Ўільям Шэксьпір
Ўільям Шэксьпір | |
William Shakespeare | |
![]() Чанданскі партрэт. Невядомы аўтар. ~1610 год. Нацыянальная партрэтная галерэя, Лёндан | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | хрышчоны 26 красавіка 1564 Стрэтфард-на-Эйване, Ўоркшыр, Ангельшчына |
Памёр | 23 красавіка 1616 (каля 52 гадоў) Стрэтфард-на-Эйване, Ўоркшыр, Ангельшчына |
Пахаваны | царква Сьвятой Тройцы (Стратфард-на-Эйване) |
Бацькі | Джон Шэксьпір Мэры Шэкспір[d] |
Сужэнец | Эн Хэтэўэй[d] |
Дзеці | Сюзанна Хол[d][1], Хемнет Шэкспір[d][2] і Джудзіт Шэкспір[d][3] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | драматург, паэт, актор |
Кірунак | Ангельскі рэнэсансавы тэатар |
Жанр | Лізавецінская драма[d] |
Мова | ангельская мова[4] |
Подпіс | ![]() |
Творы на сайце Knihi.com | |
Ўільям Шэксьпір (па-ангельску: William Shakespeare, 26 красавіка 1564 — 23 красавіка[5] 1616) — ангельскі паэт і драматург, які лічыцца найвыбітнейшым сусьветным ангельскамоўным пісьменьнікам і драматургам. Яго таксама называюць нацыянальным паэтам Англіі альбо «Бардам Эйвана». Аўтар 17 камэдыяў, 10 хронікаў, 11 трагедыяў, 5 паэмаў і цыклю з 154 санэтаў. Яго творы былі перакладзеныя на шматлікія нацыянальныя мовы і ставіліся часьцей за любога іншага драматурга сьвету.
Шэксьпір нарадзіўся і вырас у Стрэтфард-на-Эйване. У васямнаццацігадовым узросьце ён узяў шлюб з Эн Гэтаўэй, якая нарадзіла яму траіх дзяцей: Сьюзан, і двайнятаў Гамнэта і Юдыт. Паміж 1585 і 1592 ён пачаў пасьпяховую акторскую й пісьменьніцкую кар’еру ў Лёндане. Быў суўладальнікам акторскае кампаніі «Людзі лорда Чэмбэрлена». У 1613 годзе ён выходзіць на пэнсію і праз тры гады памірае. Засталіся некаторыя дакумэнты прыватнага жыцьця Шэксьпіра, на іхняе выснове дагэтуль вядуцца спрэчкі на конт яго зьнешняга выгляду, сэксуальнае накіраванасьці й веравызнаньня. Вялікае месца займае так званае шэксьпіраўскае пытаньне, дзе разглядаецца праблематыка аўтарства твораў Шэксьпіра.
Большасьць са сваіх твораў Шэксьпір прадставіў паміж 1589 і 1613. Яго ранейшыя творы былі ў асноўным камэдыямі й гісторыямі, жанрамі, якія ён узьнімаў да піку вытанчанасьці й артыстызму напрыканцы 16 стагодзьдзя. Да 1608 Шэксьпір у пераважнай колькасьці пісаў трагедыі, уключаючы Гамлета, Караля Ліра й Макбэта, адніх з самых файных твораў на ангельскай мове. У яго апошнім перыяду творчасьці ён пісаў трагікамэдыі, таксама вядомыя як рамансы, і рабіў плягіят зь іншымі драматургамі.
На працягу жыцьця, яго шматлікія п’есы публікаваліся ў выданьнях рознае якасьці й дакладнасьці. У 1623 двое зь яго тэатральных калегаў апублікавалі Першае Фоліё, збор яго драматычных твораў, які зьмяшчаў усе акрамя дзьвюх п’есаў, якія цяпер ідэнтыфікуюцца як шэксьпіраўскія.
Шэксьпір ужо пры жыцьці быў паважаным паэтам і драматургам, але да дзевятнаццатага стагодзьдзя яго слава яшчэ не сягнула да сучасных вышыняў. Прыхільнікі рамантызму абвяшчалі Шэксьпіра геніям. У XX ст. яго творы неаднаразова запазычваліся й перавынаходжваліся новымі рухамі ў гуманітарных навуках і тэатральным мастацтве. Яго творы застаюцца дагэтуль аднімі з самых папулярных і бесьперапынна вывучаюцца, ставяцца й пераўсьведамляюцца ў мнагастатнасьці культурных і палітычных кантэкстаў па ўсяму сьвету.
Зьмест
Раньняе жыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Ўільям Шэксьпір быў сынам Джона Шэксьпіра, пасьпяховага пяльчатачніка й ольдэрмэна зь Сьнітэрфілду, і Мэры Ардэн, дачкі ўплывовага землеўладальніка. Нарадзіўся ў Стрэтфард-на-Эйване. Хрышчоны 26 красавіка 1564. Яго дакладная дата народзінаў невядома, але традыцыйна разглядаецца 23 красавіка. Ён быў трэцім дзіцём з васьмі й старэйшым выжыўшым сынам.
Нягледзячы на тое, што ніякіх дакумэнтаў на конт наведваньня якое-кольвек школы не захавалася, пераважная большасьць дасьледчыкаў лічыць, што Шэксьпір атрымоўваў адукацыю ў стрэтфардзкай граматычнай школе, ліцэнзаванае ў 1553, каля чвэрці мілі ад яго дому. У часы Элізавэты I па ўсёй Ангельшчыне граматычныя школы вагаліся па якасьці адукацыі, але паўсюль курс навучаньня быў рэгляментаваны законам, і школа павінна была забясьпечваць якасныя веды па лацінскай мове й клясычных літаратурах.
У васямнаццацігадовым узросьце, Шэксьпір ажаніўся на 26-гадовай Энн Хэтаўэй. Біскупскі суд ўоркшырскае дыяцэзіі выдаў дазвол на шлюб 27 лістапада 1582. Праз шэсьць месяцаў пасьля шлюбу, у іх нарадзілася першая дачка Сьюзан, якая была ахрышчаная 26 траўня 1583. Блізьняты, сын Гамнэт і дачка Юдыт, рушылі ўсьлед амаль праз два гады й былі ахрышчаныя 2 лютага 1585. Гамнэт памёр ад невядомых прычынаў у адзінаццацігадовым узросьце й быў пахаваны 11 жніўня 1596.
Вядомыя толькі нешматлікія факты зь яго біяграфіі ў перыяд паміж нараджэньнем блізьнятак і згадкі Шэксьпіра ў якасьці чальца тэатральнае групы ў Лёндане. Для гэтага перыяду (1585—1592) дасьледчыкі выкарыстоўваць назву «згубленыя гады».
Тэатральная кар'ера ў Лёндане[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У 1592 Шэксьпір быў драматургам у Лёндане. Дакладна невядома калі пісьменьнік пачаў пісаць, але згадкі сучасьнікаў і пісьмовыя дакумэнты з пастановаў сьведчаць, што некалькі яго п'есаў ставіліся на лёнданскай сцэне ўжо ў 1592. Драматург Робэрт Грын кпіў зь яго ў сваім памфлеце «На грош розуму, мільён каяньняў» (па-ангельску: Groatsworth of Wit, bought with a million of repentance, 1592), называючы пісьменьніка «Зварушыцелем сцэны» (па-ангельску: the only Shake-scene in a country).
…Увесь свет — тэатр, |
«Як вам гэта спадабаецца», акт II, дзея 7. |
Кпін Грына — адзін зь першых задакумэнтаваных згадкаў тэатральнае кар'еры Шэксьпіра. Шэксьпіраведы выказваюць здагадку, што яго кар'ера мусіла пачацца ў любы час ад сярэдзіны 1580-х да самой рэмаркі Грына. Ад 1594 п'есы Шэксьпіра прадстаўляліся толькі «Людзьмі лорда Чэмбэрлена», кампаніяй, якое валодалі згуртаваньне актораў, у шэрагу якіх быў і Шэксьпір. Гэтае аб'яднаньне хутка стала вядучае тэатральнае кампаніяй Лёндану. Пасьля сьмерці каралевы Элізавэты, у 1603 кампанія атрымала каралеўскую грамату ад новага караля Джэймса I, і зьмяніла сваю назву.
У 1599 таварыства чальцоў кампаніі пабудавала свой ўласны тэатар «Глёбус» на паўднёвым берагу Тэмзы. Кампанія зрабіла Шэксьпіра заможным чалавекам, аб чым сьведчаць запісы аб інвэставаньні й набыцьці пісьменьнікам рознага кшталту ўласнасьці. У 1597 ён набыў другі па велічыні дом ў Стрэтфардзе, Нью Плэйс, свой апошні прыстанак.
З 1597 некаторыя зь п'есаў Шэксьпіра публікаваліся ў выданьнях кварта. З 1598 года Шэксьпір набыў шырокую папулярнасьць. Пасьля посьпеху ў рамястве драматурга, ён працягвае іграць у сваіх і іншых п'есах. У выданьні твораў Бэна Джонсана 1616 года Шэксьпір зьяўляецца ў сьпісе актораў у п'есах «Кожны чалавек у сваім гуморы» (па-ангельску: Every Man in His Humour, 1598) і «Падзеньне Сэяна» (па-ангельску: Sejanus, His Fall, 1603). Адсутнасьць Шэксьпіра ў сьпісе выканаўчых актораў у п'есе «Вальпонэ» (па-ангельску: Volpone, 1605) разглядаецца дасьледчыкамі, як знак таго, што акторская кар'ера пісьменьніка была амаль скончаная. Першае Фоліё 1623 года, тым не менш, пазначае Шэксьпіра, як «вядучага актора ўсіх гэткіх п'есаў», некаторыя зь якіх ставіліся пасьля Вальпонэ, хоць мы й ня можам дакладна даведацца, якія ролі ён выконваў. Таксама выказваюцца здагадкі, што Шэксьпір выконваў ролю здані бацькі Гамлета.
Пытаньне аб аўтарстве[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Прыблізна праз паўтара стагодзьдзі пасьля сьмерці Шэксьпіра пачаліся спрэчкі адносна аўтарства традыцыйна прыпісваемых яму твораў, якія не сьціхаюць і па сёньнешні дзень. Сярод альтэрнатыўных кандыдатураў на аўтарства — Фрэнсіс Бэкан і Крыстафэр Марлаў.
Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
П’есы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Трагедыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Ціт Андронік (Titus Andronicus; 1593)
- Рамэо і Джульета (Romeo and Juliet; 1595)
- Юлі Цэзар (The Tragedy of Julius Caesar; 1600)
- Гамлет (Hamlet, Prince of Denmark; 1600)
- Траіл і Крэсіда (Troilus and Cressida; 1601)
- Атэлла (Othello; 1605)
- Кароль Лір (King Lear; 1605)
- Макбэт (Macbeth; 1606)
- Антоні ды Клеапатра (Antony and Cleopatra; 1606—1607)
- Карыялан (Coriolanus; 1607)
- Тымон Афінскі (Timon of Athens; 1608)
- Цымбелін (Cymbeline; 1609)
Камэдыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Камэдыя памылак (The Comedy of Errors; каля 1591)
- Марныя высілкі каханьня (Loves' Labour's Lost; 1594)
- Гамаваньне звадлівіцы (The Taming of The Shrew; 1594)
- Два вэронскія джэнтэльмэны (The Two Gentlemen of Verona; 1590—1595)
- Сон у Іванаву ноч (A Midsummer Night's Dream; 1595)
- Венецыянскі купец (The Merchant of Venice; 1596)
- Шмат шуму зь нічога (Much Ado about Nothing; каля 1598—1599)
- Як вам гэта спадабаецца (As You Like It; 1599—1600)
- Дванаццатая ноч, альбо Што вам заўгодна (Twelfth Night or What You Will; 1600)
- Віндзарскія весялухі (The Merry Wives of Windsor; 1602)
- Перыкл, князь Тырскі (Pericles, Prince of Tyre; 1608)
- Усё добра, што добра скончыцца (All's Well That Ends Well; 1602—1603)
- Мера за меру (Measure for Measure; 1604)
- Зімовая казка (The Winter's Tale; 1610—1611)
- Бура (The Tempest; 1611)
- Два шляхетных сваякі (Two Noble Kinsmen, 1614)
Гістарычныя драмы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Кароль Ян (King John; каля 1595—1596)
- Генрых VI, частка першая (King Henry VI, Part 1; каля 1591)
- Генрых VI, частка другая (King Henry VI, Part 2; каля 1591)
- Генрых VI, частка трэцяя (King Henry VI, Part 3; каля 1591)
- Рычард III (King Richard III; 1590—1593)
- Генрых V (King Henry V; 1599)
- Генрых IV, частка першая (King Henry IV, Part 1; 1596)
- Генрых IV, частка другая (King Henry IV, Part 2; 1597)
- Рычард II (King Richard II; 1595)
- Генрых VIII (King Henry VIII or All Is True; 1596—1598)
Вершы і паэмы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Санэты (Shakespeare's sonnets; 1609)
- Вэнэра ды Адоніс (Venus and Adonis; 1593)
- Згвалтаваньне Лукрэцыі (The Rape of Lucrece; 1594)
- Скарга каханкі (A Lover's Complaint; 1610)
Беларускія пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Трагедыі Шэксьпіра на беларускую мову пераклалі Юрка Гаўрук, Кандрат Крапіва, Віталь Вольскі, Артур Вольскі, Уладзімір Шахавец, Язэп Семяжон, Уладзімір Някляеў, камэдыі - Язэп Семяжон, Алесь Разанаў, санэты - Уладзімір Дубоўка, Юрка Гаўрук, Рыгор Барадулін, Ганна Янкута, Антон Францішак Брыль і інш.
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ http://www.oxfordreference.com/view/10.1093/acref/9780198117353.001.0001/acref-9780198117353-e-2595
- ^ http://www.oxfordreference.com/view/10.1093/acref/9780191740763.001.0001/acref-9780191740763-e-619?rskey=rOTUsb&result=1
- ^ http://www.oxfordreference.com/view/10.1093/acref/9780191740763.001.0001/acref-9780191740763-e-622?rskey=iv2h53&result=2
- ^ data.bnf.fr: плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
- ^ Адпаведна юліянскаму календару. Па грэгарыянскім календары, які быў уведзены ў 1582 годзе, драматург памёр 3 траўня.
- ^ Пераклад: Алены Таболіч.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Ўільям Шэксьпір — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў