Лідс
| Лідс | |||
| Населены пункт | |||
| |||
| Краіна | Вялікабрытанія | ||
|---|---|---|---|
| Рэгіён | Ёркшыр і Гамбэр | ||
| Цырыманіяльнае графства | Заходні Ёркшыр | ||
| Першыя згадкі | 1086 | ||
| Геаграфія | |||
| Плошча | 551,72 км² | ||
| Вышыня НУМ | 51 м[1] | ||
| Часавы пас | |||
| Каардынаты | 53°47′59″ пн. ш. 1°32′57″ з. д.HGЯO | ||
| Насельніцтва | |||
| Колькасьць | 750 700 чал. (2011) | ||
| Афіцыйная мова | ангельская | ||
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |||
| Тэлефонны код | 0113 | ||
| Сайт | leeds.gov.uk | ||
| Лідс на мапе Вялікабрытаніі Лідс | |||
Лідс (па-ангельску: Leeds) — горад у Ангельшчыне, які месьціцца ў графстве Заходні Ёркшыр, мае статус «сіці». Лідс зьяўляецца культурным, фінансавым і камэрцыйным цэнтрам свайго рэгіёну[2][3]. Мэтраполія Лідс—Брэдфард налічвае каля 2,3 млн чалавек насельніцтва, што робіць яе чацьвёртай паводле колькасьці жыхароў мэтраполіяй у Вялікабрытаніі. Лідс стаў буйным буйным цэнтрам па вытворчасьці й гандлі воўны ў XVII і XVIII стагодзьдзях. Затым, падчас прамысловай рэвалюцыі, Лідс ператварыўся ў буйны прамысловы цэнтар.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Час панаваньня Т’юдараў быў адзначаны пераходам Лідса ад адносна беднага паселішча да гандлёвага гораду. У 1470 годзе ён быў яшчэ настолькі малавядомы, што яго можна было ахарактарызаваць як горад блізу Ротўэлу, які ў XV стагодзьдзі меў правы гандлёвага гораду. У 1536 годзе места наведаў Джон Ліланд, які апісаў яго як прыгожы гандлёвы горад, які вылучаўся перадусім адзеньнем сваіх жыхароў і быў такім жа вялікім, як Брэдфард, але і не такім «хуткім», пад чым ён, відавочна, меў на ўвазе не такі прадпрымальны. У тыя часы горад быў уладаньнем кароны, як гэта было з часоў узыходжаньня на пасад Генрыха IV. Людзі малолі збожжа на каралеўскіх млынах і пяклі хлеб у каралеўскіх печах. Да канца XVI стагодзьдзя Лідс можна было лічыць паўфэадальным[4].

Адукацыя ў Лідсе ня згадвалася да 1552 году, да таго часу як нейкі Ўільям Шыфілд, які, відаць, быў сьвятаром царквы Сьвятой Кацярыны ў Лідсе, пакінуў маёмасьць у горадзе дзеля стварэньня пасады настаўніка, які мусіў быў навучаць мясцовых юнакоў і дзяцей. Менавіта тут узьнікла Лідская граматычная школа, якая спачатку разьмяшчалася ў Колз, а пасьля, дзякуючы дабрачыннасьці Джона Гарысана, у Лэдзі-Лэйн, і да канца стагодзьдзя ўстанова набыла вялікую значнасьць[4]. У 1583 годзе горад набыў права ўласнасьці на парафіяльную царкву ў ейнага тагачаснага ўладальніка Олівэра Дарнлі за 130 фунтаў стэрлінгаў. З гэтага часу вікарыі абіраліся радай апекункоў. У 1626 годзе Лідс атрымаў статут ад Карла I, паводле якога быў створаны мясцовы кіроўны прадстаўнічы орган, які складаўся з олдэрмэна, дзевяці бюргераў і дваццаці памочнікаў. Аднак, гэты прывілей меў абмежаваны характар, бо карона пакідала за сабою права прызначэньня на любую з трыццаці пасадаў свайго прадстаўніка[4].
У Сярэднявеччы Лідс стаўся гандлёвым цэнтрам рэгіёну. Да прамысловай рэвалюцыі ён быў цэнтрам вытворчасьці ваўняных тканінаў і белага сукна[5]. Прадукцыя Лідсу складала шостую частку ад агульнага экспарту Ангельшчыны ў 1770 годзе. Рост, першапачаткова тэкстыльнай прамысловасьці, быў паскораны будаўніцтвам каналу паміж Лідсам і Лівэрпулам у 1699 годзе. Чыгуначная сетка была пабудаваная вакол Лідса ў 1834 годзе, што значна палепшаныла сувязь гораду з нацыянальнымі рынкамі і істотна паўплывала на ягонае разьвіцьцё. У 1801 годзе 42% насельніцтва Лідса жыло па-за межамі гораду. Пошасьць халеры ў 1832 і 1849 гадах змусілі ўлады вырашаць праблемы з дрэнажаваньнем, санітарыяй і водазабесьпечаньнем. Вада, якая раней запампоўвалася з ракі Ўорф, да 1860 году ўжо стала занадта забруджанай і шкоднай да ўжываньня. У 1867 годзе былі пабудаваныя тры вадаёмы ў Ліндлі-Ўуд, Сўінсьці і Фэўстане[6]. Прамысловая рэвалюцыя прывяла да радыкальнага росту места, насельніцтва якога да 1840 году павялічылася да больш чым 150 тысячаў чалавек.

Разам з тэхнічным прагрэсам ды прамысловай экспансіяй Лідс працягваў гандляваць і сельскагаспадарчымі таварамі, у 1864 годзе ў горадзе пачала працу збожжавая біржа. У 1914 годзе вытворчасьць гораду была пераарыентавана на друк, машынабудаваньне, хімічную і кравецкую вытворчасьць. Зьніжэньне вытворчасьці ў 1930-х гадох зьмянілася часовым ростам прамысловасьці ў сувязі зь пераходам да ваеннай вытворасьці падчас Другой сусьветнай вайны. Тым ня менш, Лідс пазьбег найгоршых наступстваў бамбаваньняў з боку нацыскай Нямеччыны, галоўным чынам дзякуючы свайму разьмяшчэньню ў глыбіні краіны і адсутнасьці якіх-небудзь значных прамысловых аб’ектаў. У ноч на 14 сакавіка і раньняй раніцай 15 сакавіка 1941 году горад перажыў найгоршую ноч бамбаваньняў з боку люфтвафэ. На Бістан было скінута больш бомбаў, чым на любы іншы раён гораду, але ён атрымаў найменшыя пашкоджаньні. Флэкстан Тэрас сталася адзінай вуліцай, якая пацярпела падчас начнога авіяналёту, пры гэтым амаль усе астатнія бомбы трапілі ў парк Крос Флэтс.
У 1970-я гады кравецкая прамысловасьць Лідса была ў незваротным заняпадзе, з-за адсутнасьці магчымасьцяў канкураваньня з таннымі вырабамі замежных прамыслоўцаў[7]. У постіндустрыяльнай эпосе Лідс пераарыентаваўся, каб уладкавацца ў сучасную сусьветную эканоміку. Да таго ж у 1980-я гады кансэрватыўны ўрад Вялікабрытаніі рэарганізаваў кіраваньне буйнымі гарадамі і выдаткаваў сродкі дзеля забясьпечэньня працэсу аднаўленьня ў адсталых рэгіёнах, асабліва на поўначы Ангельшчыны. Гэтая праграма прывяла да павелічэньня прыватных інвэстыцыяў і значнага будаўніцтва ў цэнтральных і паўднёвых частках гораду. Пашырэньне атрымаў банкаўскі сэктар, рост адбыўся таксама ў карпаратыўным і праўных сэктарах[8]. Павелічэньне заможнасьці гораду прывяло да пашырэньня сэктару раздробнага гандлю, у тым ліку рынку тавараў раскошы[9]. На сёньня Лідс вядомы як адзін з васьмі асноўных гарадоў, якія выступаюць у якасьці цэнтраў сваіх адпаведных рэгіёнаў, а горад таксама звычайна ўважаецца дамінуючым горадам цырыманіяльнага графства Заходняга Ёркшыру[10].
Клімат
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Лідс мае марскі клімат, зь вялікім уплывам Атлянтычнага акіяну. Лета, як правіла, мяккае, зь мернай колькасьцю ападкаў, зімы халодныя, дажджыстыя, часам назіраюцца сьнег і мароз. Ліпень — самы цёплы месяц. Ягоная сярэдняя тэмпэратурай скаладае 16 °C. Самым халодным месяцам ёсьць студзень, а ягоная сярэдняя тэмпэратура складае 3 °C. Тэмпэратура вышэй за 30 °C і ніжэй –10 °C ёсьць нетыповай для гораду і назіраецца зрэдку. У сьнежні 2010 году тэмпэратура ў аэрапорце Лідс—Брэдфард зьнізілася ажно да –12,6 °C[11]. Назіраным максымумам была тэмпэратура ў 31,8 °C, зафіксаваная ў цэнтры гораду ў жніўні 2003 году[12]. Верагодна, гэтыя паказьнікі былі перавышаныя падчас надыходу цеплавых хваляў ліпеня 2019 году і ліпеня 2022 году, аднак у 2000-х гадах цэнтар надвор’я ў Лідсе ўжо быў закрыты на той момант.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Лідс мае найбольш дывэрсыфікаваную эканоміку сярод усіх асноўных буйных гарадоў Вялікабрытаніі. У Лідсе назіраюцца хуткія тэмпы росту занятасьці ў прыватным сэктары, а таксама ён вылучаецца як горад з самым высокімі суадносінамі працоўных месцаў у дзяржаўным і прыватным сэктарах сярод усіх асноўных гарадоў краіны. 24,7% усіх працоўных месцаў у горадзе замацаваныя за сфэрай дзяржанага кіраваньня, адукацыі і аховы здароўя, 23,9% прыпадалі на банкаўскую справу, фінансы і страхаваньне, а 21,4% працоўнага насельніцтва занятае ў сфэры паслугаў, гатэльным бізнэсе і рэстаратарскай справы. Менавіта ў банкаўскай, фінансавай і страхавой сфэрах Лідс найбольш адрозьніваецца ад фінансавай структуры рэгіёну і краіны агулам[13].

У 2011 годзе фінансавая сфэра і галіна паслугаў у месьце ацэньвалася ў 2,1 мільярдаў фунтаў стэрлінгаў, што ёсьць пятым паводле велічыні паказьнікам у Вялікабрытаніі пасьля Лёндану, Эдынбургу, Манчэстэру і Бірмінггэму[14]. Раздробны гандаль, кол-цэнтры, офісы і СМІ спрыялі высокім тэмпам эканамічнага росту. У горадзе таксама маецца філія Банка Ангельшчыны. Да ключавых сэктараў Лідса ўлучаюць фінансы, раздробны гандаль, сфэру забаваў, турызм, будаўніцтва, вытворчасьць, а таксама крэатыўныя і лічбавыя індустрыі[15]. Горад ацэньваецца як горад з узроўнем «высокай дастатковасьці» паводле глябалізацыі сусьветных гарадоў[16]. Сёньня места ўважаецца найбуйнейшым праўным і фінансавым цэнтрам па-за межамі Лёндану[17]. Офісныя комплексы, якія спачатку традыцыйна разьмяшчаліся ў цэнтральных раёнах, пашырыліся на поўдзень ад ракі Эйр і маюць агульную плошчу ў мільён м². У час з 1999 па 2008 гады ў цэнтры Лідса было ўведзена ў эксплюатацыю нерухомасьці коштам 2,5 мільярдаў фунтаў стэрлінгаў, зь якіх 711 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў прыпадалі на офісы, а 265 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў прыпалі на аб’екты раздробнага гандлю ды ў 794 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў ацэньвалася пабудаванае жыльлё.
Найбуйнейшымі падсэктарамі ёсьць машынабудаваньне, паліграфія і выдавецкая справа, харчовая прамысловасьць і вытворчасьць напояў, хімічная прамысловасьць і мэдычныя тэхналёгіі[18]. У 2009 годзе Лідс стаў першым горадам па-за межамі ангельскай сталіцы, які зладзіў выставу Eurogamer Expo.
Гандаль
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Брыгейт уважаецца галоўнай гандлёвай вуліцай, дзе можна знайсьці крамы вядомых брэндаў, як то Marks & Spencer, Costa Coffee і Harvey Nichols. У многіх кампаніяў маюцца некалькі крамаў у цэнтры гораду. У Лідсе знаходзіцца адзін з найбуйнейшых крытых рынкаў у Эўропе[19], як то рынак Кэркгейт. Таксама рынкі працуюць у раёнах гораду, як то ў Отлі, Падсі і Ідане[20]. Паміж 1987 і 1995 гадамі рынак Кэркгейт быў рэканструяваны, дзякуючы чаму павялічылася колькасьць гандлёвых пунктаў бяз шкоды для гістарычных асаблівасьцяў будынка. На пляцы Тысячагодзьдзя штогод ладзіцца Нямецкі калядны кірмаш, які звычайна працуе з пачатку лістапада да сярэдзіны ці канца сьнежня[21]. У цэнтры маецца цэлы шэраг крытых гандлёвых пунктаў, у тым ліку Мэрыян-Сэнтар, Сэнт-Джонз-Сэнтар, Кор, Квартал-Вікторыя, Лайт, Лідская збожжавая біржа, Трыніці-Лідс і Вікторыя-Гейт[22]. Усяго ў цэнтры налічваецца больш за тысячу крамаў раздробнага гандлю агульнай плошчай у 340 тысяч м².
Квартал-Вікторыя вядомы сваімі элітнымі раскошнымі крамамі і ўражлівай архітэктурай. 70 крамаў, сярод якіх Louis Vuitton, Vivienne Westwood, Diesel, Harvey Nichols, разьмешчаныя ў двух аркадных будынках віктарыянскага стылю пад найбуйнейшым у Вялікабрыніі вітражным шклом[23][24]. У раёне Чэрўэл у Лідсе працуе гандлёвы цэнтар Ўайт-Роўз. Адкрыты ў 1997 годзе, ён мае больш за 100 крамаў, сярод якіх вылучаюцца Marks & Spencer, Primark, NEXT і Sainsbury’s. 21 сакавіка 2013 года ў цэнтры Лідса адкрыў свае дзьверы вялікі гандлёва-забаўляльны комплекс пад назвай Трыніці-Лідс. Сучасная і інтэрактыўная гандлёвая прастора займае старыя аркады Бэртан, а галоўны ўваход месьціцца з боку вуліцы Брыгейт. 20 кастрычніка 2016 году адкрыўся гандлёвы цэнтар Вікторыя-Гейт з флягманскай крамай John Lewis.
Гарады-сябры
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Сувязь зь Беларусьсю
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- У Лідсе нарадзіўся Джым Дынглі (1942) — брытанскі славіст, дасьледнік беларускае гісторыі і літаратуры.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ https://it-ch.topographic-map.com/map-vdn4m2/Leeds/?zoom=18¢er=53.80006%2C-1.54962&popup=53.80028%2C-1.54971
- ↑ Leeds Tourism. Planet Ware Travel Guide. (анг.)
- ↑ Leeds stakes it claim to financial hub. www.yorkshirepost.co.uk (анг.)
- 1 2 3 The Story of English Towns — Leeds. J. S. Fletcher, Society for Promoting Christian Knowledge, 1919.
- ↑ S. A. Caunce (2003). «Houses as Museums: The Case of the Yorkshire Wool Textile Industry». Transactions of the RHS Royal Historical Society (Royal Historical Society) 13: 329343.
- ↑ Burt, S.; Grady, K. (1994). «The Illustrated History of Leeds». Breedon Books. — С. 163. — ISBN 9781873626351.
- ↑ Katrina Honeyman (2000). Well suited: a history of the Leeds clothing industry, 1850—1990. Oxford University Press. ISBN 0-19-920237-0.
- ↑ «Legal services: Law firms have solid local roots and global ambitions». Financial Times.
- ↑ Leeds, Live it, Love it. «Sectors: Retail». Marketing Leeds.
- ↑ «History of Leeds». Leeds City Council.
- ↑ «Huddersfield temperature verified at −11 in Waterloo last night». Examiner.
- ↑ «Climate Leeds Wearher CTR — Historical August 2003». Tutiempo.
- ↑ Unsworth and Stillwell (2004). «Twenty-First Century Leeds: Geographies of a Regional City». Leeds: Leeds University Press. — С. 169. — ISBN 0-85316-242-5.
- ↑ Table 3.4, ONS Regional GVA — December 2013. Office for National Statistics.
- ↑ Leeds economy.
- ↑ The World According to GaWC 2020. GaWC — Research Network.
- ↑ Financial centres outside London. Cisi.org.
- ↑ Manufacturing. Leeds economy & relocation.
- ↑ Leeds Kirkgate Market. Leeds City Council.
- ↑ Local Markets. Leeds City Council.
- ↑ History. Christkindelmarkt German Christmas Market.
- ↑ Chapman, Matthew (10.05.2012). «Trinity Leeds kicks off online hype ahead of 2013 opening». Marketing magazine.
- ↑ View Details (Popup) — VQ Website. V-q.co.uk.
- ↑ UGG® Australia comes to Leeds's Victoria Quarter. UGG Australia.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Афіцыйны сайт (анг.)
- Фотаархіў (анг.)