Бітва пры Гастынгсе

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бітва пры Гастынгсе
Сьмерць Гаральда ў бойцы. Малюнак з дывана Баё
Дата: 14 кастрычніка 1066
Месца: Гастынгс, Ангельшчына
Вынік: Сканьчэньне нармандзкай навалы. Вільгельм становіцца каралём Ангельшчыны
Супернікі
Нармандыя
наёмнікі
Ангельшчына
Камандуючыя
Вільгельм НармандзкіГаральд II
Колькасьць
7000—80007000—8000
Страты
НевядомыяНекалькі тысяч

Бі́тва пры Га́стынгсе (па-ангельску: Battle of Hastings) — бітва, якая адбылася 14 кастрычніка 1066 году, дзе ў рашучай барацьбе нарманы на чале з герцагам Вільгельмам I здолелі перамагчы сілы англасаксаў і канчаткова захапіць Ангельшчыну. Бойка адбылася на ўзгорку Сэнлак[1], прыблізна за шэсьць міляў на паўднёвы захад ад Гастынгсу, каля сучаснага мястэчка Бэтл у графстве Ўсходні Сасэкс.

У выніку бітвы ангельскі кароль Гаральд II быў забіты. Паводле паданьня, ён быў сьмяротна паранены стралой у вока. Пасьля перамогі пад Гастынгсам герцаг нармандзкі Вільгельм стаў каралём Ангельшчыны, цалкам падпарадкаваўшы сабе краіну.

Падзеі, што адбываліся да бітвы, падчас і пасьля яе, апісвае знакаміты дыван Баё[2]. У 1095 годзе ў час чарговай гадавіны ля месца сутычкі было пабудавана Бэтлскае абацтва.

Прадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя падзеі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Стыганд. Арцыбіскуп Кэнтэрбэрыйскі. Выява з дывана Баё

Ангельскі кароль Эдўард Спавяданьнік правёў у Нармандыі 28 гадоў у свайго дзядзькі Рычарда II, герцага Нармандыі, перад тым, як у 1042 годзе стаў каралём Ангельшчыны. Ня маючы дзяцей, Эдўард на словах абяцаў карону Ангельшчыны свайму кузэну Вільгельму[3], герцагу Нармандыі, у 1051 годзе[4], але ў апошні час перад сьмерцю зьмяніў рашэньне й паабяцаў трон брату сваёй жонкі Гаральду Годвінсану. Гаральда таксама падтрымаў Ўітэнагемот, што абраў яго каралём Ангельшчыны, але Вільгельм з гэтым не жадаў згаджацца.

На той момант Ангельшчына пераўзыходзіла Нармандыю па моцы, але Вільгельму ўдалося прыцягнуць на свой бок шмат наёмнікаў. Гэтаму паспрыялі абяцаньні шчодрай узнагароды пры ўдалым разьвіцьці падзеяў. Але ня меншую ролю зыграла сытуацыя вакол пасады арцыбіскупа Кэнтэрбэрыйскага.

Арцыбіскуп Кэнтэрбэрыйскі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вакол гэтай пасады разгарнуліся спрэчкі англасаксонскага двара Ангельшчыны з папствам, што было выкарыстана герцагам нармандзкім Вільгельмам. У 1052 годзе падчас рэстаўрацыі Годвіна нармандзкі ўплыў быў амаль што скасаваны, так, напрыклад, быў зьняты з пасады арцыбіскупа Кэнтэрбэрыйскага Гіём Жуміескі[5]. Ягонае месца заняў стаўленьнік Годвіна Стыганд. Але прызначэньне прайшло без удзелу папы, што азначала вялікае парушэньне канонаў. Новы арцыбіскуп быў адлучаны ад царквы. Гэтая падзея не абыйшла ўвагу Вільгельма, і ён падахвоціўся стаць заступнікам царквы ў Ангельшчыне. Падтрымка Вільгельма папам дазволіла нарманам сабраць нашмат больш добраахвотнікаў да навалы на востраў.

Падстава да прэтэнзіі на ангельскую карону[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У наш час цяжка меркаваць, ці мела падставу дамаганьне Вільгельма да ангельскае кароны. Абгрунтаваньне прэтэнзіі спарадзілася пазьней пераважна францускімі хранікёрамі[6], накшталт Гіёма Жуміескага й Гіёма Пуат’е. Але можна пагадзіцца, што такая падстава магла існаваць, бо калі Кнуд Вялікі панаваў у Ангельшчыне, англасаксонская каралеўская сям’я перабралася на кантынэнт, дзе знайшла прытулак у Нармандыі. У падзяку Эдўард, ня маючы дзяцей, мог паабяцаць карону Вільгельму.

Да гэтага часу ў англасаксонскай прававой практыцы не існавала выпадкаў такой перадачы стальцу (па клятве). Паводле звычаю, спадчынаваць мог толькі старэйшы сын, таксама прызначаць на пасаду караля мог Ўітэнагемот і, нарэшце, уладу можна было захапіць сілком.

Але ў Нармандыі існавала іншая сыстэма. Яшчэ з часоў Рола валадар перад сьмерцю называў імя свайго наступніка, таму й Вільгельм, імаверна, успомніўшы былую клятву, лічыў, што законна прэтэндуе на трон.

Гаральд Суровы й нарвэскае ўварваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У той час, калі Вільгельм быў гатовы ў зручны момант выступіць у паход, на выспах зьявіўся нарвэскі кароль Гаральд Суровы са сваім войскам. Гаральд Нарвэскі таксама прэтэндаваў на ангельскі трон, падстава на гэта ўзьнікла, як лічыцца, паводле дамовы ягонага бацькі Магнуса з Гардэкнудам. У дамове значылася, што калі хтосьці зь іх адыйдзе на іншы сьвет не пакінуўшы спадчыньнікаў, то другі становіцца наступнікам нябожчыка на ягонай пасадзе.

Да войска вікінгаў далучыўся брат Гаральда (ангельскага караля) Тостыг Годвінсан[7]. Напачатку скандынаўскае войска ня мела перашкодаў, яно з посьпехам правяло бітву пры Фулфардзе, але празь некалькі дзён было разьбітае войскам Гаральда Годвінсана ў бітве пры Стэмфард Брыджы 26 верасьня 1066 году[8]. Праз тры дні пасьля бойкі Вільгельм Заваёўнік высадзіўся на востраве.

Ангельскае войска[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Склад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гаральд атрымоўвае зьвестку аб нармандзкай навале

Ужо праз тры тыдні пасьля бойкі ля Стэмфард Брыджу ангельскае войска знаходзілася ля Гастынґса. Войска Гаральда накіроўвалася да месца празь Лёндан, дзе змагло набраць падмацаваньне[9]. Такі хуткі перакід войскаў відавочна ня быў на карысьць Гаральда, але часу адпачыць у яго не было.

Ангельскае войска складалася толькі зь пяхоты, але імаверна, што некаторыя альбо ўсе войны прыбылі да месца седзячы ў сядле. Аснову войска складалі прафэсійныя жаўнеры хускарлы, дружыньнікі караля, якіх налічвалася ад тысячы да паўтары тысячы чалавек[10]. Яны былі добра экіпаванымі, мелі шалом канічнай формы, кальчугу й кропляпадобны шчыт. Асноўнай зброяй была двуручная дацкая сякера, нягледзячы на тое, што кожны зь іх нядрэнна валодаў мячом.

Аднак большую частку войска складалі так званыя фірды (альбо міліцыя), земляўласьнікі, што мусілі несьці часовую службу ў войску караля некалькі месяцаў штогод[11]. Прычым дасьпех і зброю яны забясьпечвалі сабе самі.

Гаральд сьпадзяваўся на сваю ўлюбёную тактыку — шчытавая сьцяна, калі ўсе жаўнеры ў шыхце змыкалі свае шчыты.

Сьпіс удзельнікаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьпіс вядомых удзельнікаў бітвы з ангельскага боку[12]:

  • Гаральд II — кароль Ангельшчыны
  • Леафўін — брат Гаральда, эрл Кента.
  • Ґірт — брат Гаральда, эрл Эсэкса.
  • Гаркон — кузэн Гаральда, быў у палоне ў Вільгельма з 1052 па 1064 гады.
  • Эльфўіг — дзядзька Гаральда, абат Ўінчэстэра.
  • Леофрык — абат Пэтэрбара.
  • Ґодрык — шэрыф Фыфілда (Бэркшыр).
  • Эсэґар — шэрыф Мідлсэкса.

Нармандзкае войска[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Склад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герцаг Нармандыі Вільгельм

Войска Вільгельма складалася з лучнікаў, пяхоты й кавалерыі. Нармандзкае войска было прадстаўлена паньствам і наёмнікамі з розных тэрыторыяў. Былі прадстаўнікі непасрэдна Нармандыі (каля паловы ад агульной колькасьці), Фляндрыі, Брэтані (трэцяя частка войска), Францыі (пераважна з Парыжу) й некалькіх атрадаў з паўднёвай Італіі.

Ядро нармандзкага войска складала кавалерыя, якая лічылася на той час найлепшай у Эўропе. Яна была цяжка экіпаванай, а самі коньнікі звычайна карысталіся дзідай альбо мячом, мелі круглыя, але па большай частцы кропляпадобныя драўляныя шчыты з мэталічнымі ўстаўкамі[13]. Нармандзкая пяхота, імаверна, была экіпавана кальчугай, але наўрад ці ўся[14], а таксама карысталася дзідай, мячом і шчытом, як і ангельцы.

Вялікая колькасьць лучнікаў у войску Вільгельма адпавядала эўрапейскай тэндэнцыі ў той час на выкарыстаньне розных відаў войскаў на полі бойкі. А выкарыстаньне лучнікамі Вільгельма арбалетаў ёсьць першай такой зьявай у ангельскай гісторыі.

Сьпіс удзельнікаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьпіс вядомых удзельнікаў бітвы з нармандзкага боку[15]:

  • Вільгельм — герцаг Нармандыі.
  • Ода з Баё — зводны брат Вільгельма, эпіскап Баё.
  • Эўстах II — граф Булёні, сваяк Эдўарда Спавяданьніка.
  • Робэрт дэ Мартэн — граф Мартэна, родны брат Ода й зводны брат Вільгельма.
  • Ральф дэ Тосьні — зводны брат Вільгельма.
  • Вільгельм дэ Эўро — кузэн Вільгельма й зводны брат Ральфа дэ Тосьні, граф Эўро.
  • Робэрт дэ Віто

Перад бойкай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як піша Ўільям Мальмсбэрыйскі, англы ўсю ноч не змыкалі вачэй, яны расьпявалі песьні й п’янствавалі, а раніцою рушылі на ворага трыма клінамі[16], прычым у першых шэрагах знаходзіліся хускарлы дзеля арганізацыі больш трывалай шчытавой сьцяны, за імі разьмяшчаліся фірды[17]. Сам кароль стаяў ля сьцяга са сваімі братамі, каб пры агульнай для ўсіх небясьпецы ніхто й не падумаў аб дэзэртэрстве[18].

Нарманы ж усю ноч правялі ў споведзі ў грахах сваіх. Раніцою пяхота з лучнікамі склалі авангард. На левым флянзе разьмяшчаліся брэтонцы, фляманцы разьмяшчаліся з правага боку, цэнтар занялі нарманы[19]. Коньнікі, разьдзяліўшыся па флянгах, разьмясьціліся ў ар’ергардзе, за сьпінамі пяхоты[20].

Поле бойкі. Выгляд з нармандзкае пазыцыі

Бойка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герцаг Вільгельм забівае караля Гаральда. Выява канца XIII стагодзьдзя.

Паводле задумкі Вільгельма, спачатку лучнікі мусілі паслабіць англаў, зрабіўшы іхнія шэрагі радзейшымі, а потым пяхота з удзелам кавалерыі павінны былі зьмяць праціўніка. Але падзеі адбываліся ня так добра, як гэта плянавалася.

На загад Вільгельма лучнікі пачалі абстрэл пазыцыі ангельцаў, але значных посьпехаў гэта не прынесла, як на тое спадзяваўся Вільгельм, бо стрэлы проста адляталі ад шчытоў жаўнераў. Гэта стала магчымым з-за выкарыстаньня ангельцамі тактыкы шчытавой сьцяны, што ўжывалася англамі яшчэ з часоў Альфрэда Вялікага[21]. Нарманцы, палічыўшы, што ўсё ідзе па пляну, распачалі атаку пяхотай на англаў.

Сьмерць караля Гаральда

Ангельцы ж знаходзіліся на ўзгорку, што несумненна зьяўлялася перавагай. Пры набліжэньні сілаў праціўніка ангельцы пачалі закідваць іх камянямі й кідальнымі дзідамі, што прывяло да цяжкіх стратаў сярод нарманаў[22]. Калі нарманы ўсё ж такі наблізіліся да англаў, пачалася рукапашная бойка, дзе вельмі добра сябе паказалі хускарлы. Цяжка прыйшлося й кавалерыі Вільгельма. Коні, ня звыклыя да пад’ёму на круты ўзгорак і пад нападам англасаксаў, пачалі панікаваць. Між тым страты нарманаў працягваліся.

Праз гадзіну пасьля пачатку бойкі брэтонскія дывізіі на левам фланзе Вільгельма пачалі слабець, а празь нейкі час сталі ўцякаць з узгорку[23]. За брэтонцамі пачалі адступаць нармандцы й флямандцы. Многія сотні ангельцаў кінуліся ў пагоню за імі, у асноўным гэта былі фірды, тым самым сапсаваўшы шыхт. Сярод іх былі браты Гаральда, Леафўін і Ґірт[23]. У наступнай бойцы быў забіты баявы конь Вільгельма, і сярод ягоных жаўнераў прайшла пагалоска, што герцаг забіты. Нармандзкія войскі кінуліся на ўцёкі, і толькі пасьля таго, як Вільгельм скінуў зь сябе шалом, уцёкі скончыліся[24].

Вільгельм з групоўкай рыцараў змог правесьці ўдалую контратаку сваіх перасьледнікаў, што ўжо не знаходзіліся пад аховай шчытавой сьцяны. Многія фірды загінулі, як і браты Гаральда. Толькі некаторыя змаглі вярнуцца на ўзгорак зноўку. Усталявалася кароткае зацішша, падчас якога ангельцы й нарманы змаглі перагрупавацца.

Вільгельм паспрабаваў яшчэ раз атакаваць пазыцыі ворагаў на ўзгорку. Але на гэты раз ён меў перавагу, бо ангельцам не хапала жаўнераў, каб пабудаваць моцную шчытавую сьцяну. У выніку шмат хускарлаў было забіта. Вільгельм таксама даў загад сваім лучнікам стрэліць па ангельцах у апошнія рады, каб не забіць сваіх людзей. У гэты час, паводле паданьня, выпадковай стралой быў забіты альбо паранены Гаральд. Але фактаў на гэты конт мала, бо галоўным чынам гэтая падзея была ўзята з выявы дывана Баё[25].

Вільгельм распачаў новы ўдар па ангельцам, і гэтым разам нарманы змаглі знайсьці дзірку ў пазыцыях Гаральда, яны працягвалі насядаць, і ангельскія рады пачалі развальвацца. Вільгельм зь невялікай групоўкай праламіўся праз шчытавую сьцяну й забіў караля[23][26]. Без свайго лідэра й чалавека, які бы змог замяніць яго, многія фірды кінуліся на ўцёкі. Толькі хускарлы працягвалі трымаць сваю клятву перад каралём і адважна змагаліся, пакуль не былі ўсе перабітыя[27].

Наступствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Толькі невялічкія атрады абаронцаў змаглі ўратавацца ў лесе. Некаторыя з нарманаў спрабавалі перасьледваць іх, але былі перабіты ангельцамі ў зацьменьні, гэтая падзея пазьней атрымала назву «Мэлфос» альбо «Дрэнны раўчак»[28]. Вільгельм адпачываў са сваім войскам два тыдні каля Гастынґса й чакаў, калі ангельскія лорды прыйдуць і падначаляцца яму. Калі ягоныя надзеі не спраўдзіліся, ён рушыў да Лёндана[29]. Ягонае войска было сур’ёзна падбіта эпідэміяй дызэнтэрыі, а сам Вільгельм цяжка захварэў. Нармандзкае войска папоўнілася жаўнерамі, што пераплылі церазь Ля-Манш. Празь некаторы час Лёндан здаўся, і ангельскія лорды прызналі Вільгельма каралём Ангельшчыны.

25 сьнежня 1066 году на раство Хрыстова у Ўэстмінстэрскім абацтве адбылося каранаваньне Вільгельма[30].

У выніку нармандзкай навалы была зруйнавана старажытная англасаксонская дзяржава, а на зьмену ёй прыйшла цэнтралізаваная фэадальная манархія з моцнай каралеўскай уладай, што абапіралася на рыцарства й васальна-ленную сыстэму.

Спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэмарыяльная дошка ў памяць бітвы й зьліцьця ангельскага й нармандзкага народаў

Манастыр Бэтлу быў пабудаваны на месцы бітвы. Мэмарыяльная дошка адзначае месца, дзе Гаральд, як мяркуюць, упаў і месца, дзе калісьці стаяў алтар царквы. Пасяленьне Бэтл вырасла вакол манастыра й цяпер гэта маленькае мястэчка. Бітва пры Гастынгсе зьяўляецца прыкладам выкарыстаньня камбінаванага войску. Нармандзкія лучнікі, кавалерыя й пяхота супрацоўнічаючы змаглі надламіць англельскую ініцыятыву й перамагчы аднастайнае ангельскае войска.

Цалкам магчыма, што гэта тактычная складанасьць дзеяньняў нарманаў існавала ў першую чаргу ў сьвядомасьці нармандзкіх летапісцаў. Апісаньне бітвы прыведзенае ў раньніх крыніцах, як то «Песьня пра бітву пры Гастынгсе», зьяўляецца той крыніцай, дзе пазначаецца, што прасоўваньне нарманаў зьяўляецца сюрпрызам для ангельцаў, якім удалося хутчэй заняць узгорак за нарманаў.

Сярод іншых крыніцаў, якія згадваюць бітву, варта адзначыць працы нармандзкага хранікёра Гіёма Пуат’е, напісаныя паміж 1071 і 1077 гадамі, дыван Баё, створаны паміж 1070 і 1077 гадамі, а таксама значна пазьнейшыя «Кроніка абатства Бэтла», летапісы напісаныя Ўільямам Мальмсбэрыйскім, працы Фларэнса Ўустэрскага й твор Эадмэра «Historia Novorum».

Наступствы Бітвы пры Гастынгсе аказалі велізарны ўплыў на ангельскую мову. Нарманы карысталіся францускай мовай, і ў выніку іхняга панаваньня, шмат францускіх словаў пачалі ўжывацца мясцовай шляхтай і ў канчатковым выніку сталі часткай ангельскага мовы. Як піша Пол Дэвіс: «Перамога Ўільяма ёсьць узыходам замежнага кіраўніка на пасад Ангельшчыны, якія прадстаўляў эўрапейскае, а не скандынаўскае грамадзтва на ізаляваным востраве» ў «апошнім пасьпяховым уварваньні ў Ангельшчыну»[31].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Robert Gunn, Kim Siddorn, October 1995 (анг.) Regia Anglorum Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  2. ^ The Bayeux Tapestry (анг.) My Battle of Hastings: 14 Oct 1066 Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  3. ^ Абяцаньне Эдўарда (анг.) Camelot International: Britain's Heritage and History Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  4. ^ William = Дамаганьне Вільгельма да ангельскага трону (анг.) Battle of Hastings 1066 Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  5. ^ Altering the records = Зьмяненьне фактаў (анг.) Battle of Hastings 1066 Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  6. ^ Did William have a valid claim? = Ці меў Вільгельм абаснаваньне на дамаганьне? (анг.) Battle of Hastings 1066 Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  7. ^ Сага аб Гаральдзе Суровым. разьдзел 89. (анг.) Heimskringla or The Chronicle of the Kings of Norway Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  8. ^ Сага аб Гаральдзе Суровым. разьдзел 96. (анг.) Heimskringla or The Chronicle of the Kings of Norway Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  9. ^ Каляндар падзеяў. 6 кастрычніка (анг.) My Battle of Hastings: 14 Oct 1066 Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  10. ^ Harold’s Men = Людзі Гаральда (анг.) Battle of Hastings 1066 Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  11. ^ The Fyrd = Фірды (анг.) Battle of Hastings 1066 Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  12. ^ List of those we do know were involved (анг.) Battle of Hastings 1066 Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  13. ^ The Cavalry = Кавалерыя (анг.) Battle of Hastings 1066 Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  14. ^ Foot Soldiers = Пяхота (анг.) Battle of Hastings 1066 Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  15. ^ William’s Forced = Войска Вільгельма (анг.) Battle of Hastings 1066 Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  16. ^ The Battle of Hastings (анг.) British History in-depth Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  17. ^ Lull Before The Storm = Зацішша перад бурай (анг.) Battle of Hastings 1066 Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  18. ^ «История английских королей». Вилиям Мальмсберийский. Книга 3. Раздел 241 (рас.) Восточная Литература Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  19. ^ March North = Рух на поўнач (анг.) Battle of Hastings 1066 Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  20. ^ «История английских королей». Вилиям Мальмсберийский. Книга 3. Раздел 242 (рас.) Восточная Литература Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  21. ^ Shield wall = Шчытавая сьцяна (анг.) Search.com Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  22. ^ The High Ground = Узгорак (анг.) Battle of Hastings 1066 Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  23. ^ а б в Military History Companion. Battle of Hastings (анг.) Answers.com Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  24. ^ No, I Am Not Dead = Не, я не забіты (анг.) Battle of Hastings 1066 Праверана 11 верасьня 2010 г.
  25. ^ Harold Is Dead = Гаральд забіты (анг.) Battle of Hastings 1066 Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  26. ^ The Battle of Hastings (анг.) British History in-depth Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  27. ^ The Battle of Hastings (анг.) Camelot International: Britain's Heritage and History Праверана 11 верасьня 2010 г.
  28. ^ The Malfosse Incident = Здарэньне з дрэннымі ірвамі (анг.) Battle of Hastings 1066 Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  29. ^ King William (анг.) British History in-depth Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  30. ^ Review of the Battle of Hastings (анг.) The Battle of Hastings - 1066 Праверана 23 кастрычніка 2010 г.
  31. ^ Paul K. Davis 100 Decisive Battles from Ancient Times to the Present: The World's Major Battles and How They Shaped History. — Oxford: Oxford University Press, 1999. — P. 113.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Howarth, David. 1066: The Year of the Conquest. — New York: Barnes and Noble, 1993.
  • Douglas, Daniel C. William the Conqueror. — Berkeley, CA: University of California Press, 1964.
  • Gravett, Christopher. Hastings 1066, The Fall of Saxon England // Osprey Campaign Series №13, Osprey Publishing, 1992.
  • Morton, Catherine and Muntz, Hope (eds). The Carmen de Hastingae Proelio of Guy Bishop of Amiens. — Oxford: Clarendon Press, 1972.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бітва пры Гастынгсесховішча мультымэдыйных матэрыялаў