Іран

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Іран
Islamic Republic of Iran
Сьцяг Ірану Герб Ірану
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: «Незалежнасьць, воля, ісламская рэспубліка»
Дзяржаўны гімн: «Соруд’е мэліе джомхур’е эсламіе орон»
Месцазнаходжаньне Ірану
Афіцыйная мова Пэрсыдзкая
Сталіца Тэгеран
Найбуйнейшы горад Тэгеран
Форма кіраваньня рэспубліка
Алі Хамэнэі
Хасан Рухані
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
18-е месца ў сьвеце
1 648 195 км²
0,7
Насельніцтва
 • агульнае (2009)
 • шчыльнасьць
18-е месца ў сьвеце
74 196 000
45/км²
СУП
 • агульны (2008)
 • на душу насельніцтва
32 месца ў сьвеце
$819,799 млрд
$11 250
Валюта Іранскі рыял (IRR)
Часавы пас
 • улетку
IRST (UTC+3:30)
IRDT (UTC+4:30)
Аўтамабільны знак IR
Дамэн верхняга ўзроўню .ir
Тэлефонны код +98

Іра́н (афіцыйная назва — Ісламская Рэспу́бліка Іра́н) — буйная краіна ў рэгіёне Паўднёва-Заходняй Азіі.

Плошча тэрыторыі — 1648 тыс. км². Працягласьць берагавой лініі на Касьпійскім моры і ў Пэрсыдзкім заліве — больш за 2440 км. Працягласьць сухапутнай мяжы — 5440 км. На поўначы Іран мяжуе з Армэніяй (35 км), Азэрбайджанам (611 км) і Туркмэністанам (992 км); на захадзе — з Турэччынай (499 км) і Іракам (1458 км); на ўсходзе — з Пакістанам (909 км) і Аўганістанам (936 км). Больш за палову паверхні краіны занятыя горамі (найвышэйшы пункт — патухлы вулькан Дэмавэнд вышынёй 5604 м). Ворныя землі складаюць 10% плошчы Ірана; лясамі пакрыта 7%. Сталіца (з 1785) — Тэгеран (каля 12 млн жыхароў). Іншыя буйныя гарады: Мэшхэд (1,7 млн), Ісфаган (1,5 млн), Тэбрыз (больш 1 млн), Шыраз (каля 1 млн). Афіцыйная мова — пэрсыдзкая. Нацыянальнае сьвята — угодкі перамогі Ісламскай рэвалюцыі 1979 году — адзначаецца 11 лютага. Афіцыйны выходны дзень — пятніца, аднак вялікая частка дзяржаўных установаў не працуе таксама ў чацьвер. Грашовая адзінка — рыял, рынкавы курс на пачатак 2008 складаў каля 9400 рыялаў за 1 дал. ЗША.

Афіцыйнае летазьлічэньне вядзецца паводле мусульманскага календара г. зв. «сонечнай хіджры» (с. х.): год пачынаецца 21 сакавіка (у высакосныя гады — з 20 сакавіка) і сканчаецца 20 сакавіка (20 сакавіка 2008 г. наступіў 1387 с. х.). Для шэрагу мусульманскіх сьвятаў даты разьлічваюцца па г. зв. «Месячнай хіджры» (м. х.).

Тэгеранскі час узімку адстае ад менскага на 1,5 гадзіны, улетку — на паўгадзіны.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іран зьяўляецца адной са старажытнейшых дзяржаваў сьвету. На працягу стагодзьдзяў гэтая краіна іграла ключавую ролю на Ўсходзе. Пэрсыдзкая імпэрыя пры Дарыі I распасьціралася ад Грэцыі і Лівіі да ракі Інд. У сярэднявеччы Пэрсія была моцнай і ўплывовай дзяржавай у XVII і XVIII стагодзьдзях, але пад канец XIX стагодзьдзя Пэрсія пераўтварылася ў паўкаляніяльную дзяржаву. У 1935 годзе Пэрсія зьмяніла назву краіны на Іран. У 1979 годзе пасьля Ісламскай рэвалюцыі Іран быў абвешчаны ісламскай рэспублікай.

Старажытны Іран[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасяленьні людзей існавалі на іранскім нагор’і ў IV тысячагодзьдзі да н. э., задоўга да росквіту цывілізацыяў Міжрэчча. Арабійскае насельніцтва (як і на суседнім Армянскім нагор’і і ў Паўночнай Мэсапатаміі) зьяўляецца, у цэлым, аўтахтонным насельніцтвам. Частка плямёнаў (пэрсы, мідыйцы, бактрыйцы, парфяне) асела ў заходняй частцы пляскагор’я; кімэрыйцы, сарматы, аляны, бэлуджы пасяліліся на ўсходзе і ўздоўж узьбярэжжа Амансага заліву.

Першай іранскай дзяржавай стала Мідыйскае царства, заснаванае ў 728 годзе да н. э. са сталіцай у Хамадане (Экбатана). Мідыйцы хутка ўсталявалі кантроль над усім заходнім Іранам і часткова над усходнім. Сумесна з бабілянянамі мідыйцы разграмілі Асырыйскую імпэрыю, захапілі паўночнае Міжрэчча і Ўрату, а пазьней — Армянскае нагор’е

ХХ стагодзьдзе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

21 ліпеня 1964 году ў Тэгеране заснавалі Рэгіянальную супрацу дзеля разьвіцьця, якую ў 1985 годзе пераўтварылі ў Арганізацыю эканамічнай супрацы[1].

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Займаючы тэрыторыю, роўную 1 648 195 км², Іран мае супольную мяжу на захадзе з Іракам (1609 км), на паўночным захадзе з Турэччынай (486 км), на поўначы з Армэніяй, Азэрбайджанам і Туркмэністанам, а таксама абмываецца Касьпійскім морам (2670 км). На ўсходзе Іран мяжуе з Аўганістанам (945 км), а на паўднёвым усходзе з Пакістанам (978 км). З поўдня Іран абмываюць воды Пэрсыдзкай затокі (1259 км) і Аманскай затокі (784 км). Пэрсыдзкая затока зьяўляецца мелкаводнай ускраінай Індыйскага акіяна, што раскінулася паміж Арабійскай паўвыспай і паўднёва-заходнім Іранам. Затока займае плошчу 240 000 км² і цягнецца ад дэльты ракі Арвандруд (Шат-эль-араб) да Армускай пратокі, што злучае яе з Аманскай затокай. Даўжыня Пэрсыдзкай затокі па простай лініі складае 900 км, а яе шырыня вагаецца ад максымальных 338 км да мінімальных 55 км у раёне Армускай пратокі. На паўночным, паўночна-ўсходнім і ўсходнім узьбярэжжах затокі разьмешчаны Іран, на паўночна-заходнім беразе знаходзяцца Ірак і Кувэйт, на захадзе і паўднёвым захадзе — Саудаўская Арабія і Катар, на поўдні і паўднёвым усходзе — Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і, часткова, Аман.

Выспы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Апрача Бахрэйну, які, паводле афіцыйнай вэрсіі да сярэдзіны ХХ ст. таксама быў часткай Ірану, Ірану ў Пэрсыдзкай затоцы належыць мноства выспаў, найбольш важнымі зь якіх зьяўляюцца: Міну, Харк (нафтавы тэрмінал даўжынёй 6 км і шырынёй 3 км, на якім разьмешчаны адзін з найвялікшых у сьвеце глыбакаводных нафтавых партоў, злучаны з мацерыком 40-кілямэтровым трубаправодам), Шэйх Сад, Шэйх Швайб, Хэндурабі, Кіш (найвялікшая іранская выспа ў Армускай пратоцы, плошча якой складае 1300 км²), Фарур, Сіры, Абу Муса, Вялікі і Малы Тумбы, Кешм, Хэнгам, Ларак, Фарсі, Армуз дый Лаван.

Порты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найбольш значнымі іранскімі портамі ў Пэрсыдзкай затоцы зьяўляюцца Абадан, Харамшахр, Імам Хамэйні (колішні Шагпур), Магшахр, Дэйлам, Генавэ, Рыз, Бушэр, Ленге і Абас.

Рэкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З усіх рэк, што цякуць па іранскай зямлі, толькі адна прыдатная дзеля суднаходзтва — Карун (даўжыня — 920 км). Іншымі буйнымі рэкамі зьяўляюцца Атрак (535 км) ў правінцыі Галенстан ды ўздоўж іранска-туркмэнскае мяжы, Бампур (275 км), Далькі (285 км), Дэз (515 км), Халільруд (387 км), Хэндзіджан (488 км), Джарахі (альбо Марун, 438 км), Кархэ (755 км), Мэгран (382 км), Монд (685 км) і Сарбаз (313 км) у паўднёвым Іране, Карачай (540 км), Сэфідруд (795 км) у паўночна-заходнім Іране, Зарынэруд (302 км) дый Карасу (255 км) у заходнім Іране і Заяндэруд (405 км) у цэнтральным Іране. Падчас летняга сэзону ў большасьці рэк вады мала. Аднак вада цячэ пад зямлёй, а доступ да яе забясьпечваецца праз падземныя водныя каналы (так званыя канаты), крыніцы і калодзежы.

Горы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзякуючы высокаму хрыбту гораў Альборз на поўначы, горнаму ланцугу Загрос на захадзе і паўднёвым захадзе, а таксама ўсходнім горам Ірану, што акаймоўваюць Іранскае ўзвышша, краіна вылучаецца скалістым горным рэльефам. У лік найвышэйшых гораў Ірану ўваходзяць: Алагакбар (ля Кучану, 2804 м), Алямкух (ля Калярдашту, 4850 м), Альванд (ля Хамадану, 3580 м), Ардагал (на захад ад Кашану, 3463 м), Багбаля (ля Керману, 3775 м), Бахр Асэмон (ля Джырофту, 3886 м), Дамаванд (на ўсход ад Тэгерану, 5671 м), Хазар Мазджэд (Машгад, 3040 м), Джэбаль Барэз (ля Джырофту, 3741 м), Джупар (ля Керману, 4135 м), Аштаранкух (ля Азны, 4050 м), Палян Гярдон (ля Гачсару, 4375 м), Тафтан (ля Хашу, 3941 м), Сабалян (ля Ардабілю, 4811 м), Саганд (ля Табрызу, 3707 м), Шыркух (ля Язду, 4055 м), Тахт Сулейман (ля Калярдашту, 4643 м), Тачаль (ля Тэгерану, 3933 м), Заркух Бахціяры (ля Шахрэкурду, 4221 м).

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле вынікаў перапісу 1996 году, агульная колькасьць насельніцтва Ірану складала 60 055 488 чалавек, што сьведчыць пра падваеньне дадзенага паказьніка за папярэднія 18 гадоў. У цяперашні час шчыльнасьць насельніцтва складае 35,26 чалавек на 1 км², і яна працягвае павялічвацца. Прыблізна 60% насельніцтва жыве ў гарадох, а 15% сканцэнтраваныя ў самім Тэгеране і прылеглай да яго мясцовасьці. Датычна насельніцтва Ірану, важна адзначыць, што 44% насельніцтва краю складаюць асобы ў веку да 15 гадоў. Тэмпы росту колькасьці насельніцтва зараз зьнізіліся да 1,7% (пры нараджальнасьці роўнай 2,4% і сьмяротнасьці на ўзроўні 0,7%). Сярэдняя працягласьць жыцьця роўная 68 гадам, а дзіцячая сьмяротнасьць складае 4,2%. У склад іранскае нацыі ўваходзяць наступныя нацыянальныя і этнічныя групы: туркі, курды, бэлуджы, луры, туркмэны, арабы, армяне, асырыйцы. Качавое насельніцтва прадстаўленае плямёнамі бахціяраў, кашгайцаў і некаторымі меншымі групамі, што качуюць паміж сваімі летнімі і зімовымі паселішчамі цягам усяго году.

Дзяржаўны лад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяржаўная ўлада ў Іране зьдзяйсьняецца незалежнымі адзін ад другога заканадаўчай, выканаўчай і судовай галінамі ўлады, зьмешчанымі пад кантролем Вярхоўнага кіраўніка краіны.

Пасада Вярхоўнага кіраўніка Рахбара можа займаць факіх (багаслоў), якога пасьля сьмерці імама Хамэйні вызначае і прызначае выбарны орган — Рада старцаў. У абавязкі Рахбара ўваходзяць: азначэньне генэральнай лініі ў палітыцы ІРІ і кантроль за правільнасьцю ажыцьцяўленьня гэтай лініі, камандаваньне ўзброенымі сіламі, аб’яўленьне вайны і міру, прызначэньне і адхіленьне ад пасады вышэйшых службовых асобаў, падпісаньне ўказу аб прызначэньні прэзыдэнта пасьля яго абраньня, аб’яўленьне амністыі або зьмякчэньне прысудаў.

Пасьля сьмерці Хамэйні (1989) новым Вярхоўным кіраўніком ІРІ быў абраны аятала Алі Хамэнэі, які займаў да гэтага пасаду прэзыдэнта краіны.

Пасьля Вярхоўнага кіраўніка вышэйшай афіцыйнай асобай у краіне зьяўляецца прэзыдэнт. На яго ўскладаецца адказнасьць за выкананьне канстытуцыі, кіраўніцтва выканаўчай уладай (за выключэньнем тых пытаньняў, якія непасрэдна датычаць прэрагатываў Вярхоўнага кіраўніка). Прэзыдэнт узначальвае кабінэт міністраў, прызначае саміх міністраў і прадстаўляе іх на сьцьвярджэньне Сходу ісламскай рады (мачліс), падпісвае дагаворы і дамовы зь іншымі дзяржавамі. Прэзыдэнт абіраецца на чатыры гады шляхам прамога галасаваньня і можа быць перавыбраны ня больш чым яшчэ на адзін тэрмін.

24 чэрвеня 2005 у другім туры дзевятых выбараў прэзыдэнта ІРІ перамог начальнік места Тэгерана Махмуд Ахмадзінэжад. Ён зьмяніў на гэтай пасадзе Махамата Хатамага: пятага на гэтай пасадзе правадыра грамады. (Глядзіце таксама Сьпіс падправадыроў грамады (Іран))

Вышэйшым заканадаўчым органам ІРІ зьяўляецца аднапалатны парлямэнт — Сход ісламскай рады (мачліс). У цяперашні час у склад мачліса ўваходзіць 290 паслоў, абіраных на чатыры гады шляхам прамога і таемнага галасаваньня. Сход сьцьвярджае склад урада, прымае законы, ухваляе дагаворы і дамовы з замежнымі дзяржавамі, зацьвярджае праект бюджэту, атрыманьне і даваньне ўрадам пазыкаў і бязвыплатнай дапамогі, санкцыянуе найманьне замежных адмыслоўцаў. Старшынём мэджліса сёмага скліканьня зьяўляецца Галям Алі Хадад-Адэль. 14 сакавіка 2008 году адбыліся парлямэнцкія выбары (25 красавіка — другі тур) у мачліс восьмага скліканьня.

Кантроль за адпаведнасьцю рашэньняў мачліса догмам ісламу і канстытуцыі ІРІ зьдзяйсьняецца Рада старажоў шарыяту, старшынём якой зьяўляецца аятала Ахмад Джанаці. Рада разглядае ўсе рашэньні мачліса, зьдзяйсьняе нагляд за выбарамі Рады старцаў, прэзыдэнцкімі выбарамі, выбарамі ў мачліс, а таксама за правядзеньнем усеагульных рэфэрэндумаў.

Для вырашэньня разнагалосьсяў, якія ўзьнікаюць паміж мачлісам і Рада старажоў шарыяту з нагоды прыняцьця заканадаўчых актаў, у 1988 сфармаваны канстытуцыйны орган — Рада ўгоды. Яго старшынём зьяўляецца былы прэзыдэнт ІРІ аятала А. Хашэмі-Рафсанджані. У 2005 рашэньнем Вярхоўнага кіраўніка ІРІ Рада ўгоды перададзеныя новыя паўнамоцтвы па наглядзе за дзейнасьцю выканаўчай, заканадаўчай і судовай уладаў, а таксама ўзброенымі сіламі і Арганізацыі тэлерадыёвяшчаньня ў ІРІ.

У мэтах стварэньня гарантыяў прытрымліваньня нацыянальных інтарэсаў, тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту краіны пад старшынствам прэзыдэнта дзейнічае Вышэйшая рада дзяржаўнай бясьпекі. Сакратаром ВРДзБ з кастрычніка 2007 году зьяўляецца Саід Джалілі.

Судовая ўлада ў Іране функцыянуе на аснове ісламскіх норм і звычаяў. Пасаду кіраўніка судовай улады займае аятала Сэйед Махамад Хашэмі-Шахрудзі. Кіраўнік судовай улады прызначаецца Рахбарам краіны тэрмінам на пяць гадоў. Кантроль за правільным выкананьнем законаў, забесьпячэньнем іх адзінага тлумачэньня зьдзяйсьняецца Вярхоўным судом. Старшыня Вярхоўнага суда і генэральны пракурор прызначаюцца кіраўніком судовай улады тэрмінам на пяць гадоў.

Замежная палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дачыненьні зь Беларусьсю[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Беларуска-іранскія дачыненьні

18 сакавіка 1993 году ўрады Беларусі і Ірану ўсталявалі дыпляматычныя дачыненьні. 8 сакавіка 1998 году адчынілася Амбасада Беларусі ў Іране. У лютым 2001 году запрацавала Амбасада Ірану ў Беларусі.

Адміністрацыйны падзел краіны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Краіна складаецца з 30 частак, якія называюцца астан:

Рэлігія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйнай рэлігіяй у Іране зьяўляецца іслам шыіцкае плыні. Каля 90% насельніцтва краю складаюць мусульмане-шыіты, а яшчэ 8% — мусульмане-суніты. Рэлігійныя меншасьці прадстаўленыя зараастрыйцамі, армянскімі і асырыйскімі хрысьціянамі, габрэямі і бахаістамі.

Іран зьяўляецца краінай некалькіх рэлігіяў, некаторыя зь якіх узьніклі на яго абшарох, іншыя ж прыйшлі з-за мяжы. Асобна варта вылучыць некалькі рэлігіяў, што паўсталі ў Іране і якія мы называем іранскімі, ды іслам, які мае сэміцкае паходжаньне, але зьяўляецца асноўнай рэлігіяй Ірану цягам апошніх чатырнаццаці стагодзьдзяў. Іранскі народ зрабіў вялікі ўнёсак у ісламскую цывілізацыю і ісламскую думку. Таму іслам побач з іранскімі рэлігіямі неаддзельна зьвязаны з гісторыяй рэлігійнага жыцьця краіны. У дагістарычны пэрыяд пэрсы вызнавалі рэлігію арыйскага паходжаньня, вельмі блізкую да іншых індаэўрапейскіх рэлігіяў.

Іслам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мусульмане вызнаюць рэлігію, прапаведаваную Прарокам Мухамадам, апошняе Адкрыцьцё Ўсявышняга чалавецтву. Іслам зьяўляецца дзяржаўнай рэлігіяй Ірану. Насельніцтва Ірану ў большасьці сваёй спавядае шыіцкую плынь ісламу, якая адрозьніваецца ад больш пашыранае ў іншых мусульманскіх краінах суніцкае плыні. Мусульмане, як шыіты, так і суніты, вераць у тое, што існуе толькі адзін Бог, і абавязкам чалавека ёсьць верыць у Яго і служыць Яму адпаведна законаў, замацаваных у Сьвятым Кур'ане. У перакладзе з арабскай, «іслам» значыць паслухмянасьць, таму мусульманін — гэта той, хто слухаецца волі Ўсявышняга.

Суніты і шыіты: асноўная лінія падзелу ў ісламскім сьвеце пралягае паміж сунітамі і шыітамі. Раскол, які спрычыніўся да распаду ісламскага сьвету на дзьве плыні, адбыўся пасьля сьмерці Прарока ў 632 годзе. Шыіты перакананыя, што кіраваць грамадой вернікаў пасьля таго павінны былі нашчадкі Прарока — імамы.

Асноўнымі цэнтрамі шыіцкага паломніцтва ў Іране зьяўляюцца: маўзалей імама Рэзы ў Машгадзе, маўзалей Хазрат-э Масумэ й мячэт Джамкаран у Куме, маўзалей Шах Чэрог у Шыразе і маўзалей Хазрат-э Абдулазім у Рэі.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іран разьмешчаны на скрыжаваньні стратэгічна важных гандлёвых маршрутаў паміж Эўропай і Азіяй, займае чацьвёртае месца ў сьвеце па выведаных запасах нафты і другое — па запасах прыроднага газу, зьяўляецца другім па значэньні экспарцёрам нафты ў ОПЕК. Прыбыткі Ірана ад продажу нафты дасягаюць 80% ад усіх экспартных прыбыткаў краіны, забясьпечваюць палову дзяржаўнага бюджэту і, па розных адзнаках, да 20 % ВУП. Іран таксама багаты такімі карыснымі выкапнямі як вугаль, хром, медзь, жалезная руда, сьвінец, марганец, цынк і сера.

Паводле афіцыйных зьвестак, прырост ВУП у 1386 с.х. (з сакавіка 2007 па сакавік 2008) склаў 5,3%. Улічваючы высокую ступень залежнасьці іранскай эканомікі ад экспарту нафты, урад ІРІ ў рамках 4-га пяцігадовага пляну сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны (2005/06-2009/10) прымае меры па разьвіцьці ненафтавага сэектару народнай гаспадаркі. Сярэднядушавы нацыянальны прыбытак ацэньваецца ў 1800 дал. ЗША. Сярэдні ўзровень інфляцыі ў краіне (па афіцыйных зьвестках) склаў 18,4% (па неафіцыйных — больш за 30%).

Іран уваходзіць у лік прамыслова-аграрных краінаў, якія разьвіваюцца пры гэтым яго сацыяльна-эканамічнае і валютна-фінансавае становішча па-ранейшаму застаецца досыць няўстойлівым і находзіцца ў моцнай залежнасьці ад экспартнай выручкі нафтавай і газавай прамысловасьці. Нафтагазавы сэктар Ірана патрабуе тэхнічнага пераабсталяваньня, укараненьня новых тэхналёгіяў і значных замежных інвэстыцыях.

Беспрацоўе, якая ахоплівае 11% адсоткаў працаздольнага насельніцтва краіны (сярод моладзі, па неафіцыйных дадзеных — да 25-30%), зьяўляецца найболей вострай сацыяльнай праблемай сучаснага Ірана. Па падліках урада, для эфэктыўнага рашэньня гэтага пытаньня штогадовы прырост ВУП павінен складаць ня меней за 8%, што дазволіць ствараць парадку 900 тыс. новых працоўных месцаў.

Турызм[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Турыстычная індустрыя Ірана сур’ёзна пацярпела ў выніку іранска-ірацкай вайны, аднак у цяпершані час адраджаецца. У 2003 годзе было выдадзена 300 тысячаў турыстых візаў, большасьць — паломнікамі з суседніх ісламскіх дзяржаваў, якія накіроўваліся ў Мішхед і Кум. У 2004 годзе Іран наведалі ўжо 1,7 млн замежных турыстаў. Калі для мусульманаў асноўную цікавасьць уяўляюць сьвятыя месцы, то эўрапейцаў цікавяць галоўным чынам археалягічныя раскопкі і старажытныя помнікі. У 2004 годзе даходы турыстычнай індустрыі перавысілі 2 міліярды даляраў. Разьвіцьці турызму моцна перашкоджваюць недасканаласьць інфраструктуры.

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Іране дзейнічае правабаковы рух (леваручнае стырно). Іран мае разьвітую транспартную інфраструктуру. Агульная працягалсьць аўтамабільных дарогаў складае 178 тыс. км, зь іх 2/3 — зь цьвёрдым пакрыцьцём. На 1000 чалавек прыходзіцца 30 уласных аўтамабіляў. Працягласьць чыгункі — 8400 км (2005). Чыгуначнае злучэньне маецца з Армэніяй (ня дзейнічае), Азэрбайджанам, Пакістанам, Турэччынай і Туркмэністанам. Вядзецца будаўніцтва веткі Харэмшэхр — Барса (Ірак). Шырыня калеі — 1435 мм. Найбуйнейшы порт — Бэндэр-Абас на беразе Пэрсыдзкага заліву, на беразе Касьпійскага мора — Энзэлі. У Іране дзейнічае 321 аэрапорт, 129 маюць узьлётна-пасадкавыя палосы зь цьвёрдым пакрыцьцём. У шасьці найбуйнейшых гарадах вядзецца будаўніцтва мэтро. Працягласьць трубапровадаў — 34 тыс. км; зь іх 17 тыс. — газапровады, 16 тыс. — нафтапровады, 1 тысяча — для перагонкі звадкаванага газу і газакандэнсату.

Мовы і пісьменства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На пэрсыдзкай мове (фарсі) размаўляе большасьць іранцаў, і гэта — афіцыйная мова Ірану. Гэта — мова дзяржаўнага кіраваньня і школьніцтва, а таксама родная мова для паловы насельніцтва краю. З прычыны таго, што Сьвяты Каран укладзены па-арабску, арабская мова выкладаецца ў якасьці другой мовы ў іранскіх школах. У большасьці школаў таксама выкладаецца ангельская мова, хаця ў некаторых яе месца займаюць француская ці — значна менш — нямецкая.

Насельніцтва Ірану размаўляе на шэрагу дыялектаў пэрсыдзкай мовы і прадстаўнікоў кожнага гораду звычайна можна адрозьніць па іх вымаўленьні. Некаторыя з гаворак, як то бэлудзкая, туркмэнская, гіляцкая і мазандаранская амаль незразумелыя, напрыклад, для пэрсыдзкамоўных насельнікаў Тэгерану ці Шыразу. Іншымі асноўнымі рэгіянальнымі мовамі Ірану зьяўляюцца азэрбайджанская, курдзкая і арабская.

Старажытнапэрсыдзкая мова: першыя пісьмовыя ўзоры яе датуюцца 514 да н. э.. Гэтая мова выкарыстоўвалася прыкладна да 250 году, яе пісьменства грунтавалася на клінапісе і выкарыстоўвалася амаль выключна ў цырыманіяльных мэтах.

Сярэднепэрсыдзкая мова: вядомая таксама як пагляві, выкарыстоўвалася з 250 да 900 году. Яна была афіцыйнай мовай Сасанідзкай імпэрыі і зараастрыйскага духавенства. Яе пісьменства было заснаванае на ідэаграфічным пісьме, г. зв. гузварэшы.

Сучасная пэрсыдзкая мова: зьяўляецца вынікам няспыннага разьвіцьця, што пачалося прыкладна з 900 г. Цяпер яе пісьменства заснаванае на арабскай графіцы зь некаторымі мадыфікацыямі, літары ў якой пішуцца справа налева. Пасьля арабскага заваяваньня земляў Сасанідзкай імпэрыі ў 7 ст. і паступовага пераходу насельніцтва Ірану ў іслам, арабская мова стала афіцыйнай і літаратурнай мовай краю, але пэрсыдзкая засталася мовай судоў. Што праўда, пэрсыдзкая мова запазычыла многія арабскія словы, каб узбагаціць свой слоўнікавы запас і ўрэшце прыняла нават арабскую графіку. У наступныя стагодзьдзі ў пэрсыдзкую мову трапіла таксама багата цюрскіх словаў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Гісторыя (анг.) // Арганізацыя эканамічнай супрацы, 2022 г. Праверана 4 сьнежня 2022 г.