Перайсьці да зьместу

Геранім Вінцэнт Радзівіл

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Геранім Вінцэнт Радзівіл
Князь Геранім Вінцэнт Радзівіл з сынам Дамінікам Геранімам. Партрэт паходзіць зь палацу ў Верках (Вільня).
Князь Геранім Вінцэнт Радзівіл з сынам Дамінікам Геранімам. Партрэт паходзіць зь палацу ў Верках (Вільня).

Герб «Трубы»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 11 траўня 1759(1759-05-11)
Памёр 18 верасьня 1786(1786-09-18)[1] (27 гадоў)
Род Радзівілы
Бацькі Міхал Казімер Радзівіл «Рыбанька»
Ганна Людвіка Мыцельская
Жонка Соф'я Фрыдэрыка Дарота фон Турн і Таксіс
Дзеці N.
Мікалай
Караль
Дамінік Геранім
Дзейнасьць палітык

Геранім Вінцэнт Радзівіл (11 траўня 1759, горад Нясьвіж — 18 верасьня 1786 — князь Сьвятой Рымскай імперыі, дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Падкаморы ВКЛ зь 1779, ротмістар гусарскай харугвы ў войску ВКЛ зь 1780, ардынат на Клецке, староста менскі зь 1783, пасол на соймы ў 1780 і 1784, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1782—1783.

З магнацкага роду Радзівілаў гербу «Трубы», сын Міхала Казімера «Рыбанька» і Ганны Людвікі зь Мыцельскіх гербу Даленга. З-за секвестру радзівілаўскіх маёнткаў юнацкія гады правёў у Чэхіі і Нямеччыны. Атрымаў дамашнюю адукацыю, адным зь яго настаўнікаў быў Юзэф Катэнбрынг. Служыў у аўстрыйскім войску. Быў падапечным, а пасьля блізкім паплечнікам свайго брата Караля Станіслава Радзівіла «Пане Каханку», які дапамог яму атрымаць высокія пасады на радзіме. За заслугі ўзнагароджаны ордэнамі Белага Арла і Сьвятога Губерта. Трымаў тэатар у Белай.

У апошні дзень сьнежня 1775 у Рэгенсбургу ажаніўся зь нямецкай княжной Соф’яй Фрыдэрыкай Даротай Турн і Таксіс, дзякуючы чаму парадніўся зь многімі пануючымі дынастыямі Эўропы. Яна была дачкой Карла Анзельма, князя Турн і Таксіс (von Thurn und Taxis), які служыў галоўным імпэратарскім камісарам пры Райхстагу. Мелі чатырох сыноў, у тым ліку Мікалая, Караля і Дамініка Гераніма.

Закаханыя адзін у аднаго муж і жонка ня раз бывалі ў сьвеце, толькі ў 1777 годзе іх прымалі імпэратрыца Марыя Тэрэзія ў Вене і кароль Станіслаў Аўгуст у Варшаве. Як гром сярод яснага неба, шакуючы інцыдэнт здарыўся 17 студзеня 1784 году, аб якім паведамляў каралю Радзівіл «Пане Каханку» ў лісьце ад 25 студзеня гэтага году:
«… мая братовая (жонка брата), каханая мужам, любімая мною, якую уся сям’я песьціла, прывязалася да аднаго клавіцымбалісты, званага Душек, зь ім адтуль (г. з. зь Нясьвіжа) зьехала й ўнесла ўсе каштоўнасці. Гнаўся за імі князь падкаморы, брат мой, ледзь, нягледзячы на сьпешку й пільнасць, за прускай мяжой, у Тыльзыце (цяпер Савецк) здолеў злавіць, так добра ўцякаць ўмелі, дзе іх арыштаваў…»
(«… bratowa moja, od męża adorowana, ode mnie ukochana, od całej familii pieszczona, przywiązawszy się do jednego klawicymbalisty, nazwiskiem Duszek, z nim stąd wyjechała i wszystkie uniosła klejnoty. Gonił za niemi książę podkomorzy, brat mój; ledwo, pomimo pośpiechu i pilności, za granicą pruską, w Tylży doścignąć zdołał, tak dobrze uciekać umieli, gdzie ich przyaresztowano…»)
.
Каханак княгіні меў сапраўднае імя Ян Ладзіслаў Дюссек (Jan Ladislav Dussek, Jan Václav Dusík) і быў адным з найвялікшых віртуозаў і кампазытараў таго часу. Чэх па нараджэньні, падарожнічаў па Эўропе, выступаючы як піяніст і маэстра шкляной гармонікі. У сакавіку 1783 году ён выступаў у Варшаве, адкуль прадоўжыў сваё падарожжа ў Нясьвіж. Са студнёвага палону, яму ўдалося выратавацца ўцёкамі.

На гэтым не спыніліся праблемы Радзівілаў з Таксіс, якая ня мела намеру вяртацца да мужа, пражывала пасьлядоўна ў Кёнігсбергу і Рэгенсбурзе. Варагуючая пара канчаткова распалася ў студзені 1786 году, калі князь Геранім ініцыяваў развод. Пасьля яго раптоўнай сьмерці ўвосень гэтага году княгіня падкаморына шмат разоў уступала ў любоўныя адносіны, два зь якіх прывялі да недарэчных шлюбаў, ацэньваемых сучасьнікамі як мезальянсы.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego 1386—1795 (пол.) / пад рэд. J. WolffKraków: 1885. — С. 297.