Перайсьці да зьместу

Гісторыя Салігорску

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Салігорск — адно з найбольш маладых местаў Беларусі. Ягонае будаваньне пачалося ў 1958 року ў зьвязку з прамысловай распрацоўкай Старобінскага радовішча калійнай солі. Першапачатковую назву — Новастаробінск — у 1959 року зьмянілі на Салігорск разам з наданьнем статусу мястэчка. У 1963 року атрымаў статус места, з 1965 року — цэнтар раёну. У наш час тут працуе вытворчае аб’яднаньне ААТ «Беларуськалій», адзін з найбуйнейшых у сьвеце вытворцаў калійных мінэральных угнаеньняў.

Старажытная гісторыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адбіткі першых паселішчаў на тэрыторыі сучаснай Салігоршчыны датуюцца 9-5 тыс. да н. э. На правым беразе Случы археолягамі былі знойдзеныя мэзалітычныя паселішчы з прыладамі працы. Таксама згадваюцца тутэйшыя пазьнейшыя знаходкі крэмніевых сякераў і наяўнасьць курганнага комплексу недалёка ад гэтых мясьцінаў[1].

Напрыканцы 3 — пачатку 2 тыс. да н. э. на тэрыторыі Салігорску, як і на ўсім поўдні Беларусі, пачынаецца бронзавы век. Асноўнымі прыладамі працы, якія амаль не закрануў час, у гэты пэрыяд зьяўляюцца сьвідраваныя сякеры й больш рэдкія сьвідраваныя капаніцы, якія зараз знаходзяцца ў Салігорскім краязнаўчым музэі[1].

Плямённыя аб’яднаньні й княствы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У час плямённых аб’яднаньняў тэрыторыя сучаснай Салігоршчыны засялялася больш дзейна. Пачалі зьяўляцца паселішчы дрыгавічоў. Звычайна такія паселішчы ўяўлялі сабою ўмацаваныя драўляным мурам, землянымі валамі, ірвамі і, калі дазваляла мясцовасьць, — стромкімі берагамі рэк.

Калі на тэрыторыі Беларусі пачалі зьяўляцца княствы, землі сучаснай Салігоршчыны ўваходзілі ў розныя часы ў склад Тураўскага, а пазьней Кіеўскага княстваў. Згодна зь летапісамі, гэтая тэрыторыя ў 1116 року знаходзілася пад панаваньнем Уладзімера Манамаха, але ў ХІІ стагодзьдзі настаў пэрыяд фэўдальнай раздробленасьці, і тэрыторыі Салігоршчыны (у межах сучаснага мястэчка Старобін) пачалі ўваходзіць у склад Турава-Пінскага княства.

У дакумэнтах таго пэрыяду Старобіншчына, а дакладней, Пагост (XV стагодзьдзе), Вызна й Старобін (XVII стагодзьдзе), згадваецца як уласнасьць князёў Алелькавічаў, а пасьля княства роду Радзівілаў[1].

Пазьней землі Салігоршчыны ўвайшлі ў склад Рэчы Паспалітай. Аднак у выніку яе разьдзелаў тэрыторыя сучаснага Салігорску была аддадзеная пад панаваньне Расейскай Імпэрыі.

Тэрыторыя ўваходзіла ў Слуцкі павет у складзе Вызьненскай, Старобінскай і Пагосцкай воласьцяў. Па стане на 1 студзеня 1870 року на зямлі сучаснага Салігорскага раёну было 55 населеных пунктаў, а насельніцтва складала каля 30 тысячаў челавек[1].

Эканоміка таго часу была даволі неразьвітай. Велізарная частка зямлі не выкарыстоўвалася з нагоды забалочанасьці, а прыгодныя для земляробства ўчасткі былі прыватнай уласнасьцю абшарнікаў. Буйной прамысловасьці ў той час на тэрыторыі сучаснай Салігорчшыны не было, але працаваў бровар у Пагосьце й некалькі піларамаў у Старобіне.

Пісьменнасьць сярод насельніцтва была вельмі нізкай. Толькі некаторыя рамесьнікі й працоўныя маглі атрымаць базавую адукацыю ў царкоўнапрыходзкіх школах, якія знаходзіліся ў Вызьне, Пагосьце й Старобіне.

Пасьля скасаваньня прыгоннага права ў 1861 року была зьдзейсьненая адукацыйная рэформа, і паўсюдна сталі ўзводзіцца народныя вучэльні. У такія ўстановы прымалі толькі хлопчыкаў ва ўзросьце 9-10 гадоў. Габрэям было забароненае навучаньне ў народных вучэльнях. Да 1863 року ў Слуцкім павеце былі заснаваныя Старобінская, Завшыцкая, Пагосцкая і Вызьненская народныя вучэльні[1].

У час Першай Сусьветнай вайны па правым беразе Случы вяліся баявыя дзеяньні. 26 лютага 1917 року на тэрыторыі сучаснага Салігорску, як і ўсёй Расейскай Імпэрыі, была зьдзейсьненая Лютаўская рэвалюцыя.

18 лютага 1918 року раён Случы быў акупаваны войскамі Кайзэраўскай Нямеччыны. У сярэдзіне сьнежня 1918 року гэтая тэрыторыя была вызваленая.

У канцы 1919 року пачала разгортвацца Савецка-польская вайна. Вынікам яе стала Рыская мірная дамова 18 сакавіка 1921 року. Сярод земляў, якія адыйшлі да Польшчы ў выніку дамовы, была частка Слуцкага павету Менскай вобласьці, то бок заходняя частка сучаснай Салігоршчыны.

17 верасьня 1939 року гэтыя землі былі зноў далучаныя да складу Беларускай ССР[1].

У Другую Сусьветную вайну тэрыторыя места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

Помнік першаму камяню места

У 1949 року каля вёскі Чыжэвічаў Старобінскага раёну Менскай вобласьці правялі геалягічную экспэдыцыю, якая выявіла значныя паклады калійнай солі. На глыбіні 349,5 м сьвідраваная шчыліна раскрыла тоўшчу, у прарэзе якой былі знойдзеныя прамысловыя паземы калійных соляў. У 1949―1952 роках на радовішчы зьдзяйсьняліся геолягавыведніцкія працы з мэтаю выяўленьня формы й абсягу прамысловай часткі радовішча, выяўленьня якасьці калійных рудаў і атрыманьня зыходных зьвестак для геоляга-экалягічнай ацэнкі радовішча. Паводле вынікаў гэтай працы былі выяўленыя й зацьверджаныя Дзяржаўнай камісіяй па запасах карысных выкапняў СССР буйныя столкі сырых калійных соляў. У 1952 року шэраг навукоўцаў, якія працавалі ў галіне адкрыцьця й распрацоўкі Старобінскага радовішча калійных соляў, былі адзначаныя Дзяржаўнай прэміяй СССР[2].

9 чэрвеня 1958 року Ўрад СССР прыняў пастанову аб пабудове I Старобінскага (потым — Салігорскага) калійнага камбінату (цяпер 1 Рудаўпраўленьне ААТ «Беларуськалій»). А 10 жніўня таго ж року, пасьля праведзенага працаўнікамі мітынгу, пачалося будаваньне паселішча для пражываньня будучых шахцёраў[3]. Будаваньне Салігорску вялося на месцы вёскі Вішнёўкі Старобінскага раёну. 8 жніўня 1959 року ён атрымаў афіцыйны статус рабочага пасёлку. У 1962 року Салігорск злучылі чыгункай з Слуцкам. 25 сьнежня 1962 року мястэчка ўвайшло ў склад Любанскага раёну.

Плян першапачатковай забудовы Салігорску

Першасна Салігорск плянаваўся як невялічкае паселішча на 18-20 тысячаў чалавек з трыма мікрараёнамі. У 1960-я рокі места забудоўвалася пераважна адна- і двухпавярхоўнымі «хрушчоўкамі». Першы мікрараён (Паўночны) быў гатовы праз 2-3 рокі[4]. Аднак праз тое, што радовішчы соляў былі значна больш, чым здавалася раней, у Салігорск ехала ўсё больш працоўных з усяго СССР. Такім чынам перад уладамі паўстала задача скласьці новы плян места, разьлічаны ўжо прынамсі на 50 тысячаў жыхароў. Гэта прывяло да зьяўленьня вялікай колькасьці пяціпавярховак, што псавала вонкавы выгляд места. Адначасна з хатамі будаваўся другі калійны камбінат.

Тыповыя жылыя дамы ў Салігорску

У канцы 1960-х — пачатку 1970-х рокаў забудова Салігорску была давераная іншаму прадпрыемству — «Менскцывілпраэкт». Пачалі ўзводзіцца высокія дзевяціпавярхоўкі, якія на той момант былі неабходныя праз высокую хуткасьць росту насельніцтва й вельмі абмежаванымі тэрыторыямі (трохі больш за 1000 га). На канец 1970-х рокаў былі забудаваныя ўсе заплянаваныя напачатку тры мікрараёны (Паўночны, Паўднёвы, Заходні). Надалейшае будаўніцтва было (і на дадзены момант таксама) ўскладненае рознымі перашкодамі (напрыклад, будынкам «Белкалію», Салігорскім вадасховішчам і аўтамагістральлю)[4].

7 сакавіка 1963 року Загадам Прэзыдыюма Вярхоўнага Савета БССР рабочаму пасёлку Салігорск надалі афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня. У 1963—1979 роках тут увялі ў эксплюатацыю 4 калійныя камбінаты. 6 студзеня 1965 року места стала цэнтрам Салігорскага раёну.

У 1989 року салігорскімі шахцёрамі была зьдзейсьненая акцыя пратэсту, якая некаторымі крыніцамі лічыцца першапачатковай кропкай пратэставага руху ў Беларусі[5]. На мітынгу былі вылучаныя патрабаваньні палітычнага й эканамічнага кшталту: падвышэньне заработнай платы (у той час шахцёры атрымлівалі менш за іншых працаўнікоў), паляпшэньне ўмоваў працы, ліквідацыя палітычнай манаполіі КПСС-КПБ.

«Паход на Менск» 1992 року салігорскімі бастуючымі гарнякамі

У сакавіку-красавіку 1992 прайшла найбуйнейшая акцыя пратэсту, якая працягвалася 44 дні. Пасьля беспасьпяховых перамоваў з уладамі пачаўся бестэрміновы штрайк. Пачаліся перакрывацца чыгуначныя пуці, каб на вытворчасьць ня трапіла гатовая прадукцыя. Аднак гэтыя захады таксама не далі патрэбнага эфэкту, тады на 4 РУ распачалася галадоўка, якая пазьней перайшла й на «Беларуськалій»[6].

Аднак і праз галадоўку патрабаваньні бастуючых не былі задаволеныя. У красавіку на 12-тысячным мітынгу Беларускага незалежнага прафсаюзу было прынятае рашэньне ісьці з патрабаваньнямі напрамак у Менск, і 10 красавіка калёна з плякатамі й нацыянальнымі сьцягамі Беларусі выйшла зь места й рушыла ў сталіцу[6].

Іван Юргевіч

14 красавіка калёну на Плошчы Незалежнасьці чакалі іншыя пратэстоўцы на чале зь Іванам Юргевічам, якія дабраліся ў Менск на электрычках і цягніках. У гэты ж дзень Юргевічу была дадзеная магчымасьць выступіць перад дэпутатамі Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь. Менскія прадпрыемствы падтрымалі патрабаваньні шахцёраў і выйшлі на вуліцы разам зь імі. Агульная колькасьць пратэстоўцаў налічвала болей за 50 тысячаў чалавек. Мітынг падтрымлівалі братэрскія прафсаюзы й некаторыя палітычныя партыі краіны. У выніку ўладам прыйшлося ісьці на саступкі, і патрабаваньні пратэстоўцаў былі выкананыя[6]. Таксама ў выніку дадзенага пратэсту ў Беларусі ўпершыню была падпісаная тарыфная згода, у якой адзначалася, што мінімальны заробак павінен адпавядаць мінімальнаму спажывецкаму бюджэту[5][7].

У 1996 і 1998 роках адпаведна былі зьдзейсьненыя яшчэ дзьве спробы падобных акцыяў, але ў абодвух выпадках прафсаюзныя лідэры й актывісты былі затрыманыя міліцыяй, а гарнякі, што дасягалі мэты, на падыходзе да Менску затрымліваліся АМАПам[6].

  1. ^ а б в г д е История Солигорского края (рас.) Праверана 4 сакавіка 2017 г.
  2. ^ Высоцкий Э. А., Кутырло В. Э. Старобинское месторождение калийных солей: история открытия, изучение и перспективы дальнейшего освоения // [1]. — Мн.: Географический факультет БГУ, 2009. — С. 3. — 94 с.
  3. ^ Беларуськалій История (рас.) Праверана 4 сакавіка 2017 г.
  4. ^ а б Солигорск: как создавался город, заработавший стране миллиарды долларов (рас.) Onliner.by Праверана 4 сакавіка 2017 г.
  5. ^ а б https://web.archive.org/web/20140807135757/http://zautra.by/art.php?sn_nid=8719
  6. ^ а б в г Беларускі партызан История (рас.) Праверана 4 сакавіка 2017 г.
  7. ^ esoligorsk История (рас.) Праверана 4 сакавіка 2017 г.