадам і сталічнай вобласьцю Эўрапейскага Зьвязу й другім паводле колькасьці насельніцтва горадам у Эўропе. У пэрыяд 1991—2001 гадоў колькасьць прыбылых мігрантаў склала 726 тысячаў чалавек[49]. Сталічная вобласьць ахоплівае плошчу 1579 км². Шчыльнасьць насельніцтва складае 5,177 чалавек на км², больш чым у дзесяць разоў перавышаючы любую іншую вобласьць краіны.
Этнічны склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле зьвестак Нацыянальнага бюро статыстыкі на аснове перапісу насельніцтва 2011 году, 59,8% жыхароў Лёндану адносіліся на эўрапеоідаў, пры гэтым толькі 44,9% ад усяго насельніцтва адносілася да белых брытанцаў. 2,2% прыналежаць да групы белых ірляндцаў. 20,9% лёнданцаў маюць азіяцкае ці зьмяшанае азіяцкае паходжаньне. Індыйцы складаюць 6,6% насельніцтва, на пакістанцаў і банглядэшцаў прыпадае па 2,7% на кожную этнічную групу. Кітайцы фармуюць 1,5% ад насельніцтва, а арабы складаюць толькі 1,3%. Яшчэ 4,9% ставяцца да катэгорыі «іншыя азіяты». 15,6% насельніцтва Лёндану адносяцца да нэгроідаў ці маюць зьмяшанае нэгроіднае паходжаньне. Афрыканцы складаюць 7% насельніцтва Лёндану, 4,2% адносяцца да нэгроідаў краінаў Карыбскага басэйну. 5% складае насельніцтва зьмяшанае расы.
Рэлігійны склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пераважная большасьць лёнданцаў — 48,4% зьяўляюцца хрысьціянамі, 20,7% — нерэлігійныя, 12,4% — мусульмане, 5% — індуісты, 1,8% — юдэі, 1,5% — сыкхі, 1% — будысты.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асноўны артыкул: Эканоміка Лёндана
Лёндан — найважнейшы эканамічны й фінансавы цэнтар Вялікабрытаніі й Эўропы, адзін з сусьветных фінансавых цэнтраў. Валавы рэгіянальны прадукт гораду ў 2004 годзе склаў 365 млрд $ (17% СУП Вялікабрытаніі). Эканамічнае значэньне ж усёй Лёнданскай аглямэрацыі яшчэ вышэйшы — рэгіянальны прадукт у 2004 годзе склаў 642 млрд $.
Найважнейшая галіна эканомікі гораду — фінансы, уключаючы банкаўскі сэрвіс, страхаваньне, кіраваньне актывамі; у Лёндане разьмешчаны штаб-кватэры найбуйнейшых банкаў і фінансавых кампаніяў, як то HSBC, Reuters, Barclays. Адзін з найбуйнейшых сусьветных цэнтраў валютнага й фондавага гандлю — Лёнданская фондавая біржа. На працягу стагодзьдзяў цэнтрам гарадзкога фінансавага жыцьця зьяўляецца бізнэсовы раён Сіці, аднак з 1990-х гадоў за званьне фінансавага й бізнэсовага цэнтру Лёндану змагаецца Кенэры-Ўорф ва ўсходняй частцы гораду.
Другой паводле значнасьці галіной у эканоміцы Лёндану зьяўляецца інфармацыйная[50]. У сталіцы разьмяшчаецца штаб кватэра Бі-Бі-Сі, адной з найбуйнейшых мэдыякарпарацыяў у сьвеце. У Лёндане выдаюцца папулярныя газэты, у ліку якіх The Times, якая выдаецца амаль 700-тысячным тыражом штодня, The Sun, The Daily Mirror і іншыя.
У Лёндане разьмяшчаюцца штаб-кватэры мноства ангельскіх і транснацыянальных кампаніяў, сярод якіх BP, Royal Dutch Shell, Unilever, Corus Group, SABMiller, Cadbury Schweppes і іншыя. Цэнтральныя офісы больш 100 з 500 найбуйнейшых эўрапейскіх кампаніяў разьмешчаны ў брытанскай сталіцы. Лёндан застаецца адным з найбуйнейшых прамысловых цэнтраў Брытаніі. Прамысловасьць гораду й прадмесьцяў прадстаўлена машынабудаваньнем (аўтамабілебудаваньне, электронная прамысловасьць, станкабудаваньне, суднабудаваньне й суднарамонт і іншыя), шырока разьвіта лёгкая, харчовая, нафтаперапрацоўчая й нафтахімічная галіны, паліграфія й іншыя.
Адной з найважнейшых крыніцаў прыбытку для Лёндану зьяўляецца турызм. У 2005 годзе гэта галіна забясьпечвала сталай працай 350 000 чалавек[51]. За год турысты пакідаюць у Лёндане 10 млрд £[52]. Лічылася, што паводле папулярнасьці ў турыстаў горад саступае толькі Парыжу[53], аднак апошнія зьвесткі паказалі, што ў 2010 годзе ў Лёндан было прададзена 45 млн пуцёвак, тады як у Парыж — усяго 33,9 млн[54].
Нягледзячы на тое, што калісьці Лёндан быў адным з найбуйнейшых партоў Эўропы, цяпер ён нават у Вялікабрытаніі знаходзіцца толькі на трэцім месцы. Штогадовы грузаабарот — 50 млн тон грузаў. Сэрца эканамічнага Лёндану — Сіці. Таксама мноства офісаў розных кампаній знаходзіцца ў раёне плошчы Пікадылі.
Нерухомасьць у Лёндане лічыцца адной з самых дарагіх у сьвеце[55]. У 2011 годзе ў Лёндане было прададзена больш за 3 000 дамоў коштам вышэй 1 мільёна фунтаў — больш, чым у якім або іншым горадзе сьвету[55].
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асноўны артыкул: Архітэктура Вялікабрытаніі
Архітэктура Лёндану прадстаўлена амаль усімі стылямі ад нармандзкага да постмадэрнізму. Шматлікія сярэднявечныя пабудовы, аднак, не захаваліся, галоўным чынам, з-за Вялікага пажару 1666 году, які зьнішчыў больш за 13 тысячаў будынкаў, і авіябамбаваньняў падчас Другой сусьветнай вайны.
Нармандзкую архітэктуру ў Ангельшчыну прынёс Вільгельм Заваёўнік. Са збудаваньняў нармандзкага стылю ў Лёндане вядомы Таўэр, які пачаў будавацца пры Вільгельме й шматкроць дабудоўваўся іншымі каралямі. Акрамя таго, у тым жа стылі выкананы пабудаваная ў 1097 годзе Ўэстмінстэрская зала прыёмаў[56]. На той момант гэта была самая вялікая зала ў Эўропе.
XIII стагодзьдзе стала стагодзьдзем раньняй ангельскай готыкі. Адным зь яскравых узораў гэтага стылю служыць Ўэстмінстэрскае абацтва. Іншыя ўзоры гэтага пэрыяду ў Лёндане не захаваліся. Сьледам за раньняй наступіла эпоха дэкараванай ангельскай готыкі, але ейных прыкладаў у сучасным Лёндане няма, як і прыкладаў вэртыкальнай готыкі — трэцяга гатычнага пэрыяду ангельскай архітэктуры. У XIV стагодзьдзі дзеля захоаваньня дзяржаўнай скарбніцы Эдўарда III была пабудавана вежа Каштоўнасьцей, як частка тагачаснага Ўэстмінстэрскага палаца.
Т’юдарскі пэрыяд лягічна завяршыў Сярэднявечча. Архітэктура эпохі Т’юдараў падобная на гатычную, але са значнымі зьменамі накшталт глыбокіх і высокіх вокнаў. Капліца Гэнрыха VII у Ўэстмінстэры й палац Гэмптан-корт у Рычмандзе — помнікі архітэктуры т’юдарскага пэрыяду. За часам караля Якава I пачалося ўладкаваньне Грыныдзкага парку.
Напачатку XVII стагодзьдзя ў Лёндане працаваў родапачынальнік ангельскай архітэктурнай традыцыі Ініга Джонз. Ён прышчапіў брытанскаму дойлідзтву ідэі палядыянства (клясыцызму), у аснове якіх — строгая геамэтрычнасьць, лаканічнасьць, функцыянальнасьць, элегантнасьць, адсутнасьць дробных дэталяў і іншых архітэктурных празьмернасьцяў. З твораў Джонза ў Лёндане захаваліся толькі два — Банкетная зала ва Ўайтхоле й капэла Сэнт-Джэймзкага палаца.
У другой палове XVII стагодзьдзя на зьмену Джонзу прыйшоў Крыстафэр Рэн. Менавіта ён склаў плян аднаўленьня Лёндану пасьля Вялікага пажару. Акрамя таго, Рэн спраектаваў шпіталі ў Грыныджы й Чэлсі, знакаміты сабор Сьвятога Паўла й яшчэ некалькі дзясяткаў будынкаў.
Геаргіянская архітэктура, эра якая наступіла ў сярэдзіне XVIII стагодзьдзі, у цэлым адпавядала агульнаэўрапейскаму клясыцызму. У ёй галоўным былі выразныя формы й прапорцыі. Гэты пэрыяд не прадстаўлены ў Лёндане нейкімі вядомымі будынкамі, але ў геаргіянскім стылі пабудаваны шматлікія жылыя й адміністрацыйныя будынкі гораду. Варта адзначыць цэрквы, спраектаваныя Нікаласам Гоўксмурам, палац Самэрсэт-гаўс (сэр Ўільям Чэмбэрз) і забаўляльны цэнтар «Пантэон» на Оксфард-стрыт архітэктара Джэймза Ўаета. У першыя гады XVIII стагодзьдзя бацькам і сынам Рэнамі для Сары Чэрчыль — найбліжэйшай сяброўкі й канфіданткі каралевы Ганны быў пабудаваны Мальбара-гаўс— маёнтак на Пэл-Мэл. У 1759 годзе былі заснаваны каралеўскія батанічныя сады К’ю— комплекс батанічных садоў і аранжарэй плошчай у 121 гэктар[57]. На тэрыторыі гэтага комплексу ў 1761—1762 гадох была збудавана вялікая пагада — першы ўзор кітайскай архітэктуры ў Эўропе. Насупраць гэтых садоў была пабудавана сядзіба Саян-гаўс— старадаўні маёнтак герцагаў Нартумбэрлэндаў, выкананы ў стылі чыстага клясыцызму, выдатны майстэрскім чаргаваньнем геамэтрычных формаў і тонкім калярыстычным майстэрствам. Праца над інтэр’ерамі Саян-гаўса працягвалася да 1769 году, калі ў герцага скончыліся сродкі.
XIX стагодзьдзе адрозьніваецца ад папярэдніх разнастайнасьцю стыляў. У нэагатычным ключы пабудаваны знакаміты будынак Парлямэнту зь вежамі Біг-Бэн і Вікторыі на ім. Гэты будынак быў пабудавана пасьля пажару 16 кастрычніка 1834 году на месцы старога Ўэстмінстэрскага палаца паводле праекту Чарлза Бэры й Аўгустуса Ўэлбі П’юджына. Варта таксама адзначыць Каралеўскі судны двор, пабудаваны ў 1873—1882 гады згодна з праектам былога адвакату Джорджа Эдмунда Стрыта. У ліку знамянальных манумэнтаў гэтага стылю вылучаецца Мэмарыял прынца Альбэрта (анг. Albert Memorial) — манумэнт у Кенсынгтанскім парку. Манумэнт быў спраектаваны Георгам Гілбэртам Скотам і адкрыты ў 1875 годзе. У 1839 годзе, як частка пляну па стварэньні сямі вялікіх, сучасных могілак былі створаны Гайгейцкія могілкі[58]. Першапачатковы дызайн быў распрацаваны архітэктарам і перакладчыкам Стывэнам Гіры. Астатнія 6 могілак былі пабудаваны прыкладна ў той жа час і таксама атрымалі значную вядомасьць:
- Кенсальскія зялёныя могілкі — 1832
- Могілкі Заходняга Норўуда — 1837
- Могілкі парку Эбні — 1840
- Нангэдзкія могілкі — 1840
- Бромптанскія могілкі — 1840
- Могілкі Таўэр Гэмлетс — 1841
У стылі клясыцызму працаваў вядомы Джон Нэш, аўтар комплексу Трафальгарскай плошчы, Бэкінггэмскага палацу й Мармуровай аркі. Ўэстмінстэрскі сабор зьяўляецца ўзорам нэабізантыйскага стылю. Цяпер неіснуючы Крышталёвы палац адносіўся да індустрыяльнага стылю.
У XX стагодзьдзі ў горадзе зьявіліся хмарачосы: будынак Lloyd’s of London у Сіці, комплекс Канары Ўорф у Доклэндс, One Canada Square і The Shard (самы высокі). У канцы мінулага — пачатку цяперашняга стагодзьдзя вядучым брытанскім архітэктарам стаў Норман Фостэр, які пабудаваў у Лёндане небасяг SwissRe («Агурок») і Нью-сіці-хол, будынак мэрыі. Таксама да знамянальных пабудоваў можна аднесьці Буш-гаўс, які будаваўся з 1923 па 1935 гады, спраектаваны й пабудаваны амэрыканцамі й амэрыканскімі кампаніямі.
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Лёндан — месца разьмяшчэньня мноства ўнівэрсытэтаў, у якіх навучаецца больш за 370 тысячаў чалавек, у тым ліку дзясяткі тысячаў замежных студэнтаў з амаль 160 краінаў. Унівэрсытэты Лёндану ўмоўна падзяляюцца на дзьве групы: вышэйшыя навучальныя ўстановы, што фармуюць Лёнданскі ўнівэрсытэт, і іншыя ВНУ, у тым ліку былыя політэхнічныя інстытуты (якім пасьля 1992 году быў нададзены статус унівэрсытэтаў).
Лёнданскі ўнівэрсытэт, у якім адначасова навучаецца больш за 125 тысячаў чалавек, зьяўляецца найбуйнейшым унівэрсытэтам Вялікабрытаніі й Эўропы. Ён складаецца з 19 каледжаў і 12 інстытутаў, у ліку якіх такія славутыя ўстановы як Кінгс коледж Лёндан, Лёнданская школа эканомікі й палітычных навук, Інстытут адукацыі, Школа ўсходніх і афрыканскіх дасьледваньняў, Лёнданская школа гігіены й трапічнай мэдыцыны.
Спорт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Лёндан тройчы прымаў летнія Алімпійскія гульні (1908, 1948) і ў 2012 годзе. Такім чынам сталіца Вялікабрытаніі зьяўляецца адзіным горадам у сьвеце, які прыняў алімпіяду тры разы.
У самым папулярным у Вялікабрытаніі й сьвеце відзе спорту — футболе — лёнданскія клюбы дамагліся вялікіх посьпехаў. Нягледзячы на тое, што традыцыйна наймацнейшымі камандамі Ангельшчыны заўсёды былі «Лівэрпул» і «Манчэстэр Юнайтэд», сталіца найбольш шырока прадстаўлена ў Прэм’ер-лізе. Сярод вядомых лёнданскіх камандаў, якія стала ці часам гуляюць ў вышэйшым дывізіёне, варта вылучыць «Арсэнал», «Ўэст Гэм Юнайтэд», «Кўінз Парк Рэйнджарз», «Тотэнгэм Готспур», «Фулгэм», «Чэлсі», «Крыстал Пэлас». На гэты момант лёнданскія клюбы «Арсэнал» і «Чэлсі» уваходзяць у лік наймацнейшых клюбаў Эўропы й сьвету. «Чэлсі» за апошнія гады тройчы выйграваў Прэм’ер-Лігу, а таксама выйграў Лігу чэмпіёнаў УЭФА ў 2012 годзе, а «Арсэнал» 13 раз станавіўся чэмпіёнам Ангельшчыны й удзельнічаў у фінале розыгрышу Лігі чэмпіёнаў УЭФА ў 2006 годзе. Чатырма клюбамі Лёндан прадстаўлены ў чэмпіянаце Ангельшчыны па рэгбі.
Найбуйнейшы стадыён гораду — «Ўэмблі» — быў ізноў адкрыты ў траўні 2007 году пасьля доўгай рэканструкцыі. Першы матч на абноўленым стадыёне адбыўся 19 траўня паміж камандамі «Чэлсі» й «Манчэстэр Юнайтэд». На «Ўэмблі» праходзяць фіналы розыгрышаў Кубка Ангельшчыны па футболе й Кубка выкліку (буйнога нацыянальнага турніру па рэгбі). Таксама «Ўэмблі» зьяўляецца хатнім стадыёнам ангельскай футбольнай зборнай. Першы гол за нацыянальную зборную Ангельшчыны на новым стадыёне забіў Джон Тэры, быўшы тады капітанам. Матчы ў крыкет праходзяць на стадыёнах «Оўвал» і «Лордс» у раёне Сэнт-Джонз-Ўуд.
У Лёндане, а дакладней, у ягоным прадмесьці Ўімбэлдане, штогод праходзіць аднайменны тэнісны турнір. Таксама ў Лёндане праводзіцца знакаміты Лёнданскі маратон. Сярод штогадовых сусьветнавядомых спаборніцтваў, што праводзяцца ў Лёндане яшчэ варты вылучыць веславаньне па Тэмзе камандаў Оксфарду й Кембрыджу.
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Большасьць госьцяў Лёндану трапляюць у горад праз чыгуначныя вакзалы. Шматлікія зь іх былі пабудаваны ў XIX стагодзьдзі й сталіся ўзорам для вакзалаў па ўсёй Эўропе. Сярод найбольш загружаных вакзалаў — Ватэрлёо (цягнікі з паўднёва-заходніх графстваў), Вікторыя (цягнікі з прадмесьцевых графстваў), Падынгтан (цягнікі з заходніх графстваў і Ўэйлзу), Сэнт-Панкрас (цягнікі з Эўропы) і Кінгс-Крос (цягнікі з Шатляндыі). З 2007 году хуткі цягнік Eurostar зьвязвае Лёндан зь Лілем, Парыжам і Брусэлем. Магчымасьць дасягнуць гэтыя гарады за дзьве гадзіны робіць Лёндан бліжэйшым у транспартных адносінах да кантынэнтальнай Эўропы, чым да астатняй Вялікабрытаніі. Першы хуткасны цягнік унутры Вялікабрытаніі Лёндан—Кент пачаў курсаваць у 2009 годзе. Горад мае таксама шчыльную наземную сетку прадмесьцевых цягнікоў, асабліва ў сваёй паўднёвай частцы, дзе падземны чыгуначны транспарт адносна менш разьвіты.
Сыстэма грамадзкага транспарту Лёндана зьяўляецца адной з самых загружаных у сьвеце, і таму яе прыходзіцца ўвесь час павялічваць і тым самым ускладняць. Апошні віток павелічэньня транспартнай сеткі гораду быў зьвязаны з падрыхтоўкай да Летніх Алімпійскіх гульняў 2012 году. Тры асноўныя віды грамадзкага транспарту гораду складаюць аўтобусы, мэтро й таксі. Улетку 2010 году пачала разьвівацца муніцыпальная сыстэма роварнага транспарту[59].
За гарадзкі транспарт Лёндану адказвае муніцыпальная служба Transport for London. У прыватнасьці, яна эксплюатуе мэтро, аўтобусы й трамваі Лёндану й ліцэнзуе гарадзкія таксі й водны грамадзкі транспарт.
Аўтобусы служаць для лякальных перамяшчэньняў. Існуе каля 700 маршрутаў, па якіх аўтобусы перавозяць у будныя дні да 6 мільёнаў пасажыраў. Знакамітыя аўтобусы мадэлі Routemaster, якія сталі адным з сымбалем ня толькі Лёндану, але й усёй Вялікабрытаніі, былі зьняты зь лінейнай эксплюатацыі ў 2005 годзе й цяпер ходзяць толькі па экскурсійных маршрутах. Ім на зьмену ў лютым 2012 году прыйшоў «Новы лёнданскі аўтобус» (анг. New bus 4 London).
Каб сплаціць паездку ў аўтобусе трэба набыць квіткі загадзя на прыпынку ў аўтаматычнай касе. Можна зэканоміць на кошце паездкі, калі купіць Oyster card у спэцыялізаваным шапіку. Паездка па гэтай карце будзе каштаваць менш. Пры афармленьні карткі на дэпазыт утрымліваецца пэўная колькасьць грошаў, які можна вярнуць па заканчэньні карыстаньня карткі, калі здаць яе назад у шапіку.
Лёнданскі мэтрапалітэн зьяўляецца найстарэйшым у сьвеце. Ён бесьперапынку працуе з 1863 году й штодня перавозіць 3 мільёны пасажыраў, што ў год складае колькасьць, прыкладна роўную 1 мільярду чалавек[60]. Сыстэма мэтрапалітэну складаецца з 12 лініяў, большасьць зь якіх злучае цэнтар гораду зь ягонымі ўскраінамі. Лёнданцы часта завуць мэтрапалітэн «трубой» празь вельмі невялікі дыямэтар тунэляў глыбокага залажэньня. За апошнія дзесяць гадоў попыт на мэтро вырас на 70%. Абслугоўвае яго каля 16 тысячаў чалавек.
Акрамя «клясычнага» мэтро, у Лёндане з 1987 году дзейнічае сыстэма Docklands Light Railway[61], якую можна назваць лёгкім мэтро. У адрозьненьне ад «клясычнага» лёнданскага мэтрапалітэну траса Docklands Light Railway пракладзена галоўным чынам не па тунэлях, а на эстакадах. Цягнікі Docklands Light Railway ідуць у аўтаматычным рэжыме. Існуе некалькі станцыяў перасадак паміж лёнданскім мэтрапалітэнам і Docklands Light Railway.
Раней у Лёндане мелася разгалінаваная трамвайная сыстэма, але яна была зачынена ў 1952 годзе. З 2000 году ў Кройдане, прадмесьці Лёндану, дзейнічае сучасная трамвайная сыстэма Tramlink[62]. Маюцца пляны будаўніцтва новых трамвайных лініяў бліжэй да цэнтру гораду, як то West London Tram, які падтрымалі большасьць жыхароў раёну. Аднак затым плян быў адкладзены й вырашана была надаць большую ўвагу разьвіцьцю аўтобуснага парку[63].Таксама плянавалася адчыніць Cross River Tram, аднак і гэты праект быў згорнуты празь недахоп сродкаў[64].
Таксама ў Лёндане маецца грамадзкі водны транспарт. Сыстэма гарадзкіх водных маршрутаў вядомая як London River Services. Некаторыя маршруты накіраваны на турыстаў, іншыя часьцей выкарыстоўваюцца самімі лёнданцамі як звычайны грамадзкі транспарт, напрыклад для паездак на працу. Хоць London River Services ліцэнзуюцца кампаніяй Transport for London, эксплюатацыя ажыцьцяўляецца прыватнымі фірмамі, і на водных маршрутах Лёндану праязныя на аўтобус і мэтро ня дзейнічаюць, хоць могуць даваць зьніжкі.
Знакамітыя лёнданскія чорныя таксі выглядаюць абсалютна гэтак жа, як семдзясят гадоў назад, калі не лічыць рэклямы, якая пакрывае зараз шматлікія з гэтых аўтамабіляў. Зараз у Лёндане ў якасьці таксі таксама выкарыстоўваюцца й аўтамабілі больш новых мадэляў, якія выглядаюць сучасна. Варта заўважыць, што, у адрозьненьне ад большасьці буйных гарадоў, у Лёндане ўсе таксі кантралююцца гарадзкой адміністрацыяй, дакладней муніцыпальнай службай Transport for London. Бліжэй да ўскраінаў гораду рух на вуліцах пераважна аўтамабільны. У Лёндане дзейнічае некалькі высакахуткасных трасаў, унутраная колцавая аўтадарога. За ўезд прыватных аўтамабіляў у цэнтар гораду спаганяецца плата. У Лёндане знаходзіцца пяць аэрапортаў: адзін з самых загружаных у сьвеце Гітраў[65], яшчэ адзін буйны аэравакзал Гатўік, невялікія Станстэд і Лутан, а таксама Лёндан-Сіці, прызначаны галоўным чынам для чартарных рэйсаў бізнэсоўцаў. Напачатку 2012 году была высунута прапанова аб будаўніцтве ў горадзе яшчэ аднаго аэрапорту.
Культура й вольны час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Музэі й бібліятэкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асноўны артыкул: Музэі Лёндану
Цэнтрам лёнданскіх музэяў зьяўляецца раён Паўднёвага Кенсынгтана, у якім знаходзяцца Музэй прыродазнаўства, Музэй навукі, Музэй Вікторыі й Альбэрта (найбуйнейшы ў сьвеце збор дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва й дызайну). Іншыя вядомыя музэі — Брытанскі музэй, калекцыя якога складае каля 7,5 мільёнаў экспанатаў; Лёнданская нацыянальная галерэя, адзін з найбольш паважаных спэцыялістамі мастацкіх музэяў сьвету, галерэя Тэйт (самы буйны ў сьвеце збор ангельскага мастацтва); знакаміты Музэй васковах фігур мадам Цюсо; Музэй Шэрлака Голмза.
Можна назваць музэем і дзеючую каралеўскую рэзыдэнцыю — Букінггэмскі палац, частка памяшканьняў якога адкрыта для наведвальнікаў звычайна адзін месяц у годзе (жнівень—верасень). Таксама экскурсійныя туры праводзяцца па Будынкам парлямэнту, Таўэру, лёнданскім саборам. У Лёндане знаходзіцца нацыянальная Брытанская бібліятэка.
Тэатры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асноўны артыкул: Тэатры Лёндану
Некалькі буйных камэрцыйных тэатраў, якія спэцыялізуюцца на пастаноўцы м’юзіклаў, камэдыяў і драмаў, знаходзяцца ў раёне Ўэст-Энд. Існуе нават адмысловы тэрмін «ўэст-эндзкі тэатр»' (анг. West End theatre), які выкарыстоўваецца ў Ангельшчыне для абазначэньня забаўляльных камэрцыйных тэатраў брадўэйскага тыпу[66]. З клясычных тэатраў варта адзначыць Нацыянальны тэатар у раёне Саўт-Бэнк, новы тэатар «Глёбус» і Тэатр пры каралеўскім двары.
Шырока вядомыя ў сьвеце лёнданскія тэатры клясычнай музыкі: знакаміты Каралеўскі тэатар опэры ў Ковэнт-Гардэн, Каралеўскі Альбэрт-Хол, Тэатар Елізаветы II.
Знакамітыя вуліцы й плошчы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Пікадылі (вуліца й плошча) — эканамічны цэнтар гораду. Сьцены дамоў на плошчы завешаны рэклямай. У сярэдзіне (але не ў геамэтрычным цэнтры) плошчы Пікадылі знаходзіцца фантан і знакамітая скульптура Антэраса, званая ў народзе Эрасам.
- Трафальгарская плошча прысьвечана разгрому гішпанска-францускага флёту ў 1805 годзе. Пасярэдзіне плошчы знаходзіцца манумэнт у гонар Гарацыё Нэльсана, адмірала, які камандаваў ангельскім флётам у гэтае бітве. На плошчы, акрамя таго, знаходзіцца Лёнданская нацыянальная галерэя.
- Оксфард-стрыт — гэта вуліца крамаў. Тут знаходзяцца бутыкі й гандлёвыя цэнтры.
- Гарлі-стрыт — вуліца ў Ўэстмінстэры, якая праславілася як вуліца лекараў — шматлікія дактары дагэтуль вядуць практыку менавіта на гэтай вуліцы.
- Эбі-роўд знакамітая аднайменнай студыяй гуказапісу, на якой рабілі свае запісы шматлікія легендарныя музыканты, як то The Beatles, Pink Floyd, Manfred Mann і іншыя. The Beatles у 1969 годзе выпусьцілі альбом пад назвай «Эбі Роўд».
- Бэйкер-стрыт — вуліца, на якой разьмешчаны музэй Шэрлака Голмза.
Храмы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дамінантнай рэлігіяй у Лёндане зьяўляецца хрысьціянства, яго вызнае больш паловы насельніцтва гораду. Таму большасьць храмаў сталіцы — хрысьціянскія, галоўным чынам, англіканскія. Сярэднявечных цэркваў амаль не захавалася — большасьць была зьнішчана Вялікім пажарам 1666 году. Сымбалямі Лёндану даўно сталі сабор Сьвятога Паўла, пабудаваны напачатку XVIII стагодзьдзя й Ўэстмінстэрскае абацтва. У гэтых храмах вядуцца службы па англіканскіх абрадах. Ня варта блытаць Ўэстмінстэрскае абацтва з Ўэстмінстэрскім саборам, які знаходзіцца недалёка й зьяўляецца найбуйнейшым у Ангельшчыне каталіцкім храмам. Варта таксама згадаць Саўтўарскі сабор — галоўную англіканскую царкву лёнданскага раёну Саўтўарк, разьмешчаную адразу за Лёнданскім мостам. Статус сабора яна атрымала ў 1905 годзе. Царква Сьвятой Этэльдрэды, пабудаваная ў другой палове XIII стагодзьдзя ў гонар Сьвятой Этэльдрэды, зьяўляецца найстарэйшай паводле часу дзеючай пабудовай каталіцкай царквы Ангельшчыны.
У Рыджэнтс-парку знаходзіцца Цэнтральны лёнданскі мячэт. Храм Нэасдэн у Брэнце зьяўляецца адным з найбуйнейшых культавых індуісцкіх збудаваньняў у Эўропе.
Дзейнічаюць дзьве расейскія праваслаўныя цэрквы. Цэнтральным зьяўляецца сабор Унебаўзяцьця Божай Маці й усіх Сьвятых, які знаходзіцца побач са станцыяй мэтро Найтсбрыдж[67]. Раней тут разьмяшчаўся англіканскі прыхадзкі храм усіх сьвятых. Ён быў пабудаваны ў XIX стагодзьдзі ў псэўдараманскім стылі. У комплекс уваходзяць яшчэ пяць будынкаў акрамя сабору[68].
Таксама ёсьць уніяцкая царква Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Узначальвае ўніяцкую дыяспару Лёндану апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў замежжа айцец Аляксандар Надсан.
Забавы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Самым вядомым месцам для шопінгу ў Лёндане зьяўляецца Оксфард-стрыт, але гэта не адзіная гандлёвая вуліца гораду. Акрамя таго, сярод лёнданцаў і турыстаў карыстаюцца таксама папулярнасьцю Бонд-стрыт у Мэйфэйры й Найтсбрыдж, у якім разьмяшчаецца знакаміты гандлёвы цэнтар «Harrod’s». Крамы моднай адзежы можна знайсьці ў тым жа Мэйфэйры, на Карнабі-стрыт у Сога й на вуліцы Кінгс-роўд у Чэлсі.
У Лёндане можна знайсьці мноства рэстаранаў на любы густ. Самыя дарагія знаходзяцца ў Ўэстмінстэры, больш дэмакратычныя — у Сога. Па ўсім горадзе раскіданы рэстараны, якія спэцыялізуюцца на нацыянальнай кухні розных народаў, найбольш вядомыя зь іх — кітайскія ў лёнданскім Чайна-таўне й банглядэскія на вуліцы Брыклэйн.
Адным з самых вядомых месцаў Лёндана зьяўляецца Сога — маленькі раён, у якім знаходзяцца бары, рэстараны, пабы й крамы. Акрамя ўсяго іншага, Сога вядома дзякуючы пажыўным установам, у тым ліку бардэлям і начным клюбам. У Сога таксама знаходзіцца некалькі клюбаў і пабаў для гомасэксуалаў.
Мода ў Лёндане
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Лёндан стаў адным з цэнтраў сусьветнай моды ў XIX стагодзьдзі. Сталіца Вялікабрытаніі, у адрозьненьне ад Парыжу або Міляну набыла вядомасьць дзякуючы мужчынскай модзе. Вуліцай модных майстэрняў стала Сэвіл-Роў. Да пачатку пазамінулага стагодзьдзя адносіцца зьяўленьне стылю дэндзі, які распаўсюдзіўся па ўсёй Эўропе.
Другі віток папулярнасьці ангельскае моды прыйшоўся на пачатак 1960-х гадоў, калі ў заходнеэўрапейскім грамадзтве адбылася культурная рэвалюцыя. На першае месца выйшлі дысгармонія, асымэтрыя, якія выказвалі пратэст супраць кансэрватыўнага буржуазнага ўкладу жыцьця. Атрымала разьвіцьцё стыль кэжуал, ён хутка становіцца папулярным у коле розных моладзевых рухаў: моды, скінгэды, футбольныя хуліганы. Наватарам стылю выступіў Бэн Шэрман, акрамя таго, вялікай папулярнасьцю карыстаўся тэнісіст у адстаўцы Фрэд Пэры, брытанскі аналяг француза Рэнэ Лякоста, які таксама калісьці з ракеткай заваёўваў разнастайныя тэнісныя ўзнагароды, а на пэнсіі прысьвяціў сябе модзе. Вядучымі дызайнэрамі моладзевай моды сталі Мэры Кўант і Барбара Хуланіцкі. 1970-я гады сталі эпохай панкаў. Лідэрам сярод ангельскіх дызайнэраў стала Вівіен Ўэстўуд. Сучаснымі вядучымі дызайнэрамі брытанскае моды зьяўляюцца Пол Сьміт, Аляксандар Макўін, Джуліян Макдональд і Стэла Макартні.
У Лёндане штогод праходзіць тыдзень высокай моды з пачатку 1990-х гадоў, а колькасьць паказаў падчас тыдня павялічылася з 15 да 47[69].
Гарады-сябры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гарады-партнэры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сувязь з Беларусьсю
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Лёндан — галоўны цэнтар беларускага жыцьця ў Злучаным Каралеўстве, у якім знаходзяцца:
- Беларуская бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны;
- Царква Сьвятога Кірылы Тураўскага і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу;
- Згуртаваньне беларусаў у Вялікай Брытаніі;
- Ангельска-беларускае таварыства;
- Прафэсійнае згуртаваньне беларусаў Брытаніі.
У Лёндане нарадзіліся:
- Вера Рыч (1936—2009) — ангельская паэтка, перакладчыца зь беларускай мовы, журналістка і гісторык;
- Гай Пікарда (1931—2007) — музыказнаўца і дасьледчык беларускай культуры;
- Пітэр Джон Мэё (1944—2004) — ангельскі мовазнавец-славіст і папулярызатар беларусістыкі ў Вялікабрытаніі.
У Лёндане пахаваны шэраг выбітных беларускіх дзеячоў (гл. Лёнданскія могілкі Сьвятога Панкрата).
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б https://www.london.gov.uk/people/mayoral/sadiq-khan
- ^ «Roman». The Museum of London.
- ^ Elcock, Howard (1994). «Local Government: Policy and Management in Local Authorities». Routledge. p. 368. ISBN 978-0-415-10167-7.
- ^ Jones, Bill; Kavanagh, Dennis; Moran, Michael; Norton, Philip (2007). «Politics UK». Pearson Education. p. 868. ISBN 978-1-4058-2411-8.
- ^ «Global Power City Index 2009». Institute for Urban Strategies — The Mori Memorial Foundation.
- ^ «Global Financial Centres 9». Z/Yen. 2011.
- ^ Global city GDP rankings 2008—2025. PricewaterhouseCoopers. Праверана 16 сьнежня 2014 г. Архіўная копія ад 11 жніўня 2013 г.
- ^ «Euromonitor International’s Top City Destination Ranking (2011 update)». Euromonitor International.
- ^ «Delta Expects New Slots To Foster Growth At Heathrow Airport». The Wall Street Journal. 23 February 2011
- ^ «Number of international students in London continues to grow». Greater London Authority.
- ^ «Highgate trumps Chelsea as priciest postcode». telegraph.co.uk
- ^ «U.K.'s Most Expensive Postcodes». Forbes.com
- ^ «IOC elects London as the Host City of the Games of the XXX Olympiad in 2012». International Olympic Committee.
- ^ «Languages spoken in the UK population». CILT, the National Centre for Language.
- ^ «Largest EU City. Over 7 million residents in 2001». www.statistics.gov.uk.
- ^ «KS01 Usual resident population: Census 2001, Key Statistics for urban areas». Office for National Statistics.
- ^ а б «The Principal Agglomerations of the World». City Population.
- ^ «Southest England Population by Area from 1891». Demographia.
- ^ «London: The greatest city». Channel4.com.
- ^ «Lists: United Kingdom of Great Britain and Northern Ireland». UNESCO.
- ^ «West End Must Innovate to Renovate, Says Report». What’s On Stage.
- ^ Transport for London. «London Underground: History». ISBN 978-0-904711-30-1.
- ^ «Shanghai now the world’s longest metro». Railway Gazette International.
- ^ Perring, Dominic (1991). «Roman London». London: Routledge. p. 1. ISBN 978-0-203-23133-3.
- ^ «British History Timeline — Roman Britain». British Broadcasting Corporation.
- ^ «The early years of Lundenwic». The Museum of London.
- ^ «Medieval London — Vikings». The Museum of London.
- ^ George Hamilton Cunningham (1927). «London». J. M. Dent & Sons. p. xiii.
- ^ Denison, Simon (July 1999). «First `London Bridge' in River Thames at Vauxhall». British Archaeology
- ^ «Edward the Confessor (c.1003-1066)». British Broadcasting Corporation.
- ^ «History — 1066 — King William». BBC.
- ^ Adrian Tinniswood. «A History of British Architecture — White Tower». BBC.
- ^ «UK Parliament — Parliament: The building». UK Parliament
- ^ «Palace of Westminster». UK Parliament.
- ^ Schofield, John; Vince, Alan (2003). «Medieval Towns: The Archaeology of British Towns in Their European Setting». Continuum International Publishing Group. p. 26. ISBN 978-0-8264-6002-8.
- ^ «History — Black Death». BBC News.
- ^ Пэўснэр, Нікалаўс — «Лёндан. Сіці й Ўэстмінстэр»
- ^ Романюк С. К. «Русский» Лондон//Наука и жизнь. № 7, 2003.
- ^ Расейска-брытанскія культурныя сувязі ў XVIII стагодзьдзі. Пачатак стагодзьдзя. Падарожжа Пятра I(недаступная спасылка). Russian Culture
- ^ Павлов К. А. Международные ярмарки и выставки. М., 1962, с. 12—13.
- ^ Брытанія рыхтуецца да патопу
- ^ Average Conditions, London, United Kingdom. BBC. Праверана 30 верасьня 2010 г.
- ^ London ranks among worst European cities for air pollution. // guardian.co.uk. Праверана 2012-10-12 г. Архіўная копія ад 2012-10-14 г. (анг.)
- ^ Адміністрацыя Вялікага Лёндана. Clearing the air. Executive Summary. — The Mayor’s Air Quality Strategy. — Лёндан: 2010. — С. 1—2, 4. (анг.)
- ^ Адміністрацыя Вялікага Лёндана. Greener London. — The Mayor’s State Of Environment Report For London. — Лёндан: 2007. — С. 14. (анг.)
- ^ Адміністрацыя Вялікага Лёндана. London's Environment Revealed. — Даклад пра стан навакольнага асяродзьдзя Лёндана. — Лёндан: 2011. — С. 7—9, 52. — 86 с. — ISBN 978-1-84781-449-4 (анг.)
- ^ «Most London babies have foreign-born parent». Financial Times.
- ^ «2011 Census. London population». Office for National Statistics.
- ^ «Immigration rise increases segregation in British cities». The Times.
- ^ «Месца Лёндану ў эканоміцы Вялікабрытаніі», — Оксфардзкі ўнівэрсытэт, 2005
- ^ London is the HR centre of opportunity in the UK. Personneltoday. Праверана 2010-08-22 г. Архіўная копія ад 2011-08-21 г.
- ^ Усё менш турыстаў едзе ў Лёндан
- ^ Вялікабрытанія Лёндан
- ^ Парыж саступіў Лёндану ў папулярнасьці- ці надоўга
- ^ а б Лёндан у Разрэзе. longrad.com
- ^ Herbert C. Gribble Westminster Hall and Its Roof // The Burlington Magazine for Connoisseurs. — 1922. — Т. 40. — № 227. — С. 76—84.
- ^ Royal Botanic Gardens, Kew: History and Heritage: World Heritage Site
- ^ Кароткая гісторыя Гайгейцкіх могілак (анг.) Highgate-Cemetery.org Праверана 30 ліпеня 2014 г. Архіўная копія ад 2011-08-21 г.
- ^ Лондон запустил городскую систему «велосипед напрокат». BBC Русская служба (2010-07-30). Праверана 2010-10-04 г. Архіўная копія ад 2011-08-21 г.
- ^ Tube breaks record for passenger numbers. Transport for London.
- ^ Docklands Light Railway. Transport for London.
- ^ Trams. Transport for London.
- ^ Controversial tram plan derailed. BBC News.
- ^ Cross River Tram. Transport for London.
- ^ «These are the world’s busiest airports». The Independent.
- ^ Christopher Innes, 'West End' in The Cambridge Guide to Theatre (Cambridge: Cambridge University Press, 1998). — С. 1194—1195. — ISBN 0-521-43437-8.
- ^ «Лондонский собор Успения Божией Матери и Всех Святых». Древо.
- ^ «Британская прокуратура признала за Московским Патриархатом права на Успенский собор в Лондоне». Древо.
- ^ «Неделя Высокой Моды в Лондоне (London Fashion Week): цель — российский потребитель». Fashion Time.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйная старонка
- Архіў фільмаў пра Лёндан XX стагодзьдзя
- «Лёндан» — старонка на сайце British History Online
- Афіцыйны турыстычны сайт
- Сайт Брытанскага музэю
- Гістарычная мапа гораду