Перайсьці да зьместу

Міхал Казімер Радзівіл «Рыбанька»

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міхал Казімер Радзівіл
лац. Michał Kazimier Radzivił
Міхал Казімер Радзівіл «Рыбанька»
Міхал Казімер Радзівіл «Рыбанька»

Герб Трубы
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 13 чэрвеня 1702(1702-06-13)[1]
Алыка
Памёр 15 траўня 1762(1762-05-15)[2] (59 гадоў) або 22 траўня 1762(1762-05-22)[1] (59 гадоў)
Нясьвіж
Пахаваны
Род Радзівілы
Бацькі Караль Станіслаў Радзівіл
Ганна Кацярына з Сангушкаў
Жонка Францішка Ўршуля зь Вішнявецкіх
Ганна Людвіка з Мыцельскіх
Дзеці з Францішкай Уршуляй: Міхал Крыштап, Януш Тадэвуш, Караль Станіслаў, Ганна, Людвіка, Тэафілія Канстанцыя, Кацярына Караліна;
з Ганнай Людвікай: Вэраніка Яна, Геранім Вінцэнт, Марыя Вікторыя, Юзэфіна, Канстанцыя
Дзейнасьць дыплямат, палітык

Міхал Казімер Радзівіл (мянушка «Рыбанька»; 13 чэрвеня 1702, Алыка — 15 траўня 1762, Нясьвіж) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, мэцэнат. Канюшы вялікі літоўскі (1728—1734), маршалак надворны літоўскі (1734—1735), гетман польны (1735—1744) і вялікі літоўскі (з 1744), кашталян (1735—1737) і ваявода троцкі (1737—1742), кашталян (1742—1744) і ваявода віленскі (з 1744). Кавалер ордэнаў Белага арла (1727)[3], баварскага Сьвятога Губэрта (1724), расейскіх Сьвятога Андрэя Першазванага (15.05.1758) і Аляксандра Неўскага (15 або 18.05.1758)[4].

Міхал Казімер Радзівіл — найбольш уплывовы прадстаўнік роду Радзівілаў у сярэдзіне XVIII стагодзьдзя, адзін з найбагацейшых магнатаў Рэчы Паспалітай. Па сьмерці малодшага брата Гераніма Флярыяна ў 1760 годзе атрымаў у спадчыну ягоныя Слуцкае і Капыльскае княствы, Біржы, Кейданы, Копысь, Койданаў, Невель, Себеж, Белую ды іншыя.

Францішка Ўршуля

Зь нясьвіскай лініі роду Радзівілаў гербу Трубы, сын Караля Станіслава і Ганны Кацярыны з Сангушкаў. Атрымаў хатнюю адукацыю. Па сьмерці бацькі ў 1719 годзе ачоліў Нясьвіскую і Алыцкую ардынацыі.

3 1720 году неаднаразова абіраўся паслом на соймы, маршалак Вярхоўнага Трыбуналу ў 1728 годзе. У час замежнага падарожжа ў 1723 годзе атрымаў ад нямецкага імпэратара месца ў імпэрскім райхстагу.

У палітычным жыцьці сьпярша супрацаваў з групоўкай князёў Чартарыйскіх, па сьмерці караля Аўгуста Моцнага ў 1733 годзе выступіў супраць новаабранага караля Станіслава Ляшчынскага. Браў удзел у арганізацыі новага выбарчага сойму, дзе ў кастрычніку 1733 году ў прытомнасьці расейскага войска і ўласнага войска Радзівілаў каралём абралі Аўгуста Саса. За гэта ў 1734 годзе атрымаў пасаду маршалка надворнага.

Ганна Людвіка

У 1734—1735 гадох на чале ўласных харугваў браў удзел у баях супраць прыхільнікаў Казімера Ляшчынскага ў Літве, якіх узначальваў А. Пацей. Перамогі спрыялі набыцьцю новых пасадаў.

Разам з гетманам вялікім Міхалам Сервацыям Вішнявецкім у 1741 годзе прадухіліў стварэньне ў Літве канфэдэрацыі супраць караля, што яшчэ больш умацавала палітычнае становішча. У 1744 годзе распачаў ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне супраць ваяводы сандамірскага Я. Тарлы праз валоданьне маёнткамі.

У 1740-я гады ачольваў у Вялікім Княстве Літоўскім магнацка-шляхецкую групоўку, якая выступала супраць палітыкі Чартарыйскіх па рэфармаваньні анархічнага дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай; супраць Чартарыйскіх склаў пагадненьне з гетманам вялікім каронным Ю. Патоцкім. Падтрымліваў добрыя адносіны з ўладамі Расейскай імпэрыі[5].

У 1748 годзе як галава роду зьняволіў клецкага ардыната Марціна Радзівіла, якога абвясьцілі вар’ятам, і атрымаў ягоныя маёнткі. Камандаваў здушэньнем Камянецкага паўстаньня (1754—1756).

Адбудоўваў Нясьвіж і Нясьвіскі замак, якія моцна пацярпелі ў Вялікую Паўночную вайну (1700—1721), запрашаў у свае маёнткі архітэктараў (І. Ждановіч), мастакоў (Гескія), артыстаў, рамесьнікаў. На ягоныя сродкі ў 1740 годзе ў замку збудавалі капліцу, асьвечаную ў 1758 годзе, калі сюды прывезьлі абраз Маці Божай, знойдзены пад Венай у 1683 годзе каралём і вялікім князем Янам Сабескім[6].

Агляд М. К. Радзівілам войскаў пад Заблудавам, габэлен Нясьвіскай мануфактуры, 1750-я гг.

Заснаваў Нясьвіскую друкарню, Нясьвіскі кадэцкі корпус, у якім рыхтаваліся афіцэры для яго ўласнага войска, Нясьвіскі тэатар Радзівілаў. Трымаў шмат мануфактураў (суконную і дывановую ў Нясьвіжы, шкляныя ў Налібаках і Ўрэччы, шаўковых паясоў у Слуцку, фаянсавую ў Сьвержані, шпалерную ў Карэлічах). На працягу ўсяго жыцьця вёў дзёньнік («дыярыюш»)[6].

Двойчы браў шлюб. 23 красавіка 1725 году ажаніўся з князёўнай Уршуляй Францішкай (1705-1753), адзінай дачкі ваяводы і кашталяна кракаўскага князя Януша Антонія Вішнявецкага (1678-1741) і Тэафіліі Ляшчынскай (1680-1757). У першым шлюбе нарадзіліся дзеці:

Па сьмерці першай жонкі 2 студзеня 1754 году ў Львове ажаніўся з Ганнай Людвікай (1729—1771), дачкой кашталяна каліскага і познанскага Мацея Мыцельскага (каля 1690—1747) і Вэранікі Канажэўскай, удавой стражніка польнага літоўскага Лявона Міхала Радзівіла (1722-1751). Дзеці ад другога шлюбу:

  1. ^ а б Deutsche Nationalbibliothek Record #1013755014 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  2. ^ Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego 1386—1795 (пол.) / пад рэд. J. WolffKraków: 1885. — С. 76, 153.
  3. ^ Kawalerowie i statuty Orderu Orła Białego 1705—2008. — Warszawa, 2008. S. 154.
  4. ^ Кавалеры императорского ордена Святого Александра Невского, 1725—1917. Биобиблиографический словарь в трех томах. Т. 1. — М., 2009. С. 282.
  5. ^ Грыцкевіч А. Радзівіл Міхал Казімер // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 496—497.
  6. ^ а б Шышыгіна-Патоцкая К. Нясвіж і Радзівілы. — Менск: «Беларусь», 2007. — 240 с.: іл. ІSBN 978-985-01-0740-4. [1]

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]