Перайсьці да зьместу

Пажар у Лёндане 1666 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дэталь карціны, намаляванай невядомым мастаком у 1666 годзе, выразна адлюстроўвае згубу Катэдральнага сабору (дзе найбольшыя языкі полымя) і Лёнданскага моста (зьлева).

Пажа́р 1666 го́ду ў Лё́ндане (падзея, вядомая таксама пад назовам Вялі́кі пажа́р (па-ангельску: Great Fire) — найбольш разбуральная катастрофа ў гісторыі Лёндану, выкліканая неасьцярожным абыходжаньнем чалавека з агнём.

Пажар пачаўся крыху за паўночы 2 верасьня ў доме Томаса Фарынора, пекара з Паддынг-лэйн, які забыўся спраўдзіць сваю печ перад сном. Выпадковая іскра патрапіла проста на дровы, ад якіх загарэўся цэлы дом. Лічыцца, што першай ахвярай пажару стала служанка Фарынора, якая не пасьпела (ці збаялася) перабрацца праз дах у суседняе жытло.

Дзякуючы сухому надвор’ю і ўсходняму ветру агонь паціху асягнуў усю цэнтральную частку Лёндану. Пажар у горадзе трываў чатыры дні (да вечара 5 верасьня), за якія спаленымі апынуліся больш за 13 000 будынкаў, сярод іх 87 прыходзкіх цэркваў, знакаміты Лёнданскі мост, сабор Сьв. Паўла, Каралеўская біржа і інш. У межах гарадзкога мура было зьнішчана 4/5 ўсёй забудовы. Ад стыхіі пацярпелі тысячы месьцічаў, што засталіся без усялякай маёмасьці і сродкаў для існаваньня. Разам з тым, колькасьць ахвяр, згодна афіцыйных зьвестак, не перакрочыла 6-8 чалавек.