Гісторыя Чашнікаў
Чашнікі — даўняе мястэчка гістарычнай Полаччыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захавалася царква Сьвятога Спаса ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі барока комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Лукі, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Чашнікі зьмяшчаецца ў пераліку буйных паселішчаў Полаччыны і датуецца 1504 годам. У Інфлянцкую вайну, на загад Івана Жахлівага, на правым беразе Вулы збудавалі ўмацаваны замак (спалены ў 1708 годзе). У 1564 годзе каля Чашнікаў на Іванскіх палях абаронцы Вялікага Княства Літоўскага пад камандаю гетмана вялікага Мікалая Радзівіла «Рудога» нечаканым ударам разьбілі 25-тысячнае маскоўскае войска Шуйскага. Сам Шуйскі загінуў у бітве. У 1567 годзе войскі Вялікага Княства Літоўскага зноў разьбілі маскоўскіх захопнікаў. З 1568 году Чашнікі знаходзіліся ў валоданьні Ганны Радзівілаўны. У 1580 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторы прымаў у мястэчку Шышмарова, пасла Івана Жахлівага.
З пачатку XVI стагодзьдзя Чашнікі знаходзіліся ў складзе Полацкага ваяводзтва, у валоданьні князёў Лукомскіх. У канцы XVI ст. мясьціна перайшла да Кішкаў, у пачатку XVII ст. — да Друцкіх-Сакалінскіх, пазьней Сапегаў. На 1633 год у Чашніках было 109 будынкаў, 16 крамаў[1], паселішча належала Казаноўскім. З 1649 году маёнтак быў у валоданьні Слушкаў. У 1664 годзе[1] харунжы Дамінік Служка фундаваў тут кляштар дамініканаў. У 1722 годзе мястэчка перайшло да С. Быкоўскага-Лапоты, у 1785 годзе — да Валадковічаў. У 1786 годзе пры дамініканскім кляштары збудавалі мураваны касьцёл, у якім захоўвалася цудоўная фігура Пана Езуса, шанаваная мясцовымі жыхарамі. У XVIII ст. дзейнічала прыстань, больш за 40 складоў[1], працавалі майстэрні вырабу стругаў — гандлёвых суднаў. У гэты час Чашнікі атрымалі шэраг прывілеяў. У 1791 годзе мястэчка стала сталіцай Полацкага ваяводзтва.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Чашнікі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Лепельскім павеце Полацкай, з 1796 году Беларускай, з 1802 году Віцебскай губэрні. У вайну 1812 году каля мястэчка адбылася бітва паміж расейскімі (пад камандай Вітгенштэйна) і францускімі (пад камандай Віктора) войскамі. У 1832 годзе па здушэньні вызвольнага паўстаньня расейскія ўлады скасавалі кляштар дамініканаў, па чым парафію абслугоўвалі дыяцэзіяльныя ксяндзы. У 1843[2]—1845 гадох у мястэчку збудавалі Спаса-Праабражэнскую царкву. У сярэдзіне XIX ст. у Чашніках налічвалася каля 2,5 тысячы жыхароў; сярод местачкоўцаў было нямала лёцманаў, якія наймаліся ўвесну на баркі, праводзячы іх Дзьвіною да Рыгі. У 1868 годзе па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл Сьвятога Лукі на царкву Маскоўскага патрыярхату.
У 1886 годзе ў Чашніках адкрылася папяровая фабрыка. Згодна з вынікамі перапісу 1897 году, у мястэчку было 703 будынкі, працавалі лячэбніца, аптэка, 2 народныя вучэльні. На 1906 год у Чашніках было 5 камяніц, 1332 драўляныя будынкі, зь якіх 642 жылыя, нежылыя — 695. У 1909 годзе адкрылася меская вучэльня, пераўтвораная ў 1913 годзе на вышэйшую пачатковую.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Чашнікі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. 17 ліпеня 1924 году Чашнікі вярнулі ў БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёну Віцебскай, пазьней Лепельскай акругаў. У 1925 годзе пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя Чашнікі. З 1938 году мястэчка знаходзіцца ў складзе Віцебскай вобласьці. 27 верасьня 1938 году Чашнікі атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 5 ліпеня 1941 да 27 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
У 1962—1965 гадох Чашнікі ўваходзілі ў склад Бешанковіцкага раёну. 7 лютага 1966 году паселішча атрымала статус места. У 2004 годзе Чашнікі адзначылі сваё 500-годзьдзе. 20 студзеня 2006 году афіцыйна зацьвердзілі мескі герб[3].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Касьцёл Сьвятога Лукі і кляштар дамініканаў, 1913 г.
-
Касьцёл Сьвятога Лукі па руйнаваньні вежаў, 1941 г.
-
Галоўны алтар касьцёла, 1941 г.
-
Спаская царква, 1941 г.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Грынявецкі В. Чашнікі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 745.
- ^ Chmara A. Czaśniki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 776
- ^ Указ Президента Республики Беларусь от 20 января 2006 г. №36 «Об учреждении официальных геральдических символов административно-территориальных и территориальных единиц Витебской области»(недаступная спасылка)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — ISBN 985-11-0279-2
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Чашніцкага р-на. — Мн.: Беларуская навука, 1997. — 542 с. ISBN 5-343-01611-1.
- Святы Казімір у Паазер’і: 400 гадоў каталіцызма ў Лепельскім краі. — Лепель: Выдавецкая ініцыятыва LEPLE, 2004.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын. — 616 с. — ISBN 985-11-0276-8
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880.