Перайсьці да зьместу

Каліфорнія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Каліфорнія
State of California

Сьцяг
Гімн I Love You, California[d]
Агульныя зьвесткі
Краіна
Статус штат ЗША
Уваходзіць у Кантынэнтальныя ЗША[d]
Адміністрацыйны цэнтар Сакрамэнта
Дата ўтварэньня 9 верасьня 1850
Кіраўнік Гэвін Ньюсам[d]
Афіцыйныя мовы ангельская[1]
Насельніцтва
Плошча
  • 423 970 км²
Вышыня па-над узр. м.
 · сярэдняя вышыня

 884 м
Месцазнаходжаньне Каліфорніі
Мэдыя-зьвесткі
Часавы пас UTC-8, PST, America/Los Angeles, UTC-7
Код ISO 3166-2 US-CA
Афіцыйны сайт
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Каліфо́рнія (па-ангельску: State of California) — штат, разьмешчаны на захадзе ЗША, на беразе Ціхага акіяна. Каліфорнія — самы населены і трэці па плошчы штат ЗША. Назва «Каліфорнія» ўзятая з раману XVI стагодзьдзя «Прыгоды Эсплядыяны» («Las sergas de Espladia’n», аўтар Гарсія Радрыгес дэ Мантальва), дзе так зваўся райскі абток.

Каліфорнія была адным з самых культурна і моўна разнастайных рэгіёнаў дакалюмбавай Паўночнай Амэрыкі[3]. Гісторыкі агулам згодныя, што да эўрапейскай калянізацыі ў Каліфорніі жыло ня менш за 300 тысяч чалавек[4]. Карэннае насельніцтва Каліфорніі ўлучала больш як 70 розных этнічных групаў, якія жылі ў розных асяродках ад гораў і пустэльняў да выспаў і сэквойных лясоў[5]. Жывучы ў такіх разнастайных геаграфічных умовах, карэнныя народы засвоілі лясное садоўніцтва, каб забясьпечваць рэгулярную наяўнасьць харчовых і лекавых расьлінаў[6][7].

Хуан Радрыгес Кабрыльлё агалосіў землі Каліфорніі ўласнасьцю Гішпаніі ў 1542 годзе.

Першымі эўрапейцамі, якія дасьледавалі гэтыя берагі, былі Хуан Радрыгес Кабрыльлё ў 1542 годзе і сэр Фрэнсіс Дрэйк у 1579 годзе. Да 1730-х Каліфорнія лічылася абтокам. Кабрыльлё быў накіраваны Антоніё дэ Мэндосам, віцэ-каралём Новай Гішпаніі, каб той ачоліў экспэдыцыю ўздоўж узьбярэжжа Ціхага акіяна ў пошуках гандлёвых магчымасьцяў. Яны ўвайшлі ў бухту Сан-Дыега 28 верасьня 1542 году і дасягнулі прынамсі вострава Сан-Мігель. Пірат і дасьледнік Фрэнсіc Дрэйк у 1579 годзе дасьледаваў і заявіў правы на няпэўную частку каліфарнійскага ўзьбярэжжа, высадзіўшыся на поўнач ад будучага Сан-Францыска. З канца 1700-х гадоў, гішпанскія місіянэры будавалі невялікія селішчы на велічэзных участках зямлі на пустых землях да поўначы ад Ніжняй Каліфорніі. Ачоліў гэтую справу айцец Хуніпэра Сэра, дзякуючы чаму паўстала 21 паселішча на «Каралеўскай дарозе» ўздоўж узьбярэжжа Каліфорніі. Шмат якія буйныя гарады Каліфорніі вырасьлі з гэтых місіяў, у тым ліку Сан-Францыска, Сан-Дыега, Вэнтура і Санта-Барбара. Па абвяшчэньні незалежнасьці Мэксыкі ўвесь ланцуг такіх селішчаў (місіяў) быў абвешчаны ўласнасьцю мэксыканскага ўраду. Габрыель Морага, адзін з удзельнікаў шматлікіх экспэдыцыяў, у 1775—1776 гадах даў назвы многім буйным рэкам Каліфорніі, у тым ліку рацэ Сакрамэнта і рацэ Сан-Хаакін. Пасьля ягоны сын Хасэ Хаакін Морага ў 1777 годзе заснаваў паселішча Сан-Хасэ, зрабіўшы яго першым горадам Каліфорніі, заснаваным цывільнымі пасяленцамі. Каліфорніяй была названая паўночна-заходняя частка гішпанскай імпэрыі ў Паўночнай Амэрыцы.

У час вайны за незалежнасьць Мэксыкі Альта-Каліфорнія ў значнай ступені засталася не закранутай і ня брала ўдзел у рэвалюцыі[8], але многія каліфарнійцы падтрымлівалі незалежнасьць ад Гішпаніі, лічачы, што мэтраполія занядбала Каліфорнію і абмежавала ейнае разьвіцьцё[9]. Гішпанская манаполія на гандаль у Каліфорніі істотна абмяжоўвала мясцовыя эканамічныя магчымасьці. Па абвяшчэньні незалежнасьці Мэксыкі каліфарнійскія порты атрымалі свабоду гандляваць з замежнымі купцамі. Губэрнатар Паблё Вісэнтэ дэ Саля кіраваў пераходам ад гішпанскага каляніяльнага кіраваньня да незалежнай мэксыканскай улады. Пачынаючы з 1820-х гадоў, у Паўночную Каліфорнію пачалі прыбываць пасяленцы з ЗША і Канады. У 1846 годзе група амэрыканскіх пасяленцаў у Саноме і вакол яе паўстала супраць мэксыканскага кіраваньня падчас Паўстаньня Мядзьведжага сьцяга. Пасьля гэтага паўстанцы ўзьнялі ў Саноме Мядзьведжы сьцяг. Адзіным прэзыдэнтам гэтай рэспублікі быў Ўільям Айд[10], які адыграў ключавую ролю ў паўстаньні. Аднак, Каліфарнійская Рэспубліка праіснавала нядоўга[11], бо ўжо ў тым жа годзе пачалася Амэрыканска-мэксыканская вайна (1846—1848)[12], пасьля таго як камадор вайскова-марскога флёту ЗША Слоўт высадзіўся ў Сан-Францысцкай затоцы і абвесьціў гэтую тэрыторыю прыналежнай ЗША. Па вайне ў 1847 годзе рэгіён быў падзелены паміж Мэксыкай і Злучанымі Штатамі. Амэрыканская частка, Верхняя Каліфорнія, стала 31-м штатам ЗША ў 1850 годзе.

Рэкляма адплыцьця ў Каліфорнію, каля 1850 году.

Па выяўленьні золата ў 1848 годзе пачалася гэтак званая «Залатая ліхаманка». У гэты час колькасьць насельніцтва Каліфорніі пачало шматкроць расьці. Падчас Грамадзянскай вайны ў ЗША Каліфорнія афіцыйна падтрымала Поўнач, транспартуючы золата ўраду. Але насельніцтва падзялілася ў сваіх перавагах, і атрады каліфарнійскіх добраахвотнікаў ваявалі на абодвух баках. Завяршэньне будаўніцтва першай транскантынэнтальнай чыгункі ў 1870-х гадах прывяло да выбухнага росту насельніцтва. Перасяленцам падабаўся клімат, выдатна прыдатны для жыцьця і вядзеньня сельскай гаспадаркі. Вялікая частка штату была надзвычай добра прыстасаваная для вырошчваньня садавіны і земляробства агулам. Тут вырошчвалася пшаніца, іншыя збожжавыя культуры, гародніна, бавоўна і гарэхі.

У XX стагодзьдзі тысячы японцаў мігравалі ў Каліфорнію. У 1913 годзе ўлады штату ўхвалілі закон, які забараняў азіяцкім імігрантам валодаць зямлёй[13]. Падчас Другой сусьветнай вайны японскія амэрыканцы ў Каліфорніі былі інтэрнаваныя і накіраваныя ў канцэнтрацыйныя лягеры[14]. Да 1950 году Каліфорнія стала самым населеным штатам ЗША, моцна трымаючы гэты статус. Тым часам, прывабленыя мяккім міжземнаморскім кліматам, таннай зямлёй і разнастайнай геаграфіяй штату, у 1920-я гады кінэматаграфісты стварылі індустрыю кіно ў Галівудзе. Каліфорнія вырабіла 9% узбраеньняў ЗША ў час Другой сусьветнай вайны, заняўшы трэці радок пасьля Нью-Ёрку і Мічыгану[15]. Каліфорнія ўпэўнена заняла была лідэрам у вытворчасьці вайсковых караблёў на вэрфах Сан-Дыега, Лос-Анджэлесу і ў затоцы Сан-Францыска[16][17][18][19]. Па вайне эканоміка Каліфорніі пашырылася дзякуючы магутным авіяцыйна-касьмічным і абаронным галінам[20], памеры якіх скараціліся толькі з заканчэньнем Халоднай вайны[20][21]. Стэнфардзкі ўнівэрсытэт пачаў заахвочваць выкладчыкаў і выпускнікоў заставацца ў штаце і разьвіваць высокатэхналягічны сэктар, які цяпер вядомы як Крамянёвая даліна[22]. У выніку Каліфорнія стала сусьветным цэнтрам індустрыі забаваў і музыкі, тэхналёгіяў, інжынэрыі і авіяцыйна-касьмічнай вытворчасьці, а таксама галоўным цэнтрам сельскагаспадарчай вытворчасьці ЗША. Напярэдадні краху даткомаў Каліфорнія мела пятую паводле велічыні эканоміку ў сьвеце.

Каліфорнія разьмешчаная ўздоўж берагу Ціхага акіяна. Яна мяжуе з штатам Арэгон на поўначы, штатамі Нэвада і Арызона на ўсходзе, і мэксыканскім штатам Баха-Каліфорнія на поўдні. Каліфорнія — трэці па плошчы штат ЗША (410 000 км²). Большасьць буйных гарадоў ляжыць на ўзьбярэжжы, у больш прахалодным клімаце.

Цэнтральную частку штата займае ўрадлівая Цэнтральная даліна (па-ангельску: Central Valley), апраўленая з усіх бакоў горамі, якая некалі была дном акіяна.

На поўдні Каліфорніі знаходзіцца пустэльня Махавэ. Да паўначнага ўсходу ад яе ляжыць Даліна Сьмерці — самая нізкая (86 мэтраў ніжэй узроўню мора) і гарачая кропка Паўночнай Амэрыкі.

На ўсходзе знаходзяцца горы Сьера-Нэвада (па-гішпанску: Sierra Nevada — засьнежаныя горы). Іх вянчае гара Ўітні (Mount Whitney) — самая высокая кропка кантынэнтальнай часткі ЗША (4421 м). Тутака ж знаходзіцца Нацыянальны парк Ёсьміці і глыбокае прэснае возера Таха.

Па тэрыторыі ўсёй Каліфорніі праходзіць разлом Сан-Андрэас, з-за чаго тут частыя землятрусы. Таксама на тэрыторыі Каліфорніі знаходзіцца некалькі вульканаў. Некаторыя зь іх — дзейныя, такія як пік Ласэн, які вывяргаўся ў 1914 і 1921 гадах.

Клімат Каліфорніі надзвычай разнастайны. На большай частцы тэрыторыі штату ён міжземнаморскі, з дажджлівай зімой і сухім летам. Уплыў акіяна зьніжае роскід тэмпэратураў, прыводзіць да прахалоднага лета і цёплай зімы. З-за зімнай Каліфарнійскай акіянскай плыні ўздоўж берагу часта стаіць смуга. Пры пасоўваньні ўглыб тэрыторыі клімат становіцца больш кантынэнтальным, зь вялікім роскідам тэмпэратураў узімку і ўлетку. Заходнія ветравеі з акіяна прыносяць вільгаць, і паўночная частка штату атрымоўвае больш ападкаў, чым паўднёвая. На клімат таксама ўплываюць горы, якія не прапускаюць вільготнае паветра з акіяна далёка ўглыб кантынэнта.

Паўночна-заходняя частка Каліфорніі валодае ўмераным кліматам, сумарнае выпадзеньне ападкаў складае 38—100 см у год. У Цэнтральнай даліне пераважае міжземнаморскі клімат. Для гораў характэрны горны клімат, сьнежная зіма і ўмерана цёплае лета. Да ўсходу ад горных хрыбтоў разьмешчаныя пустэльныя раёны з халоднай зімой і гарачым летам.

Адміністрацыйны лад

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Каліфарнійскі Капітоліюм, які месьціцца ў Сакрамэнта.

Сталіцай Каліфорніі ёсьць Сакрамэнта[23]. Раней сталіцай былі гарады Мантэрэй (1775—1849), Сан-Хасэ (1849—1851), Валейха (1852—1853), Бэніцыя (1853—1854) і Сан-Францыска (1862). Сакрамэнта стаў сталай сталіцай у 1854 годзе. У 1862 годзе сталічныя функцыі былі перанесеныя на чатыры месяцы ў Сан-Францыска з-за моцнай паводкі. Каліфорнія кіруецца як рэспубліка, маючы тры галіну ўлады. Выканаўчая ўлада, складаецца з губэрнатара[24] і іншых незалежна абіраных канстытуцыйных службовых асобаў. Заканадаўчая ўлада складаецца з Асамблеі і Сэнату[25], а судовая ўлада мае ў сваім складзе Вярхоўны суд Каліфорніі і найніжэйшыя суды[26]. Штат таксама дазваляе ініцыятывы празь бюлетэнь, то бок наўпроставы ўдзел грамадзянаў праз ініцыятыву, рэфэрэндум, адкліканьне і ратыфікацыю[27]. Галоўным законам Каліфорніі ёсьць Канстытуцыя Каліфорніі, якая ўважаецца за адзін з найдаўжэйшых заканадаўчых дакумэнтаў у сьвеце, а ягоны аб’ем сягае 10 тысячам старонак.

Да ўхваленьня вынікаў рэфэрэндуму ў 2010 годзе кожная палітычная партыя ў Каліфорніі магла абіраць праводзіць закрытыя праймэрыз, або праймэрыз, дзе галасуюць толькі сябры партыі і незалежныя выбарцы. Пасьля 8 чэрвеня 2010 году, калі закон быў зьменены, за выняткам выбараў прэзыдэнта ЗША і акругаў цэнтральных камітэтаў[28], усе кандыдаты на праймэрз улучаюцца ў бюлетэнь з пазначанай імі пераважнай партыйнай прыналежнасьцю, але яны ня робяцца афіцыйнымі намінантамі гэтай партыі[29]. На праймэрз два кандыдаты, якія набралі найбольшую колькасьць галасоў, выходзяць у агульныя выбары незалежна ад партыйнай прыналежнасьці[29]. Гэта вядома як беспартыйныя ўсеагульныя праймэрз. Калі на адмысловых праймэрз адзін кандыдат атрымлівае больш за 50% усіх пададзеных галасоў, ён лічыцца абраным дзеля заняцьця вакансіі, і адмысловыя агульныя выбары ня ладзяцца[29].

Каліфорнія мае двух прадстаўнікоў у Сэнаце ЗША і 53 — у Кангрэсе ЗША.

Каліфорнія падзеленая на 58 акругаў. Паводле артыкулу 11 зь першага разьдзелу Канстытуцыі Каліфорніі, яны ўважаюцца за юрыдычныя субадзінкі штату. Урад акругі забясьпечвае паслугі, якія ахопліваюць усю акругу, у тым ліку праваахоўную дзейнасьць, функцыянаваньне турмаў, правядзеньне выбараў і рэгістрацыю выбарцаў, суправаджэньне актаў цывільнага стану, ацэнку і рэгістрацыю маёмасьці, збор падаткаў, утрыманьне аб’ектаў здароўя грамадзянаў, забесьпячэньне мэдычную дапамогу, дзейнасьць сацыяльных службаў, бібліятэкі, кантроль за паводкамі, пажарную ахову, кантроль над жывёламі, сельскагаспадарчыя рэгуляцыі, будаўнічыя інспэкцыі, адукацыйныя дэпартамэнты, адказныя за падтрымку агульнаштатных стандартаў[30][31]. Акруга таксама выступае мясцовым органам улады для ўсіх неінкарпараваных тэрыторыяў. Кожная акруга кіруецца выбранай радай нагляднікаў.

Палітычная культура

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Антываенны пратэст у Каліфорніі.

Каліфорнія мае ўласную, адметную палітычную культуру ў параўнаньні з астатняй краінай, пры гэтым штат часам разглядаецца як заканадаўца тэндэнцыяў[32]. У сацыякультурных нормах і агульнанацыянальнай палітыцы каліфарнійцы ўспрымаюцца як больш лібэральныя, чым іншыя грамадзяне краіны. На прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША ў 2016 годзе Каліфорнія мела трэці паводле велічыні адсотакгаласоў за Дэмакратычную партыю пасьля акругі Калюмбіі і Гаваяў[33]. На выбарах 2020 году яна заняла шостае месца паводле гэтага паказьніку. Згодна з адмысловай справаздачы, у Каліфорніі знаходзяцца пяць зь пятнаццаці найбольш прыхільных да Дэмакратычнай партыі кангрэсавых акругаў у ЗША.

Каліфорнія стала другім штатам, які адклікаў свайго губэрнатара, а таксама другім штатам, які легалізаваў аборт, ды адзіным штатам, які двойчы забараніў шлюб для параў адной плоці. Выбарцы таксама ўхвалілі законы, каб фінансаваць дасьледаваньні растковых вузаў, зрабіўшы Каліфорнію другім штатам, які легалізаваў такія дасьледаваньні. У Каліфорніі таксама меліся спрэчкі наконт водных правоў, кульмінацыяй чаго стала ўхваленьне законаў, якія абмежавалі падаткі на нерухомасьць. Выбарцы Каліфорніі некалькі разоў адхілялі палітыку станоўчай дыскрымінацыі.

Тэндэнцыя штату да большай прыхільнасьці да Дэмакратычнай партыі і аддаленьне ад Рэспубліканскай выразна бачная на выбарах унутры штату. З час паміж 1899 і 1939 гадамі Каліфорнія мела выключна рэспубліканскіх губэрнатараў. Аднак з 1990-х гадоў штат у асноўным абірае дэмакратычных кандыдатаў на фэдэральныя, штатныя і мясцовыя пасады. Тым ня менш штат абіраў і рэспубліканскіх губэрнатараў, але многія зь іх, напрыклад Арнольд Шварцэнэгер, часта лічацца мернымі рэспубліканцамі і з больш цэнтрысцкімі поглядамі ў параўнаньні з нацыянальнай партыяй.

Каліфорнія вырабляе 13% валавога нацыянальнага прыбытку ЗША. Гэта больш, чым вырабляе любая краіна сьвету, акрамя ЗША, Японіі, Нямеччыны, Кітаю, Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі.

Асноўная галіна эканомікі Каліфорніі — сельская гаспадарка, уключна з вытворчасьцю садавіны, гародніны, малочных прадуктаў і віна. Пасьля сельскай гаспадаркі прытрымліваюцца авія-касьмічная індустрыя, індустрыя забаваў (у асноўным, тэлебачаньне і кінэматограф) і індустрыя высокіх тэхналогій.

Мапа Каліфорніі

Паводле перапісу насельніцтва 2000 году ў Каліфорніі пражывала 33 871 648 чалавек, што робіць Каліфорнію самым населеным штатам ЗША (12% агульнага насельніцтва).

У Каліфорніі адсутнічае абсалютная этнічная большасьць. Асноўную частку насельніцтва ўсё яшчэ складаюць белыя, пасьля іх ідуць лацінаамерыканцы (амаль траціна), выхадцы з Азіі, афра-амэрыканцы і амэрыканскія індзейцы. Па прагнозах экспэртаў, выхадцы з Лацінскай Амэрыкі складуць абсалютную большасьць насельніцтва Каліфорніі да 2040 году. Чыньнікамі гэтага завуць вялікі струмень імігрантаў з Мэксыкі і высокі ўзровень нараджальнасьці сярод іх.

Большасьць гарадоў Каліфорніі сканцэнтраваныя ў дзевяці абласьцях-мэгаполісах. Самыя буйныя зь іх разьмешчаныя каля ўзьбярэжжа: Лос-Анджэлас, Сан-Дыега, Сан-Хасэ і Сан-Францыска. Астатнія пяць знаходзяцца ў глыбіні тэрыторыі: Inland Empire (Рывэрсайд — Сан-Бэрнардына — Антарыё), Сакрамэнта, Фрэсна, Бэйкэрсьфілд і Antelope Valley (Палмдэйл — Ланкастэр).

  1. https://web.archive.org/web/20220331235205/https://leginfo.legislature.ca.gov/faces/codes_displaySection.xhtml?lawCode=CONS&sectionNum=SEC.%206.&article=III (анг.)
  2. перапіс насельніцтва ЗША 2020 году / пад рэд. Бюро перапісу насельніцтва ЗША
  3. Klein, Barry T. Reference Encyclopedia of the American Indian. 7th ed. West Nyack, NY: Todd Publications, 1995
  4.  Eargle, Dolan H. Jr. Native California guide: an introduction to the original peoples from earliest to modern times. — San Francisco: Trees Co. Press. — ISBN 978-0-937401-11-8
  5. California Indian History – California Native American Heritage Commission. nahc.ca.gov.
  6. Before the Wilderness: Environmental Management by Native Californians. — Menlo Park, California: Ballena Press, 1993. — ISBN 0-87919-126-0
  7.  Cunningham, Laura State of Change: Forgotten Landscapes of California. — Berkeley, California: Heyday, 2010. — С. 135, 173–202. — ISBN 978-1-59714-136-9
  8. Mexican California: The Heyday of the Ranchos. California State University, Northridge. Архіўная копія ад 02.2016 г.
  9. Mexican California | Early California History: An Overview | Articles and Essays | California as I Saw It: First-Person Narratives of California’s Early Years, 1849-1900 | Digital Collections | Library of Congress. Library of Congress, Washington, D.C. 20540 USA.
  10. William B. Ide Adobe SHP. California State Parks.
  11. The United States and California. Library of Congress (1998).
  12. The U.S. Mexican War. KPBS (1999). Архіўная копія ад 01.2001 г.
  13. The U.S. Mainland: Growth and Resistance. Library of Congress.
  14. Behind the Wire: Japanese Immigration and Relocation in U.S. History. Library of Congress.
  15. Peck, Merton J. & Scherer, Frederic M. (1962). «The Weapons Acquisition Process: An Economic Analysis». Harvard Business School. — С. 111
  16. Shipbuilding Essay—World War II in the San Francisco Bay Area: A National Register of Historic Places Travel Itinerary. Nps.gov. Архіўная копія ад 06.2007 г.
  17. Richmond Shipyard Number Three: World War II in the San Francisco Bay Area: A National Register of Historic Places Travel Itinerary. Nps.gov. Архіўная копія ад 06.2007 г.
  18. Rosie the Riveter National Historical Park, Kaiser Shipyards. Csn.loc.gov. Архіўная копія ад 10.2022 г.
  19. Saving the Bay—The Greatest Shipbuilding Center in the World. KQED (08.2010). Архіўная копія ад 12.2017 г.
  20. 1 2 Watkins, Bill. How California Lost its Mojo // Fox and Hound Daily, 10.2012 г.
  21. Moller, Rosa Maria (05.2008) Aerospace States' Incentives to Attract The Industry. California Research Bureau. Архіўная копія ад 08.2014 г.
  22. Markoff, John. Searching for Silicon Valley // The New York Times, 04.2009 г.
  23. § 2 of Article III of the California Constitution. California Office of Legislative Counsel.
  24. § 1 of Article V of the California Constitution. California Office of Legislative Counsel.
  25. § 1 of Article IV of the California Constitution. California Office of Legislative Counsel.
  26. § 1 of Article VI of the California Constitution. California Office of Legislative Counsel.
  27. Article II of the California Constitution. California Office of Legislative Counsel.
  28. Bowen, Debra Voter-Nominated Offices Information. California Secretary of State. Архіўная копія ад 12.2013 г.
  29. 1 2 3 Bowen, Debra Voter-Nominated Offices Information. California Secretary of State. Архіўная копія ад 06.2014 г.
  30.  Baldassare, Mark When Government Fails: The Orange County Bankruptcy. — Public Policy Institute of California/University of California Press. — С. 67–68. — ISBN 978-0-520-21486-6
  31. Janiskee, Brian P.; Masugi, Ken Democracy in California: Politics and Government in the Golden State. — Rowman & Littlefield Publishers. — ISBN 978-1-4422-0338-9
  32. California Is a Political Trendsetter // CBS News, 10.2006 г.
  33. Leip, David 2016 Presidential General Election Results. uselectionatlas.org.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]