Лівэрпул
Лівэрпул | |||||
анг. Liverpool | |||||
| |||||
Дата заснаваньня: | 1207 | ||||
Краіна: | Вялікабрытанія | ||||
Рэгіён: | Ангельшчына | ||||
Графства: | Мэрсісайд | ||||
Кіраўнік: | Джаан Андэрсан[d] | ||||
Плошча: |
| ||||
Вышыня: | 70 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: |
| ||||
Тэлефонны код: | 151 | ||||
Паштовы індэкс: | L | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°24′26″ пн. ш. 2°59′30″ з. д. / 53.40722° пн. ш. 2.99167° з. д.Каардынаты: 53°24′26″ пн. ш. 2°59′30″ з. д. / 53.40722° пн. ш. 2.99167° з. д. | ||||
Лівэрпул | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
https://liverpool.gov.uk |
Лівэрпу́л (па-ангельску: Liverpool) — горад у Вялікабрытаніі, у графстве Мэрсісайд, порт на паўночна-заходнім узьбярэжжы Ангельшчыны. Насельніцтва на 2021 год складала 486 100 чалавек. Разам з прадмесьцямі лівэрпульская аглямэрацыя займае пяты радок паводле колькасьці насельніцтва, сягаючы да 2,24 млн чалавек[1]. Статус пасяленьня Лівэрпул атрымаў у 1207 годзе, а статус гораду быў набыты ў 1880 годзе. Рост гораду атасамляўся з разьвіцьцём порту падчас Індустрыяльнай рэвалюцыі. Поруч з рознымі грузамі, у тым ліку сыравіны, як то вугаль і бавоўна, мяцовыя гандляры бралі ўдзел ў гандлі рабамі. У XIX стагодзьдзі Лівэрпул быў галоўным портам выпраўленьня ангельскіх і ірляндзкіх эмігрантаў у Паўночную Амэрыку. Тут адбыўся спуск на воду двух знакамітых лайнэраў — «Тытаніка» і «Брытаніка».
У 2019 годзе Лівэрпул стаў пятым паводле наведваньня горадам Вялікабрытаніі[2]. Ён вылучаецца сваёй культурай, архітэктурай і транспартным злучэньнем. Горад цесна зьвязаны з мастацтвам, асабліва музыкай. Папулярнасьць Бітлз, які лічыцца адным з самых уплывовых гуртоў у сьвеце, падвысіла цікавасьць да гораду сярод турыстаў[3]. У горадзе месьцяцца дзьве вядомыя футбольныя каманды, удзельнікі ангельскай Прэм’ер-лігі — «Лівэрпул» і «Эвэртан». Матчы паміж імі маюць назоў Мэрсісайдзкае дэрбі. Лівэрпул таксама ёсьць месцам найстарэйшай мурынскай дыяспарай у Вялікабрытаніі і найстарэйшай кітайскай дыяспарай у Эўропы.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раньнія гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На месцы цяперашняга гораду ў 1190 годзе існавала селішча пад назвай Liuerpul, што азначала «каламутны вадаём». Некаторыя дасьледнікі ў якасьці варыянту этымалёгіі прыводзяць слова elverpool — вадаём з вуграмі. У 1207 годзе кароль Яан Безьзямельны выпусціў грамату, якая прадпісвала стварэньне ў гэтым месцы новага паселішча[4] (borough) і запрашала пасяленцаў абгрунтоўвацца тамака. Пасьля пабудовы лівэрпульскага замка мястэчка ператварылася ў пункт адпраўкі войскаў у Ірляндыю.
У сярэдзіне XVI стагодзьдзя насельніцтва Лівэрпулу складала ўсяго толькі блізу 500 чалавек. У 1571 годзе жыхары мястэчка паслалі каралеве Лізавеце сьлязьлівую пэтыцыю аб падаваньні ім субсыдыяў. У 1644 годзе падчас грамадзянскай вайны Лівэрпул апынуўся ў васемнаццацідзённай аблозе[5]. У 1699 годзе першы рабаганлярскі карабель выправіўся з гораду ў Афрыку[6]. З рымскіх часоў суседні горад Чэстэр на рацэ Дзі быў галоўным портам рэгіёну на Ірляндзкім моры. Аднак, калі суднаходзтва па рацэ пачало ўскладняцца празь пясковыя намулы, марскі гандаль паступова пераарыентаваўся на Лівэрпул. Але, напэўна, рэарганізацыя Лівэрпульскай рады мае большую значнасьць дзеля разьвіцьця места[7].
Росквіт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У XVIII стагодзьдзі, дзякуючы разьвіцьцю амэрыканскіх калёніяў Вялікабрытаніі, значнасьць Лівэрпулу як порту на заходнім узьбярэжжы пачало павялічвацца. У 1715 годзе тут быў збудаваны першы ў Ангельшчыне закрыты партовы док[8]. Да пачатку XIX стагодзьдзя празь Лівэрпул праходзіла каля 40% сусьветнага гандлёвага трафіку. Гэтаму спрыяла тое, што ў 1830 годзе Лівэрпул і Манчэстэр сталі першымі гарадамі, якія былі злучаныя міжгародняй чыгуначнай сувязьзю. Насельніцтва працягвала хутка расьці, асабліва ў 1840-я гады, калі ірляндзкія мігранты пачалі масава прыбываць у выніку Вялікага голаду. Статус гораду Лівэрпул атрымаў у 1880 годзе. У наступным ён працягваў дынамічна разьвівацца. Брытанія была галоўным рынкам збыту бавоўны, імпартаванай з поўдня ЗША, які сілкаваў тэкстыльнай прамысловасьць у краіне. Улічваючы гэты факт, падчас грамадзянскай вайны ў ЗША Лівэрпул быў, паводле словаў гісторыка Свэна Бэкерта, найбольш праканфэдэрацыйным местам у сьвеце па-за межамі саміх КША[9]. Цягам XIX стагодзьдзя дабрабыт Лівэрпула перавысіў дабрабыт Лёндану[10], а лівэрпульская мытня была галоўным сплатнікам Палаты шахматнай дошкі[11], то бок найвышэйшага фінансавага органу Ангельшчыны на той час. У канцы XIX і пачатку XX стагодзьдзяў горад прыцягваў імігрантаў з усёй Эўропы. Гэта прывяло да будаўніцтва разнастайнага шэрагу рэлігійных будынкаў дзеля новых этнічных і рэлігійных груп, многія зь якіх функцыянуюць і на сёньня. У 1800-я гады былі пабудаваныя Лівэрпульская нямецкая кірха, Грэцкая праваслаўная царква Сьвятога Мікалая, Кірха Густава Адольфа і Сынагога на Прынсэс-роўд, якія служылі месцам набажэнстваў нямецкай, грэцкай, скандынаўскай і габрэйскай супольнасьцяў Лівэрпула адпаведна. Адна з найстарэйшых ацалелых цэркваў Лівэрпула — Рымска-каталіцкая царква Сьвятога Пятра, якая апошнім часам належыла польскай супольнасьці, а сёньня там месьціцца рэстарацыя.
Міжваенны час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паваенны пэрыяд пасьля Першай сусьветнай вайны быў адзначаны сацыяльнымі хваляваньнямі, калі грамадзтва сутыкнулася з масіўнымі ваеннымі стратамі сярод маладых людзей, а таксама спрабавала інтэграваць вэтэранаў у эканоміку. Страйкі ладзіліся прафэсійнымі зьвязамі ў шматлікіх месцах, у тым ліку ў Лівэрпулі. Шматлікія жаўнеры і маракі з калёніяў Афрыкі і Індыі, якія служылі ў брытанскім войску, пасяліліся ў Лівэрпулі ды іншых партовых гарадах. У чэрвені 1919 году яны падвяргаліся нападу з боку белых у расавых хваляваньнях. У гэты ж пэрыяд такія хваляваньні ахапілі Кардыф, Ньюпарт і Бэры. Сутычкі адбыліся таксама ў Глазга, Саўт-Шылдсе, Лёндане, Гале і Солфардзе[12]. Закон аб жыльлёвым будаўніцтве 1919 году прывёў да таго, што жыльлё стала масава будавацца гарадзкой радай у 1920-я і 1930-я гады. Тысячы сем’яў былі перамешчаныя з нутранага гораду ў новыя жыльлёвыя маёнткі ў прадмесьцях. У гэтую эпоху таксама будаваліся шматлікія прыватныя дамы. Падчас Вялікай дэпрэсіі ў пачатку 1930-х гадоў беспрацоўе ў Лівэрпулі дасягнула паказьніку ў 30%. У 1930 годзе ў горадзе адкрыўся ўласны аэрапорт. За часам Другой сусьветнай вайны места жорстка бамбавалася нямецкай авіяцыяй, то бок люфтвафэ зладзілі 80 баявых вылетаў на Мэрсісайд, забіўшы 2500 чалавек і ўчыніўшы шкоду маёмасьці.
Найноўшая гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1960-х Лівэрпул стаўся адным з самых папулярных цэнтраў моладзевай культуры. Самым знакамітым культурным фэномэнам, якія нарадзіліся тут, стаў гурт Бітлз. Зь сярэдзіны 1970-х гадоў докі Лівэрпула і традыцыйная вытворчая галіна прыйшлі ў заняпад, што прывяло да вялікіх страт працоўных месцаў. Вынаходзтва і пашырэньне выкарыстаньня кантэйнэраў азначала, што праца гарадзкіх докаў зьмянілася, а работнікі былі звольненыя з працы. Да пачатку 1980-х гадоў узровень беспрацоўя ў Лівэрпулі быў адным з самых высокіх у Вялікабрытаніі[13]. Гэтак на на студзень 1982 году ён дасягнуў 17%. Такі паказьнік быў толькі ў два разы ніжэйшы за лічбы беспрацоўя часу Вялікай дэпрэсіі 50 гадоў раней[14]. У гэты пэрыяд Лівэрпул стаў цэнтрам жорсткага палітычнага левага супрацьстаяньня цэнтральнаму ўраду ў Лёндане[15]. У канцы XX стагодзьдзя гаспадарка пачала аднаўляцца. Зь сярэдзіны 1990-х гадоў тэмпы росту эканомікі нават пераўзыходзілі сярэднія паказьнікі ў краіне. У 2004 годзе былі ўкладзены амаль 1 млрд даляраў у перабудову ў гістарычным цэнтры Лівэрпулу дзеля пабудовы гандлёва-забаўляльнага цэнтра Лівэрпул-Ўан. Буданіўцтва было скончанае ў 2008 годзе.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Эканоміка Лівэрпула ёсьць адной з найбуйнейшых у Вялікабрытаніі, зьяўляючыся адной зь дзьвюх асноўных эканомік на паўночным захадзе Ангельшчыны[16]. Эканоміка гораду моцна ўзрасла зь сярэдзіны 1990-х гадоў, а ягоная эканамічныя паказьнікі асабліва павялічыліся ў пэрыяд з 1995 па 2006 гады. Занятасьць насельніцтва павялічылася на 12% у пэрыяд з 1998 па 2006 гады[17]. Паводле ацэнак, СУП на душу насельніцтва складаў 32 121 даляр ЗША ў 2014 годзе, а агульны СУП — 65,8 млрд даляраў[18].
Як і ў большай частцы астатніх гарадоў Вялікабрытаніі на сёньня, у эканоміцы Лівэрпула пераважае сфэра паслугаў, якую прадстаўляюць як дзяржаўныя, гэтак і прыватныя прадпрыемствы. У 2007 годзе больш за 60% усіх занятых у эканоміцы гораду працавалі ў сфэрах дзяржаўнага кіраваньня, адукацыі, аховы здароўя, а таксама банкаўскім, фінансавым і страхавым сэктарах[17]. За апошнія гады таксама наладзіўся значны рост эканомікі ведаў Лівэрпула па стварэньні Лівэрпульскага кварталу ведаў, які арыентуецца на разьвіцьцё СМІ і навук аб жыцьці[19]. Багатая архітэктура Лівэрпула таксама дапамагла гораду прасунуцца на другое месца ў краіне пасьля Лёндану паводле колькасьці здымак фільмаў. Гэтак вуліцы і будынкі гораду часта ўвасабляюць сабой у кінастужках такія гарады, як то Чыкага, Лёндан, Масква, Нью-Ёрк, Парыж і Рым[20][21].
Яшчэ адным важкім кампанэнтам эканомікі Лівэрпула ёсьць сэктары турызму і адпачынку. Горад займае шосты радок у сьпісе самых наведвальных гарадоў Вялікабрытаніі[22], а таксама ўваходзіць у сьпіс 100 самых наведвальных замежнікамі гарадоў сьвету[23]. Новы гарадзкі тэрмінал, які здольны прымаць круізныя лайнэра і месьціцца ля Пір-Гэду, зрабіў Лівэрпул адным зь нешматлікіх местаў у сьвеце, дзе круізныя караблі здольныя прытарнаваццца наўпрост у цэнтры горада[24]. Узбудаваньне Лівэрпул-Арэны і Лівэрпул-Ўан зрабіла горад важным цэнтрам адпачынку, а апошні з узгаданых цэнтраў узвысіў Лівэрпул у першую пяцёрку гандлёвых накірункаў у Вялікабрытаніі[25].
Гістарычна склалася, што эканоміка Лівэрпула гуртавалася вакол гарадзкога порту і мануфактураў, але сёньня колькасьць людзей, якія працуюць у порце, складае невялікі адсотак[17]. Тым ня менш, порт застаецца адным з найважнейшых у структуры эканомікі. У Лівэрпулі маюцца філіі шматлікіх сусьветных суднаходных кампаніяў, уключаючы японскую фірму NYK і дацкую фірму Maersk. Вытворчасьць аўтамабіляў робіцца на заводзе Ягуар-Лэнд Ровэр Гэйлўуд, дзе зьбіраюць мадэль Рэндж Ровэр Эвок.
Гарады-сябры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сувязь зь Беларусьсю
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- У Лівэрпулі нарадзіўся доктар Алан Флаўэрз (1953) — брытанскі навуковец, які вывучае наступствы ядзернай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, абаронца навакольнага асяродзьдзя і правоў чалавека, папулярызатар беларускай культуры ў Вялікабрытаніі і старшыня Ангельска-беларускага таварыства.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ «British urban pattern: population data». ESPON project 1.4.3 Study on Urban Functions. European Spatial Planning Observation Network. 2007.
- ^ «Cities and towns in the United Kingdom (UK) ranked by international visits in 2019». Statista.
- ^ Hasted, Nick (2017). «You Really Got Me: The Story of The Kinks». Omnibus Press. — С. 425.
- ^ Picton, J.A. (1875). «Memorials of Liverpool». Vol. 1. Historical (2nd ed.). London: Longmans, Green & Co. — С. 11—12. — OCLC 10476612.
- ^ «The York March, 1644». BCW Project.
- ^ «Liverpool’s Slavery History Trail». Lodging World.
- ^ Power, Michael (1999). «Creating a Port: Liverpool 1695—1715». Transactions of the Historic Society of Lancashire and Cheshire. 149: 51–71.
- ^ «The Lost Dock of Liverpool». Channel 4: Time Team, 21.04.2008.
- ^ Beckert, Sven (2014). «Empire of Cotton: a Global History». New York: Knopf.
- ^ «Ten facts about Liverpool». The Daily Telegraph.
- ^ Hatton, Brian (28.03.2011). «Shifted tideways: Liverpool’s changing fortunes». The Architectural Review.
- ^ Dr Laura Tabili (2009). «Review of Jacqueline Jenkinson, Black 1919: Riots, Racism and Resistance in Imperial Britain, Liverpool». Liverpool University Press. — ISBN 9781846312007.
- ^ «A History of Liverpool». Local Histories.
- ^ «Number of people unemployed at three-million mark in Britain». The Leader-Post.
- ^ «The English city that wanted to 'break away' from the UK». BBC News.
- ^ «Economic Data». Liverpool Vision.
- ^ а б в «Liverpool Economic Briefing — March 2009». Liverpool City Council.
- ^ «Global Metro Monitor». The Brookings Institution.
- ^ «Business sectors and services». Liverpool City Council.
- ^ «Locations, crew and facilities databases». Liverpool City Council.
- ^ «Host City: Liverpool». England 2018.
- ^ «Birmingham overtakes Glasgow in top 10 most-visited». Office for National Statistics.
- ^ «Top 150 City Destinations: London Leads the Way». Euromonitor International.
- ^ «City of Liverpool Cruise Terminal». Liverpool City Council.
- ^ «UK recession tour: Liverpool’s retail therapy pays off». The Daily Telegraph.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйны сайт (анг.)
- Лівэрпул культурная сталіца Эўропы 2008 году (анг.)
- Лівэрпул. Старонка турыста (анг.)