Днестар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Днестар

Дне́стар[1] (па-ўкраінску: Дністер; па-малдаўску: Nistru; антычная назва — па-грэцку: Τύρας, па-лацінску: Tyras) — рака на паўднёвым захадзе Ўкраіны і ў Малдове (часткова на мяжы абедзьвюх краінаў). Пры ўпадзеньні ў Чорнае мора ўтварае Днястроўскі ліман. Трэцяя паводле даўжыні ў межах Украіны (пасьля Дняпра і Паўднёвага Бугу) і 9-я — у Эўропе.

Ад Галічу да Хаціна рака ўтварае Днястроўскі каньён, які з 2008 году занесены ў сьпіс сямі прыродных цудаў Украіны.

Днестр у сярэднім цячэньні служыць гістарычнай мяжой паміж старажытнымі культурна-этнаграфічнымі рэгіёнамі Букавіны і Галіцыі, у сярэднім і ніжнім — паміж Падольлем і Бэсарабіяй.

Агульная характарыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Даўжыня ракі — 1362 км (ва Ўкраіне — 705 км), плошча басэйну — 72 100 км². Сярэдні гадавы выдатак вады ў вусьці — 300 м³/с, гадавы сьцёк — каля 10 км³. Сярэдні ўхіл ракі 0,56 м/км.

Днестар у верхняй частцы (у межах Украінскіх Карпатаў) — тыповая горная рака з вузкай і глыбокай далінай. На раўніну выходзіць ніжэй за горад Стары Самбар. Адтуль і да вусьця Днестар мае раўнінны характар. Даліна становіцца шырокай (да 13 км). Ніжэй за горад Галіч даліна зноў звужаецца — тут рака цячэ паміж Падольскім, Падкарпацкім, а таксама Хацінскім узвышшамі. У нізоўях рака выходзіць на прычарнаморскую нізіну, тут шырыня яе даліны складае 16-22 км.

Хуткасьць плыні (у горных раёнах складае 0,3—2 м/с, у сярэднім цячэньні, у межах Днястроўскага каньёну — 0,5—1 м/с (у паводкі — 1,5—2 м/с), у нізоўях — да 0,7 м/с[2].

Пойма Днястра (у межах Верхнеднястроўскае катлавіны і ў нізоўях) разьдзеленая шматлікімі старыцамі і пратокамі (напрыклад рукаў Турунчук), вусьце зарасло чаротам. Шырыня даліны ў вусьці — 16-22 км,[3] у сярэднім цячэньні даліна нешырокая, зьвілістая, багатая на маляўнічыя пэйзажы.

Сілкаваньне Днястра — зьмяшанае, зь перавагай сьнежнага. Характэрныя вясновая паводка і восеньскія дажджавыя паводкі. Лядовы рэжым няўстойлівы [3].

Басэйн ракі разьмешчаны ў межах трох краінаў: Польшчы, Украіны і Малдовы. Вялікая ягоная частка разьмешчана ва Ўкраіне. Тут ён займае значную частку тэрыторыяў сямі вобласьцяў паўднёва-заходняй Украіны (Львоўская, Івана-Франкоўская, Чарнавіцкая, Тарнопальская, Хмяльніцкая, Віньніцкая і Адэская вобласьці). У Малдове басэйн Днястра ахоплівае ўсходнія й паўночна-ўсходнія раёны рэспублікі і займае яе большую частку (59%). У Польшчы знаходзіцца толькі невялікая частка басэйну — яго паўночна-заходнія ўскраіны (вярхоўі двух левых карпацкіх прытокаў Днястра — Стрывігору і Мшанцу).

Паходжаньне назвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходжаньне назвы канчаткова не высьветленае. Існуе яна з даўніх часоў. Розныя народы й плямёны, перасоўваючыся ў басэйне ракі, па-новаму ўспрымалі назву і кожны раз яе відазьмянялі.

Рака ўпершыню згадваецца Герадотам у V ст. да н. э. як памежная са Скіфіяй рака пад назвай «Цірас» (Tyras). Такую ж назву меў старажытнагрэцкі горад Цірас (Ціра) у вусьці Днястра, на заходнім беразе яго ліман у (ад гэтага антычнага гідроніму паходзіць таксама назва гораду Ціраспаль). Пазьней Страбон і Пталямей называлі яе скіфскай назвай Цірас. Гэты старажытны тэрмін паходзіць ад іранскага прыметніка «хуткі» (курдзкага «дзікі, неўтаймаваны»).

Сучасная назва ўпершыню згадваецца ў IV ст. Аміянам Марцельлінам як Danastius. Паходжаньне гэтай назвы дасьледчыкі выводзяць па-рознаму. Адна зь верагодных вэрсій: назва паходзіць ад старажытнаіранскага слова «да», «до», «ду». Панятак «рака» ў старажытнасьці пазначаўся парай праіндаэўрапейскіх аднаскладовых словаў «да на» (цячэ тут), «до на» (працякае тут), «ду на» (працякае ўнутры тут). Адгэтуль адбываецца першая частка слова — «ДН-». Гоцкі гісторык Ярдан называе раку Danaster. Тут Danastris разглядаецца як двучленная назва, якая спалучае два апэлятывы — дан + Стрый. У ніжнім цячэньні рака называлася Дон у значэньні «вада», «рака», пар.: Дон, Данец, Дняпро (Данапрыс), Дунай (ням.: Donau), а ў верхняй — Стрый, што азначае «хуткі». Такое тлумачэньне падтрымлівае большасьць дасьледчыкаў. Скіфы казалі нешта накшталт «don Istros», як мы кажам: «рака Волга» або «рака Днестар». Пасьля гэта словазлучэньне зьлілося ў адно слова. Дасьледнікі мяркуюць, што слова Істрос на мове фракійцаў таксама азначала «хуткі», гэта значыць тое, што і Цірас на мове скіфаў. Малдаване і румыны здаўна і дагэтуль называюць раку Ністру. У старажытнай Русі рака спачатку была вядомая як «Дьністрь». Гэтая назва, як першасная, зайшла і ва Ўкраіне. Пасьля там яна стала вядомая як «Днестар» (Днестер), паралельная пад малдаўскім уплывам — Ністр. Такім чынам, назва Днестар не скіфская, як гэта тлумачылі некаторыя дасьледчыкі, а даскіфская. Сучаснае фанэтычнае аблічча «Днестар» належыць мове славян.

Разьмяшчэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выток Днястра разьмешчаны каля вёскі Воўчае (Туркаўскі раён Львоўскае вобласьці). Спачатку рака (у выглядзе невялікай плыні) цячэ на паўднёвы захад, далей — на паўночны захад, неўзабаве паварочвае на поўнач і (месцамі) паўночна-ўсход. Ад гораду Стары Самбар цячэ пераважна на паўночны ўсход. Ніжэй гораду Самбар, недалёка ад вёскі Чайкавічы, рака паварочвае на паўднёвы ўсход і цячэ ў гэтым кірунку да свайго вусьця (за выключэньнем паўднёвай мяжы Хмяльніцкай вобласьці, уздоўж якой яна цячэ пераважна ва ўсходнім кірунку). Упадае ў Днястроўскі ліман на поўдзень ад вёскі Маякі (Бяляеўскі раён Адэскае вобласьці), і праз вузкі праліў уліваюцца ў Чорнае мора.

Паміж Украінай і Малдовай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ад сяла Казлоў (Магілёў-Падольскі раён) да сяла Німераўка (Сароцкі раён Малдовы) па Днястры праходзіць дзяржаўная мяжа паміж Украінай і Малдовай. Далей рака цячэ па тэрыторыі Малдовы. Ад сяла Пуркар (Штэфан-Водзкі раён Малдовы) да сяла Паланка (Штэфан-Водзкі раён) рака зноў зьяўляецца мяжой паміж дзьвюма дзяржавамі. Ніжэй вёскі Паланка Днестар працякае па тэрыторыі Ўкраіны.

Фізычная геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Днестар пачынаецца зь невялікай крыніцы, разьмешчанай у паўднёвай частцы масыву Верхнеднястроўскія Бескіды (Украінскія Карпаты), на паўднёвы захад ад гары Розлуч, на вышыні 818 м [4] над узроўнем мора. Ад вытокаў да гораду Стары Самбар рака віецца сярод карпацкіх гор, далей — цячэ па раўнінных тэрыторыях Украіны і Малдовы.

Ад вытоку да мора[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раку можна падзяліць на тры часткі: горную — Карпацкую, сярэднюю — Падольскую і нізінную — Прычарнаморскую.

Днестар у Карпатах[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тут (на працягу прыкладна 50 км) Днестар тыпова горная рака з хуткім цячэньнем, шматлікімі перакатамі, парогамі, камяністым дном і берагамі. Даліна V-падобная, глыбокая (80-100 м), шырыня рэчышча — да 40 м. Ухіл ракі у межах Карпатаў — больш за 3 м/км. Нярэдка бываюць разбуральныя паводкі. Рака нясе шмат абломкавага матэрыялу — галькі, друзу.

Сярэдні Днестар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ніжэй за горад Стары Самбар Днестар выходзіць на раўніну — Верхнеднястроўская катлавіна. Плынь запавольваецца (асабліва ніжэй за Самбар). Ухіл ракі значна памяншаецца, берагі становяцца нізкімі, пойма ў многіх месцах забалочаная. Тут рака ўтварае шматлікія разгалінаваньні, астраўкі. Дно ракі глеістае, рэзка памяншаецца празрыстасьць вады.

Ніжэй за вусьце ракі Сьвечкі берагі даліны Днястра становяцца вышэй, а плынь зноў хуткай. Ніжэй за вусьце ракі Быстрыца пачынаецца цікавы і маляўнічы адрэзак ракі — Днястроўскі каньён. Тут берагі вельмі высокія, стромкія, месцамі абрывістыя. Рака вельмі мэандруе, некаторыя яе выгіны распасьціраюцца на 10 км.

Сярэдні Днестар цячэ да гораду Тыраспаля. Тут, у межах Малдовы, яго правы бераг таксама вельмі высокі, аднак не такі, як ў Днястроўскім каньёне.

Ніжні Днестар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У нізоўях рака цячэ ў асноўным па тэрыторыі паўднёва-ўсходняй Малдовы (паміж уласна Малдовай і Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікай). Тут правы бераг Днястра ўсё яшчэ высокі, але паступова зьніжаецца. Плынь запавольваецца, зьяўляюцца рукавы, досыць буйныя выспы і пойменныя азёры. Бліжэй да вусьця (у межах Адэскай вобласьці Ўкраіны) даліна ракі становіцца вельмі абводненай і забалочанай. Тут Днестар выходзіць на прычарнаморскую нізіну.

Ад крыніцы да мора
У Карпатах (каля Самбару)
У межах Верхнеднястроўскае катлавіны
У нізоўях (у Малдове)

Прытокі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Басэйн Днястра на гідраграфічнай мапе Ўкраіны і Малдовы

Гідраграфічная сетка басэйну Днястра вельмі неаднастайная. Горная і перадгорная часткі басэйну Днястра займаюць 9% яго плошчы. Тут густая рачная сетка зь перавагай правых прытокаў, хоць таксама ёсьць нямала параўнаўча паўнаводных левых прытокаў. У сярэднім цячэньні прытоку пераважна левыя. А ў ніжнім цячэньні Днестар прыймае дастаткова вялікі правы прыток — Рэўт; прытокі тут дробныя і часта перасыхаюць.

Асноўныя прытокі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Правыя: Стрый, Сьвечка, Лімніца, Луква, Быстрыца, Тлумач, Рэўт, Бык.

Левыя Стрывігор, Верашчыца, Каменка, Шчырка, Гнілая Ліпа, Залатая Ліпа, Стрыпа, Джурын, Сярэт, Нічлава, Збруч, Смотрыч, Студзяніцы, Ушыца, Жван, Жванчык, Лядава, Мурафа, Русава, Ягарлык, Кучурган.

Прытокі Днястра
Рака Збруч
ля вёскі Акопы
Рака Стрый
ля вёскі Тышыўніца
Рака Лімніца непадалёк ад вусьця

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя геалягічнага развіцьця[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя дасьледаваньні геолягаў і гідролягаў дазваляюць прыблізна вызначыць узрост Днястра. Фармаваньне даліны і рэчышча ракі зьвязанае з сыходам на паўднёвы ўсход так званага Сармацкага мора.

Сармацкае мора ўтварылася ў выніку злучэньня двух марскіх басэйнаў — Прыкарпацкага й прычарнаморскага. 15-20 мільёнаў гадоў таму гэта мора пакрывала вялікія прасторы — ад Крамянецкіх гор і Карпат да сучаснага Аральскага мора. Яно было неглыбокім і цёплым унутракантынентальным вадаёмам. Адступала мора павольна, некалькі мільёнаў гадоў, і ў пачатку антрапагенавага пэрыяду набыло абрысы сучасных Чорнага, Азоўскага і Касьпійскага мораў.

З сыходам Сармацкага мора паступова ўтвараліся даліны і рэчышча рэк, што цяпер ўпадаюць у Чорнае і Азоўскае моры. Некаторыя зь іх (прытокі Дняпра, Паўднёвага Буга і іншыя) у выніку вэртыкальных рухаў крышталічнай плятформы і асобных блёкаў мянялі напрамкі сваіх плыняў, а Днестр і цяпер цячэ той даліне, якую ён распрацаваў больш за мільён гадоў таму.

У далёкім мінулым рака несла свае воды па шырокай даліне зь нізкімі спадзістымі берагамі. Гэтая даліна, як лічаць навукоўцы, утварылася на месцы старажытнага разлому, які адбыўся ў крышталічным падмурку і ападкавых утварэньнях палеазойскай эры. Каля 1 мільёна гадоў таму Днестар быў паўнаводным, а хуткасьць яго плыні — звычайна вышэй, чым цяпер. Гэта зьвязана ў асноўным з тым, што клімат тады быў цёплым і вільготным. У той час большую частку тэрыторыі сучаснай Украіны пакрывалі густыя субтрапічныя лясы. Буйная расьліннасьць добра акумулявала дажджавыя воды, якія цэлы год шматлікімі бурнымі патокамі ўліваліся ў Дняпро, Днестар і іншыя буйныя рэкі.

З часам Днестар ўсё глыбей урэзаўся ў тоўшчы лясных адкладаў, а затым — у цьвёрдыя пароды, якія ўтварыліся на працягу старажытных геалягічных пэрыядаў. У Сярэднім Паднястроўі паступова фармавалася вузкая, глыбокая, каньёнападобная даліна, над якой месцамі ўзвышаюцца 70-80-мэтровай вышыні аголеныя адклады палеазойскай эры. Гэтыя скалы — помнікі прыроды, адны з славутасьцяў сылюрскага пэрыяду, узрост якіх налічвае больш за 300 мільёнаў гадоў.

Антрапагенавы пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьяўленьне першабытнага чалавека на берагах Днястра і яго прытокаў датуюць першай паловай раньняга палеаліту. Паднястроўе было параўнальна густа заселена ў часы Трыпальскай культуры і культуры шнуравой керамікі (4-5 тыс. гадоў таму). Старажытныя славяне расьсяліліся на Днястры не пазьней за 1-га стагодзьдзе нашай эры. У сярэдзіне 1-га тыс. н. э. гэтую тэрыторыю засялялі анты і старажытнарускае племя тыверцаў.

Днестр на працягу многіх тысячагодзьдзяў гуляў ролю асноўнай транспартнай артэрыі, якая злучае Прыкарпацьце і Падольля з Балканамі і Блізкім Усходам. У далёкім мінулым з поўдня ракой дастаўляліся вырабы з мэталу, антычны посуд, тканіны і г.д., а плямёны Паднястроўя вывозілі хлеб, футру, скуру. З часоў Кіеўскай Русі да сярэдзіны XIX стагодзьдзя Днястром сплаўлялі да чарнаморскіх партоў каштоўную драўніну (у асноўным так званы карабельны лес), вывозілі збожжа, мёд, воск , зброю, вырабы мясцовых рамесьнікаў.

Гарады над Днястром[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ад вытокаў да вусьця

У межах Украіны:

У межах Малдовы:

Гарады над Днястром
Залешчыкі
Хацін
Ціраспаль

Экалягічны стан ракі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Днестр працякае праз густа заселеную тэрыторыю (напрыклад, шчыльнасьць насельніцтва у Малдове — 130 чалавек на км ²), у межах яго басэйну пражывае больш за 10 млн. чалавек. Таму ўзровень антрапагеннай нагрузкі на экасыстэму ракі ад вытокаў да вусьця вельмі высокі. Акрамя таго, на берагах яго прытокаў разьмешчаныя буйныя прамысловыя прадпрыемствы: нафтаперапрацоўчыя заводы, калійны камбінат, цэлюлёзна-папяровы камбінат, цукровыя і мясакамбінаты.

Шкодзяць Днястру экалягічныя катастрофы, якія часам здараюцца. Напрыклад, у 1983 годзе пасьля аварыі на Сьцябніцкім калійным камбінаце ў раку было скінута каля 5 тыс. тон высокамінэралізаваных адкідаў, што на доўгі час прывяло да значнага парушэньня іённа-солевага рэжыму. З прычыны гэтага ў Днястры загінулі амаль усе жывыя арганізмы на працягу некалькіх соцень кілямэтраў, а тысячы людзей былі пазбаўленыя крыніцы пітной вады.[5].

Прырода[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Флёра[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Натуральная расьліннасьць басэйну Днястру лепш захавалася ў Карпатах. Сярод вышэйшых расьлін, распаўсюджаных ў гарах, ёсьць елка, піхта і бук. Асноўная паласа распаўсюджаньня гэтых лясоў — 100-1400 м, то бок яны растуць толькі ў раёне вытокаў Днястра і яго карпацкіх прытокаў. Ніжэй на схілах распаўсюджаныя зьмешаныя лясы. Яшчэ ніжэй — лісьцевыя, сярод якіх асноўныя пароды: дуб, бук, граб, ліпа. У падлеску сустракаецца ляшчына, ясень і вяз.

За межамі Карпат натуральная расьліннасьць захавалася мала. На Падольлі сустракаюцца грабавыя і дубовыя лясы. У далінах рэк вельмі распаўсюджаныя зарасьнікі. Прыднястроўскае Падольле — адзіная ва Ўкраіне тэрыторыя, дзе сустракаюцца цеплалюбівыя лясы дуба скальнага[6]. У сувязі зь неспрыяльным узьдзеяньнем гідралягічнага рэжыму Днястроўскага вадасховішча большасьць плыткаводзьдзя ў верхняй частцы вадасховішча пазбаўленая расьліннасьці. У ніжняй частцы расьліннае покрыва мае фрагмэнтарны характар. Часьцей за ўсё сустракаюцца пагружаныя расьліны.

У стэпавай (ніжняй) часткі басэйну лясы захаваліся пераважна ў ярах. Каля прывусьцявай часткі Днястра тэрыторая пакрытая густой расьліннасьцю (вярбы, таполі), яны ў асноўным растуць на прырэчышчавай валах. Паблізу лімана сустракаюцца толькі адзінкавыя дрэвы. У Днястроўскі плаўнях пераважае трысьнёг звычайны. Зрэдку можна сустрэць азёрныя лугі. Сярод водных расьлінаў распаўсюджаныя урэчнік, жабурнік, сальвінія плаваючая, вадзяны гарэх.

Фаўна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Багатыя ў фаўністычным пляне часткі басэйну ракі — вярхоўі і прывусьцявыя часткі. У Карпацкай частцы пераважаюць жывёлы, характэрныя для астатніх рэгіёнаў Украінскіх Карпат. Аднак тут, у параўнаньні вялікая колькасьць населеных пунктаў, яны не так распаўсюджаны, як у іншых частках Карпат. У лясах водзяцца эўрапейская казуля, барсук, заяц, вавёрка, дзік, ласка, кот лясны. Часам заходзяць алені і рысь.

Сярэдні Днестр багаты на рыбу. Тут водзяцца: верхаводка, акунь, судак, падуст, гусьцяра, карп, сом, жэрах. Рэдкімі зьяўляюцца марэна, выразуб і сьцерлядзь. З птушак шматлікі від — берагавая ластаўка, на астравах водзіцца шмат чаек і крачак. Ёсьць таксама вадаплаўныя птушкі. Нярэдкія шэрыя, радзей белыя чаплі, бусел чорны і зімародкі.

У нізоўях больш відаў засяроджана ў Днястроўскіх плаўнях. Тут шматлікімі зьяўляюцца вадаплаўныя і вадалюбівяе птушкі, сярод якіх: пэлікан, лебедзь, вялікі і малы баклан, чапля, балотныя крачкі.[7].

Прыродаахоўныя тэрыторыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Уздоўж Днястра створана нямала ахоўных зон — нацыянальных прыродных паркаў, заказьнікаў, помнікаў прыроды.

Паводкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводкі — характэрнае зьява для Днястру. Падчас паводак фарміруецца 50—70% ад гадавога сьцёку. Сярэднія шматгадовыя каэфіцыенты сьцёку рэк вагаюцца ад 0,17—0,23 (Падольскае ўзвышша) у 0,4—0,7 (Прыкарпацьце і Карпаты). Пры экстрэмальных паводках каэфіцыенты сьцёку правабярэжных прытоках складаюць 0,74-0,92. Гэта абумоўленае наяўнасьцю некалькіх чыньнікаў, у прыватнасьці: сэзоннасьцю ў разьмеркаваньні сьцёку, высокай паўтаральнасьцю паводак, а таксама гаспадарчай дзейнасьцю (высечка лясоў, зрываньне схілаў і г.д.).

Гаспадарчае выкарыстаньне Днястру[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У эканоміцы Ўкраіны рака не адыгрывае прыкметнай ролі, ў параўняньні з Дняпром. Гэта абумоўленае яго характарам і разьмяшчэньнем (хуткая плынь, шматлікае плыткаводзьдзе, аддаленасьць ад буйных прамысловых цэнтраў, памежны характар ракі).

У мінулым яна ўжывалася пераважна для лесасплаву і ў млынавай гаспадарцы. На рацэ пабудаваныя тры магутныя гідраэлектрастанцыі:

Акрамя таго, раку выкарыстоўваюць для водазабесьпячэньня населеных пунктаў. Асноўнай крыніцай цэнтралізаванага водазабесьпячэньня гарадоў Адэса, Белгарад-Днястроўскі, Ільлічоўск, Цепладар, Паўднёвы і прылеглых раёнаў зьяўляюцца Днястроўскі.

Суднаходзтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У большай частцы Днестар суднаходны. Па ім людзі плавалі яшчэ са старажытных часоў. Напрыклад, вядома, што Днястром як водным шляхам карысталіся белыя харваты[8]. Пазьней па ім сплаўлялі лес, а бліжэй да нашага часу сталі выкарыстоўваць таксама для пасажырскіх перавозак. Ад 1918 да 1940 году, калі Днестар на значнай адрэзку быў мяжой паміж трыма дзяржавамі (Румыніяй , Польшчай і СССР), водны транспарт на ім вельмі сьнізіўся. Калі рака пасьля Другой сусьветнай вайны апынулася цалкам на тэрыторыі СССР, суднаходзтва зноў пачало разьвівацца.

У 1980—1990-х гг суднаходзтва на Днястры зноў прыйшло ў заняпад. Цяпер у некалькіх месцах функцыянуюць невялікія цеплаходы (на Дубасарскім вадасховішчы і ў горадзе Ціраспалі (Малдова), дзе яны працуюць як прагулачныя судны.

Масты праз Днестар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Абодва берагі ракі злучаюць шматлікія масты, сярод якіх: аўтамабільных — 43, чыгуначных — 13 пешаходных — 1 (былы аўтамабільны). У верхнім цячэньні таксама некалькі пешаходных масткоў (муроў). У мінулым масты праз Днестр былі драўлянымі. Некаторыя зь іх прастаялі некалькі дзесяцігодзьдзяў і былі дастаткова вялікімі. Напрыклад, у Старым Самбары існаваў унікальны драўляны мост даўжынёй 100 мэтраў. Сярод найстарэйшых мастоў — мэталічны мост каля Галіча. Ён пабудаваны ў 1900, і лічыцца адной з архітэктурных славутасьцяў гораду.

Масты на Днястры
Аўтамабільны мост каля Галіча
Адзін са старэйшых дністроўскіх мастоў
(каля Галіча)

Турызм і адпачынак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рака становіцца папулярным турыстычным аб’ектам. Асабліва хутка разьвіваецца сплаў па Днястру [9]. Большасьць маршрутаў пачынаецца з гораду Галіча і пралягаюць па Днястроўскім каньёне. Плывуць на катамаранах або каяках ў горад Залешчыкі, некаторыя далей — да Хаціну. У ніжнім цячэньні Днястра, у Малдове, на рацэ функцыянуе колькі прагулачных цеплаходаў. У буйных гарадах на берагах ракі абсталяваныя пляжы і зоны адпачынку.

Дадатковыя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Рака Стрый у месцы ўпадзеньня ў Днестар паўнаводнейшая за яго. Нягледзячы на гэта яна лічыцца ягоным прытокам. Акрамя таго, у раёне гораду Турка (за 8 км ад вытоку Днястра) рака Стрый ужо настолькі паўнаводная, што па ёй можна плаваць на лодках.
  • У горадзе Залешчыкі ў часы Польскай Рэспублікі (да Другой сусьветнай вайны) існаваў кліматычны курорт. Тут горад разьмешчаны ў шырокім выгіне Днястроўскага каньёну і з трох бакоў атачаецца ягонымі высокімі і стромкімі схіламі. Дзякуючы гэтаму ў Залешчыках і яго ваколіцах існуе свой мікраклімат, тут прыкметна цяплей, чым у іншых мясцовасьцях. У даваенных польскіх падручніках па геаграфіі гэтую мясцовасьць называлі «польскімі субтропікамі».
  • У Прыкарпацьці і Падольскай частцы басэйну Днястра нямала рэк зь цікавымі і ўнікальнымі назвамі: адны паказваюць на характар ракі (Гнілая, Быстрыца (Быстрыца Надварнянская, Быстрыца Салотвінская, Быстрыца Цісьменіцкая), Студзяніцы і інш), іншыя паказваюць на жывёл або расьлінаў, якія зьяўляюцца (ці былі раней) характэрнымі для дадзенай ракі. Існуе таксама нямала дзіўных і «нечаканых» назваў. Прыклады:
«Жывёльныя» назвы: Тур’янка, Зубра, Боберка, Куна, Карапец.
«Расьлінныя» назвы: Ясенічка, Залатая Ліпа, Вербівец, Вішніца, Крапіўнік.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ па аналёгіі з "тэатар", "літар", "фільтар" і. г. д.
  2. ^ Апісаньне фізычных характарыстык Днястру
  3. ^ а б Географічна енциклопедія України: в 3-х томах / Редколегія: О. М. Маринич (відпов. ред.) та ін. — К.: «Українська радянська енциклопедія» імені М. П. Бажана, 1989.
  4. ^ Некаторыя крыніцы памылкова падаюць 1000 м. Аднак хрыбет, на якім разьмешчаны выток Днястра, не перавышае вышыні 932 м. (гл. мапу [1])
  5. ^ Агляд экалагічнага стану верхняга і сярэдняга Днястра
  6. ^ Флёра і фаўна каньёна Днястра
  7. ^ Пікет у абарону плаўняў Днястра
  8. ^ Пячорны «Стоўнхэндж» паблізу Львова
  9. ^ Сплаў па Днястру

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]