Перайсьці да зьместу

Ньюкасл-апон-Тайн

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ньюкасл-апон-Тайн
анг.
Населены пункт
Герб
  • Кароткая назва: Newcastle
Краіна Вялікабрытанія
Дата заснаваньня II стагодзьдзе
Геаграфія
Плошча
  • 114 км²
Вышыня НУМ 30 м
Часавы пас UTC+0 і UTC+1
Каардынаты 54°58′ пн. ш. 1°36′ з. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць
Афіцыйная мова ангельская
Этнахаронімы Geordie, Novocastriani і pistoiesi
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код 0191
Паштовы індэкс NE
Сайт newcastle.gov.uk (анг.)
Ньюкасл-апон-Тайн на мапе Вялікабрытаніі
Ньюкасл-апон-Тайн
Ньюкасл-апон-Тайн
Ньюкасл-апон-Тайн

Ньюкасл-апон-Тайн ці Ньюкасл (Ньюкасл-на-Тайне; па-ангельску: Newcastle upon Tyne, Аўдыё вымаўленьне ) — індустрыяльны горад на паўночна-ўсходнім узьбярэжжы Вялікабрытаніі, у графстве Тайн і Ўір, у Ангельшчыне. Разьмешчаны ўздоўж паўночнага берагу ракі Тайн, у мінулым быў адміністрацыйным цэнтрам графства Натумбэрлэнд. У час прамысловай рэвалюцыі гэта быў адзін з найбуйнейшых у сьвеце цэнтраў караблебудаваньня і рамонту[2].

Першым зафіксаваным паселішчам на тэрыторыі сучаснага Ньюкасла быў Понс-Эліюс, то бок рымскі форт і мост праз раку Тайн. Ён быў названы ў гонар рымскага імпэратара Адрыяна, які заснаваў яго ў II стагодзьдзі. Гэты рэдкі гонар сьведчыць аб тым, што Адрыян, магчыма, наведваў гэтае месца. Насельніцтва Понс-Эліюса тады ацэньвалася ў 2 тысячы чалавек. Фрагмэнты Адрыянавага валу бачныя ў некаторых частках Ньюкасла, асабліва ўздоўж Заходняй дарогі. Працягласьць таго рымскага мура можна прасачыць на ўсход да Сэгедунума, рымскага форта ва Ўолзэндзе, то бок на канцы сьцяны[3].

Выява Ньюкасла 1832 году, зробленая з боку Гейтсгэду.

Пасьля сыходу рымлянаў з Брытаніі, які завяршыўся ў 410 годзе, Ньюкасл стаў часткай магутнага англасаксонскага каралеўства Нартумбрыі і быў вядомы цягам гэтага часу як Мунучэстэр ці Монкчэстэр[4]. Праз канфлікты з датчанамі ў 876 годзе паселішчы ўздоўж ракі Тайн былі пакінутыя[5]. Па паўстаньні 1088 году супраць нарманаў Монкчэстэр быў практычна зьнішчаны Одам з Баё[6]. Праз сваё стратэгічнае становішча Робэрт Куртгёз, сын Вільгэльма Заваёўніка, узьвёў там драўляны замак у 1080 годзе[5]. Горад з таго часу быў вядомы як Новум-Кастэлюм, што з лацінскай мовы перакладаецца як Новы замак[5]. Драўляная пабудова была замененая на каменны замак у 1087 годзе[5]. Ён яшчэ раз быў перабудаваны ў 1172 годзе ў час караляваньня Гэнрыха II. Большая частка вежы, якую можна пабачыць у горадзе сёньня, датуецца гэтым часам[5].

Усьцяж усяго Сярэднявечча Ньюкасл быў паўночнай крэпасьцю Ангельшчыны. У 1400 годзе ён быў аддзелены ад Нортамбэрлэнду ў адміністрацыйных мэтах[7][8][9] і зроблены графствам Гэнрыхам IV[7][8][9]. Ньюкасл атрымаў тытул графства як горад Ньюкасл-апон-Тайн[10]. Гораду была нададзеная хартыя Лізаветай I у 1589 годзе[11]. У XIII стагодзьдзі вакол гораду быў узьведзены каменны мур вышынёю ў 7,6 мэтраў[12], каб абараніць яго ад захопнікаў за час памежнай вайны супраць Шатляндыі. Шатляндзкі кароль Вільгэльм I Леў утрымліваўся ў вязьніцы ў Ньюкасьле ў 1174 годзе. Места было пасьпяхова абароненае ад шатляндцаў тройчы цягам XIV стагодзьдзя[7]. З 1530 году каралеўскі закон абмяжоўваў усе пастаўкі вугалю з Тайнсайду ў Ньюкасл-Куэйсайд, даючы манаполію на гандаль вуглём картэлю ньюкаслаўскіх месьцічаў, вядомаму як Гостмэны. Гэтая манаполія, якая праіснавала значны час, дапамагла Ньюкаслу расквітнець і ператварыцца на буйны горад. Фраза «везьці вугаль у Ньюкасл» упершыню была зафіксаваная ў кантэкстуальным пляне ў 1538 годзе[13], а ейны сэнс азначае брацца за бессэнсоўную справу[14]. У 1630-х гадах блізу 7 тысяч жыхароў Ньюкасла памерлі ад чумы, што складала больш за траціну насельніцтва на той час[15].

Відарысы Ньюкасла 1954 году.

У час Ангельскай рэвалюцыі Поўнач абвесьціла пра падтрымку караля. У спробе атрымаць Ньюкасл і Тайн хаўрасьнікі паплечнікі Кромўэла, шатляндцы, захапілі горад Ньюбэрн. У 1644 годзе шатляндцы па аблозе захапілі ўмацаваньні на рацэ Лоў у Саўт-Шылдс, таму сам Ньюкасл быў абложаны шмат месяцаў. У рэшце рэшт хаўрасьнікі Кромўэла ўзялі яго штурмам і разрабавалі. Карл I быў зьняволены шатландцамі ў Ньюкасьле ў 1646—1647 гадах[16]. Па складаньні уніі ў 1707 годзе гарадзкія муры страцілі сваю функцыю, пасьля чаго пачалося прамысловае разьвіцьцё. Здабыча і перапрацоўка вугалю і жалеза стварылі шэраг адмысловых галінаў прамысловасьці, як то вытворчасьць сталі[17]. Ньюкасл таксама стаў цэнтрам вытворчасьці шкла[34], што адыграла ключавую ролю ў прамысловым разьвіцьці ўсяго рэгіёну. Ньюкасл быў чацьвертым паводле велічыні цэнтрам друку ў краіне пасьля Лёндану, Оксфарду і Кембрыджа[18][19], а Літаратурна-філязофскае таварыства 1793 году[20], зь ягонымі эрудыраванымі дыскусіямі і вялікім фондам кнігаў на некалькіх мовах, апярэдзіла Лёнданскую бібліятэку на паўстагодзьдзя[20].

Вялікі пажар у Ньюкасьле і Гейтсгэдзе быў трагічнай і відовішчнай сэрыяй падзеяў, якія пачаліся ў пятніцу, 6 кастрычніка 1854 году. У выніку сэрыі пажараў і выбуху, у выніку якіх загінулі 53 чалавекі і сотні былі параненыя, была зьнішчаная значная частка маёмасьці ў двух гарадах на паўночным усходзе Ангельшчыны[21]. Статус сіці быў нададзены Ньюкаслу 3 чэрвеня 1882 году[22]. У XIX стагодзьдзі караблебудаваньне і цяжкае машынабудаваньне адыгралі цэнтральную ролю ў росквіце гораду, які стаў адным з рухавіком прамысловай рэвалюцыі[23]. Пашыралася ўрбанізацыя места[24]. Сыстэма грамадзкага транспарту была мадэрнізаваная да 1901 году, калі на вуліцах гораду зьявіліся электрычныя трамваі, але з 1935 году яны паступова замяняліся тралейбусамі, а ў 1950 годзе трамвайных рух канчаткова быў спынены[25]. Муніцыпальнае жыльлё пачало замяняць трушчобы ў цэнтральных раёнах гораду ў 1920-х гадах, і гэты працэс расьцягнуўся ажно да 1970-х гадоў, разам з тым будаваліся прыватныя дамы[26]. У 2019 годзе розныя турыстычныя сайты называлі Ньюкасл самым прыязным горадам для вандроўнікаў у Вялікабрытаніі[27].

  1. https://www.ons.gov.uk/peoplepopulationandcommunity/populationandmigration/populationestimates/datasets/populationestimatesforukenglandandwalesscotlandandnorthernireland
  2. Shipbuilding in North East England.. England’s North East.
  3. Arbeia Roman Fort
  4. Mackenzie, Eneas Historical Account of Newcastle-upon-Tyne. british-history.ac.uk.
  5. 1 2 3 4 5 Dodds, Graham Origins of (the) New Castle upon Tyne. Newcastle University. Архіўная копія ад 02.04.2015 г.
  6. The war and bloodshed of our historic Baronial families. Morpeth Herald (19.05.2013). Архіўная копія ад 25.03.2018 г.
  7. 1 2 3  Lewis, Samuel A Topographical Dictionary of England. — British History Online, 1848.
  8. 1 2 Mackenzie, Eneas (1827) The Corporation: Grants and charters. Mackenzie and Dent.
  9. 1 2 Newcastle City Council. Tyne & Wear Archives & Museum. Архіўная копія ад 05.08.2020 г.
  10. Mackenzie, Eneas (1827) The Corporation: Grants and charters. Mackenzie and Dent.
  11. Newbottle – Newcastle-upon-Tyne British History Online – Retrieved 18 August 2009.
  12. Mackenzie, Eneas Historical Account of Newcastle-Upon-Tyne. Mackenzie and Dent, Newcastle-upon-Tyne.
  13.  Morely, Paul The North (And Almost Everything In It). — Bloomsbury. — ISBN 9780747578161
  14.  Ayto, John Oxford Dictionary of English Idioms. — Oxford University Press. — ISBN 978-0199543786
  15. Bower, Ian (22.10.2014) Ebola and Plague in Newcastle in 1636. Tyne & Wear Archives & Museums.
  16. Civil War. The Northern Echo (10.03.2009).
  17. Coal Mining and Railways in the North East. England’s North East.
  18. Maples, Ben (12.07.2024) Things to Do in Newcastle. universitycompare.com.
  19. Johnson, Ben (29.03.2025) Newcastle-upon-Tyne. historic-uk.com.
  20. 1 2 We take a closer look at the vibrant city of Newcastle
  21. Last surviving building from Great Fire. Quayside Lives. Архіўная копія ад 30.06.2017 г.
  22. Recalling the fascinating history of the city of Newcastle – from A to Z. Chronicle Live (06.07.2018).
  23. The History of Newcastle upon Tyne. information-britain.co.uk. Архіўная копія ад 04.02.2014 г.
  24. A history of urbanisation in Britain. BBC Learning Zone. Архіўная копія ад 06.01.2014 г.
  25. Newcastle City Council: Transport. Tyne & Wear Archives & Museums. Архіўная копія ад 02.01.2016 г.
  26. Stories that shocked Tyneside: The high rise and fall of a leader who got greedy. The Chronicle (09.06.2014).
  27. Travel site names Newcastle the friendliest city in the United Kingdom. Chronicle Live (04.10.2019).

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]