Уладзімер Крываблоцкі
Уладзімер Крываблоцкі | |
Дата нараджэньня | 17 лютага 1952 (72 гады) |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | маляр |
Сябра ў | Беларускі саюз мастакоў |
Плынь | манумэнталізм, жывапіс |
Узнагароды | Прэмія Ленінскага камсамолу Беларусі (1986) |
Уладзі́мер Васі́льевіч Крывабло́цкі (нарадзіўся 17 лютага 1952 году, в. Хвалава, Пружанскі раён, Берасьцейская вобласьць) — беларускі мастак-манумэнталіст, жывапісец.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Скончыўшы чатыры клясы пачатковай школы, паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка, дзе давялося перавучацца на расейскамоўную адукацыю. Дыплёмнай працай стаў вялізны (два з паловай мэтры ў вышыню) трыптых «Хатынь». Адгэтуль пачалося Ўладзімерава захапленьне манумэнтальным мастацтвам.
Па сканчэньні школы ў 1971 паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (скончыў у 1976). Настаўнікі: Уладзімер Стальмашонак, Гаўрыла Вашчанка, Пётра Сьвентахоўскі[1], Аляксандар Кішчанка[2].
З 1997 выкладчык коледжу мастацтваў у Менску.
Чалец Беларускага саюзу мастакоў[3], пэўны час узначальваў у ім сэкцыю манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Маляваць пачаў яшчэ ў дзяцінстве, свае малюнкі дасылаў у газэту «Піянэр Беларусі» і тройчы перамагаў у конкурсах.
Удзельнік мастацкіх выставаў з 1976 року. Працуе пераважна ў галіне манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва, а таксама ў жывапісе. Асновай творчасьці зьяўляецца Беларусь, яе мінуўшчына, людзі, прырода. Прымаў удзел у рэканструкцыі Нацыянальнага акадэмічнага тэатру опэры і балету[4], аздабленьні будынку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі[5].
Уладзімер Крываблоцкі карыстаецца такімі кампазыцыйнымі хадамі, рытмам, сьвятлом, прасторай, змадэляванай сьвятлом і ценем, дзякуючы якім найбольш шчыльна і выразна выяўляецца плястыка твараў, чалавечых целаў.
Творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі, Беларускім гісторыі і культуры, Магілёўскім абласным мастацкім, Віцебскім краязнаўчым музэях.
Асноўныя творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Чалавек і прырода» (вітраж у вэстыбюлі ЦНДІТК, Менск, 1978).
- «У імя жыцьця на Зямлі» (росьпіс у фае Музэю народнай славы м. Ушачы, 1985).
- «Дрэва жыцьця» (мазаіка на тарцы жылога дома ў Салігорску, 1986).
- «Міраносцы» (мазаіка ў ДК Кобрыню).
- «Зямля» (мазаіка на фасадзе БЭМЗ, Берасьце, 1985).
- мазаіка ў цэнтры выспы ў Цэнтральным батанічным садзе Акадэміі навук Беларусі.
- «Рэквіем» (паліптых памерам 33 м² у Музэі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны). Жывапіс прысьвечаны вязьням канцлягеру ў Азарычах[6], дзе нацысты ўтрымлівалі каля 55 000 чалавек, зь якіх замардавалі каля 25 тысячаў. На працу над палатном у мастака пайшло 3,5 рокі[7]. За гэтую працу Ўладзімер Крываблоцкі быў вылучаны на атрыманьне Дзяржаўнай прэміі Беларусі 2004 року[8].
- вітражная дэкаратыўная сымфонія ў Палацы культуры Амсьціславу.
- карціны «Свабода», «Прарыў», «Сіла прыроды», «Песьня пра зубра», трыптых «Маці Зямлі», «Дыялёг», «Вясна», «Яблыкі на крыжах», «Ігар Талькоў», «Восень», «Мудрэц», «Натхненьне», «Дзень і вечар», трыптых «Вобразы вечнасьці», «Маўчаньне брата», «Цяпло маці».
Узнагароды і прэміі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Прэмія Ленінскага камсамолу Беларусі (1986) за росьпіс «Дзеля жыцьця на Зямлі» ў інтэр’еры Музэю народнай славы ў мястэчку Ушачы (Віцебская вобласьць)[9]
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзед і бабуля па матчынай лініі, а таксама ягоная маці ў часе Другой сусьветнай вайны былі вывезеныя ў Нямеччыну на прымусовыя працы.
Па вайне маці працавала ў калгасе, пасьля з-за хваробы вымушаная была пакінуць працу. Займалася хатняй гаспадаркай, вышывала, ткала. Бацька працаваў у будаўнічай брыгадзе, а ў вольны час іграў у народным тэатры, спрабаваў пісаць п’есы, займаўся пчалярствам, бондарствам.
Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У час вучобы ў інстытуце Ўладзімер Крываблоцкі паспрачаўся, што здолее тысячу разоў прысесьці на адной назе. Спрэчку выйграў, здолеўшы прысесьці па пяцьсот разоў на правай і на левай нагах, аднак пасьля гэтага апынуўся ў больніцы. Праз праблемы з сэрцам пазьней ня трапіў на вайсковую службу[10].
Вітраж «Чалавек і прырода», які знаходзіўся ў вэстыбюлі ЦНДІТК (Менск), праз шэсьць рокаў пасьля стварэньня рассыпаўся. Прычынай стала недасканалая тэхналёгія склейваньня шкельцаў.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Тацяна Гаранская. Героіка і лірыка. Арыенціры творчасьці Пётры Сьвентахоўскага // Мастацтва. — сьнежань 2011.
- ^ Натальля Шаранговіч. Любоў напалам з болем // Мастацтва. — люты 2008.
- ^ Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва: мастакі. Беларускі саюз мастакоў. Праверана 23 жніўня 2012 г.
- ^ Тацяна Мушынская. Вялікі тэатр пасля вялікай рэканструкцыі // Мастацтва. — травень 2009. — № 5/314.
- ^ Кристалл души (рас.) Новости. Нацыянальная бібліятэка Беларусі (10 красавіка 2009). Праверана 9 лютага 2012 г.
- ^ Алла Казакова. Любовь с болью пополам // Вечерний Минск. — 7 траўня 1999.
- ^ Алла Казакова. «Оставь мне долю плакать над одним…» // Вечерний Минск. — 23 кастрычніка 2002.
- ^ От Подкомитета по Государственным премиям Республики Беларусь в области литературы, искусства и архитектуры // Рэспубліка. — 28 красавіка 2004. — № 77 (3517).
- ^ Барыс Крэпак. «Будзь самім сабою…» // Культура. — 25-31 кастрычніка 2008. — № 43 (861).
- ^ Адам Глёбус. Суайчыньнікі-7 // Наша ніва. — 1999.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — ISBN 985-11-0144-3
- Здановіч І. Крываблоцкі Уладзімір // Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Пружаны: 2003. — С. 49.
- Барыс Крэпак. Яго адухоўленая прастора // Культура. — 16-22 лютага 2002. — № 6.
- Натальля Шаранговіч. Любоў напалам з болем // Мастацтва. — люты 2008.