Караль Станіслаў Радзівіл (канцлер вялікі літоўскі)
Караль Станіслаў Радзівіл, XVIII ст. | |
Герб Трубы | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 27 лістапада 1669[1] Кракаў, Карона |
Памёр | 2 жніўня 1719[1][2] (49 гадоў) Белая, ВКЛ |
Пахаваны | |
Род | Радзівілы |
Бацькі | Міхал Казімер Радзівіл Кацярына з Сабескіх |
Жонка | Ганна Кацярына з Сангушкаў |
Дзеці | Кацярына Барбара, Мікалай Крыштап, Міхал Казімер, Канстанцыя Францішка, Караліна Тэрэза, Тэкля Ружа, Ганна Аляксандра, Альбрэхт Станіслаў, Крыстына Алена, Людвік Дамінік, Станіслаў Юры, Геранім Флярыян |
Дзейнасьць | палітык, дзяржаўны службовец |
Караль Станіслаў Радзівіл (27 лістапада 1669, Кракаў — 2 жніўня 1719, Белая) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Стольнік (1685—1686), канюшы (1686—1690), падканцлер (1690—1698) і канцлер вялікі літоўскі (з 1698).
Валодаў таксама мястэчкамі Глыбокім і Смаргоньню ў Ашмянскім павеце, Карэлічамі, Ішкальдзю і Грэскам у Наваградзкім павеце, Бялынічамі ў Аршанскім павеце. Быў старостам берасьцейскім, камянецкім, крычаўскім і іншых[3]. Князь Сьвятой Рымскай імпэрыі на Нясьвіжы і Алыцы, ардынат на Нясьвіжы і Алыцы (1669). Кавалер ордэна Белага арла (1705).
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зь нясьвіскай лініі роду Радзівілаў гербу Трубы, сын Міхала Казімера, падканцлера вялікага літоўскага, і Кацярыны з Сабескіх.
Навучаўся ў Люблінскім езуіцкім калегіюме, вандраваў Аўстрыяй, Італіяй, Францыяй, Нідэраляндамі. Выконваў дыпляматычныя даручэньні ў Ангельшчыне і Партугаліі. У 1689 годзе па сьмерці свайго старэйшага брата ваяводы троцкага Юрыя Юзэфа Радзівіла (1668—1689) атрымаў у спадчыну Нясьвіскую і Алыцкую ардынацыі.
У 1685 годе атрымаў урад стольніка, у 1686 годзе — канюшага вялікага літоўскага. Абіраўся паслом на соймы 1687, 1688 і 1690 гадоў. У 1690 годзе стаў падканцлерам вялікім літоўскім. Быў маршалкам Галоўнага Трыбуналу ў 1694 і 1700 гадох. У 1698 годзе атрымаў урад канцлера.
Ваяваў супраць татараў і туркаў. Ад 1695 году змагаўся з Сапегамі за права валодаць Нойбурскімі маёнткамі.
У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) быў прыхільнікам Аўгуста Моцнага (у 1706—1709 гадох часова заняў бок Станіслава Ляшчынскага). Імкнуўся займаць цэнтрысцкую пазыцыю ў барацьбе магнацкіх груповак за ўладу і карыстаўся сымпатыяй з боку шляхты, ад якой атрымаў мянушку Юстус («справядлівы»).
Падтрымліваў Уніяцкую царкву, заснаваў базылянскі манастыр у Міры. Ягоны партрэт аўтарства Лявона Тарасевіча зьмясьцілі ў Супрасьлеўскім «Літургіконе». Збудаваў касьцёлы ў Налібаках і іншыя. Надаў прывілем цэхам Міру. Вёў дзёньнікі, якія ахопліваюць 1684—1687 і 1689—1719 гады.
Ажаніўся 6 сакавіка 1691 году ў Вільні з Ганнай Кацярынай Сангушкай. У шлюбе нарадзіліся дзеці:
- Мікалай Крыштап (1695—1715), падстолі вялікі літоўскі
- Міхал Казімер «Рыбанька» (1702—1762), ваявода віленскі і гетман вялікі літоўскі
- Альбрэхт Станіслаў
- Людвік Дамінік
- Станіслаў Юры
- Геранім Флярыян (1715—1760), харунжы вялікі літоўскі
- Кацярына Барбара (1693—1730), жонка з 1720 году гетмана вялікага кароннага Яна Клемэнса Браніцкага (1689—1771)
- Канстанцыя Францішка (1697—1756), жонка з 1717 году канцлера вялікага літоўскага Яна Фрыдэрыка Сапегі (1680—1751)
- Тэкля Ружа (1703—1747), 1-ы муж з 1725 году канюшы вялікі літоўскі Якуб Генрык Флемінг (1667—1728), 2-гі муж з 1730 году ваявода віленскі і гетман вялікі літоўскі Міхал Сэрвацы Вішнявецкі (1680—1744), 3-ці муж з 1745 году падканцлер вялікі літоўскі Міхал Антоні Сапега (1711—1760)
- Караліна Тэрэза (1707—1765), 1-ы муж з 1727 году Казімер Лявон Сапега (1697—1738), 2-гі муж з 1740 году ваявода наваградзкі Юзэф Аляксандар Ябланоўскі (1711—1777)
- Ганна Аляксандра
- Крыстына Алена
Спачыў у Нясьвіжы 10 ліпеня 1720 году[4].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Гравюра Лявона Тарасевіча, кан. XVII ст.
-
З калекцыі князя М. Радзівіла, XVIII ст.
-
З жонкай і дзецьмі, абраз XVIII ст.
-
Зь Нясьвіскай галерэі, каля 1733
-
З Паланэчкаўскай галерэі, XVIII ст.
-
М. Старкман, 1857
У картцы да артыкула прыводзіцца партрэт XVIII ст. пэндзля невядомага мастака, які цяпер захоўваецца ў Валынскім краязнаўчым музэі.
Бюст
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бюст Караля Станіслава Радзівіла аздабляе ўязную браму ў замак у Белай. Яго паставілі па сьмерці Караля Станіслава на заказ ягонай жонкі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Karol Stanisław Radziwiłł h. Trąby // Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)
- ^ Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego 1386—1795 (пол.) / пад рэд. J. Wolff — Kraków: 1885. — С. 162.
- ^ Пазднякоў В. Радзівіл Кароль Станіслаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 489.
- ^ Rachuba A. Radziwiłł Karol Stanisław h. Trąby (1669–1719) / Polski Słownik Biograficzny.— Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk — Łódź: Zakład Narodowy Imienia Ossolińskich Wydawnictwo Polskiej Akademii Nauk, 1987.— Tom XXX/2, zeszyt 125. S. 247.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Шышыгіна-Патоцкая К. Нясвіж і Радзівілы. — Менск: «Беларусь», 2007. — 240 с.: іл. ІSBN 978-985-01-0740-4.
|
- Нарадзіліся 27 лістапада
- Нарадзіліся ў 1669 годзе
- Памерлі 2 жніўня
- Памерлі ў 1719 годзе
- Канцлеры вялікія літоўскія
- Падканцлеры вялікія літоўскія
- Ардынаты на Нясьвіжы
- Радзівілы
- Нарадзіліся ў Кракаве
- Канюшыя вялікія літоўскія
- Стольнікі вялікія літоўскія
- Цівуны віленскія
- Узнагароджаныя ордэнам Белага арла
- Памерлі ў Белай