Адвечная песьня (спэктакль)
Выгляд
(Перанакіравана з «Адвечная песьня (спэктакаль)»)
«Адвечная песьня» | |
Жанр | музычны спэктакль |
---|---|
Паводле | паэмы Янкі Купалы «Адвечная песьня» |
Рэжысэр | Сяргей Кавальчык |
Мастак-пастаноўнік | Уладзімер Ціханаў |
Кампазытар | Цімур Каліноўскі |
Харэограф | Тамара Федасеева |
Акторы | Ігар Сігоў Тацьцяна Мархель Віктар Багушэвіч і інш. |
Працягласьць | 90 хв. |
Краіна | Беларусь |
Мова | беларуская |
Год прэм’еры | 25 верасьня 2002 |
Пастаноўкі | Рэспубліканскі тэатар беларускае драматургіі |
Узнагароды | гран-пры фэстывалю ў Волагдзе (2007), дыплёмы фэстываляў у Гомелі (2003) і Хэрсоне (2006) |
«Адвечная песьня» — спэктакль, пастаўлены рэжысэрам Сяргеем Кавальчыкам у Рэспубліканскім тэатры беларускае драматургіі і прымеркаваны да 120-годзьдзя з дня нараджэньня Янкі Купалы. Прэм’ера адбылася 25 верасьня 2002 году.
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Спэктакль акрэсьлены пастаноўнікамі як «першая беларуская фольк-рок-опэра».[1]
Акторы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ігар Сігоў — Мужык
- Тацьцяна Мархель — Маці, Зіма
- Віктар Багушэвіч — Бацька
- Алена Баярава, Ганна Палупанава — Жонка
- Натальля Халадовіч — Бяда
- Галіна Чарнабаева, Марыя Пятровіч — Доля
- Сяргей Шымко — Голад, Холад
- Ганна Маслоўская — Вясна
- Ігар Вяпшкоўскі — Бязногі салдат
- Анастасія Баброва — Лета
- Людміла Сідаркевіч — Вядзьмарка
- Бэла Шпінер — Восень
- Максім Паніматчанка — Старэйшы сын
- Вераніка Буслаева — Нявестка
- Аляксандар Марчанка, Дзяніс Паршын, Кірыл Навіцкі — Салдаты
- Андрэй Дабравольскі — Сьвятар
- Глаша Арыніч, Маша Халадовіч — Дзеці Мужыка
- Алена Баярава, Ганна Палупанава, Марыя Пятровіч, Надзея Цьвяткова — Сялянкі
Водгукі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]…Пастаноўка скарае магутнай, заразьлівай энэргетыкай, якая знаходзіць жывы водгук у глядзельнае залі. Кола жыцьця працаўніка-беларуса ад нараджэньня да сьмерці вяртае нас да нацыянальных вытокаў…, падводзіць да ўсьведамленьня драматычнага лёсу народу… вобраз Мужыка ў таленавітым выкананьні І. Сігова, … падкрэсьлівае ў яго характары сьветлы, стваральны пачатак. | ||
— З кнігі «Сучасная беларуская драматургія» (2004)[2] |
Неймаверны захапляльны спэктакль пра тых, хто даваў нам жыцьцё, сілу, гонар і веру, спэктакль пра шлях Беларуса пад гэтым сонцам на гэтай зямлі… Спэктакль, які ўжо праз год пасьля свайго нараджэньня заваяваў Гран-пры на Міжнародным тэатральным фэстывалі «Славянскія тэатральныя сустрэчы». Спэктакль, які шквалам авацый сустрэлі на гастролях у Іркуцку… Убачыўшы яго хоць раз, вы наўрад ці яго забудзеце. | ||
— Вольга Новік[3] |
Зь першых тактаў музыкі глядач трапляе ў стыхію паэзіі, вакалу, танцу і пантамімы. Нам распавядаюць аб лёсе Чалавека ад нараджэньня да сыходу ў іньшы сьвет. Выканаўца цэнтральнае ролі Мужыка… адразу дорыць адкрыцьцё: бездакорнае валоданьне вершам — якасьць, згубленая сёньня ў тэатры. …Тацьцяна Мархель скарае і голасам, и глыбокім пранікненьнем у сутнасьць народнае песьні, а ўся трупа вельмі ладна і гарманічна падхоплівае. Тая ж трупа вельмі плястычная ў гарэзных танцах. Цікавыя і яркія народныя вобразы ўплеценыя ў дзею спэктаклю, тэмпарытм якога вывераны і няспынна трымае ўвагу гледача. Зладжанасьць усёй дзеі кажа аб разьвітым пачуцьці ансамблю, пачуцьці локцю, а разнастайнасьць сцэнічных сродкаў — аб сынтэтычнасьці. | ||
— Эвэрт Карсакоў[4] |
Дынамічная, відовішчная рок-опэра «Адвечная песня»… сталася візытоўкай Рэспубліканскага тэатру беларускае драматургіі… Стваральнікі спэктаклю здолелі данесьці да сучаснай моладзевай аўдыторыі паэтычны дух купалаўскага шэдэўра, увесьці гарадзкога гледача ў архаічны ьвет сялянскага побыту, перадаць мэтафізічную сувязь пораў году з асноўнымі этапамі чалавечага жыцьця. Далікатныя, беражлівыя адносіны рэжысэра да тэксту паэмы не перашкодзілі зьяўленню сучасных акцэнтаў (напрыклад, зьяўленню людзей ў супрацьрадыяцыйных касьцюмах з дазыметрамі ў руках), а пэсымістычны купалаўскі фінал увогуле заменены ў спэктаклі на аптымістычны: нават пабачыўшы, што творыцца на сучаснае Беларусі, Мужык не вяртаецца ў труну, а застаецца на зямлі як сімвал незнішчальнасьці і бессмяротнасьці беларускае нацыі, як апора Бацькаўшчыны. Невыпадкова «Адвечная песня» надзвычай спадабалася ўкраінскім гледачам і крытыкам, якія былі прыемна зьдзіўленыя яскравай нацыянальнай формай, выяўленьнем гістарычнага аптымізму і магутнай акторскай энэргетыкай у беларускім спэктаклі. | ||
— Сяргей Кавалёў[5] |
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 2003 — дыплём «Найлепшы спэктакль фэстывалю», фэстываль «Славянскія тэатральныя сустрэчы» (Гомель)
- 2006 — дыплём дырэктара фэстывалю актору І. Сігову «За сцэнічнае ўвасабленьне глыбіні славянскай душы», дыплём калектыву тэатру «За акцёрскі ансамбль», VIII Міжнародны тэатральны фэстываль «Мэльпамена Таўрыі» (Хэрсон, Украіна)
- 2006 — дыплём актору І. Сігову ад «Народнае газэты», тэатральны конкурс ХІІІ Менскага міжнароднага кінафэстывалю «Лістапад» («Менск»)
- 2007 — гран-пры IX Міжнароднага тэатральнага фэстывалю «Галасы гісторыі» (Волагда, Расея)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Адвечная песьня Рэспубліканскі тэатар беларускае драматургіі Праверана 28 кастрычніка 2012 г.
- ^ Беларускі саюз літаратурна-мастацкіх крытыкаў. Сучасная беларуская драматургія. — 2004. — С. 144.
- ^ В.Новік. Рэцэнзція на спэктакль «Адвечная песьня» / Настаўніцкая газэта. — 2005. — 22 верасьня.
- ^ Э.Карсакоў. Нататкі аб гастролях Рэспубліканскага тэатру беларускае драматургіі ў Іркуцку.
- ^ Рэцэпцыя творчасьці Янкі Купалы і Якуба Коласа ў сучасным беларускім тэатры Czasopis / Villa Sokrates Праверана 28 кастрычніка 2012 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Старонка спэктаклю з відэаролікам і фотагалерэяй на сайце Рэспубліканскага тэатру беларускае драматургіі
- Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі. «Адвечная песьня» // Тэлеканал «Беларусь 3», 22 красавіка 2016 г. Праверана 18 траўня 2016 г.
- Інфармацыя аб спэктаклі на сайце afisha.tut.by
- І. Кіеня. «Адвечная песня»: спектакль о судьбе каждого из нас на сайце interfax.by (рас.)