Барыс Гадуноў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Барыс Гадуноў
цар усяе Русі
Boris Godunov by anonim (17th c., GIM).jpg
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 1551, Вязьма, Маскоўскае княства
Памёр 23 красавіка 1605(1605-04-23)[1][2], Масква, Маскоўская дзяржава
Пахаваны Траецка-Сергіева лаўра
Нашчадкі Фёдар II Гадуноў і Ксенія Гадунова
Дынастыя Гадуноў і Гадуновы
Сужэнец Марыя Скуратава-Бельская
Барыс Фёдаравіч Гадуноў

Барыс Фёдаравіч Гадуноў (1552, Вязьма — 23 красавіка [ст. ст. 13] 1605, Масква) — баярын, швагер цара Фёдара I Іванавіча, у 1587—1598 фактычны кіраўнік дзяржавы, з 27 лютага [ст. ст. 17] 1598 — расейскі цар.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сям’і вяземскага памешчыка Фёдара Іванавіча Гадунова ( 1569). Пасьля ягонай сьмерці Барысам апекаваўся дзядзька Дзьмітры Гадуноў. У 1570-я Барыс Гадуноў стаў, як і ягоны дзядзька, апрычнікам. У 1571 року быў дружкам на вясельлі цара Івана Жахлівага з Марфай Сабакінай, а пасьля сам ажаніўся з Марыя Скуратавай-Бельскай, дачкой Малюты Скуратава. У 1578 року стаў краўчым. Яшчэ праз два гады пасьля шлюбу свайго другога сына Фёдара зь сястрой Гадунова Ірынай Іван Жахлівы надаў Барысу званьне баярына. У апошні год жыцьця цара Барыс Гадуноў займеў пры двары вялікі ўплыў.

Пасьля ўваходу на сталец Фёдара Іванавіча атрымаў чын канюшага, званьня бліжняга вялікага баярына і намесьніка Казанскага і Астраханскага царстваў. Неўзабаве ўсе супернікі з рэгенцкай рады пры цары былі сасланыя ці памерлі, і з 1585 року — 13 з 14 гадоў цараваньня Фёдара — дзяржавай кіраваў Барыс Гадуноў. Пры гэтым умацоўваў дзяржаўнасьць Масковіі; так, у 1589 року ягонымі намаганьнямі быў абраны першы патрыярх — маскоўскі мітрапаліт Ёў. Распачаў будаўніцтва гарадоў, крэпасьцяў: Варонежу (1585), Ліўнаў (1586), Самары (1586), Царыцыну (1589), Саратава (1590), Яльцу (1592), Белгараду (1596), Цароў-Барысава (1600), Томску (1604). У 1596—1602 дзеля абароны ад Рэчы Паспалітай збудаваў Смаленскі крапасны мур — адно з найграндыёзьнейшых збудаваньняў дапятроўскай Расеі.

У Маскве за ім зьявіліся такія новаўвядзеньні, як вадаправод з Масквы-ракі. У 1584—1591 роках паўсталі муры Белага места, а ў 1592 року — яшчэ адна лінія ўмацаваньняў, ужо драўляна-земляная.

У зьнешняй палітыцы праявіў сябе таленавітым дыпляматам. 28 траўня [ст. ст. 18] 1595 заключыў Цяўзінскую мірную дамову, якая скончыла маскоўска-швэдзкую вайну 1590—1595 рокаў, а Маскоўская дзяржава атрымала Івангарад, Ям, Капор’е і Карэлу. Такім чынам, Масковія вярнула сабе ўсе землі, перададзеныя Швэцыі па выніках Лівонскай вайны.

17 студзеня [ст. ст. 7] 1598 памёр Фёдар Іванавіч, на якім перарвалася мужчынская лінія Маскоўскай галіны Рурыкавічаў (ягоны малодшы брат Дзьмітры загінуў у 8-гадовым веку ў Вуглічы пры нявысьветленых абставінах). Адзінай пераемніцай заставалася траюродная сястра нябожчыка Марыя Старыцкая, пастрыжаная ў манашкі. Фёдарава ўдава Ірына, сястра Барыса Гадунова, «рэкамэндавала» абраць яго царом і добраахвотна прыняла манаства. 27 лютага [ст. ст. 17] 1598 Земскі сабор абраў Гадунова, як царова швагра, на царства.

Ягонае панаваньне пачалося збліжэньнем з Захадам. Ён стаў запрашаць на службу іншаземцаў: купцоў, лекараў, прамыслоўцаў, вайскоўцаў, навукоўцаў. Адкрыцьцю ў Маскве ўнівэрсытэту зашкодзіла хіба пазыцыя духавенства, якое баялася пранікненьня герэтычных думак. У маскоўскі побыт пранікла эўрапейская культура: стыль вопраткі, жыльля, цырымоніяў ды нават галеньне бародаў.

Аднак на стальцы Барыс Гадуноў пачаў асьцерагацца за сваю пасаду і пачаў квітацца з баярамі. Так, Багдан Бельскі, якому было даручана будаваць Цароў-Барысаў, па наводзе быў сасланы. У 1601 ад хлусьлівага паклёпу былі сасланыя баяры Раманавы.

Пасьля рэпрэсіяў у дзяржаве з-за прыродных катаклізмаў пачаўся Вялікі голад (1601—1603). Цана хлеба вырасла ў 100 разоў. Людзі палічылі, што гэта пакараньне Божае за царстваваньне Гадунова. Пачаліся бунты. У 1602—1603 паўсталі сяляне, халопы і казакі 20 паветаў цэнтральнай і паўднёвай Масковіі пад даводзтвам Хлопка Касалапа. У паходзе на Маскву паўстанцы былі разьбітыя, але загінуў і кіраўнік войска Гадунова Іван Басманаў.

Пасьля распаўсюдзіліся чуткі пра тое, што царэвіч Дзьмітры жывы. 26 кастрычніка [ст. ст. 16] 1604 Ілжэдзьмітры I рушыў на Маскву з польскімі і казацкімі войскамі, аднак быў разьбіты ў студзені 1605 року.

13 красавіка 1605 року Барыс Гадуноў раптоўна памёр. Хадзілі чуткі пра ягонае атручваньне. Пахаваны ў Крамлёўскім Архангельскім саборы.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Барыс Гадуноўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў