Перайсьці да зьместу

Ляхавіцкі замак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік абарончай архітэктуры
Ляхавіцкі замак
Ляхавіцкі замак
Ляхавіцкі замак
Краіна Беларусь
Места Ляхавічы
Каардынаты 53°02′32.18″ пн. ш. 26°15′41.39″ у. д. / 53.0422722° пн. ш. 26.2614972° у. д. / 53.0422722; 26.2614972Каардынаты: 53°02′32.18″ пн. ш. 26°15′41.39″ у. д. / 53.0422722° пн. ш. 26.2614972° у. д. / 53.0422722; 26.2614972
Заснавальнік Ян Караль Хадкевіч
Статус Ахоўная зона
Ляхавіцкі замак на мапе Беларусі
Ляхавіцкі замак
Ляхавіцкі замак
Ляхавіцкі замак
Ляхавіцкі замак на Вікісховішчы

Ляхавіцкі замак — помнік архітэктуры XVI—XVII стагодзьдзяў у Ляхавічаў. Знаходзіўся ў цэнтры места, на беразе ракі Ведзьмы. Твор архітэктуры рэнэсансу.

Ляхавіцкі замак — адна з наймацнейшых бастыённых фартэцыяў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай[1].

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Рэканструкцыя выгляду замка

У 1572 годзе маёнтак Ляхавічы перайшоў да Хадкевічаў, калі яго набыў Ян Хадкевіч. У канцы XVI ст. сын Яна Хадкевіча Ян Караль замест невялікага драўлянага збудаваў магутны бастыённы замак. У 1595—1596 гадох замак беспасьпяхова штурмавалі казацкія загоны Севярына Налівайкі і Мацьвея Шавулы.

У 1635 годзе праз дынастычны шлюб замак і мястэчка перайшлі да Сапегаў. У 1648—1654 гадох замак тройчы беспасьпяхова спрабавалі ўзяць казацкія загоны. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе маскоўскія войскі Аляксея Трубяцкога падышлі да Ляхавічаў, спалілі прадмесьці і слабоды, але замак узяць ня здолелі. У сакавіку — траўні 1660 году замак двойчы штурмавала 11-тысячнае войска маскоўскага ваяводы Івана Хаванскага. Абаронцы здолелі адбіць абодва штурмы.

За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1706 годзе казацкія аддзелы маскоўскага войска вытрымалі паўгадовую швэдзкую аблогу, аднак урэшце мусілі капітуляваць, па чым швэдзкія войскі зруйнавалі замак. У 1709 годзе замак двойчы бралі ў аблогу войскі караля і вялікага князя Станіслава Ляшчынскага. Да Ляхавічаў падышоў аддзел Рыгора Агінскага, разам з 2-тысячным аддзелам войскаў маскоўскага гаспадара Пятра I, але па кароткім боі з войскамі Аляксандра Паўла Сапегі мусіў адступіць.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Ляхавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у першай палове XIX ст. замак прадалі гандлярам, якія разабралі абмуроўку замка і замкавыя пабудовы[2].

Помнік на месцы замка

У 1986 годзе археалягічныя дасьледаваньні на Замчышчы праводзіў Міхась Чарняўскі.

Помнік архітэктуры рэнэсансу. Займаў прастакутную ў пляне пляцоўку (175×220 м) на левым беразе ракі на ўзгорку, аточаным вадзяным ровам. Зьмяшчаў найлепшыя дасягненьні новаітальянскай сыстэмы фартыфікацыі: чатыры магутныя бастыёны на вуглах злучаліся між сабой валамі-курцінамі, тры бастыёны мелі ўзвышэньні-кавальеры, якія дазвалялі весьці больш эфэктыўны абстрэл прылеглай тэрыторыі. Звонку бастыёны, курціны і кавальеры мелі мураваную аблямоўку і завяршаліся ўверсе мураваным бруствэрам з зубцамі. Падземныя мураваныя хады ўсярэдзіне валоў дазвалялі лёгка пераходзіць з бастыёну на бастыён.

Уезд у замак ажыцьцяўляўся праз 4-ярусную вежу-браму ў паўднёвай курціне, да якой вёў драўляны мост на палях. На другім ярусе знаходзіўся мэханізм, які падымаў апошні пралёт моста, і байніцы для стралкоў. Трэці ярус меў выгляд баявой пляцоўкі, абароненай зубчастым бруствэрам, зь якой прастрэльвалася прастора перад брамай. Вышэй была невялікая вежа, у якой знаходзіліся гадзіньнік, назіральны пост, і «ратны звон», якім абвяшчалі трывогу.

Унутраны двор замка меў шчыльную забудову. Насупраць уваходу стаяў 2-павярховы палац у выглядзе літары П, накрыты 2-схільным дахам з высокімі 3-яруснымі шчытамі на тарцах. Уздоўж курцінаў шчыльна стаялі драўляныя будынкі службаў і казармаў, налева ад брамы разьмяшчаўся мураваны арсэнал.

  1. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 238.
  2. ^ Страчаная спадчына. — Менск, 2003. С. 22.
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
  • Страчаная спадчына / Т. Габрусь, А. Кулагін, Ю. Чантурыя, М. Ткачоў: Уклад. Т. Габрусь. — Менск: Беларусь, 2003. — 351 с.: іл. ISBN 985-01-0415-5.
  • Ткачоў М., Цярохін С. Ляхавіцкая фартэцыя // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. № 1, 1973.
  • Чарняўскі М. Аб рэштках Ляхавіцкай фартэцыі // Castrum, urbis et bellum: Зборнік навуковых прац. Прысвячаецца памяці прафесара Міхася Ткачова. — Баранавічы, 2002. — 421 с.