Гай Пікарда

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Гай Піка́рда (па-ангельску: Guy Picarda; псэўданім Піхура Г.; 20 ліпеня 1931, Лёндан — 20[a] красавіка 2007) — ангельска-францускі адвакат і музыказнаўца, дасьледчык беларускай культуры.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сям’і бацькоў брэтонца-француза і ангелькі ірляндзкага паходжаньня. Бацька працаваў адвакатам у Апэляцыйным судзе ў Парыжы, а таксама ў Лёндане. Маці ў 1920-х гадох служыла ў Interallied Rhineland High Commission.

Вучыўся ў школах у Ангельшчыне і Францыі. У 1951 годзе паступіў ва ўнівэрсытэт у Граноблю, скончыў Оксфардзкі ўнівэрсытэт, ўнівэрсытэт у Сарбоне і Лёнданскую школу эканомікі. У Оксфардзе працаваў сакратаром унівэрсытэцкага аддзяленьня таварыства па культурных абменах з СССР. У 1959 годзе распачаў працу па спэцыяльнасьці. Праз два гады ён стаў адвакатам у парыскім Апэляцыйным судзе, у 1977 адвакатам суду (барыстэрам) у King’s Inns у Дубліне. Займаўся сямейнымі спадчыннымі справамі ў Лёндане і Парыжы. Дваццаць гадоў адпрацаваў адвакатам у францускай амбасадзе ў Лёндане.

Ягоныя францускія карані прывялі Пікарду да ўступленьня ў «Таварыства гугенотаў Лёндану» і да прэзыдэнцтва ў «Зьвязе французаў Вялікай Брытаніі» з 1962 да 1972.

Захапіўся царкоўнымі харавымі сьпевамі падчас навучаньня ў Оксфардзе і Парыжы, дзе ён сьпяваў у хоры праваслаўнай царквы Аляксандра Неўскага. Аднойчы Гай дэ Пікарда вырашыў арганізаваць канцэрт, для якога атрымаў песьні ад украінцаў і расейцаў. Але лёнданскія ўкраінцы прапанавалі таксама ўключыць у праграму і беларускую музыку — і скіравалі яго ў раён Фінчлей (паўночны Лёндан) да маладога сьвятара Часлава Сіповіча (пазьней біскуп), шэфа Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі. Беларусь, рэгіён зьмяшаных культурных стыляў — праваслаўнага, рымска-каталіцкага, грэка-каталіцкага, габрэйскага й татарскага — выклікала велізарнае захапленьне Гая Пікарды на ўсё жыцьцё. Дзеля вывучэньня ейнае культуры Пікарда разам з Обэранам Гэрбэртам(en) у 1954 заснавалі ангельска-беларускае таварыства. У 1961—1970 выкладаў музыку й сьпевы ў беларускай школе імя Кірылы Тураўскага ў Лёндане.

Трапіўшы на службу, якая праводзілася ў беларускай царкве, што ў Фінчлі — паўночным мікрараёне ангельскай сталіцы, Гай Пікарда адкрыў для сябе разьмешчаныя праз вуліцу Беларускую бібліятэку і музэй імя Францішка Скарыны. З гэтага моманту Гай Пікарда распачаў вывучэньне старадаўніх кніг і рукапісаў[1]. З 1971 стаўся сакратаром кіраўнічай рады бібліятэкі і музэю на доўгія гады. Чалец Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (Менск).

У 1964 ажаніўся зь Мішлен Войталь (па-ангельску: Micheline Wojtal), ад якой меў сына Жана-Аляксандра. Пазьней разьвёўся зь ёй і ў 1972 ажаніўся зь Сюзэн Флэмінг (па-ангельску: Susan Fleming), ад якой меў дзьвюх дачок, Кэтрын ды Эліс. Другі ягоны шлюб таксама скончыўся разводам.

Сьмерць і пахаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Памёр 21 красавіка 2007 году ў Лёндане. Паводле ўласнага запавету, адшуканага грэка-каталіцкім сьвятаром а. Сяргеем Стасевічам[2], прах Гая Пікарды быў пахаваны ў Беларусі 15 лістапада 2008 году. Паніхіду па памерлым адслужыў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. На месцы пахаваньня, ля Чырвонага касьцёлу, усталяваная мэмарыяльная шыльда[3][4].

Творчая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вывучаў творчасьць беларускіх кампазытараў Міколы Равенскага, Міколы Куліковіча (Мікалая Шчаглова), жыцьцё і дзейнасьць Францішка Скарыны, распрацоўваў гісторыю перакладаў Бібліі на беларускую мову, праблематыку гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, Менску. Шмат увагі аддаваў пошуку старажытных беларускіх царкоўных сьпеваў і іх выданьню. У канцы 1950-х паехаў з экспэдыцыяй на Падляшша. У Кляшчэлях, Сямятычах, Супрасьлі ды іншых мястэчках ён зьбіраў старажытныя беларускія царкоўныя сьпевы. У 1959 адшукаў у Кіеве Супрасьльскі і Жыровіцкі ірмалоі — рукапісныя музычныя зборнікі XVI стагодзьдзя рэлігійнага зьместу. Вынікі дасьледніцкай працы выдаў па-ангельску і па-беларуску, у тым ліку «Беларускі царкоўны сьпеўнік. Сьвятая Літургія» ў дзьвюх кнігах (1979—1991), «Беларускі духоўны сьпеўнік», навукова-папулярнае выданьне «Царкоўная музыка на Беларусі. 989—1995»[5]. Уклаў анталёгію беларускіх песнапеньняў «Залатая Беларусь», а таксама даведнік пра Беларускую бібліятэку імя Ф.Скарыны ў Лёндане.

Друкаваўся на старонках рэлігійных і сьвецкіх выданьняў («Божым шляхам», «Беларус», «The Journal of Byelorussian Studies» і іншых). Выдаваў для ангельцаў часопіс пра беларускую культуру «The Byelorussian Cronicle», напісаў і выдаў па-ангельску даведнік «Мінск: Гістарычны даведнік» (1994)[6]. Сярод найбольш вядомых ягоных публікацыяў артыкулы пра гравюры Францішка Скарыны ды пра Марка Шагала й кабалу.

Устанавіў у прыгарадзе Лёндану Тотэнхэме месца, дзе знаходзілася Вольная славянская друкарня, заснаваная беларускім пісьменьнікам і мастаком Аляксандрам Рыпінскім, адкрыў для беларусаў гісторыю друкара Яна Ліцьвіна. Удзельнік фэстываляў «Магутны Божа» ў Магілеве і фэстывалю праваслаўнай музыкі ў Гайнаўцы ў якасьці журы.

Пасьля сьмерці дасьледчыка засталася неапублікаванай галоўная яго праца — зборнік «Залатая Беларусь. Анталогія беларускіх мадрыгалаў і харавых песень»[1].

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 1974: Фрыман Лёнданскага Сіты;
  • 1975: Кавалер Нацыянальнага Ордэна Заслугі (Францыя);[7]
  • 2000: Мэдаль Францішка Скарыны (Рэспубліка Беларусь);
  • 2003: Залаты мэдаль міністэрства культуры Беларусі ў гонар дзесяцігодзьдзя фэстывалю духовай музыкі «Магутны Божа» ў Магілёве;
  • 2006: дыплём ад офісу ЮНЭСКО ў Беларусі.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ паводле іншых зьвестак — 21

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]